Ці зможа рознічны гандаль пражыць і без ліцэнзій, і без рэестра?. 21.by

Ці зможа рознічны гандаль пражыць і без ліцэнзій, і без рэестра?

29.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ліцэнзаванне дзейнасці ў сферы рознічнага гандлю з 1 студзеня 2011 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 450 ад 1 верасня 2010 года захоўваецца толькі ў дачыненні да рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі. Такім чынам, амаль месяц беларускі рознічны гандаль працуе ў новых умовах без ліцэнзій, а таксама без гандлёвага рэестра, які павінен быў замяніць ліцэнзаванне. Пра тое, як сябе адчувае бізнэс, а таксама пра іншыя праблемы рознічнага гандлю і грамадскага харчавання мы пагутарылі з Віктарам МАРГЕЛАВЫМ, сустаршынёй Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, уладальнікам некалькіх магазінаў і кавярняў.

 — З першага студзеня адменены ліцэнзіі на рознічны гандаль. Часу прайшло не так шмат, але ўсё ж такі якая зараз сітуацыя ў гэтай сферы?

— З таго, што дакладваюць людзі з месцаў, магу сказаць што сітуацыя няпэўная: ні органы ўлады, ні прадпрымальнікі не ведаюць, як дзейнічаць. Бо раней пры ліцэнзаванні быў пакет дакументаў і пэўная працэдура, а на сёння адміністрацыйная працэдура быццам бы не мянялася, таму, атрымліваецца, трэба выконваць рэшткі былой працэдуры: толькі ўзгадніць асартыментны пералік у выканкаме і атрымаць заключэнне санітарна-эпідэміялагічнай службы на адкрыццё аб'екта. Як доўга будзе працягвацца такая сітуацыя — невядома, бо яшчэ летась у снежні былі гарачыя дэбаты наконт таго, як у краіне арганізаваць працэс кіравання адкрыццём і закрыццём аб'ектаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання.

— Вы маеце на ўвазе праект Указа Прэзідэнта аб гандлёвым рэестры?

— Спачатку праект называўся аб гандлі, потым аб гандлёвым рэестры, але сутнасць яго не мянялася: планавалася, што аб'ект гандлю ці грамадскага харчавання павінен быць унесены ў гэты рэестр па заяўляльным прынцыпе, а потым за пэўныя парушэнні мог быць адтуль выключаны. Праўда, на апошніх снежаньскіх нарадах у Савеце Міністраў выказваліся сумненні ў мэтазгоднасці вядзення гандлёвага рэестра і былі раздадзены даручэнні паглядзець, ці магчымае функцыянаванне нашага гандлю, адкрыццё-закрыццё аб'ектаў без вядзення такога рэестра. Пакуль на гэтым усё і скончылася.

— А на вашу думку, якім павінна быць рэгуляванне гандлю ў ідэале?

— Разумееце, залішні парадак з'яўляецца дрэнным, але і залішні хаос — таксама нядобра. Таму павінна быць разумнае спалучэнне: з аднаго боку, і таму ж прадпрымальніку працавалася б больш спакойна, калі б у яго была выпіска з гандлёвага рэестра, а з другога боку, не хацелася б паўтарыць негатыўных фактараў так званай "дазваляльнай" сістэмы. Таму мы згодныя з заяўляльным прынцыпам уключэння ў рэестр, але настойваем на тым, каб рэестр не быў ісцінай у апошняй інстанцыі — ён павінен насіць інфармацыйны характар, а не ліцэнзуючы. Бо ў праекце ўказа Мінгандаль запісваў такі радок, што за два і больш парушэнняў правілаў вядзення гандлю прадпрыемства можа быць выключана з гандлёвага рэестра. А напісаць дзве скаргі на любы магазін няцяжка для любога чалавека, больш-менш знаёмага з правіламі гандлю, тым больш што гэтыя правілы ў нас звышжорсткія, накіраваныя часта не на здаровы розум, а на неадэкватную абарону спажыўца. І атрымаецца такая ж сітуацыя як і пры ліцэнзаванні: прадпрыемства будзе як на парахавой бочцы сядзець. Нельга выключаць з гандлёвага рэестра аб'екты гандлю ці грамадскага харчавання, бо інвестары і працоўны калектыў павінны быць упэўненыя ў заўтрашнім дні.

— А што падказвае міжнародны вопыт? Як там вырашылі гэтае пытанне?

— У іх там гандлёвы рэестр ёсць. Туды аб'екты ўключаюцца па заяўляльным прынцыпе і за парушэнні не выключаюцца. Там развітая судовая сістэма, і, калі суб'ект гаспадарання дапускае парушэнні, пакаранне прызначае суд. Нам таксама трэба пераходзіць на судовы парадак разбору — ён будзе больш справядлівы. Магчыма, для крам і кавярняў ён будзе больш жорсткі ў плане грашовых выплат, але затое ў іх з'явіцца стымул для працы і іх не будуць пастаянна тузаць: сёння ты працуеш, а заўтра — ужо не.

А па-другое, на Захадзе вельмі распаўсюджаны галіновыя асацыяцыі. І калі прадпрыемства ўваходзіць у асацыяцыю, то гэта з'яўляецца своеасаблівым знакам якасці, бо асацыяцыі ўсталёўваюць свае правілы і адсочваюць іх выкананне. Такім чынам, спажыўцы моцна падумаюць перад тым, як ісці ў краму, кавярню, рэстарацыю, якая не належыць да асацыяцыі.

— А што ў нас у Беларусі з асацыяцыямі? Можа, вам трэба стварыць сваё аб'яднанне і заняцца самарэгуляваннем, а не ўскладваць гэтыя функцыі на Мінгандаль?

— Гэта было б абсалютна правільным рашэннем, і людзі, знаёмыя з заходнім вопытам, разумеюць неабходнасць і відавочнасць такога кроку. У нас так склалася, што нашы міністэрствы праводзяць дзяржаўную палітыку ў той ці іншай галіне, але яны даволі рэдка адстойваюць інтарэсы суб'ектаў гаспадарання. І асацыяцыі маглі б вырашаць гэтыя праблемы. Мы падымалі пытанне, каб стварыць асацыяцыю грамадскага харчавання, і гэта атрымала падтрымку і ў Мінгандлі, і Мінгарвыканкам падтрымаў, і нават гаворка ішла пра магчымасць прадстаўлення нейкіх рэсурсаў на першыя часы. Але тут мы ўпіраемся ў тую праблему, што прадпрымальнікі самі не гатовыя, існуе нейкае нявер'е ў тое, што дэмакратычнымі метадамі можна дабіцца пэўных вынікаў. Ёсць таксама вопыт некаторых асацыяцый, калі яны ператвараюцца ў амаль што дзяржструктуры: замест дэмакратычных працэсаў (галасавання, балансу інтарэсаў) з'яўляецца падзел на кіраўніцтва і падначаленых. Дый, напэўна, наш дэмакратычны вопыт на працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў накладвае свой адбітак: у нас вельмі мала людзей, здольных адкрыта абвясціць пра свае інтарэсы, гучна сказаць пра свае праблемы. Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што ў нас мала разумных людзей — наадварот, у нас іх шмат, але большасць лічыць за лепшае адсядзецца, быць самім па сабе. У нас ёсць энтузіясты, і праца па стварэнні асацыяцыі грамадскага харчавання ідзе, вядуцца перамовы. Ёсць нават кола прадпрыемстваў, гатовых уступіць у асацыяцыю, але, на жаль, іх не так многа. Таму, напэўна, трэба гэтыя пытанні падымаць у комплексе: калі мы наладзім механізмы на ўзроўні дзяржавы, калі гэтая схема будзе лёгка ўбудоўвацца ў сістэму прыняцця рашэнняў, то тады будзе сэнс ствараць асацыяцыі. А калі асацыяцыю ніхто не будзе слухаць, то навошта яе ствараць?

— Вяртаючыся да ліцэнзавання і гандлёвага рэестра: а ці зможам мы пражыць і без таго, і без другога?

— У прынцыпе, зможам. Дарэчы, ведаеце, хто больш за ўсё зацікаўлены ў нейкім інструменце рэгулявання? Прадстаўнікі гандлёвых аддзелаў выканкамаў. Бо ім трэба з дапамогай гэтага інструменту вырашаць вялікі шэраг задач: як яны будуць без гэтага рэгуляваць працэнтныя адносіны беларускіх тавараў і імпартных? Як будуць прымушаць падпісвацца на ведамасныя часопісы? Як будуць людзей на кірмашы прыцягваць?.. А што тычыцца гандлю і грамадскага харчавання, то, мяркую, яны б працавалі не горш. Так, з'явіліся б некаторыя негатыўныя моманты з-за нядобрасумленных прадпрымальнікаў, але такіх было б не шмат, асабліва калі павярнуць пытанне ў судовую плоскасць, пра што я казаў раней.

— Як лічыце, адмена ліцэнзавання рознічнага гандлю будзе штуршком да росту бізнэсу ў гэтай галіне?

— Я не думаю, што гэта будзе прычынай значнага росту гандлю, хоць, вядома, пэўны эфект будзе пры ўмове адсутнасці іншых абмежавальных мер. Зараз самым важным пытаннем у развіцці гандлю з'яўляецца тое, які гандаль мы збіраемся развіваць. Напрыклад, інфармацыя і вопыт падказваюць, што гандаль на рынках імкліва губляе сваю ролю. За 2010 год яго доля ў агульным тавараабароце зменшылася з 35% да 24%. Такім чынам, мы бачым, што нават у крызіс людзі не пайшлі на рынкі: яны прывыклі да шырыні выбару, зручнасцяў, гарантый, якія ёсць у магазіна. Перспектыву ў нас мае буйны і сеткавы гандаль, але тут іншая небяспека: буйны гандаль заўсёды мае элементы манапалізму, а нам нельга згубіць канкурэнцыю. Таму павінны быць і гіпермаркеты, і буйныя ўніверсамы, і крамы каля дома, і шапікі на прыпынках...

— Ну, шапікаў на прыпынках у Мінску ўжо няма...

— Яшчэ не вечар — калі прыйдзе разуменне таго, што гэта зручна, то яны яшчэ, мяркую, вернуцца. Магчыма, не ў форме шапікаў, а ў форме малых крамаў каля дома — бо кожны з нас зацікаўлены, каб пад рукой быў аб'ект гандлю з таварамі штодзённага попыту. Хоць пакуль людзі яшчэ не разумеюць гэтага і імкнуцца ў гіпермаркеты: статыстыка пераднавагодняга гандлю паказала, што ў гіпермаркетах выручка цэлы тыдзень была большая ў 5 разоў за звычайную, а ў звычайных магазінах больш дробнага фармату толькі пару дзён была двух-трохразовая выручка.

— Калі не ліцэнзаванне, то што стрымлівае развіццё гандлю, скажам, у сталіцы?

— Напрыклад, я маю інтарэс пашыраць гандаль у Мінску. Якія ў мяне ёсць рэнтабельныя варыянты гэта зрабіць? Ніякіх. Адпаведна, мне няважна, трэба для гэтага ліцэнзія ці не, бо варыянтаў адкрыць сваю краму і так няма. Вядома, можна купіць магазін, які ўжо існуе. Але пры цэнах на ўзроўні 2 тысяч долараў за квадратны метр мае інвестыцыі ў яго набыццё ніколі не акупяцца (калі, безумоўна, не чакаць, як спекулянт, калі ён падаражэе і прадаць). Другі варыянт — узяць зямельны ўчастак і пабудаваць. Але для Мінска гэта — суперпраблема. Хоць у сталіцы існуе вялікая патрэба ў аб'ектах грамадскага харчавання, і перш за ўсё ў спальных раёнах. І прадпрымальнікі выступілі з ініцыятывай — распрацаваць і ўкараніць праграму невялікіх кавярняў каля дома: чалавек на 30-40, каб можна было бутэрброд з кавай з'есці, дзень народзінаў адсвяткаваць, вяселле, дый нават памінкі правесці. Аднак камітэт архітэктуры лічыць, што ў Мінску зямлі няма для такіх аб'ектаў. Здавалася б, глянь у акно — і знойдзеш, куды павільён для паслуг паставіць, хай нават і часовы, калі яны баяцца, што ён назаўсёды застанецца. Аднак камітэт па архітэктуры супраць і зямельных участкаў амаль няма. А тыя адзінкавыя, што ёсць, прадаюцца за шалёныя грошы на аўкцыёнах. Плюс яшчэ правіла, калі пакупнік павінен заплаціць гораду за права заключэння арэнды па 500 долараў за квадратны метр. Ну вось давайце палічым: калі я хачу паставіць невялічкую кавярню на 200 метраў квадратных (20 на 10 метраў), то мне патрэбен участак метраў 300 з перыметрам. Памнажаем 300 на 500 долараў і атрымліваем, што я павінен аддаць 150 тысяч долараў толькі за права заключэння арэнды без уліку ўсіх іншых маіх выдаткаў. Калі я ў гэтай кавярні "адаб'ю" такія грошы? Мы з лістамі звярталіся на гэтую тэму, і вось зараз нам сказалі: дайце канкрэтныя прапановы, якія ўчасткі прадпрымальнікаў цікавяць. А як такія прапановы даць? Я напішу, што маю цікавасць да нейкага ўчастка, яго выставяць на аўкцыён, прададуць камусьці іншаму і ўсё. Мне якая ад гэтага карысць? Ці вось я напішу пра ўчастак на 50 квадратных метраў, а некаму патрэбны на 70 ці на 30 квадратаў. Таму тут трэба стварыць механізм, а не гандляваць участкамі як таварам. Пакуль мы не сумясцім патрэбы бізнэсу, насельніцтва і інтарэсы камітэта архітэктуры, у нашым горадзе мала што зменіцца ў гэтым плане.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ліцэнзаванне дзейнасці ў сферы рознічнага гандлю з 1 студзеня 2011 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 450 ад 1 верасня 2010 года захоўваецца толькі ў дачыненні да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика