Айчынная лёгкая прамысловасць сябруе з найноўшымі тэхналогіямі і выходзіць на сувязь з пакупнікамі. 21.by

Айчынная лёгкая прамысловасць сябруе з найноўшымі тэхналогіямі і выходзіць на сувязь з пакупнікамі

08.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Не за гарамі час, калі мы будзем насіць скураныя курткі не турэцкай ці кітайскай, а айчыннай вытворчасці. Лёгкая прамысловасць краіны няўхільна набліжаецца да завяршэння сур'ёзнай мадэрнізацыі і пераўзбраення. Тым часам патэнцыйны пакупнік ужо, здаецца, "наеўся" сумніўнай якасці і часам умоўна нізкіх цэн. Аднак чым менавіта ўжо сёння могуць парадаваць айчынныя вытворцы трыкатажу, бялізны, панчошна-шкарпэткавых вырабаў — тавараў, патрэбных кожнаму і штодня? А галоўнае — дзе шукаць навінкі? Ва ўнівермагах, на рынках?

Некалі структурнае падраздзяленне, а з нядаўняга часу самастойнае прадпрыемства "Гандлёвы дом "Легпрам" прапануе пакупнікам гатовы адказ. Сёння ў Мінску працуюць чатыры магазіны гандлёвага дома. Дарэчы, на базе сваёй фірменнай сеткі "Легпрам" завяршыў нядаўна спецыяльны праект па павышэнні пазітыўнага стаўлення спажыўца да гандлёвых марак беларускіх вытворцаў. 14 прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам" атрымалі магчымасць выставіць апошнія навінкі і лепшыя тавары сезоннай калекцыі. Больш за тое, у гандлёвыя залы выходзілі стваральнікі адзення. Мастакі-мадэльеры, канструктары, супрацоўнікі маркетынгавых аддзелаў сталі... кансультантамі па продажы.

Аб намаганнях павярнуць беларускага спажыўца да беларускіх тавараў лёгкай прамысловасці расказвае дырэктар РГУП "Гандлёвы дом "Легпрам" Людміла ЦЫЦЭНЯ.

— Чым сапраўды новым парадавалі вытворцы ў межах праекта?

— У калекцыйным партфелі ЗАТ "Вяснянка" — чатыры лініі моднага, практычнага і элегантнага адзення з букле, ворсу, драпу, цвіду. Шырокі асартымент жаночага, мужчынскага і дзіцячага адзення з выкарыстаннем розных відаў палотнаў паўшэрсці, віскозы, бавоўны з утрыманнем эластану прадставіла ЗАТ "Калінка". ААТ "Надэкс" прапанавала разнастайнасць мадэляў за кошт розных сілуэтных формаў, кашулі класа Люкс, вырабы для дзяцей пад гандлёвымі маркамі Оzоrnіk і Модніца.

Сёння мы актыўна супрацоўнічаем з ААТ "Белкрэда" па продажы адзення для хлопчыкаў, а ў дзвюх гандлёвых кропках увялі ў асартыментны пералік і мужчынскае адзенне ад "Белкрэда" — мужчынскі дзелавы касцюм, штаны, пінжакі са спалучэнняў кашэміру, шэрсці, ільну, бавоўны, віскозы. Цікавай для пакупнікоў стала калекцыя "Mо Stуlе" ("Больш стылю") ад ААТ "Алеся". Спецыялісты УП "Рамгіль" знаёмілі пакупніка з асноўнымі трэндамі сезона "Восень-зіма". Вось ужо некалькі сезонаў у модзе вязанае паліто, падоўжаныя жакеты, тунікі, сукенкі. Усё гэта сёння можна знайсці ў нашых магазінах. У вязаных вырабах ПГА "Палессе" спалучаецца дабротнасць, практычнасць, зручнасць і даступны кошт. Сучасныя тэхналогіі апрацоўкі гатовай пражы дазваляюць вырабам захоўваць форму, колер, пазбягаць утварэння "катышкаў" працяглы час.

Каля 300 мадэляў прадстаўляе ў нашых магазінах Брэсцкі панчошны камбінат. У калекцыі жаночых калготак "Dеа Mіа" выкарыстаныя новыя віды сыравіны, тэхналогіі вязання і спецыяльныя апрацоўкі з алоэ-вера, вітамінам Е. Новая лінія жаночых калготак з мульціфібрай — гэта большая трываласць і цеплыня пры той жа шчыльнасці калготак са звычайнай ніткі. У мужчынскіх шкарпэтках пераважаюць камбінаваныя запраўкі з бамбуку, бавоўны, паўшэрсці, віскозы з ніткай эластану, вырабы з антыбактэрыяльнай апрацоўкай. У дзіцячай лініі "Тапатушкі" прымяняюцца імітацыя ручной вышыўкі, ажурныя, жакардавыя, плюшавыя перапляценні, камп'ютарныя малюнкі.

ААТ "8 Сакавіка" парадавала пакупнікоў вырабамі, упрыгожанымі новымі сучаснымі набіўкамі, штучным друкам. Непадробную цікавасць выклікала калекцыя джэмпераў і балеро з трыкатажных палотнаў, з укладаннямі шэрсці і віскозы. Навінкай сталі панчошна-шкарпэткавыя вырабы для мужчын і жанчын з пражы, якая ўтрымлівае ангоравую нітку. Такія шкарпэткі вельмі цёплыя, пушыстыя, шаўкавістыя. Тэхналагічная службы ААТ "Купалінка" распрацавала новы від трыкатажнага палатна з пражы Zеrо. Гэта нітка, секцыйна пафарбаваная некалькімі колерамі. Палотны з такой пражы маюць "зебрысты" эфект розных малюнкавых камбінацый. Увазе пакупнікоў была прадстаўлена калекцыя тэрмабялізны, асноўным прызначэннем якой з'яўляецца захаванне цеплыні. Тэрмабялізна для спорту і адпачынку — шматслойная. Ніжні слой адводзіць ад цела вільгаць, а верхні працуе на выпарванне. За кошт гэтага цела не знаходзіцца пастаянна ў вільготным стане, а значыць, не пераахалоджваецца.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць ААТ "Белфа" імітаваць натуральнасць у мехавых вырабах — верхнім жаночым адзенні, накідках і палярынах для ўрачыстых падзей, дэкаратыўных дыванках, пледах, коўдрах, падушках і г.д. Сярод навінак — падушкі і коўдры з шэрсці авечкі.

Сёння канцэрн распрацаваў калекцыі са скуры і ўжо ў бліжэйшы час плануе продаж першай партыі ў сетцы нашых магазінаў. Набываць сыравіну за мяжой дорага. Ставіцца задача — забяспечыць свой сыравінны патэнцыял. Адсюль і праект па развіцці скураной вытворчасці, асваенні і выпуску адзення са скуры. Плануецца рэалізаваць вялікую праграму па імпартазамяшчэнні вытворчасці баваўнянай пражы, па вытворчасці высоканумарной пражы, што адназначна павысіць якасць гатовых вырабаў. Пражу высокіх нумароў будзе выпускаць у вялікіх аб'ёмах Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне.

— А калі з'явіцца такая пража, якая не дазволіць бялізне пайсці наперакос пасля мыцця?

— Як бы дзіўна гэта ні прагучала, але такія паводзіны бялізнавага трыкатажу абумоўленыя якасцю тавару. Такі трыкатаж мае свае стандарты, у тым ліку па расцяжцы. Бавоўна — натуральная сыравіна, схільная да дэфармацыі ў пэўных межах. Дабаўленне да бавоўны паліяміду, іншай сінтэтычнай сумесі надае вырабу большую стабільнасць. Такім чынам, чым менш у вырабе бавоўны, тым менш яна будзе губляць форму. Калі на этыкетцы пазначана "100-працэнтная бавоўна", а яна зусім не дэфармуецца, значыць, перад вамі ўсё ж такі не 100-працэнтная бавоўна.

Варта дадаць, што на сёння прадпрыемствы адпрацавалі тэхналогію вырабу палатна з нітак дзвюх крутак — левай і правай. Такая тэхналогія дае высокі працэнт стабільнасці. Першай тэхналогію асвоіла "Купалінка", а на сёння ўжо амаль усе вытворцы баваўняных вырабаў прапануюць тыя ж майкі, якія не павінны даваць перакос.

— Усе прадпрыемствы лёгкай прамысловасці прадстаўленыя сёння ў буйных універмагах і магазінах. Навошта гандлёваму дому спатрэбілася адкрываць свае гандлёвыя кропкі?

— Мы паступова адкрывалі ў сталіцы свае магазіны. Іх адрасы — Раманаўская Слабада, 1; Ракаўская, 18; Партызанскі праспект, 54; праспект Ракасоўскага, 79. Так мы імкнёмся апрабіраваць новую прадукцыю канцэрна — верхні трыкатаж, бялізну, швейныя і панчошна-шкарпэткавыя вырабы, — а таксама вывучаем попыт і паляпшаем рэалізацыю. Зараз вырашылі правесці мадэрнізацыю гандлёвых плошчаў — укараняем сучасныя формы гандлю. З новага года ў магазіне на Ракаўскай мадэрнізавана абсталяванне, вырабы прадстаўлены калекцыйна. Сёння ў нашых магазінах прадаецца больш жаночага адзення. Толькі адзін прапануе дзіцячае адзенне і абутак. Напярэдадні ж 23 лютага на праспекце Ракасоўскага і па вуліцы Раманаўская Слабада адкрыем секцыі мужчынскага паўсядзённага і верхняга адзення.

— Магазіны "Легпрама" з'явяцца і ў рэгіёнах?

— Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн, маюць даволі шырокую фірменную сетку па ўсёй краіне. Хоць мы разважаем над тым, каб у нейкіх абласных гарадах выступіць адзіным Гандлёвым домам "Легпрам", дзе будзе прадстаўлена прадукцыя і тых прадпрыемстваў, якія не маюць фірменнай сеткі ў канкрэтным рэгіёне.

— Якія прапановы пакідаюць у вашых гандлёвых кропках пакупнікі?

— Часцей за ўсё ўзнікаюць пытанні такога кшталту: чаму няма 52 памеру вось гэтай мадэлі? Мы пастаянна працуем з вытворцамі адносна запаўнення нішы вялікіх вырабаў, бяром у прадпрыемства ўвесь пералік памераў. Іншая справа, калі дызайнеры прадумваюць канструкцыю канкрэтнай мадэлі толькі да пэўнага памеру. Не кожная мадэль можа быць 52—54 памераў.

— Мне здаецца, у нейкі момант беларусы пачалі глядзець на айчынныя вырабы лёгкай прамысловасці без асаблівай цікаўнасці: маўляў, што ў нас можа быць прывабнага, тым больш моднага?..

— Сапраўды, такое меркаванне мае месца. Людзі розных узростаў сёння цікавяцца модай, знаёмяцца з актуальнымі тэндэнцыямі. Так што вытворцы не расслабляюцца, пастаянна абнаўляюць і дапаўняюць сезонныя калекцыі, прапануюць спажыўцу вельмі шырокі асартымент. І трэба заўважыць, на замежным рынку нашы тавары вельмі канкурэнтаздольныя. Наогул каля 60 працэнтаў вырабаў гэтай групы ідзе на экспарт.

Адсутнасць жа цікавасці айчыннага пакупніка да айчыннай прадукцыі тлумачыцца, я лічу, адсутнасцю поўнай інфармацыі аб таварах вышэйназванай групы. І таму наш гандлёвы дом бачыць перад сабой вельмі важную задачу — расказаць насельніцтву пра тыя змены, што адбываюцца. Нашы прадпрыемствы працавалі пэўны час на заказ, на давальніцкай сыравіне, а на сёння яны ажыццявілі пераўзбраенне, назапасілі вопыт работы з замежнымі фірмамі і літаральна павярнуліся тварам да пакупніка.

— Можа, яны яшчэ хутчэй павярнуліся б да пакупніка, калі б канцэрн адпусціў іх у свабоднае плаванне?

— Тады далёка не ўсе выжылі б. Цяпер кансалідаваная работа вытворцаў з канцэрнам — вельмі неабходная. Аддзелачнае абсталяванне для тэкстыльнага трыкатажу галіны і швейнае абсталяванне не вырабляецца ў нашай краіне, а яго набыццё за мяжой — непад'ёмная ноша для самога прадпрыемства. Тэхнічнае "падсілкоўванне" збоку патрэбна для развіцця, у творчасці ж ніхто нікога не абмяжоўвае.

Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы прадпрыемствы не проста выжылі, а вельмі высока ўзняліся. У некаторых нашых суседзяў няма нічога падобнага. У Казахстане, напрыклад, лёгкая прамысловасць не атрымлівае датацый, там рэалізуецца толькі завезенае. У Расіі лёгкая прамысловасць стала прыватнай, але сёння актыўна развіваецца. У недалёкай будучыні гэта наш канкурэнт, паколькі Расія застаецца асноўнай краінай нашых экспартных паставак: туды накіроўваецца 80 працэнтаў прадукцыі, якая ідзе на вываз.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не за гарамі час, калі мы будзем насіць скураныя курткі не турэцкай ці кітайскай, а айчыннай вытворчасці. Лёгкая прамысловасць краіны няўхільна набліжаецца да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика