Хто ў цераме жыве?
17.02.2011
—
Новости Общества
|
На падворку Генадзя Пузанкевіча з Жодзіна цэлы заапарк: разгульваюць вясёлкавыя фазаны, рознакаляровыя дэкаратыўныя куры, пасвіствае, седзячы на кусце, вялікі зялёны папугай. Гулліва скача па вальеры, бы шчаня, сонечна-рыжая лісіца. Пухнатае ваверчаня Чып даверліва бярэ семкі з рук…
Заходзім у дом — вялікі, драўляны, увесь упрыгожаны разьбой, спраектаваны і пабудаваны гаспадаром. Кожны пакой — як казка, ці экспазіцыя музея, ці кавалак Белавежскай пушчы… Вось стаіўся ў зеляніне лебедзь, прыціхлі ў кутку бусел і чапля, прыселі на галінку вялікая і малая совы. А там як зляцеліся з усяго свету на белае палатно сотні разнакаляровых матылёў. Уражвае арлан-белахвост: распастрыў шырачэзныя крылы, пагрозліва падняў кіпцюрастую лапу. А побач — буры мядзведзь… “Церамок мой немалы, — смяецца Генадзь, — змясціў больш за трыста відаў птушак і жывёл, вялікіх і малых”. На падворку — віруе жыццё, а гэтыя істоты замерлі, не падаюць ніякіх гукаў, хоць і выглядаюць як жывыя. Гэта чучалы, якімі Пузанкевіч займаецца больш за трыццаць гадоў. Колькі сябе памятае, Генадзь Пузанкевіч цікавіўся прыродай. Па некалькі тыдняў у лесе прападаў: назіраў за птушкамі і жывёламі, рабіў замалёўкі, фотаздымкі. Неяк знайшоў забітых качак, нядбайна кінутых паляўнічымі на беразе возера. “Ці ж можна, — уразіўся хлопчык, — знішчаць прыгажосць дзеля забавы?” Вырашыў даць птушкам другое жыццё. Як? “Метадам спроб і здагадак… — уздыхае Генадзь. — Кніг па таксідэрміі было не дастаць. Настаўніца біялогіі параіла, як здымаць з птушак і жывёл скуркі: ведала пра тое з універсітэта, астатняе дадумваў сам”. Хоць сёння з кнігамі, “хіміяй” праблем няма, аднак, як і раней, мастакоў-таксідэрмістаў па Беларусі — адзінкі. Бо нялёгкая гэта справа: і біялогію трэба ведаць, і цярпенне мець, і добры мастацкі густ. Многія напрошваліся ў вучні да Генадзя, а толькі адзін застаўся ў гэтым рамястве, ды сын Віктар часам робіць чучалы дзікоў. А самога Пузанкевіча як чучальніка і супрацоўніка Жодзінскага краязнаўчага музея добра ведаюць і ў Беларусі, і за мяжой. Яго работы выстаўляюцца ў розных гарадах краіны і ў Прыбалтыцы. Эксурсіі гаспадар праводзіць і дома: для школьнікаў, асобных турыстаў. У багатай калекцыі чучалаў ёсць нават унікальныя экзэмпляры. Тлумачу: Пузанкевічу прыносяць птушак і жывёл, забітых аўтамабілямі ці электратокам, загінулых ў заапарку ці лютай зімой. Дзеляцца трафеямі паляўнічыя. І ляснічыя часам просяць даць другое жыццё істотам, адабраным у браканьераў. На сядзібу Пузанкевічаў, як да доктара Айбаліта, прыносяць і падбітых ці скалечаных лясных жыхароў. І Генадзь разам з жонкай, галоўнай памагатай, даглядае, выходжвае малых. Скажам, Чып трапіў да іх яшчэ голенькім і сляпым: гняздо вавёркі няўзнак разбурылі пры валцы лесу. Кармілі па кропельцы з піпеткі, а сёння прыгожы Чып на радасць гасцям спрытна грызе семкі і арэхі. Былі на падворку лісы, казуля, розныя птушкі. Пузанкевічы вызначаюць памеры, пол, характар харчавання істот і адсылаюць звесткі ў акадэмічны Інстытут заалогіі. Гэта карысныя звесткі для напісання артыкулаў, кніг. Ведаюць у Беларусі і фотаздымкі Генадзя Пузанкевіча. Што здымае? Усё тое ж, без чаго не ўяўляе жыццё: прыроду, жывёл, птушак… Неяк за падорлікам фотапаляваў аж два тыдні, амаль не злазячы з дрэва, пакуль не зняў тое, што хацеў. Яшчэ адно хобі Генадзя Пузанкевіча — падарожжы. Ён з жонкай ужо перасек экватар, яны бачылі прыгажосць трапічнага дажджавога лесу. Генадзь узышоў на самую высокую гару Малайзіі (больш за 4 тысячы метраў), зрабіў шмат здымкаў пад час фотасафары ў Афрыцы… Дома гаспадары вырошчваюць лімоны і апельсіны, мандарыны і грэйпфруты, у садзе прывілі на рабіне грушу, а на “дрэве дружбы” — адразу 15 гатункаў яблыкаў! З Далёкага Усходу Генадзь прывёз каля 30 кілаграмаў кедравых арэхаў, здабытых уласнаручна, — проста для таго, каб раслі кедры на роднай яму жодзінскай зямлі. Людміла Мінкевіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На падворку Генадзя Пузанкевіча з Жодзіна цэлы заапарк: разгульваюць вясёлкавыя фазаны, рознакаляровыя дэкаратыўныя куры, пасвіствае, седзячы на кусце, вялікі...
|
|