Прыходзьце ў філармонію павіншаваць Народнага паэта!. 21.by

Прыходзьце ў філармонію павіншаваць Народнага паэта!

24.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Юбілейны вечар Рыгора Барадуліна адбудзецца 28 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску

"Як так, 75 гадоў Барадуліну споўнілася 24 лютага!" — заўважаць самыя пільныя чытачы "Звязды". Аднак яшчэ пільнейшыя згадаюць, што гэтую дату класік, на жаль, сустрэў у рэанімацыі — цэлы месяц медыкі змагаліся за жыццё дзядзькі Рыгора... І тое, што вечарына адбываецца толькі цяпер — не бяда. Такія даты, як 75 гадоў, святкуюцца не адзін дзень, а цэлы год!

Вечарына ў філармоніі пройдзе ў форме прэзентацыі фільма пра Барадуліна "Як па сухому..." рэжысёра Алеся Матафонава. Гледачы ведаюць спадара Алеся па цыклу бліскучых дакументальных фільмаў "Лабірынты" на тэлеканале ЛАД. Фільм пра Барадуліна атрымаўся не менш удалы — паэта здымалі на ягонай радзіме, ва Ушачах. Каля каміна, за пісьмовым сталом, ля бацькавага вяза. Гэтае дрэва ля брамкі Барадулінскай хаты — знакавае. Калі паэт вучыўся ў 10 класе, ён прымацаваў да яго шпакоўню. Невысока — як лесвічка дастала. Цяпер, каб пабачыць шпакоўню, трэба задзерці галаву — за прамінулы час шпакоўня ўзнеслася ў нябёсы метраў на дваццаць!

Фільм вельмі дакладна перадае, што Барадулін — не трыбунны паэт, не крыкун і хвалько, як некаторыя. Ён — камерны, інтымны, глыбінны. Але тое, што ён гаворыць нават шэптам, чуюць тысячы людзей. У фільме, апроч дзядзькі Рыгора, гавораць ягоныя сябры. Ёсць і кур'ёзныя моманты: адна сямідзесяцігадовая жанчына апантана распавядае, "як Рыгора мама гадавала", "якія яна яму песні спявала", а потым сціпла прызнаецца, што гэта яна натхніла Барадуліна напісаць кнігу духоўнай паэзіі "Ксты". Што ж, для некаторых пастаяць побач з Барадуліным — адзіны сродак застацца ў гісторыі...

— На імпрэзе будзе прэзентаваны фільм на вялікім экране, — гаворыць рэжысёр канцэрта Ніна ОСІПАВА, галоўны рэжысёр канцэртных залаў Белдзяржфілармоніі. — Прэзентацыю будзе весці паэт Леанід Дранько-Майсюк. Выступяць зводны хор Чырвонага касцёла "Голас душы", Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, Якаў Навуменка — яны выканаюць песні на вершы Рыгора Барадуліна. Мастацкі кіраўнік Тэатра беларускай драматургіі Валер Анісенка будзе дэкламаваць вершы клаксіка. А Канстанцін Шараў выканае арганную п'есу.

Квіткі можна прыдбаць у касе філармоніі. Непрыемна, што большасць з іх была выкупленая адразу адной установай. Таму нам з вамі засталіся толькі на балкон. Што праўда, недарагія — па 6000-7000 рублёў.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара.

Дарэчы

"Як па сухому..."

Верш "Як па сухому" Рыгор Барадулін напісаў у свой дзень народзінаў, 27 лютага 2007 года. Па збегу акалічнасцяў — у рэанімацыі. Здароўе за апошнія гады падводзіла народнага паэта неаднойчы. Дзядзька Рыгор згадвае, што баяўся забыць гэты верш, бо не мог тады пісаць, і захаваў яго ў сваёй памяці...

Дзень, як сын дачаканы, падрос.

Ціша стому вярнула дадому.

І ступаў малады Хрыстос

Па вадзе, як па сухому.

Тыя, што над вадой

І ў вадзе,

Ўсе нямелі ў нябесным здзіве,

Ведалі,

Гэта Сейбіт ідзе

Сеяць душы

На горкай ніве.

Досвітак загараўся й гас.

І рабіліся блізкімі далі.

Хвалі ўрэшце дагналі час

І Хрыстовы

сляды захавалі.

Ростань выкне вініць успамін.

У сустрэчы сцежка крывая.

Калі Госпаду верыш, як Сын,

Дык цябе і вада трымае...

24 лютага 2007, рэанімацыя

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юбілейны вечар Рыгора Барадуліна адбудзецца 28 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску "Як так, 75 гадоў Барадуліну споўнілася 24 лютага!" —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика