Разумная авечка Белка
17.12.2010
—
Новости Общества
|
Фермерская гаспадарка "Агра-Дружба" ў памежным Хоцімскім раёне — будучая апора авечкагадоўлі на Магілёўшчыне Фермер Шаміль Сулейманаў размаўляе на асаблівай трасянцы: з каўказскім і беларускім акцэнтам адначасова. Вы думалі, што такое немагчыма? Цалкам магчыма, калі ты нарадзіўся і вырас ў гарах Азербайджана, а ўсё свядомае жыццё пражыў у беларускай глыбінцы. Шаміль за савецкім часам пасля заканчэння інстытута ў Віцебску накіраваўся па размеркаванні ў Хоцімскі раён, працаваў у сельскай гаспадарцы ветэрынарным урачом і ўрэшце асеў на памежжы. За 25 гадоў у Беларусі перастаў лічыць сябе чужынцам на гэтай зямлі, і ўсе навокал таксама. Сулейманаў ажаніўся з жыхаркай Хоцімска, у іх нарадзіліся двое дзяцей: дачка пайшла ў "чалавечую" медыцыну, а сын будзе па прыкладзе бацькі ветэрынарам. Сам жа бацька на схіле працоўнага жыцця вырашыў стаць фермерам, ды яшчэ і адкрыць паўзабытую старонку ў развіцці сельскай гаспадаркі рэгіёна — авечкагадоўлю.Авечка Белка для фермера з Хоцімшчыны з'яўляецца нечым сярэднім паміж сабакам і коткай. Сімвалам адраджэння гэтай галіны можа стаць авечка Белка, якая ў Сулейманава з'яўляецца хатнім гадаванцам, нечым сярэднім паміж сабакам і коткай. Белая авечка ходзіць вольна за гаспадаром і дае яго гасцям, хоць і не адразу даверліва, сябе гладзіць. — Белку пакусаў сабака, і яна некалькі месяцаў ляжала, а мы з жонкай яе выхадзілі, на ногі паставілі, — з гордасцю дэманструе сваю любіміцу Шаміль. — А сёння яна ў нас прыгажуня! Яна вельмі разумная і мае незалежны характар. Жонка з ёй у Хоцімску ў парку гуляла: людзі меркавалі — ці то авечка, ці то сабачка. Вы не паверыце, але я ўспрымаю Белку як добрага чалавека, які разумее мяне і прыходзіць, калі на душы цяжка. Стаіць побач — а мне лягчэй становіцца. Так, лёгкімі жыццё і працу хоцімскага фермера не назавеш. Гаспадарка ў вёсцы Бруёўка — гэта кінутыя калгасныя пабудовы, якія хацелі разбурыць, але потым аддалі прыватніку пад гадаванне авечак. Цяпер у рэанімаваных кашарах Сулейманава месціцца атара, у якой больш за 400 авечак. Ягняткі проста лялечныя: чорныя, карычневыя, з белымі плямамі. Але ў рукі яны даюцца толькі гаспадару, і то ў выніку натрэніраваных імклівых кідкоў. Яшчэ адзін жыхар фермы — кот Барыс. Відаць, на пару з разумнай авечкай Белкай Барыс адчувае сябе гаспадаром, таму што зусім не звяртаў увагу на людзей і ўспышкі фотакамеры, а спакойна прайшоў да кармушкі ягнятак, стаў есці і піць. Авечкі прынялі ката як свайго. — Калі чалавек нараджаецца, то яму ад Бога даецца ўменне, — тым часам расказвае Шаміль. — Горцы, натуральна, увесь час з авечкамі. Вось і тут я вырашыў заняцца нарэшце сваёй сапраўднай справай. Яна мне па душы. Разам з жонкай Таццянай Сулейманавай, заатэхнікам па прафесіі, 49-гадовы Шаміль працуе на ферме, даглядае авечак: "Тут патрэбна гаспадарскае вока!" Прызнаецца, што працаваць трэба штодня, удзень і ўначы. Карацей, давялося дзеля авечак забыцца і на сяброў, і на ўсё астатняе. І так ужо чацвёрты год. — Гуляць нікому не давядзецца ў авечкагадоўлі. Ёсць шмат нюансаў. Гэта вам не карова, якую пакарміў, падаіў, прывязаў і ўсё. Тут трэба ўважліва працаваць. Самае галоўнае — гэта настойлівасць. Трэба ставіць перад сабой пастаўленую мэту і ісці да яе. Але ёсць і перспектыва! Фермер гаворыць, што менавіта авечкагадоўля цяпер вартая высілкаў, бо менавіта ў Беларусі ёсць значны попыт на бараніну: гэтае мяса запатрабаванае на рынках у Магілёве і Мінску. А на Аршанскім мясакамбінаце, дзе вырабляецца дзіцячае харчаванне, гатовыя хоць штодня прымаць бараніну — толькі вязі! — Не гаворачы пра смак і мяккасць мяса, гэта яшчэ і экалагічны прадукт, — тлумачыць Сулейманаў. — Мы харчуем сваіх авечак сенам і збожжам уласнай вытворчасці. Ніякай хіміі! Бараніну ў фермера прымаюць жывой вагой: 10 тысяч рублёў за кілаграм. Выгадна, калі ў цябе вялікі статак, таму Шаміль цяпер працуе над гэтым. Пагалоўе трэба павялічыць удвая, каб справы ў фермерскай гаспадарцы пайшлі на лад і з'явіліся сродкі для далейшага развіцця ад продажу мяса. А вось з авечай воўнай праблема. Склад на ферме ў Бруёўцы забіты воўнай, якая, як аказалася, нікому не патрэбна ў Беларусі. — Я шукаў шапавалаў пад Мінскам, але для іх воўну завозяць з-за мяжы, — расказвае Шаміль пра пошукі рынкаў збыту. — У Рагачове пагадзіліся прыняць, калі я сам найму транспарт. Там гатовыя плаціць каля паўтысячы рублёў за кілаграм. Гэта, лічы, дарма. Цяпер знайшоў дзеда-шапавала ў нашай глыбінцы і хачу, каб ён навучыў рабіць валёнкі. Яны сёння зноў модныя, а коўдры з авечай шэрсці каштуюць па 100 тысяч рублёў. Можа, атрымаецца адкрыць уласную вытворчасць у будучыні? Фермер набыў у Бруёўцы жылы дом і, калі яго гаспадарка будзе паспяховай, мае намер пашырацца. Ужо цяпер Сулейманаву прапануюць яшчэ адну кінутую ферму, каб паставіць там кароў. Той пакуль думае: баіцца пагнацца "за двума зайцамі", каб не заваліць усю гаспадарку. Тым больш што ў яго планах адкрыццё ў раённым цэнтры кавярні, дзе б падаваліся стравы з бараніны. Верагодна, што такі пункт грамадскага харчавання карыстаўся б на беларуска-расійскім памежжы папулярнасцю. Для гэтага ўжо ёсць і будынак, атрыманы ад дзяржавы за сімвалічную базавую велічыню. Праўда, для адкрыцця кавярні яшчэ нестае сродкаў: трэба каля 100 мільёнаў рублёў, і фермер спадзяецца на падтрымку раённых уладаў у справе атрымання крэдыту. Шаміль шчыра прызнаўся, што на яго радзіме не разумеюць яго беларускага бізнэсу. — На поўдні Азербайджана не знайсці сям'і, якая не трымала б авечак, — тлумачыць Сулейманаў. — Але часіны мяняюцца, і ў нас гадаванне жывёлы ўжо не ўспрымаюць як рэальны бізнэс, на якім можна паспяхова зарабіць. Але на заўвагі сваякоў я адказваю, што гэта праца мне проста падабаецца. Хоць і праўда: я за тры гады яшчэ нічога не зарабіў, толькі выдаткоўваю грошы. Але авечкамі трэба займацца, гэта перспектыўная галіна. Будзе калі-небудзь і на нашай вуліцы свята. І я спадзяюся, што на Магілёўшчыне з'явіцца цэнтр авечкагадоўлі. Ілона Іванова. Фота аўтара. Хоцімскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фермерская гаспадарка "Агра-Дружба" ў памежным Хоцімскім раёне — будучая апора авечкагадоўлі на Магілёўшчыне Фермер Шаміль Сулейманаў размаўляе на... |
|