"Закладка" першага вянка. 21.by

"Закладка" першага вянка

09.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У славянскай традыцыйнай культуры адпаведная ўвага надавалася ўсяму таму, што было пазначана статутам першага: у першы дзень сяўбы засявалі толькі адну паласу; пры пасадцы бульбы ў першую разору спачатку высаджвалі першыя тры асвячоныя клубні; у першы дзень жніва нарыхтоўвалі толькі адзін (першы) сноп, які на працягу ўсяго года захоўвалі ў чырвоным куце хаты і г.д.

 У адпаведнасці з гэтым залатым правілам народнай культуры ў першы дзень будаўніцтва хаты "злучалі", або звязвалі, толькі адзін вянок. У народнай свядомасці закладка і будаўніцтва хаты ўспрымалася як праява Божага промыслу ў святым акце першатварэння свету. Таму гэты дзень быў абстаўлены вялікай колькасцю разнастайных абмежаванняў, засцярог і прадпісанняў.

 Лічылася вельмі непажаданым, каб да месца закладкі падмурка падыходзілі чужыя людзі. Яны маглі падкінуць якія-небудзь загавораныя прадметы, каб справакаваць бяду сярод дамачадцаў.

 Калі самая першая трэска, якая адлятала ад сякеры майстра, зваліцца ўнутр хаты, гэта лічылася вельмі добрай прыметай (у хаце будзе прыбытак, дастатак), калі ж на вонкавы бок, то меркавалі, што сям'я па розных прычынах доўга не пражыве ў гэтай хаце.

 Узводзіць падмурак пачыналі, як правіла, з усходняга боку, з таго месца, дзе будзе знаходзіцца чырвоны кут, а далей рухаліся па ходзе сонца.

 У падставу чырвонага кута звычайна клалі самае тоўстае бервяно ("ляжак"), тым самым нават вонкава падкрэслівалі яго значнасць.

 Пасля таго, як цалкам будзе ўвязаны першы вянок — аснова хаты, у бервяне, змешчаным у чырвоным куце, высякалі невялікае паглыбленне, каб пакласці туды традыцыйныя абярэгі. У адным выпадку гэта былі манеты і невялікі жмуток воўны. У іншым — ставілі пасудзіну з вадохрышчанскай вадой, а побач насыпалі жменьку пшаніцы.

 Затым гаспадары прыносілі і ўкопвалі на сярэдзіне "клеткі" будучай хаты маладую бярозку, якая будзе знаходзіцца тут да заканчэння ўзвядзення зруба.

 Пасля гэтага будаўніцтва прыпынялася. Першы вянок зруба павінен быў "пераначаваць". На Палессі існавала традыцыя пакідаць на ноч на першым вянку тры атрыбуты: кавалак хлеба, асвячоную ў Чысты чацвер ці на Вялікдзень соль, а таксама мёд у сотах. На Віцебшчыне ва ўсе чатыры куты першага вянка ставілі хваёвыя галінкі.

 Па ўяўленнях этнографаў, выкарыстанне абавязковых будаўнічых ахвярапрынашэнняў, сярод якіх часцей за ўсё былі тры сімвалічныя атрыбуты — збожжа — поўсць — грошы, — можна расшыфраваць і як пажаданне багацця, урадлівасці і дабрабыту, а таксама як сімвалізацыю яднання трох светаў: расліннага, жывёльнага і чалавечага.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У славянскай традыцыйнай культуры адпаведная ўвага надавалася ўсяму таму, што было пазначана статутам першага: у першы дзень сяўбы засявалі толькі адну паласу;...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика