"Дарожнае" чытво, ці Што чытаюць беларусы?. 21.by

"Дарожнае" чытво, ці Што чытаюць беларусы?

27.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Расіяне доўгі час лічыліся самай чытаючай нацыяй у свеце. У савецкія часы так і было. Беларусы як частка тады савецкага народу таксама прымервалі статус самых чытаючых. Даставалі забароненыя кніжкі, ашчадна передавалі іх з рук у рукі. Некаторыя кніжкі можна было набыць не толькі за грошы, а яшчэ і за дадаткова здадзеную макулатуру. Збіралі-здавалі-набывалі. Чытаць і быць інтэлігентам тады было модна.

Калі афіцыйна пачалі выдаваць раней забароненыя кнігі, інтарэс да літаратуры паступова пачаў зніжацца. На рынак выйшлі пустыя жаночыя раманы і лёгкія дэтэктывы. Яны і набылі папулярнасць. А ў 2008 годзе расіяне былі толькі на сёмай пазіцыі сярод самых чытаючых краін свету, саступіўшы чэхам, егіпцянам, філіпінцам, кітайцам, тайцам і, урэшце, лідарам — індусам. Верыцца з цяжкасцю. Але з лічбамі не паспрачаешся.

Што і як чытаюць сёння беларусы, я назірала ў транспарце.

Ад Канта да анекдотаў

"Дарожнае" чытво папулярнае ў Мінску па-ранейшаму: часу на дорогу сталічныя жыхары трацяць шмат, хочацца яго правесці карысна. Вось і чытаюць. Я асцярожна зазіраю праз плячо свайго суседа ў метро. У руках малады хлопец трымае тоўсты томік. Насупіўшы лоб, старанна ўчытваецца. "Самаўдасканальванне" — бачу назву кніжкі ў пачатку кожнай старонкі. Так жа днямі мяне здзівіў малады мужчына неахайнай знешнасці, які ў час пік, стоячы ў метро, не мог адарваць вачэй ад кніжкі. Аказалася, Канта чытае. Прыемна, што ў людзей ёсць жаданне працаваць над сабой.

Пад гул цягніка я чытаю лёгкі жаночы сучасны бестсэлер Ганны Гавальды "Проста разам". Побач з экраннай версіяй першакрыніца заўсёды выглядае выйгрышна. На мой погляд, увогуле можна экранізаваць толькі невялікія аповесці і апавяданні. Бо з рамана ў фільме застаецца толькі маленькая частка, контур. У дзве гадзіны відэа немагчыма змясціць усе важныя дэталі, і ад гэтага, здаецца, губляецца сэнс, карціна ўспрымаецца ўрыўкамі і не прыносіць такога задавальнення, як кніга. Але гэта толькі мой погляд, ІМХО, як цяпер кажуць інтэрнэт-карыстальнікі.

Памятаю, мая ўніверсітэцкая аднагрупніца так ахарактарызавала самы вядомы твор Патрыка Зюскінда: "Парфюмера" ў метро не пачытаеш". На гэта ёй запярэчыла наша выкладчыца па замежнай літаратуры: "А я якраз у метро яго і чытала".

У метро, безумоўна, чытаць зручней за ўсё. Асабліва калі ты едзеш ад першай да канцавой станцыі адной лініі. Сеў і не заўважыў, як праляцела васямнаццаць хвілін (менавіта за такі прамежак часу цягнік пераадольвае адлегласць ад першага да апошняга прыпынку). Але чытаюць і ў іншым транспарце. У аўтобусе не так зручна, не так цёпла, часта даводзіцца стаяць, адцягвацца на размову з кандуктарам, прапускаць тых, хто выходзіць, але і тут чытаюць. У сваім аўтобусе я налічыла пяць пасажыраў з кніжкай у руках. Часта сустракаюцца студэнты з канспектамі і падручнікамі — я сама часцяком рыхтавалася да семінару па дарозе ва ўніверсітэт.

Пасажыры чытаюць дэтэктывы, жаночыя раманы, "страшылкі". Шмат хто чытае дробным шрыфтам запампаваныя ў мабільнік творы. Адзін мой знаёмы расказваў, як не мог прымусіць сына чытаць праграмную літаратуру ў школе. Як толькі яму набылі мабільны тэлефон, хлопец стаў чытаць не толькі праграмныя творы, але і пазакласнае чытанне. Трэба толькі зацікавіць і знайсці падыход. Часцей стала сустракаць чытачоў з электроннымі кнігамі. Вельмі зручная штука — запампуеш туды з інтэрнэту што душы заўгодна. Фармат кніжны, а не тэлефонны, шрыфт выбіраеш зручны для сябе, батарэі хапае надоўга, і самае важнае — "старонкі" гэтай кнігі нагадваюць не камп'ютарны экран, а сапраўдныя лісты паперы (завецца "электронная папера"), ад іх не так стамляюцца вочы і чытаць прыемней. Чаго толькі не прыдумаюць, каб людзі больш чыталі.

А вось творы беларускіх аўтараў, на жаль, бачу толькі ў руках школьнікаў. Падрастаючае пакаленне ўвогуле не радуе сваім выбарам: ён альбо вымушаны — Шамякін, альбо ніякі — зборнік анекдотаў.

Эрудыты і вернікі

— Жаночы шалік з пер'яў, тры літары, — звяртаецца да мяне мужчына ў метро.

— Баа, — адказваю я і з задавальненнем далучаюся да працэса разгадвання крыжаванкі.

Газеты і часопісы таксама часта чытаюць у транспарце. Гэта лічыцца паказчыкам начытанасці? Думаю, можна залічыць. Усё ж эрудыт, які разгадвае крыжаванкі, лепшы за робата, што гуляецца на мабільным тэлефоне.

Жанчына, што сядзіць у тралейбусе насупраць мяне, дастала кішэнны малітваслоў. Яна траціць дарожны час на зварот да Бога. Ціхенька шэпча словы малітвы, заплюшчвае вочы, паўтарае пра сябе і чытае далей. Я таксама чытала ранішнія малітвы па дарозе на работу, калі ездзіла ў метро ад пачатку да канца. Васемнаццаці хвілін хапала, каб перачытаць і асэнсаваць святыя звароты. Сяброўка неяк казала, што яна б не змагла маліцца ў транспарце, калі вакол шмат людзей, перашкаджаюць іншыя гукі і размовы. А я тады прывыкла і не зважала ні на што. Нядаўна побач са мной у аўтобусе маладзенькая дзяўчынка чытала з паперкі малітву, прыкрываючыся сшыткам — відаць, прасіла дапамогі на экзамене, на які едзе. Ведаеце, калі я перастала чытаць малітваслоў у метро, я перастала чытаць яго і дома, спасылаючыся то на стомленасць, то на недахоп часу. Тралейбус ці вагон метро не самае прыдатнае месца для зварота да Бога, але лепш так, чым ніяк. Зноў жа — ІМХО.

Начытаны кіроўца

Дык што ж з беларусамі, ці чытаючая мы нацыя? Жаночыя раманы, дэтэктывы, крыжаванкі і малітваслоў — гэтага недастаткова, скажаце вы. І будзеце мець рацыю. Адна мая знаёмая нядаўна заявіла:

— Я зараз чытаю чатыры кнігі, збіраюся пачаць пятую.

Гэта, безумоўна, выключэнне, а не правіла. Большасць "чытачоў" абмяжоўваецца праглядам інтэрнэт-парталаў. Самымі заўзятымі, бадай, можна назваць блогераў: lіvеjоurnаl чытае больш за 270 тысяч беларусаў. Працэс чытання перайшоў у працэс "забівання часу" — у дарозе ці дома ля камп'ютара. І я ўжо змірылася б з такой высновай, каб не адно назіранне. Як звычайна, у аўтобусе.

Ехала я пару прыпынкаў, таму далёка ў салон не праходзіла, а стаяла побач з кабінай кіроўцы. У цішыні паўпустога аўтобуса да мяне даносіліся гукі з вадзіцельскага магнітафона. Ён слухаў аўдыёкнігу. А што нас з вамі здзіўляе? Чалавек цэлы дзень уважліва сочыць за дарогай і не мае магчымасці чытаць нават пасля работы, бо стамляюцца вочы. Ён можа слухаць шансон з касеты, можа настроіцца на FM-станцыю з папсой. Нас здзіўляе, што кіроўца зрабіў іншы выбар. Складана паверыць, як і ў тое, што індусы чытаюць больш за расіян. А вы прывыкайце. І чытайце, спадарства, чытайце.

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расіяне доўгі час лічыліся самай чытаючай нацыяй у свеце. У савецкія часы так і было. Беларусы як частка тады савецкага народу таксама прымервалі статус самых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика