Людзі радаваліся людзям. 21.by

Людзі радаваліся людзям

29.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што ні кажы, а раней весялей жылося людзям: умелі яны сустракаць святы. З размахам, з песнямі, з гульнямі. Гэта мы абыходзімся часцей за ўсё банальным застоллем, у лепшым выпадку паходам на дыскатэку ці кавярню ці назіраем за праграмай, якую нам падрыхтавалі прадстаўнікі крэатыўных агенцтваў. Але калі б вы хоць раз паўдзельнічалі ў натуральным, а не пастановачным беларускім свяце з усімі танцамі, песнямі, скокамі ля вогнішча, гульнямі — адчулі б, наколькі моцная энергетыка стаяла за ўсім гэтым. Раней ў моладзі не было праблем, як знайсці сабе пару. Як расказвае супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Таццяна Кухаронак, у вёсцы знаёміліся падчас сумеснай працы, на каляндарныя святы, на вячорках, якія зімой праходзілі ў хатах, а летам — на вуліцы. Напрыклад, узімку дзяўчаты ўскладчыну здымалі хату, там пралі, а ўвечары да іх на танцы прыходзілі хлопцы. Карагоды, гульні накшталт розных даганялак дзяўчат хлопцамі, "ручайкоў" і жартоўных вяселляў (як, напрыклад, "Жаніцьба Цярэшкі" на Каляды) стваралі спрыяльныя ўмовы для стасункаў. Акрамя таго, да кожнага вялікага свята пасля службы ў царкве ладзіліся кірмашы, дзе не толькі прадаваліся розныя рэчы, але і праходзілі разнастайныя гулянні. Сюды з'язджаліся людзі з розных вёсак. Былі нават выпадкі, калі на кірмашах кралі нявест (такое зафіксавана на Віцебшчыне), і бацькі, якія раней не хацелі выдаваць сваю дачку за пэўнага хлопца, пасля таго, як яна была выкрадзена і правяла ноч у палоне, згаджаліся на замужжа.

На вялікія святы былі прадугледжаны пэўныя абрады для ўсіх членаў вялікай абшчыны, што спрыяла іх яднанню. Кожная сацыяльная група ў адпаведнасці з узростам, полам мела свае заняткі і павінна была выконваць пэўныя дзеянні. І , што самае галоўнае, святы раней былі не проста забавай. Чалавек ведаў: калі ён выканае ўсе абрады ў адпаведнасці з заведзенай стагоддзямі традыцыяй, гэта гарантуе яму дабрабыт, шчасце, здароўе ці дасць пэўныя выгоды. Так, калі беларусы хацелі ўвесь год жыць шчасліва і ў дастатку, на Каляды на першую куццю накрывалі багаты стол, рэшткі куцці кідаліся пад стол — каб ячмень урадзіў. Калі хацелі, каб карова давала багата малака, не хварэла, не адбілася ад статка, сцёбалі яе вербнай галінкай, абносілі грамнічнай свечкай, ставілі поўнае вядро вады ў варотах ці "замочвалі даёнкі" — на Масленіцу жанчыны хадзілі па вёсцы, стукалі качалкамі ў даёнкі і спявалі песні. "Галоўнае, за ўсімі святамі стаяў светапогляд, чалавек быў упэўнены: калі ён зрабіў тое, што спрадвечна рабілі яго бацькі і дзяды, — значыць, усё будзе добра, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Прасцей было жыць, бо продкамі выпрацаваныя стэрэатыпы паводзін, і адразу было зразумела, хто жыве па-людску, а хто не. Сэнс жыцця быў у тым, што калі ты тут нарадзіўся, то павінен жыць на гэтай зямлі, апрацоўваць яе, а пасля перадаць у спадчыну. Калі надыходзіць пэўны ўзрост — жаніцца ці выходзіць замуж і гадаваць дзяцей, а пасля ўнукаў. На працягу года святы разумна чаргаваліся з працай і, лічу, давалі чалавеку магчымасць адпачыць і псіхалагічна, сустрэцца са сваякамі і суседзямі. У тыя часы і чужы чалавек мог разлічваць на тое, што яго гасцінна прымуць. Як расказвала адна бабулька, раней людзі радаваліся людзям, а сёння мы часта ненавідзім адно аднаго".

Асноўныя ідэі традыцыйнай абраднасці — гэта клопат пра падаўжэнне роду, клопат пра дабрабыт, здароўе ўсіх членаў сям'і, багаты ўраджай, а таксама ўшанаванне продкаў. Так, перад кожным, асабліва вялікім, святам перш, чым пачнуцца ўвесяленні, узгадвалі дзядоў і прадзядоў. на Каляды першая куцця — спачатку продкам, на Масленіцу — ім першы блін. Узгадвалі пра іх і на Вялікдзень, не кажучы ўжо пра спецыяльныя святы ў гонар памерлых — Радаўніцу, Дзяды.

Як прызнацца ў каханні

На Масленіцу былі ярка акрэсленыя матывы клопату пра працяг роду. Лічылася, калі хлопец у 25—26 год не жэніцца, ён выпадае з агульнай грамады. На Масленіцу гурт жанчын лавіў такіх і прывязваў ім так званыя калодкі. Гэта мог быць сапраўдны абрубак дрэва ці нейкая сімвалічная замена: каснічок, бутэлечка, хвост ад селядца. Мужчына вымушаны быў адкупіцца ці так хадзіць цэлы дзень, каб усе бачылі, што ён не выканаў сваёй ролі — не стварыў сям'і. Наогул, на Масленіцу гурт жанчын мог прывязацца да любога мужыка, пакпіць з яго, кінуць у снег, зняць шапку, насыпаць снегу ў штаны. Паралельна ішло ўслаўленне новых сямей, напрыклад, створаных перад самым святам, у мясаед. Іх усяляк узвялічвалі, жадалі нараджэння дзяцей.

Святам кахання на Беларусі, безумоўна, было Купалле. Моладзь вадзіла карагоды, хлопцы і дзяўчаты кпілі адно з аднаго — адных толькі прыпевак яны ведалі столькі, што іх магло хапіць на паўночы. Хлопцы, каб дзяўчаты з іх вёскі не выходзілі замуж у суседнія, цягалі вакол паселішча плуг. Дзяўчаты, у сваю чаргу, каб не пазбавіцца сваіх кавалераў, валаклі вакол вёскі мужчынскія штаны. З 70-х гадоў, калі Таццяна Іванаўна пачала ездзіць ў экспедыцыі, ёй не даводзілася запісваць ад сялян, што на Купалле даваўся дазвол на сэксуальныя адносіны, але раней, магчыма, такое было. Так, у прыказках гаворыцца: "На Купалу што ўпала, то прапала" — намёк на страчаную дзявочую цнатлівасць. Ці ў купальскіх песнях ёсць сюжэт "Ванечка злавіў Манечку, зняў вяночак, надзеў хустачку": вяночак лічыўся сімвалам дзявоцкасці, а хустка — атрыбут замужняй жанчыны. Прынамсі, сэксуальную разбэшчанасць беларусы асуджалі. Калі дзяўчына нараджала пазашлюбнае дзіця, замуж яе ніхто не браў, яна жыла з бацькамі, якія ўвесь час яе папракалі. Дзяўчат, народжаных па-за шлюбам, як правіла, забіралі ў жонкі самыя незайздросныя, бедныя жаніхі; а хлопцы ішлі ў прымы, што па традыцыйных мерках — апошняя справа.

Дзяўчаты на Купалле варажылі пра будучы лёс: пускалі вянкі на сябе і хлопца. Калі тыя сыдуцца — быць вяселлю. Пад падушку клалі травы, каб у сне даведацца пра свой лёс. Ды і самі вяночкі пляліся з зёлак, якія прыварожвалі: купалак, рамонкаў, валошак, любісты. Асобныя з травак ні ў якім разе нельга было браць на вянок. Прынамсі, калі адраджэнню старых традыцый будзе спрыяць нейкі камерцыйны падыход да беларускай абраднасці, то сувенірныя вяночкі, як сімвал кахання, маглі б выдатна канкурыраваць з сэрцамі, якія дорацца ў Дзень святога Валянціна. Кветка іван-ды-мар'я ці папараць-кветка (апошняя, на думку Таццяны Іванаўны, — ідэал шчасця, якое шукаюць, але ніколі не знаходзяць) таксама маглі б стаць "правобразамі" беларускіх сувеніраў.

Існавалі ў беларусаў апасродкаваныя прызнанні ў каханні. Так, на Вялікдзень дзяўчаты дарылі хлопцам, якія ім падабаюцца, фарбаваныя яйкі. На Палессі на Вербніцу хлопцы бегалі за дзяўчатамі, якія ім спадабаліся, і сцёбалі іх вербнымі галінкамі. На Масленіцу дзяўчаты вышывалі для хлопцаў насовачкі з імем ці пажаданнем, дарылі хусцінкі.

Дагукацца да нябёсаў

Яшчэ з часоў паганства чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на прыроду і нейкія магічныя сілы, ад якіх залежаў яго лёс.

Пасля доўгай цяжкай зімы людзі імкнуліся хутчэй наблізіць надыход цёплых дзён, і дзеля гэтага на працягу стагоддзяў былі выпрацаваны адпаведныя абрады, песні, звычаі.

У розных мясцінах вясну гукалі ў розныя часы. Дзесьці гэта рабілі на Аўдакею (па старым стылі на першае сакавіка), у многіх месцах на Саракі — 22 сакавіка, а яшчэ дзесьці — толькі на Дабравешчанне. У многіх месцах гэта не было прымеркавана да нейкай даты, а звязана са станам прыроды: калі снег сыходзіць, з'яўляюцца праталіны, сонейка прыгравае. Гуканне вясны было святам моладзі. Лічылася, што кожная пара года адпавядала нейкай пары жыцця чалавека, а вясна асацыюецца з маладосцю. Таму і гукалі яе, у асноўным, падлеткі і незамужнія дзяўчаты. Вялікай грамадой яны хадзілі па вёсцы і спявалі вяснянкі. Пералівы "Гу—у—у", якімі былі насычаны песні, чуліся здалёк. Часам дзяўчаты з адной вёскі перагукваліся з суседнімі. Каб сонейка іх пачула, залазілі на ўзвышшы, узгоркі, на страху. Лічылася, што выкананне песень спрыяе хутчэйшаму абуджэнню прыроды і надыходу цёплых, сонечных, як іх называлі,"вялікіх" дзён. На Брэстчыне, гомельскім Палессі, калі ўжо сыходзіў лёд з рэк, плавалі на лодках і выконвалі песні. Хлопцы ў некаторых рэгіёнах раскладалі вогнішчы. У асобных мясцінах было прынята рабіць абыходы двароў і ў кожным вадзіць карагоды са спецыяльнымі песнямі і танцамі. Верылі, што тады год будзе добрым, пладавітым. Паводле адной з тэорый, карагод сімвалізуе сонейка.

Сонца ўвасаблялі і блінцы, якія пяклі на Масленіцу. На Палессі на працягу ўсяго масленічнага тыдня кожны дзень трэба было рабіць іх новымі: з рознай (з жытняй, пшанічнай, грэцкай) мукі ці бульбы, па розных рэцэптах. Масленіца была пераходным святам, у гонар заканчэння зімы. У многіх месцах спальвалі пудзіла зімы, а разам з ім — усё дрэннае, старое, што за зіму накапілася. Такім чынам можна было пазбавіцца і грахоў. На Любаншчыне яшчэ захаваўся адпаведны абрад. Па вёсцы нясуць пудзіла, з кожнага двара выходзяць людзі і павязваюць на яго стужачкі, якія сімвалізуюць грахі. Калі пудзіла спальваюць, то вераць, што пазбаўляюцца ад дрэнных учынкаў і пост, які пачынаецца пасля Масленіцы, можна сустракаць з чыстай душой. Агонь дагарае — пачынаюць спяваць вяснянкі. Агонь і песні — пасыл небу...

"Абраднасць раней была проста фантастычная, разгалінаваная, — заўважае Таццяна Кухаронак. — Танцаў, якія страчаны, шкада да слёз. Носьбіты старажытных абрадаў састарэлі, многім проста няма каму перадаваць свае веды. Так, я была ў адной вёсцы, дзе бабуля скардзілася, што за апошнія тры гады там не нарадзілася ніводнага дзіцяці, не было ніводнага вяселля. Толькі ідуць пахаванні, і таму традыцыі, звязаныя з гэтым, працягваюцца. Масавых гулянняў на вёсцы ўжо няма. Вячоркі зніклі яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, калі з'явіліся клубы. Працягваюць існаваць толькі святы, якія можна сустракаць унутрысямейна, напрыклад, Вялікдзень, Каляды, Дзяды, Тройца, але яны захоўваюцца ў трансфармаваным, зменшаным выглядзе. Святы, што ладзяцца ў школах, часцей рыхтуюцца па кніжках, а добра было б, каб дзеці і настаўнікі запісвалі і вучыліся абрадам у бабулек, што жывуць у іх рэгіёне".

Сапраўды шкада, што сёння няма такіх гулянняў, як раней. І што найбольш папулярнымі сталі святы, якія ўзніклі зусім нядаўна і не нясуць у сабе той глыбокай народнай філасофіі, што выпрацоўвалася стагоддзямі, і багатай культуры нашых продкаў. Можа, таму часта пасля новых свят у нас застаецца пачуццё незадаволенасці, бо ніякага зараду станоўчай энергіі мы не атрымалі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.

Ідэі для пераймання:

Не будзем з сумам уздыхаць аб тым, што было. Насамрэч, і сёння існуе шмат абрадаў, якія можна было б выкарыстоўваць у нашых сем'ях, у школах, на гарадскіх мерапрыемствах.

Напрыклад, у вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна існуе такая калядная гульня, як "пячы ката". Фігурку ката робяць з цеста, каўбасы і сала і падвешваюць пад столь. Яе трэба злавіць зубамі, прычым нельга смяяцца, а гэта вельмі цяжка, бо грамада так і імкнецца рассмяшыць "паляўнічага на ката". Калі ж хто зловіць фігурку цалкам, кот дзеліцца паміж усімі ўдзельнікамі гульні. А чаму б не пераняць гэтую гульню ў горадзе? І не трэба будзе думаць, чым заняць гасцей за святочным сталом ці як пацешыць моладзь, альбо ў што гуляць з дзецьмі на ранішніку ў садку (школе). І колькі яшчэ такіх традыцыйных гульняў можна падабраць пад любое свята! Чаго вартая адна толькі "Жаніцьба Цярэшкі"!

Гульня з "катом" — гэта толькі адзін з элементаў вялікіх гулянняў у вёсцы Новіны. Дарэчы, у хуткім часе гэты абрад, магчыма, увойдзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Ва ўсялякім разе, дакументы для таго ўжо збіраюцца. Тут можна запазычыць сцэнарый для вясёлага свята развітання з Калядамі ў гарадскім парку. А ў ім ёсць і такія дзеянні, якія павінны садзейнічаць і багатаму ўраджаю ў гэтым годзе (раскідванне кашы), і вырашэнню дэмаграфічных праблем (на дуб ці высокае старое дрэва цягнуць кола з каласамі, людзі вераць, што гэта "ад грому і каб буслы сяліліся").

І чаму гэта пайшла мода выбіраць для вяселляў "незвычайную" дату? Кшталту, калі ўсе лічбы супадаюць (напрыклад, 08.08.2008 ці 10.10.2010). Карысці ў гэтых лічбачках няма. А калі вы хочаце, каб вяселле сапраўды было напоўнена сэнсам, звяртайцеся да народных традыцый. Паверце, дзяльба караваю і паход праз браму з ручніка — далёка не ўсе дзеянні, якія рабіліся з маладымі, каб у новай сям'і склалася шчаслівае жыццё. Сёння большасць маладых бацькоў хрысцяць дзяцей, каб малыя заручыліся Божай падтрымкай. Але чаму тады людзі забыліся на рытуальную бабіну кашу, якая таксама робіцца, каб задобрыць багоў на шчаслівы лёс дзіцяці?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што ні кажы, а раней весялей жылося людзям: умелі яны сустракаць святы. З размахам, з песнямі, з гульнямі. Гэта мы абыходзімся часцей за ўсё банальным застоллем, у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика