Як папулярызуюць родную мову на Беларускай чыгунцы?. 21.by

Як папулярызуюць родную мову на Беларускай чыгунцы?

29.01.2011 10:08 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як папулярызуюць родную мову на Беларускай чыгунцы?


Ведамства рыхтуе беларускамоўную версію інтэрнэт-сайта. А не так даўно ў газеце "Железнодорожник Белоруссии" з'явіліся артыкулы, напісаныя нацыянальнай мовай. Упершыню за 75 гадоў!

У журналісцкім расследаванні "Звязды" "Бітва за роднае слова" прагучала крытыка ў бок разнастайных ведамстваў, якія альбо не надаюць належнай увагі беларускай мове, альбо ўвогуле ігнаруюць яе.

У мэтах афармлення аднаго з матэрыялаў быў надрукаваны фотаздымак чыгуначнага саставу "Белый аист", які курсіруе па маршруце Мінск—Кіеў. Журналіст "Звязды" крытычна ацаніў назву цягніка, маўляў, навошта адпраўляць да ўкраінцаў наш цягнік, які мае рускамоўную назву.

Пасля выхаду матэрыялу ў рэдакцыю патэлефанаваў не адзін дасведчаны чалавек: "Дарма крытыкуеце Беларускую чыгунку. Іншым ведамствам варта з іх браць прыклад".

Не вытрымаў нават старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў: "Я зараз еду ў электрычцы, паслухайце: усе прыпынкі абвяшчаюцца па-беларуску!"

Днямі мы атрымалі інфармацыйны ліст, падпісаны намеснікам Начальніка Беларускай чыгункі Пятром Стоцкім. Па просьбе рэдакцыі ён расказаў, што нашы чыгуначнікі робяць у мэтах папулярызацыі роднай мовы. Прыводзім некаторыя цікавыя вытрымкі з ліста.

Беларуская мова на інтэрнэт-сайце і ў газеце ведамства

"Распрацоўваецца новая версія карпаратыўнага інтэрнэт-сайта Беларускай чыгункі, удасканальваецца яго структура, для карыстальнікаў распрацоўваецца максімальна зручны і функцыянальны інтэрфэйс, — паведамляе Беларуская чыгунка. — Перспектыўным этапам карпаратыўнага інтэрнэт-сайта стане новая канцэпцыя, у межах якой плануецца стварэнне беларускамоўнай версіі сайта".

Калі сайтам на роднай мове сёння здзівіш не кожнага (напрыклад, інтэрнэт-старонка Нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" даўно мае якасную і поўную беларускамоўную версію), то далёка не кожнае ведамства можа пахваліцца беларускім словам на старонках сваёй галіновай газеты.

"Папулярызацыі беларускай мовы садзейнічае і газета "Железнодорожник Белоруссии", тыраж якой на сёння складае 40566 экзэмпляраў. Так, з 24 чэрвеня 2009 года ўпершыню за 75 гадоў існавання газета зарэгістравана як двухмоўная, — падкрэсліваюць у Беларускай чыгунцы. — І цяпер у галіновым выданні існуюць пастаянныя рубрыкі на роднай мове (напрыклад, "Духоўнасць і традыцыі", "З нашай пошты"), у якіх друкуюцца выключна беларускамоўныя матэрыялы. Усе аўтарскія і чытацкія допісы на беларускай мове ў газеце беражліва апрацоўваюцца і друкуюцца на мове арыгіналу.

У будучыні газета мае намер мэтанакіравана пашыраць ужыванне роднай мовы пры падрыхтоўцы публікацый аб сённяшнім дні Беларускай чыгункі і яе слаўным мінулым, а таксама павялічваць долю беларускамоўных матэрыялаў на інтэрнэт-партале газеты за кошт інфармацыі аб падзеях у краіне і ў свеце".

І гэта не пустыя словы. У пошукавым радку інтэрнэт-старонкі "Железнодорожника Белоруссии" пазначаю "беларуская мова". І тут жа атрымліваю шэраг цікавых артыкулаў на роднай мове аўтарства Андрэя Чувака, Аляксандра Матора, Уладзіміра Шобы, Алеся Марціновіча і іншых.

Станцыі ў электрычках абвяшчаюцца на роднай мове

Беларуская чыгунка афіцыйна пацвердзіла назіранні нашых чытачоў. Аб'явы на вакзалах робяць у тым ліку і па-беларуску. Да таго ж інфармацыя ў нашых электрацягніках да пасажыраў даводзіцца на роднай мове.

Паказальна, што на Беларускай чыгунцы хапае супрацоўнікаў, якія валодаюць роднай мовай на высокім узроўні. Напрыклад, памочнік машыніста лакаматыўнага дэпо станцыі "Орша" Генадзь Шэпелеў у вольны час не раз дапамагаў журналісту "Звязды" падчас службовых камандзіровак па Віцебскай вобласці, не горш за прафесіяналаў праводзіў экскурсіі па сваім родным горадзе.

У ансамблях Беларускай чыгункі — рэпертуар нацыянальнай тэматыкі

"Станоўчы імідж і аўтарытэт Рэспублікі Беларусь пастаянна падтрымліваецца ўдзелам творчых калектываў Беларускай чыгункі ў міжнародных фестывалях і конкурсах у краінах СНД і далёкага замежжа (у 2010 годзе — Расія, Украіна, Літва, Латвія, Кітай, Турцыя і інш.), а таксама ў Днях Рэспублікі Беларусь за межамі нашай Бацькаўшчыны, — ганарацца ў Беларускай чыгунцы. — Заслужаным аўтарытэтам і прызнаннем карыстаюцца "Церніца", "Валошкі", "Маладзік", "Цернічка", "Цягнічок" і іншыя калектывы, якія прапагандуюць беларускую культуру за мяжой і асноўны рэпертуар якіх складаюць беларускія песні і харэаграфічныя пастаноўкі нацыянальнай тэматыкі.

Штогод на Беларускай магістралі праходзяць конкурсы аматарскай мастацкай творчасці, фестываль паэзіі "Свіцязі яснай чароўныя крылы", які прапагандуе беларускую паэзію. Запланавана правядзенне дарожнага фестывалю народнай творчасці "Свята харэаграфіі "Карагод" сярод падраздзяленняў культуры, навучальных устаноў і арганізацый Беларускай чыгункі, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння А. Рыбальчанкі".

Сумневаў у тым, што кіраўнікі Беларускай чыгункі ўважліва ставяцца да роднай мовы, няма. Відаць гэта і па шыльдах на сталічным чыгуначным вакзале: "Кава, марожанае", "1 паверх", "Выхад у горад" і гэтак далей.

Пагаджуся з тым, што многім беларускім ідэолагам варта павучыцца патрыятызму ў кіраўнікоў нашай чыгункі.

"Звязда" будзе працягваць публікацыю матэрыялаў аб пашырэнні сферы ўплыву роднай мовы.

ТЫМ ЧАСАМ

Бабруйскі гарвыканкам будзе ўручаць штогадовую прэмію імя Лынькова за дасягненні ў папулярызацыі беларускай мовы. Лаўрэатамі могуць стаць жыхары Бабруйска. Прэмія можа скласці каля 350 тысяч беларускіх рублёў.

Нагадаем, што канкрэтныя крокі ў пашырэнні сферы ўплыву беларускай мовы раней зрабілі ў Гродзенскім аблвыканкаме. Інтэрнэт-старонка ведамства мае версію на роднай мове, многія высокія чыноўнікі валодаюць беларускім словам, ды і ў цэлым ўжыванне нацыянальнай мовы вітаецца кіраўніком аблвыканкама Сямёнам Шапірам.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ведамства рыхтуе беларускамоўную версію інтэрнэт-сайта. А не так даўно ў газеце "Железнодорожник Белоруссии" з'явіліся артыкулы, напісаныя нацыянальнай мовай....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика