Аляксандр РАДЗЬКОЎ: "Давайце думаць, як павысіць прэстыжнасць прафесіі педагога". 21.by

Аляксандр РАДЗЬКОЎ: "Давайце думаць, як павысіць прэстыжнасць прафесіі педагога"

28.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якія захады трэба ажыццявіць, каб павысіць прэстыжнасць педагагічнай працы ў нашым грамадстве і прыцягнуць у педагагічныя ўніверсітэты прафесійна матываваных маладых людзей? Гэтае пытанне рэфрэнам гучала днямі на калегіі, прысвечанай выкананню "Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007-2016 гады", што прайшла ў сценах галоўнага адукацыйнага ведамства краіны. Як вядома, апошнім часам усё часцей педагагічныя спецыяльнасці становяцца "запасным аэрадромам" для ўладальнікаў не вельмі высокіх балаў у сертыфікатах. А некаторым педагагічным спецыяльнасцям нават не ўдаецца цалкам укамплектавацца.

— Я сам калісьці прымаў уступныя экзамены на фізмат, і хачу сказаць, што высокага конкурсу на гэтую спецыяльнасць ніколі не было, — падзяліўся сваім бачаннем праблемы міністр адукацыі нашай краіны Аляксандр Радзькоў. — 1,1 чалавека на месца — вось і ўвесь конкурс. І гэтаму было тлумачэнне: навучацца на фізмаце надзвычай складана. Аднак у тых выпускнікоў, якія выбіралі фізмат, быў самы высокі сярэдні бал школьнага атэстата — нават вышэйшы, чым у абітурыентаў, якія паступалі на звышпрэстыжны гістарычны і філалагічны факультэты... А што мы назіраем сёння?

На думку намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно, у Беларусі дзейнічае самая гуманная сістэма залічэння маладых людзей у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гуманнасць заключаецца, напэўна, у зняцці абмежаванняў па тэставым бале? Варта патлумачыць, што сертыфікаты выдаюцца нават тым абітурыентам, хто набраў на цэнтралізаваным тэсціраванні ўсяго 1, 2, 3 ці 5 балаў са 100 магчымых. Безумоўна, што пры адсутнасці конкурсу ўладальнікі такіх нізкіх балаў маюць усе шанцы стаць студэнтамі педагагічных універсітэтаў ці педагагічных спецыяльнасцяў. І становяцца... Папярэдні прафадбор на педагагічныя спецыяльнасці ў нас таксама не практыкуецца, затое ён практыкуецца пры паступленні на спецыяльнасці, звязаныя, напрыклад, з міжнароднымі адносінамі ці міжнародным правам. Казімір Фарыно прызнаў, што ў будучым годзе недабор можа быць нават на філалагічны факультэт БДУ, які калісьці быў адным з самых прэстыжных. А ў некаторых школах ужо нават тэхнічныя дысцыпліны выкладаюць педагогі-жанчыны. Чаму моладзь сёння не імкнецца да педагагічнай дзейнасці, не бачыць перспектыў і не хоча звязваюць сваю будучыню са школай?

— Мяне вельмі хвалюе тая акалічнасць, што як са школ, так і з ВНУ, "вымываюцца" мужчыны-педагогі, — прызнаўся Аляксандр Радзькоў. — Заробкі, зразумела, маюць вялікае значэнне для павышэння прэстыжнасці працы настаўніка. Аднак справа, напэўна, не толькі ў заробках. Тым больш што памер заробкаў настаўніка не зможа ніколі зраўняцца з памерам заробкаў паспяховага хірурга, праграміста ці бізнэсмена. Трэба адразу ў гэтым прызнацца. Так давайце глядзець у глыбіню гэтага пытання, давайце думаць разам, як нам прыцягнуць у школу талковых, разумных маладых людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Інакш грош цана ўсёй нашай прафарыентацыйнай і выхаваўчай рабоце. Трэба шукаць настаўнікаў, якія атрымліваюць ад сваёй прафесіі задавальненне, усяляк падтрымліваць іх, заахвочваць і папулярызаваць улюбёных у сваю прафесію педагогаў.

— На фарміраванне прэстыжу педагагічнай працы працуюць конкурс прафесійнага майстэрства "Настаўнік года" і работа клуба "Хрустальны журавель", — выказаў сваё меркаванне Казімір Фарыно, — у той жа час мы перакананыя, што павагу да педагагічнай прафесіі трэба фарміраваць у вучня яшчэ ў школе. І ў педагагічных ВНУ ўжо з першага курса трэба фарміраваць у студэнтаў гонар за іх будучую прафесію.

Усе члены калегіі сышліся ў думцы, што недаацэньваць значнасць прафесіі педагога ў грамадстве недаравальна, бо ад узроўню інтэлекту і прафесійнага майстэрства настаўнікаў у многім залежыць якасць падрыхтоўкі будучых інжынераў, урачоў, эканамістаў, юрыстаў — гэта значыць, тых спецыялістаў, якія вызначаюць аблічча ўсёй краіны.

Надзея НІКАЛАЕВА.

(Аб многіх іншых праблемах, якія ўзнімаліся на калегіі ў Міністэрстве адукацыі, чытайце ў бліжэйшых нумарах "Звязды".)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якія захады трэба ажыццявіць, каб павысіць прэстыжнасць педагагічнай працы ў нашым грамадстве і прыцягнуць у педагагічныя ўніверсітэты прафесійна матываваных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика