Чыгунка ў новым абліччы. 21.by

Чыгунка ў новым абліччы

08.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чыгунка ў новым абліччы.

Ці пераканаюць уладальнікаў аўто перасесці на гарадскія электрычкі і хуткасныя цягнікі?

У бліжэйшыя гады на Беларускай чыгунцы на змену звыклым электрычкам і дызель-цягнікам прыйдуць двухпавярховыя цягнікі, рэйкавыя аўтобусы ды іншыя транспартныя сродкі. На некаторых участках пасажырскія саставы змогуць разганяцца да 200 кіламетраў у гадзіну. Беларуская чыгунка вырашыла здзейсніць пэўную рэвалюцыю, змяніць фармат пасажырскіх перавозак. Дзякуючы гэтаму, як плануецца, паездкі па стальной магістралі стануць больш таннымі і камфортнымі, чым, напрыклад, на ўласным аўто.

Піянер стартуе ўвосень

Гарадская электрычка, пра якую даводзілася шмат чуць, з’явіцца ў Беларусі ўжо ў студзені. Зборка спецыяльнага, “двухпавярховага” цягніка завяршаецца ў Швейцарыі. Такія саставы актыўна выкарыстоўваюцца ў многіх краінах, у тым ліку Швейцарыі і Германіі. У нас такая электрычка будзе старанна вазіць пасажыраў паміж Мінскам і Ждановічамі, а потым на больш доўгім участку — паміж Мінскам і Заслаўем.Як плануецца, пасля першага швейцарскага цягніка ў нашу краіну ў першай палове наступнага года даставяць яшчэ два. Іх абкатаюць, пратэсціруюць. Рэгулярны рух мяркуецца наладзіць у верасні—кастрычніку.Спецыяльна для гарадской электрычкі пракладуць асобны чыгуначны пуць. Платформы станцый падымуць да ўзроўню выхаду з гэтага цягніка.Колькі будзе каштаваць паездка на новай электрычцы, пакуль што не вырашылі. Але, па словах начальніка Беларускай чыгункі (БЧ) Анатоля Сівака, плануецца, што білет будзе каштаваць прыкладна столькі ж, колькі паездка ў тым жа напрамку на мікрааўтобусе-маршрутцы.

Бізнес-клас абгоніць “эканомных”

Гарадская электрычка стане піянерам у новым фармаце пасажырскіх перавозак, на якія збіраецца паступова пераходзіць Беларуская чыгунка. Усе цягнікі падзеляць на сем катэгорый, у тым ліку на міжнародныя, міжрэгіянальныя, рэгіянальныя і гарадскія. Каб было лягчэй адрозніваць, іх будуць пазначаць спецыяльным колерам і відам кветкі. Напрыклад, сімвалам гарадскіх ліній стане астра, а рэгіянальных — крокус і фіялка. Акрамя таго, лініі падзеляць на бізнес-клас і эканом-клас, якія будуць адрознівацца не толькі коштам білетаў, але і камфартабельнасцю, хуткасцю паездак. За кошт скарачэння колькасці прыпынкаў  і павышэння хуткасці руху на бізнес-лініях працягласць паездкі, напрыклад, з Барысава ў Мінск скароціцца з цяперашніх паўтары га-дзіны да 38—46 хвілін, а са сталіцы ў Брэст ці Віцебск — з чатырох гадзін да дзвюх з паловай—трох.Для ажыццяўлення такіх намераў за бліжэйшыя пяць гадоў БЧ у межах спецыяльнай дзяржпраграмы плануе, у прыватнасці, набыць 29 электрацягнікоў, 20 дызель-цягнікоў, 182 пасажырскія вагоны. Частку з іх вырабяць айчынныя прадпрыемствы. Напрыклад, рэйкавы аўтобус, як называюць кароткі прыгарадны поезд, збіраецца выпускаць ААТ “Белкамунмаш”. Плануецца поўнасцю завяршыць электрыфікацыю чыгуначнай лініі ад Гомеля да беларуска-літоўскай мяжы, а таксама на ўчастку Жлобін—Калінкавічы.

Выклік канкурэнцыі

Беларускую чыгунку да “перафармаціравання” падштурхоўваюць некалькі фактараў. Па-першае, многія цягнікі служаць яшчэ з часу Савецкага Саюза, і ў любым выпадку ім трэба шукаць замену. Па-другое, з-за актыўнай аўтамабілізацыі насельніцтва ў апошнія гады колькасць перавозак на прыгарадных напрамках памяншалася, што прыносіла БЧ страты. Па-трэцяе, для канкурэнцыі з іншымі відамі транспарту чыгуначнікі мусяць зніжаць выдаткі і падыходзіць да пасажыраў больш дыферэнцыравана, прапаноўваць розны ўзровень камфорту, хуткасці і адпаведна цэн.Зразумела, што на вырашэнне гэтых праблем неабходна патраціць вялікія грошы. Аднак, як лічаць на БЧ, гэта не значыць, што трэба па прыкладу расіян па-дзяліць чыгуначны рынак краіны на шмат канкурыруючых кампаній. “Беларуская чыгунка — адна з нямногіх на постсавецкай прасторы, якая не атрымлівае падтрымкі з дзяржбюджэту, — гаворыць начальнік БЧ Анатоль Сівак. — Калі расійская чыгунка стала акцыянерным таварыствам і атрымлівае шмат грошай з бюджэту, то я не разумею, якая ў гэтым выгада”. Працуе шмат кампаній, значна вырас парк транспарту, але пры гэтым падскочылі і тарыфы. Кіраўнік БЧ не выключае, што інвестарам у Віцебскай, Гомельскай абласцях могуць прапанаваць некаторыя лініі, якія мала выкарыстоўваюцца, для арганізацыі турыстычных, іншых паездак. Аднак у асноўным чыгунка павінна застацца пад кантролем дзяржавы.

Колькі заплацім за камфорт?

У далейшым Беларуская чыгунка будзе імкнуцца да таго, каб пасажыры поўнасцю пакрывалі сабекошт перавозкі. Цяпер, напрыклад, на прыгарадных лініях мы аплачваем толькі каля 26 працэнтаў выдаткаў, на іншых напрамках — больш. Выхад на плюсавую рэнтабельнасць дазволіць больш актыўна набываць новыя цягнікі, павышаць узровень абслугоўвання на станцыях.Аднак, відаць, наўрад ці ў тым жа эканом-класе пасажыру прыйдзецца плаціць значна больш. Трэба ўлічваць, што пры выкарыстанні новых, энергаэфектыўных цягнікоў і аптымізацыі раскладу руху і сам сабекошт перавозак можа істотна знізіцца. Да таго ж калі тарыфы будуць неапраўдана высокімі, то чыгунка страціць частку пасажыраў, якія проста скарыстаюцца аўтобусам ці ўласным аўто.Між тым у далёкай перспектыве БЧ можа паспрабаваць канкурыраваць і з авіякампаніямі. Беларускія, расійскія і кітайскія спецыялісты абмяркоўваюць магчымасць будаўніцтва новай чыгуначнай лініі, па якой цягнікі будуць рухацца з хуткасцю да 300 кіламетраў у гадзіну. У выпадку, калі гэты праект ажыццявіцца, з Мінска да Масквы, па папярэдніх падліках, можна будзе даехаць за тры гадзіны.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці пераканаюць уладальнікаў аўто перасесці на гарадскія электрычкі і хуткасныя цягнікі? У бліжэйшыя гады на Беларускай чыгунцы на змену звыклым электрычкам і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика