Ніхто нічога не ведае (Фантастычнае апавяданне)
04.12.2010
—
Новости Общества
|
Віктар Варанец — адзін з пераможцаў нашага конкурсу мінулых гадоў — раней быў больш схільны да гумарэсак. Цяпер жа даслаў нам фантастычнае апавяданне. Хутчэй нават фантасмагарычнае. Што ж, гэта адпавядае нашаму жыццю і часу. Нам жа застаецца толькі дадаць, што і ў сваім новым творы Віктар не страціў і пачуцця гумару. Віктар КАЗЬКО.
Каманда па традыцыі пасля абеду сабралася ў кают-кампаніі зоркалёта. Расселіся па крэслах, ляніва перакідваліся малазначнымі фразамі. Чатыры месяцы нуднага чакання вынікаў рашэння Вялікай палаты адбілася на кожным: гаварыць не было пра што ды, зрэшты, і не хацелася. Капітан стаяў ля вялікага экрана і задуменна глядзеў на блакітную планету М-4, якую мясцовыя туземцы называлі дзіўным словам Зямля. Ціхенька падышоў штурман. — Цікава, яна такая ж прыгожая на паверхні, як і здалёк? — Пра гэта мы наўрад ці даведаемся, — адказаў капітан. — Але нешта доўга няма адказу ад Рады. Каманда, бачу, пачынае нервавацца. І тут, як бы адказваючы на словы капітана, азваўся зумер трансгернай машыны. А праз імгненне з яе выпаўзла празрыстая пласцінка з нейкімі знакамі. Штурман падхапіў пасланне і перадаў капітану. У кают-кампаніі стала ціха. Капітан прабег вачыма дасланы тэкст і павярнуўся да членаў экіпажа. — Загад, які мы чакалі столькі часу, атрыманы. Зачытваю. — Вялікая палата прааналізавала сітуацыю, якая склалася на планеце М-4 "Зямля" 16 Галактычнай сістэмы, і выносіць свой вердыкт. Доказы, прадстаўленыя нашымі разведчыкамі, адназначна ўказваюць, што канфлікт паміж некаторымі часткамі планеты М-4 дасягнуў крытычнай фазы і непазбежна вядзе да ядзернай катастрофы. З мэтай ратавання як самой планеты, так і большасці яе насельніцтва, Вялікая Міжгалактычная палата загадвае экіпажу касмічнага карабля КК-434 прымяніць на тэрыторыі ўсёй планеты М-4 "Зямля" газ АД-10. Ды не пакіне вас Сіла Духу!". Капітан адклаў пасланне і агледзеў астранаўтаў. — Што незразумела? Якія пытанні? Першым руку ўзняла навігатар-стажор П-18. — А што гэта за газ АД-10 і як ён уздзейнічае на жывыя арганізмы? — Поўная назва гэтага рэчыва "Адурняльны газ дзясятага пакалення". Пасля яго прымянення ўсе разумныя стварэнні на М-4 апусцяцца ў інтэлектуальным развіцці да ўзроўню поўнага прымітывізму. Развучацца карыстацца тэхнікай, электронікай, забудуць хімічныя, фізічныя здабыткі цывілізацыі. Гэта дазволіць пазбегнуць ядзернай вайны, а чалавецтва пачне сваю эвалюцыю спачатку. Узровень успрымання ў іх застанецца на ранейшым узроўні, але вучыць, як вы разумееце, ужо не будзе каму. Паступова ўсе іхнія цяперашнія здабыткі самаразбурацца. Новая ж цывілізацыя, думаецца, будзе разумнейшай і не давядзе сябе да вайны. Капітан яшчэ не паспеў закончыць адказ, як П-18 зноў ускінула ўгару руку. — Даруйце, але людзі пачнуць хварэць, а медыцыны ў іх ніякай няма. І яны будуць паміраць. — Так, — пагадзіўся капітан. — Будуць. Але гэта непазбежная плата за глупства. Мацнейшыя ж выжывуць і дадуць жыццё новым пакаленням. На гэтым дыспут аб'яўляю спыненым. Час выконваць загад. Усе па месцах. Праз нейкі час карабель паімчаў вакол блакітнай планеты М-4, густа распыляючы бязлітасны адурняльны газ дзясятага пакалення. ...Сямён Цімошкін расплюшчыў вочы, але святлей ад гэтага не стала. Галава трашчала. Яшчэ балеў бок і нага. Але больш непакоіла цемра. Дзе ён і як сюды трапіў? Нешта ж павінна было застацца ў памяці. Так, учора атрымалі зарплату. Добра. Памятае. Потым да яго ў майстэрню зайшоў Мікола, школьны фізрук, і прапанаваў пасля ўрокаў "зачапіцца" за кулінарыю, што непадалёк ад школы. Сямён правёў апошні ўрок, абясточыў такарныя станкі і зачыніў майстэрню. Потым пайшоў у спартыўную залу. Мікола ўжо сядзеў з яшчэ адным фізруком па мянушцы Здых і адкаркоўваў бутэльку. — Сядай, Сямён. Здых сёння на вяселле едзе, вось прэмедыкацыю вырашыў правесці. — Што правесці? — перапытаў Цімошкін. — Малымі дозамі алкаголю рыхтую арганізм да прыняцця вялікіх доз, — навукова адказаў Здых. Сямён з павагай заківаў галавой. Так і распілі тую бутэльку. Потым пайшлі ў кулінарыю, дзе добра дабавілі. Потым прыцягнуўся дадому і пасварыўся з жонкай. Ляснуўшы дзвярыма, жонка пайшла да суседкі, а ён палез па заначку ў падполле. Стоп! Дык ён што, у падполлі? Сямён падняў галаву ўгору. Так, праз шчыліны века рэдзенька прабівалася святло. Трэба выбірацца. А дзе жонка? Чаму не шукае яго? Цімошкін, цяжка сапучы, выбраўся з падвала ў кухню. І ад здзіўлення ледзь не аслупянеў. Ягоная Тэкля (або Таццяна па-гарадскому), замест таго, каб заняцца мужавым выхаваннем, наліла на падлогу вады і тупала па ёй босымі нагамі, радуючыся пырскам, што разляталіся па баках. Выраз твару яе пры гэтым быў нейкі блазнавата-дзіцячы. "Няўжо так знервавалася, што ажно звар'яцела?" — мільганула ў галаве. Ён асцярожна падышоў да жонкі, узяў яе за руку і вывеў з лужыны. Пасадзіў на лаву і павучальным голасам стаў гаварыць, як малому дзіцяці. — Так нельга рабіць! Брыдка! Ты дарослая жанчына. — А што мне рабіць? — наіўна запыталася Тэкля. — Як што? — перапытаў Сямён. — Вазьмі анучу, вытры лужыну. І згатуй які сняданак. — А як гатуюць сняданак? — зноў спытала жонка і пачала ўказальным пальцам калупаць у носе. "Божа, і за што гэта на маю галаву? — у адчаі падумаў Цімошкін. — Каб я яшчэ хоць грамульку сабе дазволіў!". Прыйшлося самому абіраць і варыць бульбу, смажыць шкваркі. Жонка з цікаўнасцю сачыла за кожным яго рухам. Пасля снедання Цімошкін хацеў уключыць тэлевізар, але электрычнасці не было. Тады ён даў жонцы альбом з фотаздымкамі, а сам пайшоў у горад. Райцэнтр быў невялікі, але патрыярхальна ўтульны, зялёны і чысты. Як у вёсцы, тут усе ведалі адзін аднаго і адзін пра аднаго. Але сёння ўсё кардынальна змянілася. Не рухаліся машыны, не працавалі ўстановы і крамы. А людзі, такія яшчэ нядаўна знаёмыя і прадказальныя, сталі зусім іншымі. Вось на яблыні сядзіць старшыня жылкамунгаса Мітрафан Пятровіч Сафожкін і грызе сарваны яблык. Каля МАЗа корпаецца загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Самохіна Анфіса Львоўна, намагаючыся адчыніць дзверы кунга. Не лепшая карціна чакала Сямёна і ў краме. Выпадковыя наведнікі хапалі з вітрын прадукты, адгрызалі кавалак і, калі смак быў даспадобы, беглі на вуліцу. Але самае дзіўнае, ніхто не пазнаваў яго. Сямён адчуў сябе ў родным горадзе іншапланецянінам. Раптам нехта тузануў яго ў бок. Цімошкін павярнуўся. Каля яго стаяла дырэктарка той жа школы, дзе ён рабіў настаўнікам працы, трымала ў руках закаркаваную бутэльку нейкага напою і ледзь чутна мармытала: — Піць! Хачу піць!.. Сямён адкаркаваў бутэльку і працягнуў Настассі Піліпаўне. Яна прагна прыпала вуснамі да рыльца і не адрывалася, пакуль не выжлукціла ўсё да донца. І тут Цімошкіну цюкнула: ці не апошні ён з людзей разумных на гэтай планеце! Амаль у непрытомнасці і захаваў сваю свядомасць у падполлі. Ён агледзеў краму, дзе корпаліся яго ўчарашнія знаёмыя, сябры і нават начальнікі. Але ўсе яны былі не разумнейшыя за трохгодак. І тут Сямён убачыў, што Настасся Піліпаўна ўжо сама адкаркоўвае адну бутэльку за другой, сама п'е і дае іншым. "Яны здольныя вучыцца, — зразумеў мужык. — Дык я магу іх навучыць многаму і быць для іх найвышэйшай сілай!". Ад перспектыў аж у носе засвярбела. Яму наканаваны эпахальны лёс. Рэшткі дня Цімошкін прысвяціў жонцы. Навучыў яе гатаваць некалькі страў, прыбіраць, мыць бялізну, прасаваць, прычэсвацца і яшчэ некаторым прыватным, але вельмі прыемным рэчам. І пры гэтым жонка ўвесь час толькі ўсміхалася, пагаджаючыся з мужам абсалютна ва ўсім. Цімошкіну гэта неверагодна падабалася. Назаўтра раніцай Сямён пад'ехаў да райвыканкама на грузавіку, запоўненым лазовымі прутамі. У будынку па-ранейшаму швэндаліся супрацоўнікі, не ведаючы, што ім рабіць. Цімошкін загнаў іх усіх у вялізную залу пасяджэнняў і за якую гадзіну навучыў плесці кошыкі з лазы. Сам жа сеў у райвыканкамаўскі мерседэс і паехаў у школу. Там сабраў у майстэрні настаўнікаў і хуценька паказаў, як вырабляць табурэткі. Пасля чаго развёў настаўнікаў па кабінетах, загнаў туды ж вучняў і загадаў пачынаць урокі. У бальніцы паказаў дактарам некалькі відаў лячэбных траў, ядомых грыбоў і выправіў іх у бліжэйшы лясок. Наступным быў рэстаран. Туды ў якасці інструктара Сямён прывёз сваю жонку, якая і падзялілася з кухарамі кулінарнымі ведамі. У крамах раздаў прадаўцам паперкі са сваім подпісам і папярэдзіў, каб без такой паперкі нікому нічога не давалі. А для бяспекі паставіў туды па міліцыянеру, якія таксама атрымалі пэўныя інструкцыі. Бліжэй да вечара адправіў кухараў з рэстарана па хатах вучыць жанчын кулінарыі, а сам паімчаў у бліжэйшы калгас знаёміць калгаснікаў з працэсам ручной кармёжкі жывёл і даення кароў. Стомлены, але задаволены, вярнуўся апоўначы дадому. Усё ішло па плане. Праз тыдзень ланцужковым метадам удасца навучыць усіх нешта карыснае рабіць. І тады ён, Сямён Цімошкін, будзе адзінапраўна ўсім кіраваць. З такімі прыемнымі думкамі ён і заснуў. Прачнуўся Сямён ад кухталя і такога знаёмага голасу над вухам. — Уставай, абібок! На працу спознішся. І што гэта за машына стаіць ля нашага дома? Сямён не проста ўстаў — ён ускочыў, як абвараны кіпенем. Ягоная жонка, яшчэ нядаўна такая лагодная і пакорлівая, стаяла перад ім, пагрозліва ссунуўшы бровы, і выраз твару яе быў далёка не дзіцячы. "Што здарылася? — ліхаманкава застукала ў галаве. — Чаму яна змянілася?". Хуценька апрануўшыся, Сямён выскачыў на двор. Так, усё змянілася. Хаця не, не змянілася. Усё вярнулася да ранейшага. Ездзілі машыны, па справах спяшаўся народ, беглі ў школу дзеці, па радыё аб'яўлялі пра вышук медперсаналу раённай бальніцы... А каля Сямёнава дома павольна праязджаў міліцэйскі ўазік, з якога пільна прыглядаліся да мерседэса. Вось і ўсё, накіраваўся, — падумаў Цімошкін... ...Капітан і штурман касмічнага карабля КК-434 здзіўлена глядзелі на манітор відэатранслятара. — Нічога не разумею, — паціснуў плячыма штурман. — Ужо праз суткі ўздзеянне АГ-10 на людзей скончылася. Як такое магло стацца? — Я мяркую, — задуменна адказаў капітан, — што гэта зноў нашы забеспячэнцы таго... перабралі і пастараліся. У іх на складзе такі бедлам, што і Вялікі Кардзіс нагу зломіць. Вось і ўпіхнулі нам замест АД-10 суткавы газ АД-1. Але галоўнае зроблена: час зямлянамі ўпушчаны і ні пра якую ядзерную вайну гутарка ўжо не ідзе. — Вы хочаце сказаць, капітан, што, дзякуючы разгільдзяйству нашых забеспячэнцаў, і вайны пазбеглі, і людзі Зямлі засталіся некранутымі? — Хто ведае, — адказаў капітан, — хто ведае... Віктар ВАРАНЕЦ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каманда па традыцыі пасля абеду сабралася ў кают-кампаніі зоркалёта. Расселіся па крэслах, ляніва перакідваліся малазначнымі фразамі. Чатыры месяцы нуднага... |
|