Да мовы — навукова. 21.by

Да мовы — навукова

01.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці не галоўны для ўсёй краіны прынцып на блізкую будучыню — навуковы падыход. Да вытворчасці, эканомікі, да жыцця ў цэлым. І справа не толькі ў высокіх тэхналогіях і суперпрыладах. Не менш, а можа нават і больш, важнае агульнае стаўленне: перш падумай — потым зрабі. Глядзіш, і вынік перасягне ўсе спадзяванні.

А ў беларускіх даследчыкаў днямі якраз было прафесійнае свята. Чым не нагода крыху перадыхнуць у памкненні да навуковых адкрыццяў і азірнуцца на тое, што зроблена? Найперш на ніве нацыянальнай. Бо ў сучасным мітуслівым свеце, дзе скрозь касмапаліты ды мігранты, так хочацца не забывацца на сваё, адчуваць уласную прыналежнасць да супольнасці — адметнай, непаўторнай, самабытнай.

І не толькі таму мы сёння даём слова гуманітарыям, што праблемы нацыянальнай культуры, мовы і літаратуры роднай газеце бліжэйшыя. Але яшчэ і таму, што "лірыкаў" часам незаслужана крыўдзяць. Маўляў, якая ад іх даследаванняў рэальная карысць? Давайце разбірацца. А дапаможа нам у гэтым дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ.

  Агульны культурны ўзровень яшчэ ніхто не адмяняў, і што, скажыце, мы рабілі б без нашых гуманітарыяў? Хто яшчэ ў свеце так шырока і глыбока вывучае беларускую культурную спадчыну, як не нашы навукоўцы? Мінулы год у даследчыкаў Інстытута выдаўся, між іншым, асабліва плённым:

— З'явілася цэлая серыя выданняў са збору твораў класікаў беларускай літаратуры — Якуба Коласа, Максіма Танка, Івана Шамякіна. Выйшлі значныя працы, прысвечаныя гісторыі беларускай літаратуры. Апублікавана некалькі манаграфій, прысвечаных даследаванню сучаснага літаратурнага працэсу і ролі літаратуры ў сучасным грамадстве. Пабачылі свет чарговыя тамы Гістарычнага і Этымалагічнага слоўнікаў беларускай мовы. Яны ствараюцца ў нашай краіне ўпершыню, маюць выключна важнае значэнне для развіцця гуманітарнай навукі і істотна ўздымаюць прэстыж беларускай лінгвістычнай навукі ў славянскім свеце.

Неабходная і патрэбная ў сваёй краіне

Беларуская мова, да нашай уцехі, апошнім часам становіцца ўсё больш прыкметнай у краіне. Ёю ахвотна карыстаецца моладзь. Усё больш часта і ўпэўнена яна гучыць у дзяржаўных установах. А беларускамоўная рэклама сёння — увогуле модны трэнд. Выдатна! Абы толькі правільна гаварылі ды пісалі. І вось тут без навукоўцаў нікуды.

— Значна часцей да нас сталі звяртацца па кансультацыі, — расказвае кіраўнік Інстытута мовы і літаратуры. — Фарміруюцца беларускамоўныя сайты розных міністэрстваў і ведамстваў, зараз якраз дапамагаем стварыць такі Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду. Наогул шмат прапаноў па праектах, звязаных менавіта з рэальным пашырэннем беларускай мовы ў розных сферах ужытку. Ёсць цікавасць да стварэння беларускіх галіновых тэрміналагічных слоўнікаў. Ужо ажыццёўлены пераклад на беларускую мову Агульнавоінскіх статутаў. Мы якраз падышлі да таго перыяду, калі на дзяржаўным узроўні пачынае звяртацца больш пільная ўвага менавіта на гуманітарныя праблемы, нацыянальныя прыярытэты. Сёння сапраўды можна заўважыць, што беларуская мова больш шырока прымяняецца ў тых афіцыйных сферах ужытку, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны. Ёсць спецыяльная ўрадавая праграма па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах ужытку. І яе карысць ужо адчуваецца на практыцы. Беларуская мова зараз пачынае ўсведамляцца як неабходная і патрэбная.

Праграмныя палажэнні — гэта ўсё цудоўна, аднак, як кажуць, што можа быць лепш за... асабісты прыклад. Мінкульт перайшло на родную мову з лёгкай рукі свайго кіраўніка — Паўла Латушкі. Так што жыццёва неабходны нашай мове яшчэ і "піяр". Даследчыкі перакананыя: найлепшым стымулам для павышэння аўтарытэту і прэстыжу беларускай мовы, пашырэння яе выкарыстання ў многіх сферах будзе з'яўляцца прыклад найбольш вядомых, аўтарытэтных, паважаных асоб краіны.

— А гэта і творчая інтэлігенцыя, і навукоўцы, і прадстаўнікі сферы дзяржаўнага кіравання. Чым больш мы будзем чуць беларускай мовы менавіта ад такіх асоб, тым больш яна будзе прывабнай для грамадзян нашай краіны, — мяркуе Аляксандр Лукашанец.

Многім патрэбны не проста ўзор для пераймання, а яшчэ і... кампанія. Куды лягчэй, пагадзіцеся, гутарыць з людзьмі на адной мове. Навукоўцы рэкамендуюць:

— Патрэбна пільная ўвага з боку ўсіх узроўняў нашага кіраўніцтва да стварэння беларускамоўнага фону. Чым больш мы будзем бачыць і чуць беларускую мову на вуліцах, ва ўстановах, тым з большай павагай да яе будуць ставіцца і радавыя карыстальнікі, тым лягчэй ім будзе яе выкарыстоўваць.

Дарэчы пра лёгкасць выкарыстання. Хто, як не навукоўцы, дапамагае нам камфортна пераходзіць на новы правапіс? Узброіўшыся распрацаванымі імі даведнікамі, засвойваць новае лёгка і проста.

Прэстыжная за мяжой

Навукоўцы сваімі даследаваннямі падтрымліваюць мову не толькі ў сябе на радзіме, але і прапагандуюць яе за мяжой. Нядаўна Інстытутам сумесна з Саюзам беларусаў Латвіі ажыццёўлены грунтоўны праект па падрыхтоўцы да выдання "Беларуска-латышскага і латышска-беларускага слоўніка".

— Ён мае выключна важнае значэнне для пашырэння нашай мовы ў замежжы, — перакананы дырэктар Інстытута. А калі знаёмства з нацыянальнымі каштоўнасцямі выходзіць за межы краіны, гэта якраз сведчыць пра іх значнасць і важнасць у сусветным культурным асяроддзі.

У Латвіі выданне атрымала, кажуць, вельмі шырокі рэзананс.

— Яго прэзентацыя адбылася ў будынку Рыжскай думы з удзелам дэпутатаў Сейма, прадстаўнікоў іншых органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, грамадскасці. З прывітальным пісьмом да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуўся прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс. Ён адзначыў, што выданне такога слоўніка з'яўляецца важным крокам не толькі ў вывучэнні беларускай і латышскай моў, але і садзейнічанні нашым двухбаковым сувязям у сферы адукацыі, культуры і эканомікі.

Слоўнік, безумоўна, атрымаў прызнанне і ў Беларусі. Яго галоўны рэдактар Іван Лучыц-Федарэц удастоены прэміі НАН Беларусі за найлепшы міжнародны навуковы праект. І ў галіновым Інстытуце лічаць гэта абсалютна заслужаным:

— Выданне з'яўляецца яскравым прыкладам сапраўднай культурнай дыпламатыі. Сёння ў імклівым і дынамічным свеце вельмі важна захаваць менавіта гуманітарныя каштоўнасці, нацыянальныя культуры, мовы і літаратуры. Неабходна ведаць не толькі сваю спадчыну, але і іншых, перш за ўсё суседніх народаў. Толькі так можна больш даведацца адно пра аднаго і належным чынам ацаніць сваё.

Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці не галоўны для ўсёй краіны прынцып на блізкую будучыню — навуковы падыход. Да вытворчасці, эканомікі, да жыцця ў цэлым. І справа не толькі ў высокіх тэхналогіях і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика