Любая колькасць алкаголю наносіць шкоду здароўю. 21.by

Любая колькасць алкаголю наносіць шкоду здароўю

05.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзяржава прызнала, што здароўе і бяспека насельніцтва важней за інтарэсы вытворцаў алкаголю. Пацвярджэннем таму — Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджванні і пераадольванні п'янства і алкагалізму на 2011—2015 гады.

Перш за ўсё, згаданая праграма дае азначэнне тэрміну "алкаголь". Так што цяпер вытворцам слабаалкагольнага піва не выпадае залічваць апошняе ў шэрагі проста напояў, тым больш карысных. Напой, які ў любой дазіроўцы ўтрымлівае этылавы спірт і, адпаведна, выклікае ап'яненне, а пры злоўжыванні выклікае алкагалізм, з'яўляецца алкаголем (дакладней, арганічным растваральнікам), а значыць, ні ў якім разе не з'яўляецца прадуктам харчавання! Алкаголь абавязкова пакідае разбуральны след у арганізме. Размова толькі аб тым, наколькі разбуральны. А вось гэта сапраўды залежыць ад дозы.

Паводле слоў галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксея АЛЯКСАНДРАВА, існуе цэлы пералік захворванняў, пры якіх алкаголь нельга ўжываць у прынцыпе. Узяць хоць бы хваробы сэрца, сардэчна-сасудзістай сістэмы. Ужыванне такімі пацыентамі алкаголю адназначна павышае іх шанцы заўчасна памерці ад, скажам, раптоўнага спынення сэрца, інфаркту ці інсульту. Рэкамендацыя ў дачыненні да алкаголю, як адзначаюць нашы нарколагі, можа быць адна: чым менш, тым лепш.

Наогул лічыцца, што ў любым грамадстве каля 25 працэнтаў людзей ігнаруюць алкаголь цалкам, гэта значыць, вядуць цвярозы лад жыцця. З астатніх 75-ці — 20 працэнтаў выпіваюць каля 80 працэнтаў вырабленага алкаголю. Зразумела, што далёка не ўсе гэтыя 20 працэнтаў дажывуць непасрэдна да алкагалізму — найбольш рэальнай для іх уяўляецца заўчасная гібель ад іншых захворванняў, справакаваных празмерным ужываннем алкаголю.

Мэта дзяржаўнай праграмы — вельмі простая. Знізіць ужыванне алкаголю і зменшыць негатыўныя наступствы ад гэтага ўжывання. Вось толькі як гэтага дабіцца? Што характэрна, Беларусі не трэба тут нічога вынаходзіць.

— Сусветны вопыт барацьбы з алкагалізмам даказаў эфектыўнасць прафілактычных антыалкагольных праграм, — кажа намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла НАРОЙЧЫК. — Такія праграмы дазваляюць знізіць распаўсюджанасць алкагалізму на 15 працэнтаў, страту непрацаздольнасці і інваліднасці — на 5, захваральнасць на саматычныя хваробы — на 25, рызыку траўматызму — на 10—15. Сусветны вопыт таксама паказаў, што эфектыўнасць розных мерапрыемстваў неаднолькавая. Найбольш эфектыўнымі з'яўляюцца высокае падаткаабкладанне алкагольнай прадукцыі, павышэнне ўзроставага цэнзу пры продажы алкагольнай прадукцыі да 21 года, абмежаванне доступу да спіртных напояў (часу і месца продажу), мерапрыемствы, скіраваныя на папярэджванне кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане, забарона продажу алкагольных напояў чалавеку, які знаходзіцца ў алкагольным ап'яненні, кантроль за рэкламай алкаголю і ранняе медыцынскае ўмяшанне, калі наркалагічная дапамога будзе эфектыўнай. Толькі растлумачальныя, інфармацыйныя мерапрыемствы па гэтай праблеме — пры адсутнасці забаронных мер — не даюць станоўчага эфекту...

Паступова, крок за крокам, Беларусь павінна прыйсці да змяншэння колькасці людзей, якія хварэюць на алкагалізм; злачынстваў, якія ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап'янення; нешчаслівых выпадкаў на вытворчасці, звязаных з ужываннем алкаголю. Аднак ужо зараз маладыя людзі і іх бацькі павінны ўсвядоміць, што продаж алкаголю пасля 18 гадоў не азначае, што ў 20 ці 21 "можна і трэба". Злоўжыванне алкаголем ва ўзросце ад 18 да 21 года здольнае прывесці і прыводзіць да развіцця цяжкіх формаў алкагольнай залежнасці.

Дзяржава плануе заняцца ўкараненнем такой непапулярнай меры, як скарачэнне прапановы — змяншэнне колькасці гандлёвых кропак, дзе рэалізуецца алкаголь, а таксама павышэнне кошту на алкагольную прадукцыю нават пры тым жа аб'ёме алкаголю, які выпускаецца. Відавочна, неабходна яшчэ больш жорстка абмяжоўваць і тэлевізійны час для рэкламы такой прадукцыі.

"Сёння да 30 працэнтаў прадукцыі ў харчовых магазінах могуць складаць алкагольныя напоі, — адзначае кіраўнік Цэнтра маніторынгу наркалагічнай сітуацыі РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей ОСІПЧЫК. — Гэта недапушчальна. У Швецыі, скажам, існуе дзяржаўная манаполія на продаж алкаголю. У шведскім харчовым магазіне можна знайсці толькі слабаалкагольнае піва. На астатнія алкагольныя напоі існуе дзяржаўная манаполія, і таму яны прадаюцца ў асобных магазінах, у пэўны час, пэўным людзям. Мы пакуль толькі ідзём да гэтага...".

Паводле замежных звестак, 38 працэнтаў агульнабальнічных затрат звязаны з п'янствам і алкагалізмам. Створаны летась Цэнтр маніторынгу наркалагічнай сітуацыі будзе займацца падобнымі падлікамі, у тым ліку рэнтабельнасцю мерапрыемстваў, скіраваных на зніжэнне ўжывання алкаголю і змяншэнне звязанных з гэтым негатыўных наступстваў.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяржава прызнала, што здароўе і бяспека насельніцтва важней за інтарэсы вытворцаў алкаголю. Пацвярджэннем таму — Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика