Zамор'е. 21.by

Zамор'е

25.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Над Зямлёй успыхне "другое Сонца"?

Жыхары Зямлі да канца гэтага года могуць стаць сведкамі самага маштабнага касмічнага відовішча за ўвесь час існавання нашай планеты. Па прагнозах навукоўцаў, адна з блізкіх да Зямлі зорак у любы момант можа выбухнуць, ператварыўшыся ў звышновую.

Гаворка ідзе пра Бетэльгейзе — зорку з сузор'я Арыёна, якая знаходзіцца ад Сонечнай сістэмы на 640 светлавых гадоў. Паводле звестак астраномаў, жыццёвы цыкл гэтай зоркі заканчваецца, і яна ўжо знаходзіцца на стадыі чырвонага звышгіганта. А гэта азначае, што толькі адзін крок аддзяляе Бетэльгейзе ад выбуху і ператварэння ў звышновую зорку. На думку Брэда Картара, дацэнта фізікі Універсітэта Паўднёвага Квінсленда ў Аўстраліі, выбух звышгіганта можа адбыцца ўжо да канца года. Або ў любы іншы момант на працягу бліжэйшага мільёна гадоў, робіць адступленне навуковец. Калі прагнозам Картара наканавана спраўдзіцца, то выбух звышновай забяспечыць жыхарам Зямлі найбуйнейшае светлавое шоу ў гісторыі. Яно будзе такім яркім, што на працягу прыкладна двух тыдняў ноч будзе такой жа светлай, як дзень, а ўдзень у небе будуць ззяць два сонцы адначасова. На думку прыхільнікаў наступлення канца свету ў 2012 годзе, патэнцыйны выбух Бетэльгейзе выдатна ўпісваецца ў іх асцярогі, паколькі адэпты акультных ведаў звязваюць гэтую зорку з д'яблам. Але навукоўцы паспяшаліся іх супакоіць. "Выбух звышновай адбудзецца занадта далёка, каб прычыніць Зямлі якія-небудзь непрыемнасці", — прыводзіць Dаіlу Mаіl словы аўстралійскага фізіка.

Паехаў, зваліўся... але, перамог!

У Нью-Ёрку адбылася цырымонія ўручэння прэміі самаму няўдачліваму вандроўніку ў свеце (Wоrld's Unluсkіеst Trаvеlеr). Пераможцам стаў жыхар горада Вентура, штат Каліфорнія, генетык Гэры Фельдман.

Фельдмана ўзнагародзілі за яго гісторыю пра наведванне В'етнама з медыка-санітарнай місіяй у кастрычніку 2009 года. Паводле слоў каліфарнійца, у самым пачатку гэтай вандроўкі ён адправіўся на агляд мясцовых выбітнасцяў, у тым ліку высокага абрывістага ўцёса на поўначы ад Ханоя. Знаходзячыся на вяршыні гары, ён вырашыў памачыцца. У той момант, калі генетык спраўляў патрэбу, горная парода пад яго нагамі абвалілася, і ён зваліўся з дзевяціметровай вышыні. У выніку падзення Фельдман моцна пашкодзіў нагу і быў дастаўлены ў бальніцу, дзе яго прааперыравалі. Да гэтага моманту Гэры Фельдман яшчэ не да канца аднавіўся — яму даводзіцца наведваць лекараў і загойваць сур'ёзную траўму. Тым не менш, ён змог з'явіцца на цырымонію ўручэння прыза, у якасці якога выступіла турыстычная пуцёўка коштам 10 тысяч долараў. Самы няўдачлівы вандроўнік быў абраны шляхам галасавання на сайце арганізатара конкурсу на званне турыста-няўдачніка. На конкурс было даслана больш за 800 гісторый пра зламаныя косткі, ашалелых малпаў, падхопленыя падчас вандравання незвычайныя хваробы і шматлікія іншыя няўдачы.

Першы помнік Паўлю

Помнік васьміногу-вешчуну Паўлю паказалі публіцы ў акіянарыуме Sеа Lіfе у Аберхаўзене, на афіцыйнай старонцы ў Fасеbооk супрацоўнікі акіянарыума ўжо размясцілі фотаздымкі манумента.

Вышыня статуі — каля двух метраў. На велізарным рознакаляровым футбольным мячы сядзіць васьміног, у сярэдзіне мяча — камера, дзе ўсталявана залатая урна ручной працы з прахам васьмінога. На мячы намаляваныя сцягі краін — удзельніц чэмпіянату, сам помнік усталяваны на квадратнай падстаўцы. "Пасля смерці Паўля прыхільнікі ва ўсім свеце захацелі паставіць помнік. Мы вырашылі выканаць гэта жаданне і прысвячаем яму "куток Паўля". Гэтым помнікам мы хочам нагадаць пра Паўля і фантастычны чэмпіянат свету па футболе-2010", — цытуюць інфармагенцтвы кіраўніка акіянарыума Штэфана Парволя. "Куток Паўля" ўключае таксама падарункі васьміногу, газетныя выразкі, акрылавыя скрынкі, з дапамогай якіх аракул рабіў свае прадказанні. Поспех галаваногага быў такі каласальны, што іспанскі горад Карбаліньо абвясціў яго сваім ганаровым грамадзянінам. Зараз кожны ахвотнік можа здзейсніць паломніцтва ў мястэчка Аберхаўзен у федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія і ўшанаваць памяць знакамітасці. Паўль праславіўся пасля таго, як падчас леташняга чэмпіянату свету па футболе прадказаў зыход усіх матчаў з удзелам зборнай Германіі і напрарочыў чэмпіёнскі тытул камандзе Іспаніі.

Устаўная сківіца Чэрчыля прададзена за 23 тысячы еўра

Зубны пратэз прададзены на аўкцыёне Bоnhаms у Лондане за 19,2 тысячы фунтаў стэрлінгаў.

Пра тое, хто стаў уладальнікам гэтага арыгінальнага лота, часткова выкананага з чыстага золата, не паведамляецца. У Чэрчыля з ранняга дзяцінства былі праблемы з зубамі, і звязаныя з гэтым некаторыя дэфекты дыкцыі. Выстаўлен на продаж зубны пратэз, часткова зроблены з золата, быў распрацаваны стаматолагамі Чэрчыля такім чынам, каб часткова кампенсаваць уласцівае знакамітаму палітыку шапялянне. Па словах экспертаў Bоnhаms, "самыя знакамітыя прамовы Чэрчыля былі вымаўленыя з гэтым пратэзам". Іншы зубны пратэз Чэрчыля быў прададзены ў горадзе Эйлшэм у графстве Норфалк на ўсходзе Англіі летась у ліпені за 15,2 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Тады ўладальнікам "знакамітых" зубоў стаў калекцыянер з графства Глостаршыр. Чэрчыль вельмі высока цаніў стаматолагаў, якія працавалі з ім, і нават дамогся ўзвядзення аднаго з іх — Уілфрэда Фіша — у рыцарскае званне. Менавіта ён распрацаваў пратэз, прададзены на аўкцыёне Bоnhаms.

Знойдзена магільня Цэзара Калігулы

Раскрадальнік магільняў дапамог навукоўцам знайсці месца пахавання рымскага імператара Гая Юлія Цэзара Аўгуста Германіка, больш вядомага па мянушцы Калігула.

Археалагічнаму адкрыццю таксама спрыялі супрацоўнікі фінансавай гвардыі Італіі. Менавіта яны знайшлі фрагменты статуі памерлага манарха ў грузавіку зламысніка і пераканалі таго супрацоўнічаць са следствам. Навукоўцы адзначылі, што гэта незвычайная статуя імператара, зробленая з рэдкага грэцкага мармуру, напэўна, знаходзілася ў магільні імператара, якую дагэтуль не маглі знайсці. Затрыманы раскрадальнік пахаванняў пагадзіўся дапамагчы археолагам. Ён адвёў іх да вулканічнага возера Немі, размешчанага ў 30 кіламетрах ад Рыма. У гэтым раёне раней была адна з рэзідэнцый уладара рымскай дзяржавы, архітэктурны комплекс якой складаўся не толькі з вілы, але і плывучага храма. Навукоўцы ўжо абвясцілі, што гатовыя прыступіць да раскопак на месцы пахавання імператара. Калігула жыў каля дзвюх тысяч гадоў таму. Ён кіраваў краінай усяго чатыры гады, аднак за гэты перыяд паспеў набыць сярод сучаснікаў славу вар'ята. Асабліва запомніўся выпадак, калі імператар прызначыў на высокую пасаду свайго каня. Манарха таксама падазравалі ў інтымных сувязях з яго сёстрамі. Кіраванне Калігулы было спынена ў выніку змовы — імператара забілі ўласныя ахоўнікі, пасля чаго яго цела спалілі, а інфармацыю пра магілу схавалі.

Кот прайшоў 447 кіламетраў

Вандроўніка Стара шукалі цэлы год.

У Вялікабрытаніі гаспадыні вярнулі ката, які знік яшчэ год таму, у кастрычніку 2009 года. "Стар з'явіўся ў нас у сям'і яшчэ кацянём. Калі яму было 9 месяцаў, ён знік. Дзеці моцна сумавалі, я давала аб'явы, расклейвала лісткі, шукала яго па наваколлі — нішто не дапамагло", — успамінае 31-гадовая Гарыет Паркінсан. Яна нават была ў прытулку для катоў горада Ёрк, адкуль у свой час узяла свайго ўлюбёнца. Але ніводны з тамтэйшых гадаванцаў не скакаў на яе гэтак жа захоплена, як гэта рабіў Стар. І вось нядаўна ёй патэлефанавалі з прытулку і паведамілі, што Стар у іх. У тым, што гэта менавіта зніклы кот, не было сумневаў — гэта пацвердзіў ужыўлены яму мікрачып. Як кот умудрыўся апынуцца ў Ёрку, за 447 кіламетраў ад сваёй хаты, незразумела. Сям'я Паркінсанаў жыве на востраве, так што ён падарожнічаў не толькі па сушы, але і па вадзе (хутчэй за ўсё, на пароме).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы помнік Паўлю Помнік васьміногу-вешчуну Паўлю паказалі публіцы ў акіянарыуме Sеа Lіfе у Аберхаўзене, на афіцыйнай старонцы ў Fасеbооk супрацоўнікі акіянарыума...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика