Папярэджаны — значыць узброены. 21.by

Папярэджаны — значыць узброены

17.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

14 снежня на сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю (www.kgk.gov.by) апублікаваны каардынацыйны план кантрольнай (нагляднай) дзейнасці на першае паўгоддзе 2011 года. У гэты план уключаны праверкі ўсіх кантралюючых і назіральных органаў Беларусі.

— Гэта значыць, што любы суб'ект гаспадарання можа даведацца, ці ўключаны ён у план, а таксама калі, хто і па якіх кірунках яго будзе правяраць, — тлумачыць начальнік аддзела каардынацыі дзейнасці кантралюючых (назіральных) органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Данута РЫЖЫКАВА. — І калі суб'екта гаспадарання ў плане праверак няма, то ён там і не з'явіцца, бо гэта не прадугледжана заканадаўствам.

Такая інфармацыя на інтэрнэт-сайце дзяржкантролю размяшчаецца два разы на год — да 15 снежня і да 15 чэрвеня. У гэты перыяд адбываецца ўсплёск наведванняў афіцыйнай інтэрнэт-старонкі галоўнага кантралюючага органа краіны. Нездарма кажуць: папярэджаны — значыць узброены.

Такія зручныя для суб'ектаў гаспадарання новаўвядзенні абумоўленыя Указам № 510 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб удасканаленні кантрольнай (назіральнай) дзейнасці", які ўступіў у сілу 1 студзеня гэтага года. Асноўная задача дадзенага дакумента — скарачэнне і навядзенне парадку ў праверках, стварэнне сістэмы гнуткага кантролю. І сапраўды, колькасць праверак удаецца паступова скараціць.

Сёлета, у параўнанні з 2008 годам, агульная колькасць планавых праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці зменшылася ўдвая. На першае паўгоддзе 2011 года запланавана на 5 тысяч праверак менш, чым іх было ў першым паўгоддзі 2010 года. Усяго ў плане на першую палову наступнага года больш за 31 тысячу праверак.

— Найбольшую колькасць з іх — амаль чвэрць — складаюць праверкі падатковых органаў, — каментуе Данута Эдуардаўна. — Доля праверак органаў МНС — 18 працэнтаў, прыкладна такая ж — санітарных службаў. Міліцыі, Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, Міністэрству прыроды і Міністэрству фінансаў належыць прыкладна па 5-6 працэнтаў ад усіх праверак.

Удзельная вага праверак самога Камітэта дзяржаўнага кантролю ў каардынацыйных планах першага паўгоддзя 2011 года складае ўсяго 1,6 працэнта.

Значнае скарачэнне праверак адбылося дзякуючы таму, што замест мноства праверак, якія раней праводзіліся рознымі органамі тады, калі ім самім гэтага захочацца, цяпер, як правіла, плануецца і праводзіцца адна комплексная праверка. Яна не можа працягвацца больш за 30 дзён. Акрамя таго, за 10 дзён да візіту кантралёраў суб'ект гаспадарання атрымлівае спіс пытанняў, якія будуць аналізавацца. Усё гэта закліканае для таго, каб праверкі не перашкаджалі эканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў.

— Гэта сапраўды зручна, — пацвярджае намеснік дырэктара ААТ "Кандытарская фабрыка "Слодыч" Святлана КУПЦОВА. — У 2008 годзе на фабрыцы адбылося 19 праверак, прыходзілі, хто калі хацеў, папярэджвалі за дзень або за некалькі гадзін. Пажарнікі, санстанцыя, падатковая інспекцыя... Кожны раз мусілі адцягваць тых або іншых спецыялістаў. Сёлета ў нас прайшла адна праверка, у якой узялі ўдзел адначасова 5 кантралюючых органаў, у тым ліку і дзяржкантроль. Мы загадзя падрыхтавалі ўсю дакументацыю, запланавалі свае водпускі. Цяпер мы ведаем, што два гады наша прадпрыемства не будзе ўключана ў план праверак.

Дзеля скарачэння праверак уведзены метад аднясення суб'ектаў гаспадарання да трох груп рызыкі. Так, для высокай групы праверкі могуць праводзіцца раз у год, калі па выніках папярэдняй праверкі былі выяўленыя парушэнні, альбо раз у 2 гады, калі парушэнняў не было. Для сярэдняй — у залежнасці ад папярэдняй праверкі раз у 3 або 5 гадоў. Для нізкай — раз у пяць гадоў. Для новых гаспадарак уведзены двухгадовы мараторый на праверкі. Аднак гэта — не ўсё. Дзяржкантроль праводзіць работу для таго, каб колькасць праверак станавілася яшчэ меншай. Цалкам магчыма, што вынікам гэтай работы стануць прапановы па змене заканадаўства, у якім будзе перагледжаны шэраг паўнамоцтваў кантралюючых органаў. Дарэчы, у нашай краіне 60 арганізацый, у структуру якіх уваходзяць розныя ўзроўні, маюць права правяраць і кантраляваць.

— Часам кантралюючыя і назіральныя органы блытаюць паняцці маніторынгу і праверкі, — заўважае Данута Рыжыкава. — Маніторынг — гэта спосаб кантролю, пры якім вывучаецца сітуацыя шляхам назірання, аналізу і вывучэння, але пры гэтым суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці не павінны адцягваць увагу ад сваёй працы, і, па вялікім рахунку, для суб'екта маніторынг павінен праходзіць незаўважна. Калі кантралюючы орган кажа, што праводзіць маніторынг, але пры гэтым ажыццяўляе праверачныя мерапрыемствы, то ён ужо парушае заканадаўства і можа быць сур'ёзна за гэта пакараны.

Кантроль за парадкам правядзення праверак ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю. За 9 месяцаў гэтага года органамі Камітэта дзяржкантролю да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 137 работнікаў іншых кантралюючых і назіральных органаў, да адміністратыўнай — 4 службовыя асобы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 снежня на сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю (www.kgk.gov.by) апублікаваны каардынацыйны план кантрольнай (нагляднай) дзейнасці на першае паўгоддзе 2011 года. У гэты...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика