З людзьмі і сам-насам. 21.by

З людзьмі і сам-насам

03.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Новыя пісьмы пра галоўнае

..."З чаго пачынаецца ваш дзень?" — любяць пытаць журналісты падчас інтэрв'ю.

"З кубачка гарбаты", — любяць адказваць ім суразмоўцы, — "З кароткай прабежкі", "З прагляду газет" (у электронным выглядзе тая ж "Звязда" выходзіць на 12 гадзін раней), "З выгульвання сабакі"...

Што, безумоўна ж, праўда! Але праўда, так бы мовіць, для друку, бо калі па шчырасці, то як ні круці, а дзень павінен пачынацца са шчаслівага (бо прачнуліся ж!) "Добрай раніцы!", якое мы кажам сваім сямейнікам — дзецям, бацькам, дай Бог, каханым "суседу ці суседцы па ложку", брату... У крайнім выпадку — любімаму кату ці сабаку, фікусу, небу...

З чаго пачынаюцца лісты ў газету? Як правіла, з іх жа, з вітанняў, у большасці сваёй звычайных: "Добры дзень, дарагая рэдакцыя!" (як варыянт — "Паважаныя звяздоўцы!", "... сябры!" альбо "...шаноўнае спадарства!"). Але ж сустракаюцца і старыя, як свет: "Дабры́дзень, "Звязда!", альбо "Маё шанаванне...!", "Добрага Вам здароўечка!", а то і наогул: "Добрым людзям добрых дзён!", пасля чаго, згадзіцеся, проста НЕЛЬГА НЕ БЫЦЬ ДОБРЫМ.

Але ж многім з нас, людзей Беларусі, гэта... не патрэбна — ні ад іншых, ні ад сябе: мы — і куды часцей — кажам і чуем іншыя прывітанні.

"Так склалася": "да другой прывучыліся мовы", як пісала адна з чытачак, адмовіліся ад сваёй. Аднак, на шчасце і пакуль — не ўсе.

Прачытала, потым перачытала ў нумары за 15 студзеня роздум над "старымі пісьмамі пра галоўнае" і зноў не вытрывала, зноў пішу, пішу насуперак свайму ж абяцанню не рваць болей нервы, не "ўлазіць" у моўныя пытанні, бо каму што даказваць, — разважае спадарыня Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. — Таму "беларусу", які, схаваўшыся ў кусты (не называючы прозвішча), крычыць, што ў нас ніколі не прыжывуцца словы <І>лецішча, квіток і гульцы? Таму ж не нашмат смялейшаму спадару Ж., які не проста не разумее, што такое крама, адсоткі, наклад і асобнік, але і не хоча ні чуць, ні разумець! Горш за тое — просіць не выносіць іх на старонкі газеты, каб яшчэ і я не чула і не здагадалася. А па якім праве? Зрэшты, гэта пытанне мяне хвалюе менш, — прызнаецца падпісчыца "Звязды" з больш чым 20-гадовым стажам. — Куды больш — тое, як можна ісці вайной на нашы спрадвечныя беларускія словы і пры гэтым "не заўважаць" "матаў-пераматаў", якія ракой ліюцца з вуснаў беларусаў, як можна мірыцца са словамі-паразітамі, якімі не грэбуе нават начальства. На свае вушы нядаўна чула, што ў бліжэйшую вясну "как бы не существует угрозы паводка", што "мы живём (ад гэтага і наогул, як кажуць у нашай вёсцы, "вум раскірэчыўся") в обществе как бы людей".

Ну, калі ўзяць і згадзіцца з тым, што мы "как бы люди!", то тады і мова свая ў нас "как бы есть" — нават раўнапраўная з рускай. А дзе вы яе чуеце, дзе вы яе бачыце?" — пытае чытачка.

Напэўна, на гэта пытанне і яна, і кожны з іншых адкажа па-свойму (рэдакцыі, безумоўна, цікава: як канкрэтна?).

А пакуль уласны і, на жаль, вельмі сумны досвед: дзе (апроч сцен рэдакцыі) чую беларускую? Зрэдку — па радыё. Трохі часцей (што называецца, здымаю капялюш!) — у сталічным грамадскім транспарце. Не ад пасажыраў (яны, у лепшым выпадку, "разгаварываюць" на трасянцы), не ад кіроўцаў (хоць ёсць выключэнні): назвы прыпынкаў, абвесткі, запісаныя на магнітную стужку, перадаюцца праз інфарматары. І (што, магчыма, цікава) пасажыры ўсё разумеюць, спакойна едуць, спакойна выходзяць на станцыях-прыпынках "плошча Перамогі", "...Незалежнасці", "Кастрычніцкая"... Ніхто не пытае: "Как это будет по-русски?". Тады для каго мы пішам на шыльдах (!) "Журавинка", "Свитанок", "Бульбочка", "Магазин "Сяброўскі", на хлебе — "Рогалик "Натхненне", на яйках "Знатные, обогащённые селеном и йодом", на трыкатажных вырабах "Купалинка", на муцэ...

Пакет нядаўна прывабіў: нечаканым (прынамсі, для мукі) колерам, беларускім арнаментам, намаляванымі, ветраком, пад якім з такім форсам было напісана "Панскі гатунак".

А крыху ніжэй — мука Старожитная гречневая.

У рускай мове няма слова старожитный, у беларускай грэчка пішацца праз э...

Але ж гэта яшчэ неяк праглынуў бы (і не такое даводзіцца), калі б не прыпіска збоку: "Покупая нашу продукцию, Вы поддерживаете отечественнога производителя". Пасля чаго вельмі ж хацелася спытаць у таго самага айчыннага вытворцы (ААТ "Гроднахлебапрадукт"): "А вы (ну, згадзіцеся!), не паважаючы мову карэннага насельніцтва (і першую (!) з дзвюх дзяржаўных), паважаеце тым самым свайго пакупніка?".

Не без таго — многім з іх, тых пакупнікоў, "как бы" "па барабану", што там намалявана і напісана на пакеце — абы мука. Але ж такія не ўсе.

"Цягам свайго жыцця я не сустракаў заўзятых праціўнікаў беларушчыны, — дзеліцца назіраннямі спадар Гаўрыш з Чавусаў. — Нейкая частка суграмадзян навучылася ў школе чытаць ды пісаць, размаўляе на мове свайго акружэння і думак не мае, якія там словы з рускай, якія з беларускай, польскай ці яўрэйскай.

Процістаяць ім людзі ўлюбёныя — у сваю зямлю, сваю культуру, сваю мову. Яны размаўляюць на ёй, яны гатовы яе абараняць.

А пасярэдзіне — большасць народу. Беларускую мову яна разумее (пакуль), але сама ёю не карыстаецца. Каб загаварыць, ёй, той большасці, патрэбен штуршок".

Ім, як сцвярджае Валерый Мікалаевіч, можа стаць змяненне "Закона аб мовах", у якім дастаткова закрэсліць тры літары сумнавядомага злучка (...на беларускай або рускай мове) і напісаць нарэшце адну (на беларускай і рускай мове). Тады, напэўна ж, больш перадач будзе на тэлебачанні і радыё, больш артыкулаў у двухмоўных газетах, больш шыльдаў і інфармацыі аб таварах, больш шанцаў у адукаваных (!) філолагаў-беларусаў, каб зарэкамендаваць сябе з лепшага боку ў сваёй прафесіі, а не пачынаць спачатку — шукаць іншую... Больш магчымасцяў будзе ў той самай мовы, каб паказаць сябе — ва ўсім сваім багацці і мілагучнасці. Што, магчыма ж, зменіць адносіны да яе, да літаратуры.

Пакуль жа...

"Пісьменнікі — гэта інжынеры чалавечых душ, гумарысты — яшчэ і хірургі. Пяром і скальпелем яны вылечваюць людзей ад хібаў і заганаў, вучаць жыць", — піша спадар Лоўгач з г. п. Акцябрскі і пытае, чаму так мала пісьменнікаў сярод дэпутатаў усіх узроўняў, сярод людзей, адзначаных рознымі ўзнагародамі; чаму зніклі з газет "Літаратурныя старонкі", як магчымасць для тых, хто пачынае, каб праявіць свае здольнасці.

Чаму, працягнем, пра запіс новай песні-аднадзёнкі інфармацыя па тэлебачанні ёсць (і сама песня таксама), а вось пра выхад новых раманаў і аповесцяў, новых паэтычных зборнікаў, лічы, што няма. І ці не прывядзе гэта да таго, што многія — нават вядомыя беларускія пісьменнікі — у хуткім часе будуць тварыць, як яўрэйскі паэт Хайм Мальцінскі — для сваёй цешчы, якая, дасканала ведаючы ідыш, усё напісанае магла не толькі зразумець, але і адчуць!..

Маленькае хатняе заданне для тых, хто лічыць, што ад перакладу твор нічога не траціць — абразок Янкі Брыля.

"Старэнькай маці, калгасніцы, адняло мову. Прыляцеў самалётам вучоны сын, два дні сядзеў над ёю, і толькі на трэці яна апрытомнела. І першае, што сказала, — спыталася:

— А ці абедаў жа сынок?..

Колькі яму — пажылому мужчыне, былому ваяку — каштавала, каб не заплакаць!"

Яно ж проста — напісанае перакласці на іншую мову, потым параўнаць з арыгіналам тое, што атрымалася, і тады, магчыма зразумець, ці лёгка чуць у тых жа кнігарнях (часам адрасаванае дзецям): "Палажы на месца. Гэта ж па-беларуску".

Што, дарэчы, ужо не здзіўляе — прывыклі. Здзіўляе, мякка кажучы, іншае.

Знаёмая (маладая мінчанка — у першым пакаленні) паскардзілася нядаўна, што не чуючы, не бачачы беларускай (ніхто не забараняе, так, але ж нішто і не спрыяе!) не ўсё на ёй разумее. Вядома ж, пакуль не ўчытаецца... А таму, маўляў, і брацца не хоча. Нават за любімых калісь Быкава і Караткевіча.

Што ў гэтым дзіўнага? Магчыма, нічога, калі не ведаць, што жанчына скончыла філалагічны факультэт універсітэта (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры)!..

Зноў жа знаёмыя — сужэнцы, маладая сям'я. Першынца, двухгадовае дзіця, здалі ў садок, крыху павадзілі, а больш прасядзелі з ім дома, бо малы там пастаянна хварэў. Пашкадавалі — вырашылі завезці ў вёску да бабулі з дзядулем, што здавалася цалкам лагічным: там вялікі, утульны дом, свежае паветра, сваё малако...

Як вынік — за тры з паловай месяцы дзіця ні разу не закашляла, але адтуль яго забралі — назад, у горад. Чаму? Малы, пажыўшы ў вёсцы, пачаў размаўляць па-дзедаўску, па-беларуску. "З яго ж потым смяяцца будуць", — жахнуліся бацькі.

Ці не таму, што з іх ужо "адсмяяліся"?

Як гэта бывае? Ці вам казаць?

Не раз, прынамсі, пісала пра найпершае, элементарнае — свае спробы перакусіць. Без пытанняў (літаральна) зрабіла гэта толькі аднойчы — у невялічкай кавярні ля ваенных могілак. Ва ўсіх астатніх — прадаўцам, афіцыянтам было няўцям, чаго я хачу: недзе не ведалі, што такое кава або гарбата, недзе — што такое цукар, нідзе — што такое вяршкі.

З імі і наогул да анекдотаў даходзіла: "С верхом же налито!" — абуралася афіцыянтка ў адным месцы, у другім здзекліва пыталі: "А корешков не хотите?!". "Давайце! — сказала неяк на поўным сур'ёзе, — тры цаны плачу!".

Трэба было бачыць твар хлопца-прадаўца: азадачаны, ён круціў галавой, глядзеў на паліцы з таварам, думаў, што ж гэта такое?

Выбар цыгарэт у яго за спінай быў досыць багаты, карашкоў (табакі-самасаду), вядома ж, не было. Як, дарэчы, і слова ў пяцітомным слоўніку. Але хлопец, як падалося, тлумачэнне яго прапытае, знойдзе!

Знайсці б і нам дзейны, надзейны спосаб барацьбы з пагардай! Бо (падкрэслю: па маіх назіраннях) тыя ж нашы афіцыянты, прадаўцы, службоўцы, чыноўнікі стараюцца, хочуць зразумець любога замежніка, часам — нават адказаць на яго мове. А вось тутэйшых...

Маленькая хітрасць: апошнім часам, забіраючы пакупкі і рэшту, заўсёды з усмешкай кажу прадавачцы, што мяняю сваё дзякуй, на яе калі ласка. І...

Нават у гэтым выпадку чую "Пожалуйста"!

Зрэшты, што тут пра ягадкі... Пісала ўжо ("Звязда, 3.11.10), як аднойчы спытала ў сустрэчных, дзе б перакусіць, як у адказ пачула загад: "Говорите со мною по русски!..", а потым, на пытанне, чаму гэта, і грознае: "Потому, что я ненавижу этот ваш долбаный...".

Каюся, разгубілася — не змагла адказаць ды і не ведаю, ці варта было, бо той сустрэчны на голаў вышэйшы, п'янаваты. Да таго ж "напаў", што называецца, у чужым горадзе, на пуставатай вуліцы, зусім нечакана.

Хоць, слова зусім тут не дакладнае, бо на працу і з працы, штодзень, лічы, праязджаю міма двух, відаць, прыватных дамоў. На адным (назвы вуліц у Мінску напісаны па-беларуску) красуецца шыльдачка "ул. 100летова" (гаспадар, відаць, "прыкалоцца" вырашыў, пажадаць мінакам "ста лет!"). На другім жа — ці не справа прынцыпу: уласнік меў клопат, замовіў тую ж шыльду з назвай па-руску. А хай бачаць!..

Не ведаю, як іншыя, я, асабіста, бачачы, яшчэ і чую (у страха вочы вялікія) — фразу... Пра "этот ваш долбаный"... І думаю: нехта з пераехаўшых — у тую ж Прыбалтыку, Украіну, Казахстан — можа (што цалкам магчыма) не любіць літоўскай, эстонскай, казахскай альбо ўкраінскай мовы... Але толькі ў Беларусі пра гэта можна беспакарана гаварыць і крычаць, нават ганарыцца.

Чаму так адбываецца? Адказ зноў жа з канверта: "Наша славутая талерантнасць (цярпімасць, паводле слоўніка. — В.Д.) прывяла да таго, што ў краіне з'явілася і імкліва пашыраецца, цэлая папуляцыя людзей, па сутнасці, ніякай нацыянальнасці, манкуртаў, бязбацькавічаў — піша спадар Масалкоў з Віцебска. — Яны не ведаюць ніводнай з моў — ні роднай, ні замежнай, яны не ведаюць і не шануюць сваё мінулае... Між тым па краіне час ад часу грыміць: "Мы беларусы!" Каму і што мы хочам тым самым даказаць, каго пераканаць? Саміх сябе? Але ж ніхто — ні палякі, ні эстонцы, ні фіны — не крычаць, хто яны па нацыянальнасці. Гэта і так зразумела, бо ў іх ёсць мова. Наша ж — пад пагрозай знікнення, па-ранейшаму".

І не трэба, відаць, пісаць чаму. "Мы, грамадзяне Беларусі, у 1996 годзе, — піша спадар Спірыдовіч з г.п. Івянец, — зрабілі, на мой погляд, вялікую памылку: не падумаўшы аб наступствах, далі згоду на двухмоўе... Большасць, на жаль, можа памыляцца. І ў сусветнай гісторыі мы знаходзім таму пацвярджэнне"...

Рэферэндум 1996-га — справа даўняя, разважанні, напэўна ж, наіўныя, але...

Калі нехта з сямейнікаў прыходзіць дамоў з тэмпературай ці насмаркам, можна праводзіць апытанне — раіцца з сябрамі, суседзямі на тэму, чым і як лячыцца. Калі ж, крый Божа, у некага адкрыты пералом, пухліна, так званы востры жывот ці боль у сэрцы, — тэрмінова клічам спецыялістаў, дактароў.

Да слова тут будуць і разважанні вядомай пісьменніцы Лідзіі Арабей: "— Як народ скажа... Вунь за Сталіна ўсе крычалі! Зрабі тады рэферэндум, усе б за яго...".

Выснова: "Трэба, каб разумныя, чэсныя людзі вялі народ за сабою, а не падстройваліся пад яго...".

Ці ёсць у нас "разумныя, чэсныя людзі", — пытанне, безумоўна ж, рытарычнае: і былі, і ёсць, і будуць! Як і слушныя думкі на тэму, што рабіць, каб не знікла мова, а разам з ёй не перастала існаваць, не была сцёртай з карты Еўропы (гл. "Звязда" 29 студзеня г.г.) і тая "сінявокая, добраўпарадкаваная, поўная сіл і энергіі Беларусь", учыніўшы самагубства. Але аб гэтым у наступным роздуме-аглядзе "З людзьмі і сам-насам".

Валянціна Доўнар.

Р.S.Спадарыня Карней з Мінска ў якасці водгуку на папярэдні артыкул прыслала дзве невялічкія кардонкі — упакоўкі ад "Нафазаліна" (кропель у нос). На адной — састаў іх, тэрмін прыгоднасці, рэкамендацыі па захоўванні, каардынаты вытворцы (ТАА "Славянская аптэка" Уладзімірская вобласць, п. Вольгінскі) усё напісана па-беларуску. На другой — вытворчасці ААТ "Фармтэхналогія", адрас Рэспубліка Беларусь, г. Мінск... усё гэта пададзена па-руску!

Без каментараў? Так!

Але ж, хочацца верыць, з высновамі, якія павінны зрабіць вытворцы!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя пісьмы пра галоўнае ..."З чаго пачынаецца ваш дзень?" — любяць пытаць журналісты падчас інтэрв'ю. "З кубачка гарбаты", — любяць адказваць ім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика