Прамая размова. 21.by

Прамая размова

28.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Намеснік міністра ўнутраных спраў адказаў перад студэнтамі

Днямі намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген ПОЛУДЗЕНЬ наведаў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт не толькі з тым, каб паведаміць моладзевай аўдыторыі аб крымінагеннай сітуацыі ў краіне, але і з тым, каб выслухаць заўвагі, адказаць на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. Яўген Яўгенавіч гатовы быў прымаць і канкрэтныя прапановы, аднак апошнія, на жаль, не прагучалі.

У рэспубліцы сёлета ўчынена амаль 130 тысяч злачынстваў, паведаміў на пачатку сустрэчы намеснік міністра. Лічба сама па сабе немалая, аднак меншая, чым у шэрагу суседніх краін. Так, калі ў Беларусі на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 1344 злачынствы, то ў Польшчы — амаль 3 тысячы. Сёлета ў цэлым па краіне зафіксавана менш, чым летась, забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, разбойных нападаў. Аднак у сталіцы назіраецца нязначны рост злачыннасці. Найбольш напружаная абстаноўка ў Заводскім, Фрунзенскім, Маскоўскім і Першамайскім раёнах.

Звыш 4,5 тысячы злачынстваў, учыненых сёлета ў краіне, звязаныя з наркаманіяй. Паколькі апошняя рэгулярна мяняе сваё "аблічча", МУС толькі сёлета прапанавала забараніць 58 новых найменняў наркатычных сродкаў. Прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці аказаліся і два студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта — студэнтка 4 курса за падробку медыцынскіх рэцэптаў з мэтай атрымання лекавых наркатычных сродкаў і студэнт 5 курса за захоўванне наркотыкаў. Намеснік міністра нагадаў, што добраахвотная здача наркарэчываў міліцыі вызваляе ад крымінальнай адказнасці.

Каля 30 тысяч злачынстваў з названых 130 былі ўчыненыя ў стане алкагольнага ап'янення. Да адміністрацыйнай адказнасці за распіванне піва на вуліцы прыцягнулі каля 25 тысяч правапарушальнікаў. Але стаўка робіцца ўсё ж такі не на карныя меры, а на падтрымку цывілізаванага ўжывання алкагольных напояў у нашым грамадстве. МУС нават звярталася да Міністэрства гандлю з тым, каб апошняе ініцыявала даступныя цэны ў піўных барах і рэстаранах. Прапануецца таксама і далейшае ўкараненне асобнага ад прадуктаў харчавання (у асобных залах ці крамах) продажу спіртных напояў.

За ваджэнне аўтамабіля ў стане алкагольнага ап'янення на працягу года затрымана каля 50 тысяч вадзіцеляў, дзесьці 5 тысяч прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Сёлета, дарэчы, у дачыненні да вадзіцеля, які паўторна пападаецца на падобным парушэнні, накладваецца штраф, які складае 12 тысяч долараў. Такім чынам было закрытае абмеркаванне магчымасці канфіскацыі аўтамабіля.

Нарэшце, сёлета ў нарматыўнай базе замацавана, што ад'ехаць ад месца дарожна-транспартнага здарэння на, умоўна кажучы, 10-100 метраў, не азначае пакінуць месца здарэння. Сітуацыя становіцца такой, толькі калі ўдзельнік зусім з'ехаў.

Яўген Полудзень адказаў на шэраг пытанняў аўдыторыі.

— Як у сталіцы вырашаецца праблема са стаянкамі для аўтамабіляў?

— Міністэрства ўнутраных спраў вельмі актыўна прапануе Мінгарвыканкаму розныя захады для вырашэння сітуацыі. У любым выпадку нам не абысціся без будаўніцтва стаянак і паркінгаў, асабліва ў цэнтральнай частцы горада. На сёння Мінгарвыканкам падрыхтаваў план узвядзення новых парковак. Разам з гарадскімі ўладамі вырашана ўладкоўваць і стаянкі паблізу кальцавой дарогі, каб той, хто едзе ў сталіцу, пакідаў там машыну і дабіраўся ў цэнтр на метро або нават на бясплатнай маршрутцы... Мы прапануем таксама, каб кожная новабудоўля мела пры сабе падземны паркінг. Шматпавярховыя паркінгі павінны мець і ўсе гіпермаркеты. Мяркую, што да 2014 года праблема хоць бы часткова, але будзе вырашана.

— Часта можна назіраць, як удзельнікі дарожнага руху размаўляюць па мабільным тэлефоне. Якія меры прымяняюцца ў дачыненні да такіх кіроўцаў?

— Адміністратыўнае пакаранне ў дачыненні да такіх вадзіцеляў, безумоўна, прадугледжана. Увесь кіруючы склад міністэрства, калі бачыць такіх кіроўцаў, спыняе іх і тлумачыць, за што ім давядзецца выплаціць штраф. Наогул у міністэрстве працуе "прамая лінія", на якую можна паведаміць пра падобныя парушэнні. Праўда, трэба, каб вы пры гэтым абавязкова назвалі сябе... Разам з тым, нам не хацелася б перабраць з адміністрацыйнымі мерамі. У 2000 годзе ў краіне было столькі адміністрацыйных пакаранняў, колькі жыхароў у краіне. Сёння ж, калі віноўнік парушэння прызнае сваю памылку, просіць прабачэння, можна яго адпусціць і без пакарання.

— Летась у метро ў мяне тройчы выкрадалі мабільнік. Аднак міліцыя не надта ветліва размаўляла са мной пры гэтых сітуацыях. Як бы звярнуць увагу на ўзровень этыкі і культуры сярод праваахоўнікаў?

— Вы памыляецеся, калі думаеце, што да кожнага, хто ўваходзіць у метро і мае пры сабе мабільны, можна прыставіць міліцыянера-ахоўніка. Трэба праяўляць уласную пільнасць. Асабліва жанчынам, вопратка якіх пазбаўлена ўнутраных кішэняў, з-за чаго яны часцей становяцца ахвярамі махляроў. Што да грубасці, некарэктнасці, то ў вас ёсць магчымасць паведаміць пра такі выпадак на тэлефон даверу МУС. Калі ёсць магчымасць, можна ўключыць у момант такой размовы з праваахоўнікам дыктафон і запісаць яго словы. Калі ласка, мы гатовыя і сёння, калі ў вас ёсць жаданне, правесці па старых фактах расследаванне... Мяркую, у любой сферы дзейнасці ёсць работнікі, якія маюць выхаванне, далёкае ад выдатнага. З супрацоўнікамі міліцыі, якія паводзяць сябе некарэктна, мы развітваемся. Большасць жа нашых супрацоўнікаў выконваюць сваю работу належным чынам.

— Я дружыннік. Выходжу на дзяжурства разам з міліцыяй, але не маю пры сабе ніякіх спецсродкаў. Якія сродкі абароны можна прапанаваць дружыннікам?

— Пытанне выдачы дружыннікам, скажам, электрашокераў ці іншых прыстасаванняў для самаабароны мы не разглядаем. Для размовы з незаконапаслухмянымі грамадзянамі дастаткова супрацоўніка ўнутраных спраў.

— Адна наша студэнтка недарэчным чынам пазбавілася завушніц, кулона і пярсцёнка. На вуліцы да яе падышла жанчына і сказала, што яе блізкіх чакае вялікая бяда. Дзяўчына нават не памятае, як зняла з сябе каштоўныя ўпрыгажэнні. Можа быць, пра такія выпадкі падману трэба часцей гаварыць? Што наогул рабіць у такіх сітуацыях?

— Падобнай справай звычайна займаюцца людзі пэўнай нацыянальнасці, якія валодаюць здольнасцю ўнушэння. З другога боку, пад уплыў апошніх трапляюць, як правіла, людзі са слабай сілай волі, тыя, хто паддаецца ўнушэнню. На жаль, калі мы даём інфармацыю па такіх выпадках, гэта не заўсёды на нашу карысць, паколькі выпадкі нажывання такім шляхам раптам становяцца больш частымі. Часам інфармацыя, разлічаная на ахвяр, выкарыстоўваецца і злачынцамі. Лепш за ўсё, каб з людзьмі, якія лёгка паддаюцца ўнушэнню, працавалі псіхолагі.

— У час перадвыбарнай кампаніі злачыннасць знізілася?

— Увесь асабовы склад выходзіць у такі час на дзяжурства, і таму злачыннасць заканамерна зніжаецца. А павялічваецца яна ў час, калі людзі пачынаюць раз'язджацца на адпачынак, на дачы.

— Як бы перамагчы курэнне ў грамадскіх месцах?

— Вось я ў тым ліку і ад вас хацеў бы пачуць прапановы на гэты конт. Заканадаўствам у нас прадугледжаная адказнасць за курэнне ў неўстаноўленых месцах. Аднак не думаю, што варта дзейнічаць толькі метадам пакарання. Так можна ніколі не дачакацца ніякіх станоўчых зрухаў. Нават калі мы выпішам штраф на кожнага курца, то наўрад ці вырашым праблему. За мяжой у падобных сітуацыях робяць захады іншага кшталту. Калі хочуць, каб больш было выдатнікаў, значыць, прапануюць ім набываць адзенне са зніжкамі. Магчыма, і курцам трэба прапанаваць нешта больш прывабнае ў абмен на адмаўленне ад шкоднай звычкі. Тут больш можа паўплываць грамадскасць, а не сілавыя метады.

— З якімі дзіўнымі, кур'ёзнымі выпадкамі вам даводзілася сутыкацца?

— Такія выпадкі бываюць, вядома. Напрыклад, у Мінску ўчастковы доўгі час дапамагаў маладой дзяўчыне змагацца з шумнымі суседзямі. І раптам яна прыйшла скардзіцца на самога ўчастковага. Незамужняя дзяўчына прызналася ў рэшце рэшт, што ўчастковы ёй проста спадабаўся.

— Што менавіта мы перанялі ў замежных калег?

— Мы шмат што пераймаем і яшчэ будзем пераймаць. Цяпер перад кожным супрацоўнікам, які выязджае за мяжу, ставіцца задача "прывезці" тое, што можна было б пераняць... На працягу многіх гадоў у нас лічылася, што замест непаўнагадовага парушальніка да адказнасці трэба прыцягваць бацькоў. У Галандыі, напрыклад, калі непаўнагадовы ўчыніў крадзеж, яму праз суд прызначаюць некалькі гадзін адпрацоўкі ў той жа краме. Калі той адмаўляецца, яго змяшчаюць на некалькі гадзін у камеру прыёмніка для непаўнагадовых. Мы паспрабавалі ўкараніць такую практыку ў Партызанскім раёне, аднак справа спынілася з-за таго, што, паводле нашага заканадаўства, забараняецца прыцягваць непаўнагадовых да працы... Перанялі мы ў замежнікаў вопыт стварэння для работы з журналістамі падчас масавых мерапрыемстваў інфармацыйнай групы. Перанялі практыку продажу спіртных напояў асобна ад прадуктаў харчавання.

— Падчас самаабароны на вуліцы можна нанесці таму, ад каго абараняешся, пэўную шкоду. Як гэта будзе расцэньвацца?

— Нанесеная вамі ў выпадку самаабароны шкода не павінна быць большай, чым тыя наступствы, з якімі вы маглі б сутыкнуцца. Ваш адказ павінен адпавядаць магчымай пагрозе. Калі ж вас нехта абразіў, а вы яго ўдарылі, то з вашага боку гэта будзе хуліганства. Абараняцца, калі на вас нападаюць, трэба, але не рабіць звыш таго, што робіцца ці магло б быць зроблена ў дачыненні да вас.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Намеснік міністра ўнутраных спраў адказаў перад студэнтамі Днямі намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген ПОЛУДЗЕНЬ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика