Якая будучыня ў “салёных” вёсак?. 21.by

Якая будучыня ў “салёных” вёсак?

13.02.2011 17:06 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якая будучыня ў “салёных” вёсак?


Будучыня “салёных” вёсак у Салігорскім раёне нават у часы абвешчанага напрыканцы мінулага года татальнага сацыяльнага клопату мае вельмі цьмяныя перспектывы.

Чаму дваццаць гадоў назад жыхары салігорскіх вёсак атрымлівалі ключы ад кватэр у горадзе замест дамоў, разбураных ад уздзеяння горных работ, а зараз пра гэта могуць толькі марыць? Як увогуле ўплывае вытворчасць калійных удабрэнняў у Беларусі на жыццё і здароўе людзей?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт “ТіЦ” шукала ў прэс-туры, зладжаным 6 лютага ў межах кампаніі “За экалагічны дабрабыт” Беларускай асацыяцыі журналістаў па “салёных”, альбо “засоленых” вёсках Салігорскага раёна.

“МАРСІЯНСКІЯ” КРАЯВІДЫ

Па дарозе калегі захапляліся “марсіянскімі” краявідамі з акна аўтобуса, а я ўзгадала, як гадоў пяць таму тут, на “могілках” адходаў калійнай вытворчасці, здымала кліп група “Кіпелаў”. Атрымалася змрочнае фэнтэзі ў сярэдневяковым стылі. Галоўны герой — рыцар-пілігрым — трапляе ў сюррэалістычную краіну на зачараванай планеце. Там ён бачыць, як робяць свае цёмныя справы ведзьмы і ведзьмакі, блукаюць карлікі і гобліны.

…Зразумела, ніякіх гоблінаў і ведзьмаў на солеадвалах і ў сумежных з імі вёсках мы не сустрэлі, але краявіды з салігорскімі тэрыконамі сапраўды зачаравалі нашых фатографаў і аператараў. Напэўна, як і кінематаграфістаў, якія прыязджаюць сюды здымаць фільмы.

НА СОЛЕАДВАЛАХ — УСЯ ТАБЛІЦА МЕНДЗЯЛЕЕВА

Пакуль мы ехалі, наш гід, які працуе на аб’яднанні “Беларуськалій”, распавядаў пра тое, што на экзаменах у будучых гарнякоў часта пытаюцца аб тым, што знаходзіцца на солеадвалах. Правільны адказ: уся табліца Мендзялеева, у тым ліку і крыху золата.

Гэтыя горы пастаянна растуць, бо вытворчасць мінеральных удабрэнняў — працэс няспынны. Соль тут літаральна лётае ў паветры. Адходы разносяцца ветрам, потым пад дажджом камянеюць, і частка з іх сыходзіць у зямлю, разам са сцёкавымі водамі трапляе на агароды, у калодзежы.

— Вінаваціць кіраўніцтва прадпрыемства ў тым, што гэтыя горы забруджваюць наваколле, няправільна, — лічыць гід. — Дзяржава павінна вырашаць гэтую праблему.

Аказваецца, на солеадвалах спрабавалі высаджваць дрэвы, і яны прыжываліся. У зоне выпрацоўкі растуць асінкі, і работнікі руднікоў нават збіраюць там грыбы.

НАВАСТВОРАНЫЯ “ЧАРНОБЫЛІ”

Пра вёскі, якія ляжаць на нашым маршруце, гід распавядае з болем, бо менавіта з адной з іх бярэ пачатак яго род. “Зараз яны амаль мёртвыя — там засталіся толькі дачнікі і старыя. Большую частку жыхароў выселілі да пачатку 90-х гадоў: ім выдзелілі жыллё замест дамоў, пашкоджаных у выніку дзейнасці калійных камбінатаў. Да таго ж солеадвалы пастаянна пашыраліся і займалі дадатковыя плошчы. Жудасна становіцца ад таго, што мая родная вёска зараз нагадвае Чарнобыль. На жаль, у нас не праводзяць даследаванняў, якія б паказвалі, ці часцей сталі хварэць жыхары сумежных з тэрыконамі вёсак. Ведаю, што эпідэміёлагі кожную вясну аб’яўляюць, што вадой з калодзежаў карыстацца нельга. Але людзі здымаюць гэтыя паперкі з калодзежаў і працягваюць браць ваду. Пояць скаціну і самі п’юць. Некаторыя прабіваюць калонкі, спадзеючыся, што чым глыбей, тым вада чысцейшая. Самі сябе супакойваюць і жывуць”.

ТУТ ТАК СПЯВАЮЦЬ САЛАЎІ…

Першай вёскай на нашым шляху сталі Бранчыцы. Побач з імі — солеадвалы першага і трэцяга руднікоў.

Каля дома сустракаем мужчыну сярэдняга веку. Аляксандр Гурыновіч прывёз на лецішча сваякоў. “Бацькі жонкі жывуць тут з красавіка да кастрычніка, — расказаў ён. — Дом яшчэ нічога, але прасядае. Калодзеж вось прыйшлося закапаць, бо кольцы паехалі. Агарод садзім”.

Пытаемся, ці не баіцца яго сям’я ўжываць “засолены” ўраджай. “Ды не, — усміхаецца Аляксандр. — Цесць правяраў прадукцыю. Усё добра. Пагроза не такая ўжо моцная. Іншая справа, што вёска падпадае пад знос”. Суразмоўца ўзгадвае, што ў 70—80-я гады тут было каля тысячы двароў, а зараз толькі дачы і старыя. На гэтым канцы вёскі жыхароў можна па пальцах пералічыць. Шмат каго адсялілі”.

— Прыязджайце сюды ўвесну, — запрашае нас на развітанне цешча Аляксандра. — Тут так салаўі спяваюць...

Суседка Аляксандра бабуля Валянціна — шчаслівая ўладальніца аднапакаёўкі ў Салігорску, якую атрымала калісьці ад аб’яднання. Але жыць у горадзе ёй недаспадобы. “Мітусня там, летаніна, — разважае старая. — А тут мне спакойна”. Бабуля скардзіцца, што вада ў яе калодзежы благая: узровень жалеза перавышае норму. Але дзе ж ты іншую возьмеш? На просьбу журналістаў пачаставаць вадой бабуля запрашае ў хату. “Вада як вада”, — паціскаюць плячыма калегі, адсёрбваючы з металічнай кружкі.

ЯК ПІЛІ, ТАК І П'ЮЦЬ

Ніну Аляксандраўну Аладку мы сустрэлі непадалёк крамы ў вёсцы Чапялі.

— Раней я жыла вунь там, — паказвае ў бок тэрыконаў. — Потым у доме разбурылася печ, на сценах з’явіліся расколіны. Паскардзіліся ў “Белкалій”. Нас абвінавацілі, што гэта мы дом запусцілі. Вызвалі карэспандэнта з Масквы. Як ён напісаў, то мне першай далі кватэру ў горадзе, але давялося паваяваць. Было гэта ў 1985 годзе. І цяпер некаторыя пішуць заявы, але кіраўніцтва “Белкалія” адмаўляе: маўляў, не наша віна, што ваш дом разбураецца. Пакуль я жыву тут, працую, хоць і на пенсіі. Канечне, атмасфера ў нас тут неважнецкая. Выйдзеш раніцай з дома, а з боку другога калійнага камбіната такія пахі даносяцца, што дыхаць немагчыма. І ўсё забруджанае паветра сюды ідзе. Няшчасце нам тут. Зямля забалочаная, агарод не пасадзіш. Гэта ўсё ад рудніка. Ваду з калодзежаў піць нельга — нітраты там. А хіба старым будзе хто ваду вазіць з горада? Як і пілі, так і п’юць. Нічога тут добрага не свеціць, — падсумоўвае жанчына.

Спыняючыся ў вёсках Бранчыцы, Глядкі, Чапялі, мы бачылі некалькі дзясяткаў дамоў і будынкаў, сцены якіх умацаваны сцяжкамі, — спроба выратаваць будынкі ад наступстваў падземных работ. Калі зямля прасядае і далей, дамы працягваюць разбурацца, на сценах з’яўляюцца трэшчыны. Зямля не вытрымлівае цяжару солеадвалаў, якія з кожным годам патрабуюць усё большай плошчы.

Праўда, нашы людзі прывыклі жыць і не ў такіх умовах.

КАМЕНТАР СПЕЦЫЯЛІСТА

Валерый Чураў, намеснік галоўнага інжынера ААТ “Беларуськалій”, начальнік аддзела аховы навакольнага асяроддзя, у размове з карэспандэнтам “ТіЦ” патлумачыў, што да распаду Саюза існавала дзяржаўная праграма, згодна з якой людзям, чые дамы пацярпелі ў выніку горных работ, прадастаўлялася жыллё. “Сёння няма закона, які б абавязваў прадпрыемства будаваць кватэры для тых, хто жыве побач з вытворчымі аб’ектамі. Калі дом аказаўся ў аварыйным стане, і камісія на прадпрыемстве высветліла, што гэта адбылося з прычыны вытворчай дзейнасці аб’яднання, “Беларуськалій” праводзіць рамонт за ўласныя сродкі. Штогод са скаргамі на дэфармацыю дамоў да нас звяртаюцца больш за дзвесце чалавек — гэта жыхары населеных пунктаў, што размешчаны на тэрыторыі шахтнага поля: з Салігорскага, Слуцкага і Любанскага раёнаў”.

Па словах суразмоўцы, “Беларуськалій” праводзіць маніторынг навакольнага асяроддзя на ўсёй тэрыторыі горных выпрацовак. “За апошнія дзесяць гадоў не зафіксавана ніводнага перавышэння нарматываў атмасфернага паветра, — сцвярджае Валерый Чураў. — Тое ж тычыцца і стану сцёкавых вод і паверхневых вадаёмаў. Якасць пітной вады ў калодзежах кантралююць эпідэміёлагі. Наколькі я валодаю сітуацыяй, то ўплыву дзейнасці нашага прадпрыемства на якасць пітной вады не адзначаецца. У асноўным фіксуецца перавышэнне па нітратах, а гэта вынік сельскагаспадарчага і гаспадарча-бытавога забруджання. Тое ж адбываецца і па ўсёй краіне”.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будучыня “салёных” вёсак у Салігорскім раёне нават у часы абвешчанага напрыканцы мінулага года татальнага сацыяльнага клопату мае вельмі цьмяныя перспектывы....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика