Прэзідэнт пераабраны
28.12.2010
—
Новости Общества
|
ЦВК устанавіў вынікі нядаўняй электаральнай кампаніі Перамога — за Аляксандрам ЛУКАШЭНКАМ, у падтрымку якога супрацоўнікі выбаркамаў налічылі 79,65% галасоў. Нашмат больш за мінімальныя 50 адсоткаў плюс адзін голас, неабходныя для атрымання найвышэйшай дзяржаўнай пасады. Другі вынік, які, тым не менш, не ідзе ні ў якое параўнанне з першым, — у Андрэя Саннікава: яго падтрымала 2,43% выбаршчыкаў. Тройку замыкае Яраслаў Раманчук з 1,98% галасоў. Рэйтынг астатніх удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі выглядае так: Рыгор Кастусёў 1,97%, Уладзімір Някляеў 1,78%, Віктар Цярэшчанка 1,19%, Віталь Рымашэўскі 1,09%, Мікалай Статкевіч 1,05%, Аляксей Міхалевіч 1,02%, Дзмітрый Ус 0,39%. 6,47 адсотка ўладальнікаў выбарчага права праявілі аднадушнасць, адмовіўшы ў падтрымцы ўсім кандыдатам. Яўка ў 90,65% (што таксама нашмат больш за неабходную палову) дала Цэнтрвыбаркаму падставы для таго, каб пастанавіць, што выбары адбыліся. З 7,1 млн беларусаў, якія мелі права голасу, 6,4 млн ім скарысталіся, прычым амаль 1,1 млн — датэрмінова. Такія афіцыйныя вынікі сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, якія днямі ўстанавіў ЦВК. Не перашкодзілі і спробы аспрэчыць іх. У тым ліку скарга былога кандыдата ў прэзідэнты Рыгора КАСТУСЁВА з прыкладзенымі да яе больш як трыма сотнямі матэрыялаў аб парушэннях. Іх цэнтр- выбаркамаўцы ацанілі з пункту гледжання ўплыву на вынікі выбараў у цэлым па рэспубліцы і падобнага там не ўгледзелі. Таму ў здавальненні пададзенай скаргі аб непрызнанні вынікаў выбараў было адмоўлена. Член ЦВК Надзея КІСЯЛЁВА прызнала, што ў працэсе выбараў парушэнні ўсё ж мелі месца, аднак яны былі працэдурнымі і волевыяўленню грамадзян не перашкаджалі. Асобна згадала яна так званае сямейнае галасаванне (калі ў кабінку для галасавання заходзяць разам), якое "мае месца на выбарах усіх узроўняў" і характэрнае, да таго ж, не толькі для нашай краіны. "На жаль, некаторыя выбаршчыкі не рэагуюць на заўвагі супрацоўнікаў выбаркамаў", — канстатуе спадарыня Кісялёва. Яна адзначыла таксама, што большасць зваротаў падчас гэтай кампаніі датычылася галасавання па месцы фактычнага пражывання, а не па месцы рэгістрацыі. А вось скаргаў на недакладнасці ў спісах выбаршчыкаў сёлета, паводле слоў Н. Кісялёвай, было значна менш. Без задавальнення засталіся і прапановы, агучаныя членамі ЦВК з правам дарадчага голасу. У прыватнасці, каб Цэнтрвыбаркам хадайнічаў аб змяненні меры стрымання для затрыманых экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія ЯРМОШЫНА тонам, які не выносіць пярэчанняў, заявіла, што "7 з 10 членаў ЦВК перажылі цяжкія маральныя выпрабаванні ў ноч на 20 снежня". І арганізавалі гэта, паводле яе слоў, "тыя палітыканы, якія два тыдні планамерна заклікалі народ на плошчу", хоць пракуратура выносіла ім папярэджанні і яны ведалі, што гэта незаконна. Як дарослыя людзі, як магчымыя прэзідэнты, яны, на думку старшыні ЦВК, "павінны былі разумець, што, калі натоўп дастаткова вялікі, ім цяжка кіраваць". Таму "незалежна ад тых добрых намераў", якімі, яна не выключае, маглі кіравацца гэтыя людзі, "тое, што адбылося, не можа быць даравана". Бо "грамадству і канкрэтным людзям пагражала рэальная небяспека", а краіна, паводле пераканання старшыні Цэнтрвыбаркама, "магла апынуцца ў абломках". Падводзячы вынікі, сакратар ЦВК Мікалай ЛАЗАВІК акцэнтаваў, што "цяперашняя выбарчая кампанія значна адрозніваецца ад папярэдніх". Трэба думаць... Змены ў выбарчым заканадаўстве, паводле яго ўражанняў, сталі асновай для дэмакратызацыі выбарчага працэсу. А практыка іх прымянення характарызавалася лібералізацыяй усіх выбарчых працэдур. Бесперашкоднае вылучэнне, правядзенне агітацыйных мерапрыемстваў — у цэлым выбарчая кампанія праходзіла спакойна і арганізавана, канстатуе сакратар Цэнтрвыбаркама. "У той жа час шэраг кандыдатаў заклікалі грамадзян да ўдзелу ў супрацьпраўных дзеяннях", — падкрэслівае М.Лазавік. Яны, паводле яго слоў, арганізавалі масавыя беспарадкі ў Мінску. Ведае ён і іх матывы — каб міжнародная супольнасць не прызнала выбараў у Беларусі. Аднак, на думку спадара Лазавіка, "задума не ўдалася, ілюзіён прагарэў". Нагодай для такіх высноў паслужыла яму інфармацыя, што "АБСЕ ацаніла агульны ход галасавання як "добры" і "вельмі добры" на 94,2% участкаў, на якіх імі вялося назіранне".А ў далейшым на фарміраванне ацэнкі місіі АБСЕ паўплывалі масавыя беспарадкі, перакананы сакратар Цэнтрвыбаркама. Негатыўныя ж заявы кіраўнікоў МЗС еўрапейскіх краін выкліканыя недахопам інфармацыі, лічаць у ЦВК. "На жаль, яны кантактуюць з вельмі вузкай часткай грамадства", — заўважае Лідзія Ярмошына. "Настрой у грамадстве сведчыць абсалютна пра іншае". У старшыні ЦВК і парада для заходніх непрыхільнікаў беларускіх выбараў напагатове: "Ім варта прагуляцца па мінскіх вуліцах". Да таго, што яе "хрустальная мара" (так раней выказвалася старшыня ЦВК аб прызнанні беларускіх выбараў з боку АБСЕ) не спраўдзілася Лідзія Ярмошына ставіцца па-філасофску: "Я ніколі ні пра што не шкадую". Аднак гэта не перашкаджае ёй выносіць урокі з кожнай кампаніі. Сёлетняя, верагодна, папоўніць выбарчы рэгламент асобным зводам правілаў для назіральнікаў. — Трэба нармалізаваць дзеянні назіральнікаў на ўчастку, — заяўляе Л.Ярмошына і тлумачыць такую неабходнасць тым, што асобныя назіральнікі падчас сёлетняй кампаніі літаральна здзекаваліся з супрацоўнікаў выбаркамаў. — Кодэкс іх паводзін трэба дакладна прапісаць. Супрацоўнікі выбаркамаў, дарэчы, ніякай адказнасці за дапушчаныя імі працэдурныя хібы не панясуць: — Іх можа дапусціць любы, — мяркуе старшыня Цэнтральнай камісіі. — Яны грамадскія работнікі, заробкаў за сваю работу не атрымліваюць — толькі невялікае ўзнагароджанне. Публічны разбор — гэта ўжо дастатковы прэвентыўны захад. Інакш не застанецца патэнцыялу — тых, хто захоча ўдзельнічаць у рабоце камісій у далейшым. Зоя ВАРАНЦОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЦВК устанавіў вынікі нядаўняй электаральнай кампаніі Перамога — за Аляксандрам ЛУКАШЭНКАМ, у падтрымку якога супрацоўнікі выбаркамаў налічылі 79,65% галасоў.... |
|