Марыя Жукава: «Мяне абзывалі жыдоўкай, а ўсё жыццё я даказвала, што я — беларуска...». 21.by

Марыя Жукава: «Мяне абзывалі жыдоўкай, а ўсё жыццё я даказвала, што я — беларуска...»

27.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Аб тым, што яна яўрэйка, Марыя Іосіфаўна Жукава даведалася толькі ў пачатку 1990-х. На той час жанчына пражыла ўжо 50 вёснаў.

— У дзіцячым доме мне казалі, што я была ў Трасцянцы, што і бацькі ў мяне загінулі там. А пасля высветлілася, што не ў Трасцянцы, а ў гета. Я была падкінутая ў дзетдом, калі мне было тры гады, я нічога пра сябе не ведала. Прозвішча мне далі там жа, імя па бацьку — таксама: усе мы былі Іосіфаўны, Іосіфавічы (як тады казалі, наш бацька — Сталін). А з Мусі я стала Марыяй. Хоць у душы я адчувала, што нешта не так, бо яшчэ ў дзетдоме мяне абзывалі... Як зараз памятаю: плачу, нясу пасведчанне аб нараджэнні і паказваю: я — беларуска!.. Тата па дакументах — Іосіф Мікалаевіч, мама — Вольга Мікіцічна... І ўсё жыццё я даказвала, што беларуска.

А ў пачатку 90-х мне пазванілі з дзетдома і адкрылі праўду: знайшліся дакументы, дзе пацвярджалася маё паходжанне. З таго часу я пачала "ваяваць" за сваю нацыянальнасць. І толькі ў 2000 годзе мне выдалі новае пасведчанне аб нараджэнні: Марыя Жукава, нацыянальнасць — яўрэйка.

"Аблавы заўсёды адбываліся ўначы: прыязджалі немцы і, шукаючы яўрэйскіх дзяцей, крычалі: "Юда, юда..."

— Нарадзілася я ў 1939 годзе ў Мінску, дзень нараджэння не ведаю, мне яго ўвогуле пазначылі толькі ў 16 гадоў, калі выдавалі пашпарт... Як высветліў суд, бацькі мае загінулі ў гета. Мая мама ведала, што будзе пагром. Яна і перадала мяне праз калючы дрот камусьці, хто падкінуў мяне ў дзіцячы дом. У мяне ніхто не выжыў. Я адна на ўсім белым свеце...

— Якія ўспаміны звязаныя з дзіцячым домам?

— Вельмі цяжка было. У нас у дзетдоме звыш 50 працэнтаў дзяцей-яўрэяў было, паводле нашых падлікаў — і ўвогуле ўсе 80. Кантынгент — ад грудных дзяцей да 12-13—гадовых. Усяго чалавек дзвесце, па іншых звестках — нас налічвалася да пяцісот. Дырэктар дзетдома пабралася шлюбам з немцам, начальнікам гарадской управы, званіла туды: прыйдзіце, у нас ёсць яўрэйскія дзеці. І ў нас адбываліся аблавы. У дзве-тры гадзіны ночы. Дзяцей лавілі, грузілі ў машыны і вывозілі ў невядомым кірунку. Каго — у гета, каго — адразу на знішчэнне. Сярод дзяцей трапляліся і ўкраінцы, і беларусы... Бо няважна хто, калі ты чорненькі, кучаравенькі — значыць, яўрэй. Прама з ложкаў забіралі — у машыну і вывозілі невядома куды. Мы хаваліся. Дзякуючы гэтаму многія ўратаваліся. У мяне блакітныя вочы — пры першым паглядзе адразу і не вызначыш, тым больш што я была дзіцем...

Супрацоўнікі дзетдома нас ратавалі, хавалі пры аблавах. А аблавы былі вельмі часта. Некалькі машын з дзецьмі звезлі ў Германію... Гэта заўсёды адбывалася ўначы: прыязджалі немцы і шукаючы яўрэйскіх дзяцей, крычалі: "Юда, юда..."

Была ў нас такая Вялічка Ганна Мікалаеўна, у яе было двое дзяцей, яна працавала нянечкай. Яна нас то пад ложкам дзе-небудзь схавае, то за дзвярыма, то да сябе дадому вадзіла, хаваліся мы і ў бульбоўніку.

"Даведаўшыся пра брата, сёстры плакалі, крычалі і рвалі валасы на сабе — яму было толькі тры годзікі..."

— У нашым доме працавала цёця Дуся, я не памятаю дакладна, кім яна працавала: хтосьці кажа — выхавальнікам, хтосьці — нянечкай. Пры ёй быў маленькі хлопчык — яе дзіцятка. Не было з кім пакінуць — дык яна з ім прыходзіла на працу. Яна таксама хавала дзяцей пры аблавах. Фашысты забілі яе прама на нашых вачах. Побач было яе дзіця, спужаны паўтарагадовы хлопчык яшчэ доўга нічога не разумеў. "Мама, мама!" — плакаў ён.

Памятаю хлопчыка Лаўранкова, тры годзікі яму было. Дзве яго сястры светленькія, а ён чорненькім удаўся... Сёстры даведаліся пра яго лёс толькі ў 1992 годзе, калі на трактарным заводзе праходзіў злёт былых выхаванцаў дзіцячых дамоў усіх пакаленняў; і толькі там яны даведаліся пра брата. Што там адбывалася! Яны плакалі, крычалі і валасы на сабе рвалі...

"А можа, вы дачка ворага народа? Хіба можна такое гаварыць дзіцяці, якое ў тры годзікі засталося круглай сіратой!?!"

У дзіцячым доме Марыя Жукава прабыла да 1948 года. Дзецям не дазвалялася свабодна выходзіць на вуліцу, таму дзень Перамогі жанчына не памятае. У дзевяць гадоў яе перавялі ў дзіцячы дом № 12. А калі дом расфарміравалі, 15-гадовую Марыю разам з іншымі дзяўчатамі накіравалі на працу ў горад Азбест Свярдлоўскай вобласці.

— У мяне былі хворыя ногі, я не прайшла камісію і мяне вярнулі. Спрабавала ўладкавацца на працу — ніхто не браў, 15 гадоў — нават пашпарта не было... Пазней вучылася на краўца ў Ждановічах, дзе і працавала — шыла целагрэйкі, рукавіцы... Але пачала слепнуць, і мне забаранілі працаваць. Вярнулася ў Мінск.

Чаго я не наслухалася тады: а можа, вы дачка ворага народа, а можа, паліцая. А я ў тры годзікі засталася круглай сіратой! Неяк уладкавалася на працу ў ваенкамат машыністкай. Далі месца ў інтэрнаце. Пасля, дзесьці ў 1964-м, мне ваенкамат дапамог з кватэрай — выдзелілі асобную аднапакаёвую. Але дзе той розум: я пайшла, расплакалася — што дзетдомаўка, што прывыкла ў калектыве, што не магу адна...

Яны ўзрадаваліся і далі мне пакой з агульнай кухняй з хранічным алкаголікам. Калі я апамяталася, было ўжо позна. Вось тады я нацярпелася! У выніку дзіцячыя дамы мяне адстаялі, і толькі ў 1980-м я атрымала новую — сваю — кватэру. Я ўжо і замужам была, і дачушцы маёй 10-ы годзік пайшоў...

* * *

...Я чула пра тыя сутычкі ў Расіі. Нацыяналісты. Колер скуры, колер валасоў не той ці нос не такі — такіх людзей яны ненавідзяць. Нянавісць — вось што перашкаджае чалавеку любіць іншага чалавека. Не варта дзяліць людзей — трэба паважаць адно аднаго. І, вядома ж, не трэба дапусціць, каб тое, што адбылося тады, калі-небудзь паўтарылася.

Пасля размовы Марыя Іосіфаўна папрасіла прабачэння за сваю памяць:

— Магчыма я нязвязна нешта расказвала. Вы ж мне даруйце. Мяне ў дзетдоме аднойчы моцна збілі. Мне тады было чатыры, і я несла нейкую пахлёбку перад сабою. Спатыкнулася і незнарок перакуліла тую пахлёбку. Білі мяне і розгамі, і рукамі па галаве, па нагах, па целе... З таго часу ў мяне пачалі з'яўляцца правалы ў памяці. Я заўсёды баялася выступаць, бо з мяне смяяліся.

Сёння Марыя Іосіфаўна жыве разам з мужам, абое на пенсіі, іх дачка — прафесійная мадэль, жыве ў ЗША.

Сёння ў Гістарычнай майстэрні ў Мінску пройдзе прэзентацыя кнігі Марыі Жукавай "Вайна прычыняе мне боль". Кніга распавядае пра ўмовы ўтрымання дзіцячых дамоў у пасляваенным Мінску, змяшчае фотаілюстрацыі, спісы былых дзетдомаўцаў.

Ілья ЛАПАТО.

Фота Марыны Бегунковай і з архіва М. Жукавай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Аб тым, што яна яўрэйка, Марыя Іосіфаўна Жукава даведалася толькі ў пачатку 1990-х. На той час жанчына пражыла ўжо 50 вёснаў. — У дзіцячым доме мне казалі, што я была ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика