З піратэхнікай не заўсёды весела - Што рабіць пры траўмах вока?. 21.by

З піратэхнікай не заўсёды весела - Што рабіць пры траўмах вока?

24.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Звыш 7 тысяч месцаў навагодняга святкавання плануецца абследаваць па краіне на прадмет бяспекі. Хоць апошняя, вядома, залежыць не столькі ад месца правядзення свята, колькі ад тых, хто бярэ ў ім удзел. Каб свята не азмрочылі сумныя наступствы, не варта парушаць правілы бяспекі самім і дазваляць рабіць гэта навакольным.

— Штогод знаходзяцца асобы, якія нелегальна завозяць і распаўсюджваюць піратэхнічныя вырабы неадпаведнай якасці, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Віктар ПАЛЕЙ. — За шаснаццаць дзён снежня органамі ўнутраных спраў канфіскавана звыш 1 200 тысяч адзінак піратэхнічных вырабаў. З 1 снежня 2009-га па 6 студзеня 2010 года было канфіскавана звыш 2 700 тысяч адзінак. Самым буйным падобным фактам у гэтыя дні стала канфіскацыя ў сталіцы звыш 1 млн гэтых вырабаў. Зараз праводзіцца праверка законнасці іх увозу. Грамадзяне, якія набываюць піратэхніку на рынках, па-ранейшаму не столькі эканомяць пэўныя грошы, колькі істотна павялічваюць магчымасць нанясення шкоды свайму здароўю...

Піратэхнічныя вырабы дзеляцца па ступені патэнцыйнай бяспекі на пяць класаў. Небяспеку ў піратэхніцы можа ўяўляць кінетычная энергія, рух самога вырабу або яго частак, магутнасць светлавога выпраменьвання і радыус небяспечнай зоны. Бытавая піратэхніка 1-2 класаў можа прадавацца ў неспецыялізаваных магазінах, 3 класа — у спецыялізаваных секцыях. Продаж піратэхнікі 4 і 5 класаў — спецыяльнага і тэхнічнага прызначэння — дапускаецца толькі ў спецыялізаваных магазінах. Клас бяспекі пацвярджаецца выпрабаваннямі адпаведных акрэдытаваных лабараторый.

— Піратэхнічная прадукцыя, якая завозіцца ў нашу краіну, як правіла, з Кітая і паступае на склады, павінна суправаджацца дакументам, які пацвярджае адпаведнасць вырабу патрабаванням нарматыўна-прававых актаў сістэмы супрацьпажарнага нарміравання, а таксама ўтрымлівае інфармацыю пра адпаведнасць класу, указанаму на этыкетцы, — тлумачыць першы намеснік начальніка Упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір СУВОРАЎ. — Да піратэхнічнага вырабу павінна прыкладацца інструкцыя з указаннем тэрміну прыдатнасці, класу бяспекі, абмежавання па прымяненні і ўмоў прымянення...

l Продаж піратэхнікі на рынках — з латкоў, палатак, рук, а таксама праз інтэрнэт забаронены, а значыць, цікавіцца ў дадзеных выпадках пратаколам выпрабаванняў бессэнсоўна.

l Набыццё піратэхнікі афіцыйным шляхам — у крамах — дае пакупніку прынамсі юрыдычныя гарантыі вяртання магчымай шкоды.

l Адміністратыўную адказнасць нясе як той, хто прадае, так і той, хто набывае.

l Крымінальная адказнасць прадугледжана ў выпадках, калі піратэхніка аказалася прычынай атрымання цяжкіх цялесных пашкоджанняў больш як дзвюма асобамі або стала прычынай гібелі чалавека.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Што рабіць пры траўмах вока?

Набліжаецца час школьных канікулаў. Але, на жаль, гэта не толькі вясёлы навагодні час для дзяцей, а яшчэ і сезон траўмаў. Часцей за ўсё, апынуўшыся за межамі школ і кватэр, дзеці застаюцца прадастаўленыя самі сабе. Яны шмат рухаюцца, свавольнічаюць, тады і здараюцца сур'ёзныя непрыемнасці. Даволі распаўсюджаныя траўмы ў гэты час—пашкоджанне вачэй. Калі такое здарылася, трэба ўмець аказаць пацярпеламу першую дапамогу. Але зрабіць гэта трэба правільна, падкрэслівае кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Галіна Сямак.

<І>Калі ў вока трапіла нейкая вадкасць , трэба старанна і доўга прамываць яго праточнай вадой, пажадана пад напорам. Для гэтага можна выкарыстаць аднаразовы шпрыц ці спрынцоўку. Павекі трэба адцягнуць ад вочнага яблыка, каб старанна выдаліць усё, што трапіла на слізістыя. І абавязкова потым звярнуцца да доктара-афтальмолага.

Часта на кан'юнктыву трапляюць розныя іншародныя целы: вейкі, пылінкі і г.д. Гэтыя пашкоджанні суправаджаюцца рэзкімі болямі, слёзацячэннем, святлабояззю, пачырваненнем слізістай абалонкі. Ні ў якім разе нельга церці пашкоджанае вока рукамі, бо іншароднае цела вострымі гранямі можа нанесці дадатковыя пашкоджанні. Вядома, што нават найдрабнейшая парушынка можа стаць сур'ёзнай праблемай, таму лепш звярнуцца да спецыяліста. Калі ж па нейкіх прычынах гэтага зрабіць немагчыма, трэба аказаць першую дапамогу. Спачатку вымыйце рукі. Потым пасадзіце дзіця тварам да святла. Станьце ззаду і прыцісніце яго галаву да свайго жывата. Указальным і сярэднім пальцамі разляпіце павекі. Папрасіце пацярпелага паглядзець улева, управа, уверх, уніз. Калі вы ўбачыце вейку ці парушынку, якая трапіла пад верхняе павека, проста адцягніце яго ад вочнага яблыка, пры гэтым іншароднае цела можа быць змыта слязой. Калі пры аглядзе прычыну боляў выявіць не ўдаецца, можна прамыць вока растворам левамецэціну, слабаружовым растворам марганцоўкі. Пасля накласці сухую стэрыльную павязку, прымацаваўшы яе пластырам ці бінтам, і звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Яшчэ адзін від траўмы вока — апёкі. Тых гарэз, што любяць "пахімічыць" з рознымі рэчывамі, падпільноўвае сур'ёзная небяспека. Каварна працякаюць апёкі шчолачамі. У першыя дні могуць быць невялікая святлабоязь і боль, і многія пацярпелыя не спяшаюцца звяртацца па медыцынскую дапамогу. А, між іншым, шчолач пранікае ўглыб тканак — пачырваненне павялічваецца, рагавіца мутнее, рэзка зніжаецца зрок, ажно да слепаты. Трэба тэрмінова прамыць вочы нямоцным струменем вады з-пад крана на працягу 15-20 хвілін і выдаліць тампончыкам часцінкі абпальваючага рэчыва.

Акрамя хімічных, спецыялістам даводзіцца мець справу і з апёкамі тэрмічнымі. Прычынай іх можа быць полымя вогнішча, якое дзеці распалілі ў патаемным месцы, гарачыя вадкасці, пара, а таксама петарды. У апошнія гады рэзка ўзрасла колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пацярпелі ад запуску гэтых салютаў і ў выніку пасля навагодніх свят апынуліся на бальнічным ложку У гэтых выпадках апёкам спадарожнічаюць раненні вачэй і іх прыдаткаў, чэрапна-мазгавыя траўмы.

Пры тэрмічных апёках вочы прамываць не трэба — хутчэй да ўрача. А дарослым неабходна ўзяць на заметку наступнае: нельга купляць петарды ў выпадковых месцах, дзе парушаны правілы захавання тавару, бо няякасная піратэхніка становіцца непрадказальнай. Самая распаўсюджаная памылка пры запуску петардаў — іх няправільная ўстаноўка. Для адных феерверкаў патрабуецца дастаткова трывалая фіксацыя іх на зямлі, а для іншых яна катэгарычна забароненая. Таму трэба ўважліва чытаць інструкцыю.

Сярод пашкоджанняў вачэй пераважаюць механічныя — кантузіі, раненні. Нельга пакідаць без увагі ўдары тупым прадметам — кулаком, мячом, каменем, палкай. Лёгкія тупыя траўмы прыводзяць да кровазліцця і ацёку скуры павек і кан'юнктывы, Звычайна такія ўдары рассмоктваюцца за 10-12 дзён. На вобласць траўмы трэба пакласці насоўку, змочаную халоднай вадой, або лёд.

Больш цяжкія тупыя траўмы вядуць да змяненняў у рагавіцы, унутраных абалонках вока і зрокавым нерве, выклікаюць зніжэнне зроку. Таму ад непрыемных наступстваў лепш застрахавацца. Ніводзін выпадак кантузіі не павінен заставацца без абследавання ў афтальмолага.

Вольга Шаўко.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звыш 7 тысяч месцаў навагодняга святкавання плануецца абследаваць па краіне на прадмет бяспекі. Хоць апошняя, вядома, залежыць не столькі ад месца правядзення...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика