Міхаіл КавалёЎ: "беларускі рубель да канца года ўмацуецца да долара". 21.by

Міхаіл КавалёЎ: "беларускі рубель да канца года ўмацуецца да долара"

04.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перспектывы сусветнай эканомікі налета выглядаюць не зусім аптымістычна, калі абапірацца на прагноз ААН. Згодна з дакладам "Становішча і перспектывы сусветнай эканомікі 2011", у прыватнасці, для буйных развітых краін, уключаючы ЗША, захоўваецца пагроза другога вітка рэцэсіі. Разам з тым, падобнае меркаванне падзяляюць далёка не ўсе, і эксперты іншых арганізацый схільныя менш драматызаваць сітуацыю. Зразумела, хацелася б, каб спраўдзіліся прагнозы апошніх: развіццё сусветнай эканомікі па горшым сцэнарыі нічога і нікому добрага не абяцае. Вось таму ў гутарцы з нашым экспертам, дэканам эканамічнага факультэта БДУ, прафесарам Міхаілам Кавалёвым мы і паспрабавалі высветліць, ці сапраўды ёсць шмат падстаў для песімізму.

— У свеце захаваныя дысбалансы ў гандлёвых патоках паміж развітымі краінамі і тымі, якія развіваюцца, у першую чаргу, паміж Кітаем і ЗША, якія пакрываюцца друкаваннем долараў, — кажа Міхаіл Кавалёў. — І, зразумела, што гэтыя долары рана ці позна могуць выклікаць, магчыма, не столькі рэцэсію, колькі інфляцыю на сусветных рынках. Яна і так пакрысе ідзе: на тым жа сайце ААН апублікаваны новы прагноз па развіцці рынкаў харчавання і зроблена выснова пра тое, што, на жаль, цэны на харчаванне будуць толькі расці. Але грошы па свеце размяркоўваюцца нераўнамерна: у кагосьці яны ёсць, у кагосьці — няма. І ў такой сітуацыі гэта не значыць, што мы на харчаванні зможам істотна больш зарабіць: трэба, каб у тых, хто купляе харчаванне, пры павышэнні на яго цэн былі грошы.

Але, як мне падаецца, ААН заўсёды была асцярожнай арганізацыяй. Прагнозы іншых эканамічных устаноў усё ж больш аптымістычныя. Так, не выключаная рэцэсія і ў ЗША, і ў Еўрасаюзе, аднак Кітай ужо перабудаваўся да новай сітуацыі, у яго па-ранейшаму ідзе рост. А гэта пасля ЕС і ЗША трэцяя эканоміка свету. Дарэчы, і Расія быццам бы адаптавалася да сітуацыі. Таму я б сказаў, што больш верагодная рэцэсія ў развітых краінах, і яна ў меншай ступені закране краіны накшталт Кітая, Бразіліі, Расіі, якія бурна развіваюцца.

Для нас жа больш важныя менавіта гэтыя рынкі, таму што і ў ЗША, і ў Еўрасаюзе мы прадаём не так ужо і шмат тавараў. Дакладней, у Еўрасаюзе мы прадаём даволі шмат нафтапрадуктаў, але што крызіс, што рэцэсія — на продажы нафтапрадуктаў яны мала адбіваюцца. На аб'ёме нашага продажу нафтапрадуктаў адбіваецца тое, як шмат мы купім нафты для іх вытворчасці. А ў гэтым годзе, сапраўды, мы купім яе істотна менш і істотна менш прададзім нафтапрадуктаў. Зазначу, што для нас не так ужо важны агульны ўзровень, на якім знаходзіцца экспарт і імпарт, а больш важна тое, наколькі экспарт апярэджвае імпарт. Для Беларусі дрэнна, што і сёлета імпарт усё ж такі да канца года стаў расці хутчэй, чым экспарт. У пачатку года быў аптымізм, меркавалі, што імпарт удасца стрымаць, але, як заўсёды, закупкі заставаліся на канец года.

Не выключаю, што ў наступным годзе па прыкладзе Украіны нам прыйдзецца на пэўны пералік тавараў, якія закупляюцца, напрыклад, на грошы бюджэту, увесці мараторый. І тым самым дастаткова хутка палепшыць наш гандлёвы баланс. Таму што прапарцыянальна адмоўнаму гандлёваму балансу расце наш знешні доўг. Пажадана спыніць яго далейшы рост.

— Міхаіл Міхайлавіч, вы згадалі пра магчымасць увядзення мараторыю на пэўныя імпартныя тавары. На ваш погляд, на якіх закупках за мяжой краіне ёсць сэнс зэканоміць?

— Мараторый такога тыпу заўсёды ўводзіцца часова. Бюджэт на нейкі перыяд можа адмовіцца, напрыклад, ад закупак новых імпартных аўтамабіляў — паездзім на старых, і ад закупак новых камп'ютараў — нават сакратары міністраў могуць папрацаваць на старых. Можна з мэтай стрымлівання імпарту ў большай ступені пераарыентаваць банкі на крэдытаванне экспарту. Гэта значыць, увесці ліміт на спажывецкае крэдытаванне беларусаў. Я маю на ўвазе не крэдытаванне будаўніцтва жылля, а крэдытаванне куплі новай імпартнай машыны, новага імпартнага тэлевізара і г.д. У многіх краінах, калі гандлёвае сальда было адмоўным, такі вопыт выкарыстоўваўся. Напрыклад, у некаторых краінах уводзіўся нарматыў, згодна з якім крэдыты насельніцтву не павінны перавышаць 60-70 працэнтаў прыцягнутых ад людзей дэпазітаў для кожнага банка. Гэта значыць, захады заўсёды існуюць, і яны больш эфектыўныя, чым дэвальвацыя.

— Дарэчы, шмат ходзіць чутак наконт беларускага рубля. Як мяркуеце, наколькі ў нас верагодная ў бліжэйшым будучым аднаразовая істотная дэвальвацыя нацыянальнай валюты?

— Я ўпэўнены, што такога не будзе. Неабходна паднатужыцца і навучыцца крэдытаваць пакупнікоў нашых трактароў, камбайнаў, аўтобусаў і г.д. Беларускія банкі павінны навучыцца ў тандэме з іх замежнымі партнёрамі крэдытаваць тых, хто купляе нашу прадукцыю, і тады экспарт пойдзе ўверх. А пойдзе экспарт, зможам купляць і імпартныя, скажам, даільныя ўстаноўкі і шмат іншае. Пакуль жа трэба б крыху прытрымаць закупкі імпарту па самых розных дзяржпраграмах.

— Хацелася б усё ж такі ўдакладніць, ці ёсць, наогул, сёння неабходнасць істотна абясцэньваць наш рубель?

— Няма ў гэтым патрэбы, што літаральна днямі пацвердзіў і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, беларускі рубель да канца года хутчэй за ўсё ўмацуецца да долара. У такім выпадку будзе заведама выкананы і нарматыў сярэдняй зарплаты ў 500 долараў ЗША. Зразумела, што, калі беларускі рубель мацнее, значыць, наша зарплата ў доларавым выражэнні павялічваецца. Эканоміцы дэвальвацыя не патрэбная. Там, дзе высокая імпарта- ёмістасць, дэвальвацыя толькі пагаршае эканамічнае становішча нават экспарцёраў. Паколькі, на жаль, калі разглядаць большасць апрацоўваючых айчынных прадпрыемстваў, акрамя сыравінных, у іх чысты экспарт адмоўны, яны больш імпартуюць, чым экспартуюць.

— Давайце зноў вернемся да прагнозаў, зробленых у дакладзе ААН. Паводле ацэнак арганізацыі, налета ЗША прадракаюць невысокі рост ВУП — 2,2 працэнта замест, як мяркуецца, сёлетніх 2,6, а перспектывы Еўропы выглядаюць яшчэ больш змрочнымі, бо ВУП еўразоны, як сцвярджаецца, вырасце ўсяго на 1,3 працэнта.

— Думаю, робячы такі прагноз, эксперты не зусім мелі рацыю. Насамрэч, у амерыканскай эканомікі праблем больш. Іншая справа, што ЗША іх больш дынамічна вырашае. Еўропа ж расцягвае дыскусіі: хто, каму і колькі павінен аказваць дапамогі ў рамках Еўрасаюза. Але, на мой погляд, па глабальных паказчыках Злучаныя Штаты выглядаюць горш, яны больш завінаваціліся знешняму свету, а еўрапейцы ў асноўным запазычыліся адно аднаму. Калі б яны навучыліся абнуляць свае ўнутраныя даўгі, то іх доўг знешняму свету не такі ўжо і вялікі.

— І, тым не менш, людзям, якія трымаюць свае зберажэнні ў СКВ, хацелася б большай пэўнасці наконт "паводзін" налета эканомік Еўропы і ЗША, бо яны дакладна не ведаюць, чаму аддаць перавагу — еўра ці долару?

— Нашы людзі даўно зразумелі: то курс долара ідзе ўверх, то, наадварот, еўра ўмацоўваецца. Таму лепш пакінуць усё як ёсць, але ні ў якім выпадку не трымаць уклады ў адной валюце, калі ў вас шмат грошай. Аднак у цэлым у беларусаў зберажэнняў зусім няшмат, дзесьці на ўзроўні паўтарамесячных зарплат.

— А вы па-ранейшаму прытрымліваецеся меркавання, што ў пары еўра/долар у першай валюты больш шанцаў умацоўвацца да другой?

— Мой прагноз — рана ці позна курс еўра зноў падымецца па крайняй меры да 1,5 долара за еўра і больш. Але я па-ранейшаму зазначу, што сказаць, калі гэта будзе, не можа ніхто. Калі вы азнаёміцеся з прагнозамі самых разумных банкаўскіх экспертаў, то ўбачыце, што вілка па гадавым прагнозе курсаў еўра і долара вельмі вялікая — дзесьці ад 1,2 долара за еўра да 1,6. Гэта значыць, у кожнага на гэты конт сваё меркаванне, нават на бліжэйшы год.

— А што датычыцца будучага нашай нацыянальнай валюты? Зразумела, што шмат залежыць ад развіцця беларускай эканомікі. Якія, на ваш погляд, тут перспектывы?

— Усё будзе залежаць ад двух фактараў. Па-першае, ці ўдасца прадаваць больш тавараў, у першую чаргу, у Расію, таму што львіная доля нашай машынабудаўнічай і аграхарчовай прадукцыі ідзе ў гэтую краіну. Па аграхарчаванні добры прагноз. Але важна, каб добра папрацавалі на знешніх рынках і нашы прадаўцы трактароў, аўтобусаў, камбайнаў і г.д. І, па-другое, наколькі ўдала ўдасца дамовіцца пра пастаўкі нафты на наступны год, па якой цане мы будзем яе купляць, па якім кошце будзем прадаваць нафтапрадукты. Аднак трэба разумець адну простую ісціну, што калі ўвесь свет толькі спрабуе выйсці з крызісу, то і нас чакаюць часы, калі неабходна лепш і больш працаваць.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перспектывы сусветнай эканомікі налета выглядаюць не зусім аптымістычна, калі абапірацца на прагноз ААН. Згодна з дакладам "Становішча і перспектывы сусветнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика