БЕЗ ГУЛЬНІ Ў ПАДДАЎКІ. 21.by

БЕЗ ГУЛЬНІ Ў ПАДДАЎКІ

27.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да 90-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна

    Багатую спадчыну пакінуў нам народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін. На яго творах вырасла не адно пакаленне беларусаў. Ён, пагадзіцеся, у свой час быў самым чытаным аўтарам. "Глыбокая плынь", "У добры час", "Крыніцы", "Сэрца на далоні", "Снежныя зімы", "Атланты і карыятыды", "Вазьму твой боль", "Петраград — Брэст", "Зеніт" — хто не памятае гэтыя раманы? А пенталогія "Трывожнае шчасце"? На яго творчым рахунку былі кнігі аповесцяў і апавяданняў, п'есы. Той, хто сачыў за літаратурным працэсам гадоў пятнаццаць-дваццаць назад, не мог не звярнуць увагі, што Іван Шамякін па-ранейшаму, не зважаючы на ўзрост, быў у выдатнай творчай форме — у друку з'яўляліся адна за адной яго новыя аповесці "Вернісаж", "Сатанінскі тур", "Падзенне", "Адна на падмостках", "Бумеранг", "Без пакаяння", раманы "Вялікая княгіня" і "Губернатар" і іншыя значныя творы. Верным заставаўся ён і жанру ўспамінаў, якія сёння, калі пісьменніка ўжо амаль сем гадоў няма з намі, набываюць неацэнную каштоўнасць. І не толькі для шчырых прыхільнікаў ягонай творчасці — для ўсіх! Цікава, як тыя ці іншыя гістарычныя падзеі, не кажучы ўжо пра асабістыя жыццёвыя калізіі, прапускаў І. Шамякін праз сваё сэрца, праз свой тонкі пісьменніцкі розум і густ.

Піша, а дакладней сказаць, размаўляе І. Шамякін, вядзе нязмушаны дыялог з чытачом без гульні ў паддаўкі. Не спявае, як той акын, пра ўсё, што бачыць, і толькі ў ружовых фарбах. Ён дае прынцыповую ацэнку падзеям, з'явам, часцей за ўсё — і людзям, няхай гэта першы сакратар ЦК КПБ, народны пісьменнік або яшчэ хто. Называе рэчы, адным словам, сваімі імёнамі. Сыпаліся, яшчэ і як, калі памятаеце, на некаторыя ранейшыя публікацыі з цыкла "Пра час і пра сябе" І. Шамякіна папрокі за "скажэнне" тых ці іншых фактаў, выцягвалі пісьменніка нярэдка і на дуэль. Прымаў ён тыя папрокі блізка да сэрца або не, ці пагаджаўся, перакрэсліваў адным махам напісанае — сказаць цяжка: ён адмоўчваўся, не ўлазіў у перапалкі, рабіў гэта толькі выключна ў самых неабходных момантах...

Пра ўсё гэта мне думалася, калі перачытваў успаміны "Роздум на апошнім перагоне". Пашыраныя дзённікавыя запісы. Яны вяртаюць нас на дваццаць гадоў назад. Афіцыйна. Калі меркаваць па даце, што стаіць пад імі. Але ж вяртаюць назад і на трыццаць, сорак гадоў, бывае, роўна як і вымушаюць зазірнуць у будучыню. Што паробіш — за Шамякіным ходзіш надзвычай лёгка, ахвотна туды, куды ён вядзе цябе. Умее! І словам прывабіць, і думкай, і неабходным цікавым аповедам.

"Захаваўся пачатак дзённіка за 1953 год — за 4 і 5 сакавіка — дні хваробы і смерці Сталіна,— прыгадвае І. Шамякін. — Дзённік я пачынаў і раней, ёсць, напрыклад, сшытак за 1952 год, першы запіс — радасць з нагоды таго, што скончыў "У добры час", што на стале не засталося ніводнай папкі з рукапісамі — аднёс у рэдакцыі, паслаў перакладчыку. Але дзённікі тых часоў кароткія: пачынаў новы раман, аповесць — і жыццяпіс уласны спыняўся. Аднак гэты запіс — "сталінскі" — самы кароткі, усяго за два дні. Усяго! І пра адно і тое ж — як мы плакалі "па вялікім і мудрым". Чаму такі кароткі запіс? Чаму я не працягваў свае перажыванні? Не было іх, перажыванняў? За два дні высахлі слёзы? Ці вельмі ж быў заняты ў пачатку "новай эры"? Не помню, каб былі нейкія асаблівыя падзеі, якія займалі б час і ўвагу сакратара партбюро. Звычайнае: жалобны мітынг, мітынг у падтрымку новага кіраўніцтва, які моцна абурыў Машу (яна гэта і зараз успамінае) — абурыў тым, што, не паспеўшы пахаваць Сталіна, пачалі славіць Малянкова. Асабліва вызначыўся Павел Кавалёў. Ды і Броўка. Во закамплексаванасць была! І памыліліся. Мікіта перайграў Малянкова. На шчасце. Цяпер я ўпэўнены, што захоп улады Малянковым ці Берыя прадоўжыў бы сталінскі дэспатызм. Хоць першыя паслясталінскія рэформы (асабліва на вёсцы) народ доўга звязваў з Малянковым — пасля таго, калі "кукурузная палітыка" Хрушчова правалілася. Хадзіла пагаворка: "Быў Малянкоў — паелі і блінкоў".

Безумоўна, тады я не так думаў — да 1957 года, калі Хрушчоў разграміў "антыпартыйную групу". Але ўнутрана, інтуітыўна я адчуваў, што далей так жыць нельга, што жыццё са смерцю Сталіна не спынілася. Наадварот, набыло іншы сэнс. Дапамагаў Андрэй, найбольш Андрэй (Макаёнак — В.Т.), хоць хутка цверазелі і іншыя мае калегі.

Запомніліся эпізоды ў дзень смерці Сталіна. Маша разбудзіла мяне ў шэсць гадзін раніцы з рыданнямі.

"Памёр..."

Я таксама заплакаў. Сапраўды, здалося, што свет перавярнуўся, парушаны ўсе ўстоі, жыццё бурыцца, і мы ляцім у тартарары. Праз гадзіну мне пазванілі з рэдакцыі "Звязды" не з просьбай, з прапановай напісаць пра свае пачуцці ў гэты трагічны час усенароднага гора. Я ў тыя гады лёгка пісаў барабанную публіцыстыку. Былі гатовыя штампы. У такой сітуацыі штампы не падыходзілі. Жалоба патрабавала іншага стылю, іншых слоў, а іх не было: мы многа пісалі пра вайну і не навучыліся пісаць пра смерць, сацрэалізм смерць узвышаў і паэтызаваў: загінуў за Радзіму, за Сталіна!

Мы жылі на першым паверсе, і прахожыя заглядвалі ў вокны майго кабінета. Жыў тады ў Мінску рускі паэт Дзмітрый Кавалёў, веткаўскі, мы з ім сябравалі з даваеннага часу — былі актыўнымі членамі літаб'яднання пры "Гомельскай праўдзе": ён, Кастусь Кірэенка, Леанід Гаўрылаў былі нашымі кумірамі — іх ужо друкавалі не толькі ў Гомелі, але і ў Мінску. Пасля вайны мы зблізіліся яшчэ больш — землякі, і ваявалі ў адным месцы — Кавалёў быў мараком Паўночнага флоту. (Я напішу, як два сябры мае пасля аддалілі ад мяне гэтага чалавека).

Дзіма ў роспачы і горы ішоў да мяне ў такую рань паплакаць разам. Угледзеў праз акно, што я сяджу за сталом, пішу, і страшэнна абурыўся. Ускочыў у кватэру і ледзьве не кінуўся на мяне з кулакамі.

"Ты можаш пісаць у такі дзень! Ты знаеш, хто памёр!"

Цікава, што пасля ХХ з'езда Кавалёў стаў самым ваяўнічым антысталіністам, мала хто з паэтаў так скланяў "бацьку роднага", нават Еўтушэнка так не ўмеў, як імпульсіўны, гарачы марак Дзмітрый Кавалёў".

Карысна сёння, несумненна, ведаць кожнаму беларусу сваю гісторыю. Без гісторыі няма будучыні. І пра шмат каго з тых, хто быў на алімпе, хто верхаводзіў і як рабіў гэта, знаходжу цікавыя, на мой погляд, мясціны ў "Роздуме на апошнім перагоне". Што, напрыклад, уяўляў сабой першы сакратар ЦК Мікалай Сямёнавіч Патолічаў? Рускі, па агульным прызнанні — сумленны чалавек, ад сталінскай лініі ён не адступаў, але што тычыла ўнутрырэспубліканскіх гаспадарчых спраў, то вёў ён, прызнавалі ўсе, даволі незалежную палітыку. Ведаў прамысловасць, і яна расла небывалымі тэмпамі. З сельскай гаспадаркай не атрымлівалася. У культуру не лез: разбірайцеся, беларусы, самі. Але русафікацыяй не ціснуў, такіх акцый, як пазней зрабіў яго пераемнік К.Т. Мазураў, не рабіў: школы на рускую мову не пераводзіў.

Іван Шамякін дзеліцца сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад сустрэч з многімі цікавымі людзьмі, ён стварае іх, так бы мовіць, штрыхі-вобразы, але яны запамінаюцца, вымушаюць паглядзець на таго ці іншага чалавека пад іншым вуглом зроку. Беларус, былы сакратар ЦК КПСС і рэдактар газеты "Праўда" М. Зімянін, сакратар ЦК КПБ А.Кузьмін, камандзір партызанскага атрада Лемяшонак, апаратчыкі Абросімаў, Кляшчоў, Гарбуноў, пісьменнікі з Украіны Алесь Ганчар, Васіль Казачэнка, Мікола Нагнібяда, з Расіі Аляксандр Пракоф'еў, малдаванін Іван Чабану, латыш Гунар Цыруліс, нашы класікі Янка Брыль, Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Пятро Глебка і іншыя шырока вядомыя людзі насяляюць успаміны І. Шамякіна. І, вядома ж, даволі значнае месца ў нататках адводзіць пісьменнік легендарнай асобе — Пятру Міронавічу Машэраву, шкадуе, што ў свой час не напісаў пра яго дакументальную аповесць, хоць і збіраўся, але не паспеў — апярэдзілі больш спрытныя і ўвішныя, хоць усю праўду пра Пятра Міронавіча ім сказаць не ўдалося.

Цікавасць выклікаюць і тыя старонкі "Роздуму на апошнім перагоне", дзе Іван Пятровіч разважае пра сваё месца ў літаратуры, пра нялёгкі шлях да прызнання, пра тыя шпількі, падножкі, што ставіліся — так-так, і яму таксама — дзяльцамі ад літаратуры. Здзіўляецеся? Не трэба! Таленавітым людзям заўсёды было цяжка, няпроста. Шамякін не быў выключэннем.

Васіль Ткачоў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Багатую спадчыну пакінуў нам народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін. На яго творах вырасла не адно пакаленне беларусаў. Ён, пагадзіцеся, у свой час быў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика