ВЕРНЕМ ЯГО З ЗАБЫЦЦЯ. 21.by

ВЕРНЕМ ЯГО З ЗАБЫЦЦЯ

29.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мала ўжо хто з сягонняшніх мінчан і гасцей сталіцы, прагульваючыся цяністымі алеямі дзіцячага парку імя Максіма Горкага, прыгадвае тое, што менавіта тут у даваенны час стаяў драўляны двухпавярховы дом народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Толькі мемарыяльная дошка на адным з адміністрацыйных будынкаў сціпла нагадвае пра гэта. Дый сам паэтаў дом, у якім ён пражыў з сям'ёй з 1927 да 1941 года, стаяў не на гэтым месцы, а значна далей, у прымыкаючым да парку Вайсковым завулку. Потым ужо ў пасляваенны час і гэтая тэрыторыя стала паркавай зонай. Дом Коласа, як вядома, згарэў у першыя дні вайны ў часе варожай бамбёжкі. Пра развітанне з родным папялішчам, пра жахоты першых ваенных дзён і тое, што выпала перажыць мінчанам, і ў тым ліку Коласавай сям'і, у сваёй дакументальнай аповесці "За вас зямлі я памалюся..." паведаў у часопісе "Полымя" малодшы сын песняра, доктар тэхнічных навук Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Ён прыгадаў і свайго роднага брата, выпускніка геолага-геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Юрыя Канстанцінавіча, расказаў пра яго горкі трагічны лёс.

 

Сярэдні сын Коласа Юрка Міцкевіч быў прызваны ў рады дзейнай арміі, ваяваў артылерыстам 8-й батарэі 3-га дывізіёна 49-га карпуснога артылерыйскага палка. 30 верасня 1941 года ад яго прыйшло апошняе франтавое пісьмо. Ён загінуў без вестак у самых гарачых баях на подступах да Масквы.

28 лістапада 1942 года Якуб Колас, звяртаючыся да суайчыннікаў на хвалях радыёэфіру, звярнуўся і да яго, страчанага сына, з надзеяй, што сын адзавецца весткай. Не магло сэрца Коласа і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны, братоў Данілы і Міхася змірыцца з гэтай няпэўнасцю, тым больш паверыць у беззваротнасць страты. "Мілы, мой родны сын Юрка! — гаварыў Колас, — Восем месяцаў прайшло з той пары, як рассталіся мы з табою, мой родны! Ты добра памятаеш, пры якіх акалічнасцях гэта адбылося. Я ніколі не забуду гэтага. Вярнуўшыся з ваенкамата, ты нікога з нас не застаў дома, не застаў і самога дома. Пасля мы расшукалі адзін другога, абмяняліся некалькімі паштоўкамі. Я ніколі не забуду і таго пісьма, якое ты мне прыслаў з сваёй часці. Гэта пісьмо мяне ўсхвалявала і абрадавала. Ты пісаў: "Вось ужо два тыдні, як я знаходжуся ў бесперапынных баях. За гэты час звыкся з вайной. І не адну фашысцкую галаву разнесла мая батарэя, галаву подлых забойцаў, спаліўшых наш горад, расстрэльваўшых мірнае насельніцтва. Гэта — наша помста, і помсціць мы будзем жорстка". Кожны дзень успамінаем цябе, мілы, разам з мамаю і тваімі братамі. Ты жывеш у нашых сэрцах... Калі ты пачуеш мой голас, адзавіся, дарагі Юрка, хоць бы некалькімі радочкамі".

Прайшло 65 пераможных год з дня заканчэння самай жорсткай вайны ў гісторыі чалавецтва. 24-гадовым юнаком застаўся ў яе марозных сцюжах сын народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Засталіся дзясяткі тысяч яго пагодкаў. Страцілася цэлае маладое пакаленне ў імя нашай з вамі явы. І мне паэтычным словам захацелася вярнуць Юрку Міцкевіча ў паэме "Апалены золак" на роднае котлішча ў сучасны парк, даць яму магчымасць духоўнай прысутнасці ў памяці сягонняшніх ягоных равеснікаў. Паэма будзе неўзабаве апублікавана на старонках першага нумара часопіса "Маладосць" 2011 года. У паэме ёсць і такія строфы Юркавага маналогу:

Ну вось, пабыў я на Айчыне,

Усю душою прыгарну!

Бывайце ў ранішнім спачыне,

Мне ж час падацца на вайну.

 

Даруйце, рана патрывожыў

Пад небам ваш дасветны сон.

З сабой нясу я ў падарожжа

У пальцах сціснуты патрон.

 

Іду сцяжынай-кметай Бога,

Што росна ззяе на траве.

Патрон — ён мой...

Жыцця другога

Знянацку ўжо не абарве.

 

Ён — мой... Яму на дне магілы

Да скону вечнага ляжаць.

Над ім зямныя небасхілы

Ад кананад не задрыжаць.

 

Тварыце свет красою дужай

Падальш ад пошаснага зла.

Няхай над ранішняю ружай

Заўсёды зумкае пчала.

Няхай ваш парк —

мой дом калішні —

Сустрэне кожнага — жыві!

Кароткі век мой быў не лішні,

Бо ўстаў, расстрэльны, на крыві.

Прынесенае на алтар перамогі юнае жыццё не было марным. Салдат-франтавік павінен быць не забытым намі, суайчыннікамі. Сягоння, рыхтуючыся да 130-годдзя з дня нараджэння волатаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, мы павінны зрабіць усё належнае, каб памяць пра іх наш народ захоўваў да драбніц, каб іх літаратурная спадчына кратала сэрцы новых пакаленняў. У гэтым магутным арсенале памяці павінен годна паўстаць і вобраз загінулага на вайне Юркі, сына Якуба Коласа. Як сімвал яго юнага пакалення, гартаванага мужнасцю ў гады ваеннага ліхалецця.

Таму ўношу прапанову: зрабіць усё магчымае, каб у парку Горкага на месцы колішняй коласаўскай хаты з'явілася створаная на нашы ўсенародна сабраныя грошы бронзавая кампазіцыя: маці праводзіць на вайну сына. Яны двое — і Марыя Дзмітрыеўна, і яе сын Юрка — засталіся павечна ў суровым часе вайны. Гэты помнік абудзіць у сэрцы кожнага самыя дарагія пачуцці, доказна скажа, што жыццё павінна тварыцца без войнаў, што не для заўчасных страт вырастаюць і на нашай зямлі, і ў свеце вакольным маладыя людзі.

Мікола Мятліцкі, паэт, лаўрэат

Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мала ўжо хто з сягонняшніх мінчан і гасцей сталіцы, прагульваючыся цяністымі алеямі дзіцячага парку імя Максіма Горкага, прыгадвае тое, што менавіта тут у даваенны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика