Буйны план. 21.by

Буйны план

28.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 2011 годзе прамыя замежныя інвестыцыі ў эканоміку Магілёўскай вобласці трэба павялічыць у 25(!) разоў

Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў зацвердзіў на сваёй сесіі праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і бюджэт на 2011 год.

У прагнозах адбываецца пераход ад колькасных паказчыкаў да якасных: галоўным цяпер будуць не аб'ёмы вытворчасці, а прыбыткі, рэнтабельнасць, прадукцыйнасць працы, рост заробкаў.

Найбольш праблемнай пазіцыяй кіраўніцтву Магілёўшчыны ўяўляецца прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Паводле планаў, у наступным годзе давядзецца знайсці 567 мільёнаў долараў замежных інвестыцый. Між тым, стартаваць давядзецца з даволі сціплай сёлетняй пазіцыі.

— Каб забяспечыць такі значны пад'ём, ужо сёння трэба мець хоць бы папярэдні пакет інвестыцыйных праектаў і намераў, — сказаў старшыня камітэта па эканоміцы Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Дудзінскі. — Такія прапановы ёсць, але пакуль яны дастаткова сціплыя.

У камітэце па эканоміцы раяць кіраўнікам прадпрыемстваў і мясцовым уладам выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для прыцягнення інвестыцый, напрыклад, шукаць фінансава ўплывовых землякоў, больш актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт і замежныя прадстаўніцтвы, актывізаваць памежнае супрацоўніцтва, аднаўляць абарваныя з-за крызісу дзелавыя кантакты.

— Безумоўна, без прамых замежных інвестыцый стварыць новыя вытворчасці і мадэрнізаваць тыя, якія ёсць, будзе даволі праблематычна, — падкрэсліў важнасць паказчыка старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік.

Улады таксама турбуе, што новыя прадпрыемствы, якія ствараюцца ў рэгіёне, разлічваюць у рэалізацыі сваёй прадукцыі ў асноўным на ўнутраны беларускі рынак. Гэта недальнабачна, папярэджваюць вытворцаў, бо ён вельмі малы, а арыентавацца трэба на экспарт. Тым больш што ў 2013 годзе Магілёўская вобласць павінна, паводле задання, дасягнуць станоўчага сальда знешняга гандлю.

Выканаць гэта магчыма толькі за кошт мадэрнізацыі вытворчасцяў і стварэння новых навукаёмістых, укаранення інавацыйных тэхналогій, каб у канчатковым выніку стварыць канкурэнтаздольны прадукт, які будзе карыстацца попытам на знешнім рынку.

Бюджэт Магілёўскай вобласці ў 2011 годзе складаецца з 3,9 трыльёна рублёў і мае сацыяльную скіраванасць. І хоць ён сфарміраваны з прафіцытам у мільярд рублёў, усё ж выканаўчая ўлада і дэпутаты занепакоеныя напаўняльнасцю бюджэту. Кіраўнік падатковай інспекцыі Магілёўскай вобласці і старшыня камісіі Магілёўскага абласнога Савета Іван Кажамяка выказаў свае парады прамыслоўцам: якім чынам павялічыць даходы і, адпаведна, падаткі ў бюджэт.

— Рэзервы ляжаць на паверхні, — пераконваў з трыбуны сесіі Іван Кажамяка.

Напрыклад, дадатковыя падаткі дасць павелічэнне заробкаў людзей і рэнтабельнасці вытворчасці. Трэба выцягваць з багны стратныя прадпрыемствы: цяпер іх у вобласці болей за 350, а іх страты перавышаюць 100 мільярдаў рублёў. Прадпрыемствам патрабуецца большая загрузка магутнасцяў.

— На жаль, апошнім часам мы ўсё больш выкарыстоўваем такія арыфметычныя дзеянні, як дзяленне і адыманне, — пашкадаваў Іван Кажамяка. — А хацелася б свежых ідэй, якія далі б магчымасць усім нам дадаць і памножыць.

З такім заклікам пагадзіўся і намеснік міністра фінансаў Беларусі Вячаслаў Васіленка. Ён таксама нагадаў удзельнікам сесіі абласнога Савета пра тое, што бюджэтныя сродкі даюцца, умоўна кажучы, не для таго, каб штодня на абед набываць на рынку рыбу, а каб набыць вуду, што дапаможа тую рыбу здабыць самастойна.

— Наступная пяцігодка — абнаўлення, і яно павінна закрануць усе галіны жыцця Магілёўскай вобласці, — падвёў вынік прыняццю прагнозаў і бюджэту на 2011 год кіраўнік выканаўчай улады рэгіёна Пётр Руднік. — Я заклікаю ўсіх працаваць на працвітанне нашай вобласці і краіны.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2011 годзе прамыя замежныя інвестыцыі ў эканоміку Магілёўскай вобласці трэба павялічыць у 25(!) разоў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў зацвердзіў на сваёй сесіі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика