Вадзіцелям памяняюць правы
16.12.2010
—
Новости Общества
|
З 1 лютага наступнага года ў Беларусі плануецца пачаць выдачу новых вадзіцельскіх пасведчанняў, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген ПОЛУДЗЕНЬ у час выступлення перад студэнцкай аўдыторыяй у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Новы дакумент спатрэбіцца для паездак у краіны Еўрасаюза з 29 сакавіка наступнага года. Полудзень заўважыў, што для аператыўнага правядзення работы па ўсёй краіне ў Мінску і абласных цэнтрах устаноўленая належная апаратура. Кошт пасведчання міжнароднага ўзору — 17 500 рублёў. Для таго, каб замяніць стары дакумент на новы, неабходна будзе звярнуцца ў падраздзяленне МУС, якое адказвае за яго выдачу. Давядзецца прадаставіць старое вадзіцельскае пасведчанне, пашпарт, медыцынскую даведку і квітанцыю аб аплаце пошліны. Да пачатку сустрэчы з моладдзю намеснік міністра адзначыў перад журналістамі, што ў цэлым станоўча ацэньвае работу міліцыі грамадскай бяспекі ў 2010 годзе. "Сёлета назіралася зніжэнне злачыннасці ў грамадскіх месцах, а таксама змяншэнне злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення, — сказаў Яўген Полудзень. — Станоўчы эфект і падтрымку грамадства знайшла забарона з 23 лютага гэтага года распівання піва ў грамадскіх месцах... У кірунку прафілактыкі злачыннасці павінны працаваць і адміністрацыі раёнаў, і выканкамы, і мясцовая ўлада. Прычым такая работа вядзецца. Дастаткова сказаць, што згаданыя пытанні разглядаюцца на пасяджэннях выканкамаў... Разам з тым ёсць шэраг кірункаў, па якіх хацелася б працаваць яшчэ лепш..." У апошнія 5 гадоў у краіне назіраецца зніжэнне злачыннасці сярод няпоўнагадовых, што абумоўлена сумеснай работай з установамі адукацыі. Дарэчы, з апошнімі ў міліцыі складваюцца добрыя адносіны, што пацвярджае гэтая сустрэча ў сценах МДЛУ. Паводле слоў Яўгена Яўгенавіча, інакш і быць не можа, паколькі з тымі, хто ўчыніў злачынства, у першую чаргу павінна працаваць не міліцыя, а, напрыклад, псіхолагі, якія выявяць прычыну ўчынення злачынства, дапамогуць маладому чалавеку знайсці для сябе пазітыўны, карысны занятак. Намеснік міністра таксама заўважыў, што напярэдадні выбараў прэзідэнта краіны па зразумелых прычынах злачыннасць заціхае, паколькі з 13 снежня на ўзмоцнены варыянт нясення службы пераведзены ўвесь асабовы склад органаў унутраных спраў. Гэта значыць, праваахоўнікі працуюць без выхадных і забяспечваюць парадак не толькі на выбарчых участках, але і ў грамадскіх месцах, дваровых тэрыторыях і г.д. Яўген Полудзень нагадаў студэнтам і аб тым, каб яны не наведвалі Кастрычніцкую плошчу сталіцы ў дзень правядзення выбараў. Рашэннем Мінгарвыканкама на Кастрычніцкай плошчы забаронена правядзенне масавых мерапрыемстваў, за выключэннем пэўных сітуацый, калі гарвыканкам дае асобны дазвол. У гэтым выпадку гарадскія ўлады такога дазволу не давалі. "Міліцыя будзе дзейнічаць згодна з дзейным заканадаўствам, — сказаў намеснік міністра. — Мы не дапусцім правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Калі ў час перадвыбарчай агітацыі мы паводзім сябе досыць дэмакратычна і практычна ва ўсіх выпадках парушэння грамадскага парадку абмяжоўваемся проста папярэджваннем, то падчас правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства будуць прымяняцца ўсе меры, прадугледжаныя заканадаўствам, у тым ліку і сілавыя, калі ў гэтым узнікне неабходнасць. Любыя палітычныя пытанні, як вядома, можна вырашаць, аддаючы свае галасы за таго ці іншага кандыдата". Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 1 лютага наступнага года ў Беларусі плануецца пачаць выдачу новых вадзіцельскіх пасведчанняў, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі... |
|