Наймальнікам дадуць "шпаргалку" па змяншэнні рызыкі. 21.by

Наймальнікам дадуць "шпаргалку" па змяншэнні рызыкі

07.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як вядома, папярэдзіць любую непрыемную сітуацыю заўсёды значна прасцей, чым потым разбірацца з яе наступствамі. І ў тым ліку гаворка ідзе аб бяспецы на вытворчасці: нездарма апошнім часам ва ўсім свеце надаецца вялікая ўвага выяўленню і змяншэнню "фактараў рызыкі" для работнікаў. Менавіта гэта і стала тэмай чарговага этапу "інтэрактыўнага марафона" Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, удзел у якім узялі намеснік міністра Валяр'ян Васільевіч КАРОЛЬ, дырэктар Навукова-даследчага інстытута працы Святлана Васільеўна ШАЎЧЭНКА, загадчык сектара развіцця сістэм кіравання аховай працы НДІ працы Людміла Канстанцінаўна СЯЧКО, а таксама загадчык аддзела аховы і ўмоў працы інстытута Венядзікт Пятровіч КЛЯЎЗЭ.

@ Што можа ствараць рызыку жыццю і здароўю работнікаў на вытворчасці?

— Патэнцыяльных фактараў рызыкі шмат: гэта можа быць абсталяванне, характар і размяшчэнне працоўных месцаў, выкарыстанне электрычнасці, уздзеянне шкодных хімічных рэчываў і хімічных прадуктаў, розныя фізічныя і біялагічныя фактары, арганізацыя працы.

@ Якім чынам можна зменшыць небяспеку для работнікаў?

— Як сведчыць аналіз статыстыкі траўматызму за два папярэднія гады, тлумачэннем каля паловы ўсіх няшчасных здарэнняў на вытворчасці са смяротным зыходам з'яўляюцца якраз арганізацыйныя прычыны: нездавальняючае ўтрыманне працоўных месцаў, кепскі інструктаж і навучанне работнікаў, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, парушэнні работнікамі нарматыўных актаў па ахове працы. І перш-наперш, зыходзячы з гэтага, неабходна займацца прафілактыкай. Тут падаюцца асабліва важнымі такія напрамкі, як канкрэтнае вызначэнне абавязкаў і адказнасці работнікаў, рэгламентацыя іх дзейнасці інструкцыямі і палажэннямі, належная падрыхтоўка працоўных месцаў, выкананне ўмоў допуску работнікаў да выканання адпаведнага віду работ (з улікам узросту, полу, стану здароўя, наяўнасці кваліфікацыі, праходжання навучання і праверкі ведаў па бяспецы), забеспячэнне сродкамі індывідуальнай і калектыўнай абароны.

Апроч таго, адзін з найбольш эфектыўных і прызнаных ва ўсім свеце шляхоў мінімізацыі небяспекі — стварэнне сістэм кіравання аховай працы. І, у прыватнасці, гаворка ідзе аб выяўленні патэнцыяльнай рызыкі ў галінах эканомікі, на прадпрыемствах і на працоўных месцах, а таксама аб планаванні дзейнасці па ліквідацыі і змяншэнні гэтай рызыкі.

@ Што стала прычынай трагедыі на прадпрыемстве "Пінскдрэў"?

— Трагедыя на "Пінскдрэве" адбылася менавіта з-за невыканання шэрагу патрабаванняў па пажарнай бяспецы і прамысловай санітарыі. Такім чынам, можна сказаць, што на прадпрыемстве не прымаліся належныя меры па змяншэнні існуючай рызыкі ці звядзенні гэтай рызыкі да мінімуму.

@ Як ацаніць прафесійную рызыку?

— На жаль, пакуль у асноўным рызыцы даюцца даволі суб'ектыўныя ацэнкі, якія шмат у чым залежаць ад кваліфікацыі і вопыту канкрэтнага эксперта, інакш кажучы, канчатковыя вынікі тут аказваюцца не заўсёды аб'ектыўнымі. Таму ці не галоўная задача на будучыню — распрацаваць тыповыя пералікі прафесійнай рызыкі для галін, відаў эканамічнай дзейнасці, арганізацый, працоўных месцаў, прафесій.

Дарэчы, варта заўважыць, што Рэспубліканскай мэтавай праграмай па паляпшэнні ўмоў і аховы працы на 2011-2016 гады прадугледжваецца распрацоўка методыкі ацэнкі прафесійнай рызыкі на працоўных месцах. Распрацоўка запланавана на наступны год, і ў асноўным гэтым зоймецца Навукова-даследчы інстытут працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

@ Ці стане методыка ацэнкі рызыкі абавязковай для арганізацый усіх формаў уласнасці?

— Можна адказаць коратка: пакуль падобнае пытанне не абмяркоўвалася. Магчыма, гэты дакумент будзе мець рэкамендацыйны характар.

@ Што можа даць ацэнка рызыкі наймальнікам?

— Гэта зноў жа дазволіць выяўляць найбольш істотную небяспеку на працоўных месцах і планаваць зніжэнне яе ўзроўню з найменшымі выдаткамі. Плюс да таго, у наймальнікаў з'явіцца магчымасць абгрунтоўваць кампенсацыі за патэнцыяльную шкоду для здароўя работнікаў — калі ліквідацыя шкодных вытворчых фактараў на працоўным месцы па аб'ектыўных прычынах немагчымая.

@ Што пагражае наймальніку, які не займаецца зніжэннем прафесійнай рызыкі?

— Работадаўцы, якія вінаватыя ў парушэнні заканадаўства аб ахове працы або якія перашкаджаюць дзейнасці органаў дзяржаўнага кантролю і нагляду ці грамадскага кантролю, могуць быць прыцягнутыя да дысцыплінарнай (варыянты заўвагі, вымовы, звальнення), адміністрацыйнай (штраф) і нават да крымінальнай адказнасці.

@ Як можна ацаніць узровень прафесійнай захваральнасці ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі?

— Для параўнання варта ўзгадаць некаторыя лічбы. Колькасць выпадкаў прафесійных захворванняў у ЗША на кожныя 10 тысяч эканамічна актыўнага насельніцтва складае 23, у Нарвегіі — больш за 11, у Польшчы — больш за 6, у Расіі — 1,5, тады як у Беларусі гэты паказчык атрымліваецца меншым за 1. Аднак нельга не заўважыць: не ў апошнюю чаргу падобная з'ява тлумачыцца несвоечасовай дыягностыкай, прычынамі чаго ў тым ліку стала змяненне непасрэдна клінікі прафесійных захворванняў — цяпер дастаткова рэдка сустракаюцца тыя ж "класічныя" атручванні ці "класічныя" вібрацыйныя хваробы.

@ Якая самая небяспечная прафесія ў Беларусі?

— Практыка паказвае, што найбольш высокі ўзровень траўматызму адзначаецца сярод спецыялістаў па абслугоўванні машын і абсталявання (да 13 праміле), слесараў-рамонтнікаў (9,5), а таксама сярод вадзіцеляў (9 праміле).

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вядома, папярэдзіць любую непрыемную сітуацыю заўсёды значна прасцей, чым потым разбірацца з яе наступствамі. І ў тым ліку гаворка ідзе аб бяспецы на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика