Выбар месца для будаўніцтва хаты
04.12.2010
—
Новости Общества
|
Шматлікія казкі, легенды, прадказанні літаральна перапоўненыя інфармацыяй пра тое, што тэрыторыя зямлі далёка не адназначная ў сваім стаўленні да чалавека. На адным месцы (на ўзвышшы, як мага бліжэй да сонца) людзі ўзводзілі свяцілішчы, у іншым — на глыбіні шукалі незлічоныя багацці старажытных скарбаў. У адным месцы вырас і прастаяў шмат стагоддзяў магутны дуб, а ў іншым — нават храм не выстаяў і праваліўся на вялікую глыбіню, а на яго месцы ўтварылася возера. У адным месцы з-пад зямлі прабілася жыватворная крыніца, а ў іншым — патануў чалавек ці дзікі звер. У адным месцы паставілі кузню, у якой вечна гарэў знак жыцця — агонь, а ў іншым узвялі млын — знак "расцірання чалавечых лёсаў". У адным месцы вадзілі вясновыя карагоды, у іншым — хавалі суродзічаў. Адзін з найважнейшых аспектаў, які неабходна ўлічваць пры будаўніцтве хаты — выбар месца для ўзвядзення жылля. Лічылася, што ўдала выбранае месца для будучай хаты забяспечыць яго гаспадарам шчаслівы лёс і сямейны дабрабыт. А на Палессі з гэтай нагоды казалі так: "Хату варта ставіць там, дзе цёплыя зямля і паветра". Добрым лічылася тое месца, дзе збіралася свойская птушка, дзе апоўдні адпачывала скаціна: для гэтай мэты знарок выпускалі кароў і авечак і сачылі, дзе яны ўлягуцца. Там абавязкова ўзводзілі хату. Адным з найбольш спрыяльных лічылася месца, на якім быў мурашнік. Яго асцярожна пераносілі на іншае месца і некаторы час сачылі за тым, як ён будзе абжывацца: калі мурашкі хутка асвояцца з новым месцам, гэта лічылася добрай прыкметай і своеасаблівым блаславеннем нябесных сіл. Новую сядзібу нельга было пачынаць будаваць: Побач з могілкамі, на тэрыторыі старых і разбураных месцаў пахавання; там, дзе было здзейснена забойства чалавека ці праходзіла кровапралітная бітва; на месцы выкарчаванага сада; калі для ўзвядзення хаты даводзілася выкарчоўваць хаця б адно пладовае дрэва, гэта лічылі вельмі дрэнным знакам; лічылася, што на хату абрынуцца няшчасці, беды і хваробы, можа здарыцца пажар, калі хата будзе пабудаваная на месцы жытняга ці пшанічнага поля; у народнай культуры існавала ўяўленне пра так званыя "нячыстыя" месцы, на якіх таксама нельга было пачынаць пабудову новай хаты. Да іх звычайна адносіліся: нізкія, багністыя месцы, сметнікі, бойні і жывёльныя могільнікі; выклікалі асцярогу месцы, звязаныя са знаходжаннем нячыстай сілы: на старых закінутых дарогах, на скрыжаваннях, на месцы старога млына; на месцы высмаглай ці закінутай студні; месцы, дзе адбываўся які-небудзь сімвалічны "парыў" (разлом): напрыклад, мяжа паміж прысядзібнымі ўчасткамі, агародамі і да т.п.; на тых месцах, на якіх па невядомых прычынах не расла ці сохла трава; вельмі непажаданым было ўзвядзенне новай хаты на месцы, звязаным з агнём: на пажарышчы ці там, куды часта ўдарала маланка; месцы, звязаныя з бядой ці няшчасцем: дзе падчас буры было павалена дрэва; дзе калісьці перакуліўся воз з сенам ці зламалася аглобля і да т.п., там, дзе хтосьці зваліўся і зламаў руку ці нагу (каб падобнае потым не адбывалася з дамачадцамі і свойскай жывёлай). Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шматлікія казкі, легенды, прадказанні літаральна перапоўненыя інфармацыяй пра тое, што тэрыторыя зямлі далёка не адназначная ў сваім стаўленні да чалавека. На...
|
|