Непазбежнасць пакарання, або Хто павінен сядзець у турме?. 21.by

Непазбежнасць пакарання, або Хто павінен сядзець у турме?

01.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пракурор Брэсцкай вобласці Сяргей ХМАРУК паклікаў журналістаў на прэс-канферэнцыю, якая прысвячалася вынікам работы органаў пракуратуры вобласці за 2010 год. Падчас гутаркі мы даведаліся, што летась у вобласці было здзейснена на 2,7% злачынстваў менш, чым у папярэднім годзе. Паменшылася колькасць злачынстваў, якія ўчынілі падлеткі, а таксама групы асоб. Крыху менш, як год таму, здзейснена цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. І гэта ўсяляе пэўны аптымізм. Але разам з тым прагучала і такая лічба: на 10000 насельніцтва здзейснена 108 злачынстваў. Гэта значыць, на кожную сотню чалавек, у лік якіх уваходзяць немаўляты, дашкольнікі, старыя, нямоглыя, ляжачыя, прыпадае крыху больш за адно злачынства. Вось "званочак" у бок крымінальнасці і маральнасці нашага грамадства наогул і падстава для таго, каб яно, грамадства, больш дбала аб сваёй будучыні. Бо амаль кожны з нас, радавы ці пры пасадзе, у нейкі момант можа паспрыяць таму, каб папярэдзіць як капеечнае правапарушэнне, так і мільярдныя справы.

Вядома, журналістаў найбольш цікавілі тыя самыя мільярдныя справы. Напрыклад, сітуацыя вакол будаўнічай кампаніі "Аблічча", якая фактычна абанкруцілася і пакінула сам-насам каля пяцісот брастаўчан. Апошнія ўнеслі розныя сумы грошай на будаўніцтва кватэр у дамах мікрараёна "Кавалёва" і ў цэнтры горада. Дамы стаяць недабудаванымі. Людзі, многія з якіх узялі крэдыты і ўнеслі да ста тысяч долараў за кватэру і пачалі тыя крэдыты выплачваць, не маюць сёння ўяўлення пра свой далейшы лёс. Некаторыя з іх падалі іскі ў суд з патрабаваннем вярнуць грошы. Суд іскі задаволіў. А кіраўніцтва "Аблічча" заяўляе, што грошай у арганізацыі няма. Людзі кінуліся ў органы ўлады, а там ім патлумачылі, што ААТ — гэта прыватная фірма, у якую дольшчыкаў ніхто сілай не пхаў.

Аўтар гэтых радкоў таксама прыглядалася да дома палепшанай планіроўкі, які ўзводзілі побач з вяслярным каналам, калі паўстала пытанне аб паляпшэнні жыллёвых умоў. Як адзін з варыянтаў мы з мужам разглядалі магчымасць заключыць дагавор з названай фірмай, сваю двухпакаёвую кватэру прадаць, узяць крэдыт, а на кароткі час зняць жыллё. Тэрміны здачы былі нават пазначаны на пашпарце аб'екта. Калі меркаваць па напісаным, да канца будоўлі заставаліся лічаныя месяцы. Цяпер нават страшна ўявіць, што было б, калі б мы спыніліся на гэтым варыянце. Былі б зараз з сям'ёй і без грошай, і без кватэры. Таму зразумелы адчай людзей, якія ходзяць па судах, па кабінетах, і ніхто ім не кажа, што будзе далей.

Апошнім часам вырашаецца пытанне наконт перадачы недабудаваных дамоў будтрэста № 8, адной з самых салідных будаўнічых фірмаў у горадзе. Але ўзнікае пытанне, за што будзе ўзводзіць трэст гэтыя дамы? Нават калі прадаць усю маёмасць "Аблічча", а частку грошай выдзеліць бюджэт, сродкаў не хопіць. А людзі не могуць уносіць значныя сумы звыш таго, што ўнесена. Нядаўна гаспадарчы суд вобласці адхіліў заяву ААТ "Аблічча" аб пачатку працэдуры банкруцтва. Такім чынам, суд абазначыў сваю пазіцыю: фірма павінна вынайсці сродкі, каб разлічыцца з даўгамі. Такой жа думкі прытрымліваецца і пракурор вобласці. Сяргей Хмарук сказаў, што зараз ідзе праверка дзейнасці гаспадарчага суб'екта праваахоўнымі органамі, хутка да іх падключыцца і Дзяржкантроль. Па выніках праверкі будуць зроблены высновы, ці ёсць у дзейнасці ААТ склад злачынства. Галоўнае, паводле слоў пракурора, прымусіць іх разлічыцца па даўгах, а прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выпадку падстаў для гэтага, ніколі не позна.

Абмяркоўваліся на прэс-канферэнцыі і пытанні карупцыі. Аказалася, што ў 2010 годзе ў вобласці было выяўлена 346 злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. З іх у сферы дзяржаўнага кіравання — 66 злачынстваў, 50 — у гандлі, 47 — у прамысловасці, 33 — у сельскай гаспадарцы, 22 — у будаўніцтве, 12 — у галіне аховы здароўя. Да карупцыйных правапарушэнняў адносяцца як дача хабару ў буйных памерах, так і выкарыстанне, скажам, службовага транспарту ў асабістых мэтах. І калі супрацоўнік Столінскай пракуратуры выступіў у мясцовай газеце, дзе напісаў, што паездка на абед на службовай машыне разглядаецца з прававога пункту гледжання як праява карупцыі, то артыкул той зрабіў сапраўдны фурор у раёне. Мабыць, нават спалохаліся службоўцы і нейкі час на абед пехатой хадзілі. Але добра і тое, што людзі былі праінфармаваныя. Цяпер у выпадку чаго ні ў каго не будзе нагоды сказаць, што не ведаў.

Недахоп інфармаванасці ў моладзевым асяроддзі адзначыў пракурор вобласці пасля сваёй сустрэчы з падлеткамі абласнога цэнтра, якія стаяць на ўліку ў міліцыі. Найбольш іх цікавіла, якія тэрміны зняволення пагражаюць за крадзеж, за бойку, іншае дробнае хуліганства. Значыць, да рызыкоўнага кантынгенту падлеткаў трэба даводзіць гэтую інфармацыю ўсімі сродкамі.

Цікава было таксама ведаць меркаванне брэсцкага пракурора наконт далейшага ўдасканалення сістэмы пакарання. Сяргей Канстанцінавіч лічыць, што пакаранне пазбаўленнем волі павінны вызначаць зыходзячы са ступені небяспекі для грамадства злачынства і асобы, што яго здзейсніла. У агульнай масе злачынстваў у вобласці цяжкія і асабліва цяжкія склалі 9,2%. Асобы, што іх здзейснілі, павінны сядзець у турме. А вось у дачыненні да астатніх трэба падыходзіць больш уважліва. Калі дзеянне асобы не ўяўляе пагрозы для грамадства, ёсць сэнс даць такому чалавеку магчымасць выправіць дапушчаную памылку. А кампенсаваць урон, нанесены дзяржаве, установе або грамадзяніну лепш і хутчэй за ўсё атрымаецца на працы, а не за кратамі.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пракурор Брэсцкай вобласці Сяргей ХМАРУК паклікаў журналістаў на прэс-канферэнцыю, якая прысвячалася вынікам работы органаў пракуратуры вобласці за 2010 год....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика