Алег Праляскоўскі: "Ідэолагі — не Нампаліты, не палітрукі..."
15.02.2011
—
Новости Общества
|
Тыя ідэолагі, якія ў складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп сустракаюцца з суграмадзянамі ў працоўных калектывах, па месцы жыхарства, павінны не толькі "прасвятляць", але і вывучаць на месцы сітуацыю, дапамагаць людзям у вырашэнні самых розных жыццёвых праблем. Трэба больш актыўна займацца вывучэннем таго, што зараз хвалюе падлеткаў, не пакідаць без увагі лёс адораных хлопцаў і дзяўчат. Гэтыя і іншыя пытанні ідэолагі Віцебшчыны абмеркавалі падчас выніковай калегіі ўпраўлення ідэалагічнай работы. Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Кліцуноў займае гэтую пасаду нядаўна. Раней ён працаваў прэс-сакратаром Віцебскага аблвыканкама. Разам з прадстаўнікамі рэспубліканскіх СМІ і рэдакцый абласнога цэнтра часта выязджаў у глыбінку, каб дапамагчы журналістам асвятліць праблемы рэгіёнаў, расказаць пра напрацаваны вопыт, перспектывы развіцця. У сваім выступленні галоўны ідэолаг вобласці не ўтойваў праблемных нюансаў. У прыватнасці, пакуль рана канстатаваць, што выніковасць правядзення вядомых "інфармацыйных дзён" дасягнула жаданых вынікаў. Для выступленняў у працоўных калектывах — на прадпрыемствах і арганізацыях, па месцы жыхарства — рэдка прыцягваюцца работнікі мясцовых органаў улады, якія на месцы маглі б выслухаць людзей, унікнуць у іх праблемы. І не паўсюль адпаведных сустрэч з людзьмі столькі, колькі магло б быць. Напрыклад, у Глыбоцкім раёне іх колькасць летась была значна меншая, чым у іншых раёнах. "Асновай у інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце павінен стаць дэвіз: "Сёння неабходна эканоміка ведаў, эканоміка эканоміі і эканоміка дысцыпліны". Каб агітаваць людзей актыўна ўдзельнічаць у дасягненні пастаўленых перад вобласцю мэт, ідэолагам трэба самім верыць у рэальнасць ажыццяўлення задуманага. Трэба быць палітычна падкаванымі, — падкрэсліў новы начальнік упраўлення. — Адказна трэба падыходзіць да ажыццяўлення ідэалагічнай работы ў цэлым. Не быць адарванымі ад рэалій жыцця". Менш фармалізму, больш творчасці ў рабоце і аператыўнасці — такіх падыходаў чакаюць ад ідэолагаў. Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Леанід Кавалёў даволі нестандартна звярнуўся да ідэолагаў, намеснікаў па ідэалагічнай рабоце кіраўнікоў раёнаў з канкрэтнымі пытаннямі: "Ці ёсць у вас добры камп'ютар па месцы работы і доступ да высакахуткаснага інтэрнэту? Каб паглядзець навіны свайго ж сайта, навіны вобласці, краіны? Хто канкрэтна адказны за вядзенне сайтаў райвыканкамаў і гарвыканкамаў? Калі на англійскую мову будуць пераведзены прапановы для інвестараў?" Трэба яшчэ зрабіць многае, каб сайты адпавядалі часу, каб іх напоўненасць была актуальнай, цікавай. Каб тыя, хто адкрыў іх, не трацілі час на пошук неабходнай інфармацыі. І чаму няма спасылак на сайты гарадоў-пабрацімаў? Звяртаючыся да рэдактараў раённых газет, Леанід Кавалёў заклікаў больш актыўна паказваць у публікацыях праблемы рэгіёнаў. Пры гэтым старацца падказаць уладам, як можна было б вырашыць праблему. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы Полацкага гарвыканкама Наталля Ганебная падкрэсліла, што сёння ідэалагічны работнік — сувязнае звяно паміж органамі дзяржаўнага кіравання, самакіравання і людзьмі. І адна з задач ідэолагаў — давесці да ўлады праблемы, якія хвалююць зараз насельніцтва. Яна прапанавала для паляпшэння ідэалагічнай работы арганізаваць правядзенне абласных тэматычных семінараў для намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце па сферах дзейнасці. Было б добра праводзіць трэнінгі і іншыя падобныя мерапрыемствы перад важнымі палітычнымі падзеямі. "Тыя ж апаненты ўлады вельмі добра падрыхтаваныя для правядзення палітычных кампаній", — расказала яна калегам. — У якасці прыкладу магу прывесці сустрэчы перад выбарамі кіраўніка дзяржавы з трыма кандыдатамі. Адказваючы на пытанне выбаршчыкаў наконт таго, што яны зробяць, калі перамогуць на выбарах, усе тры кандыдаты заявілі, што расфарміруюць аддзелы ідэалагічнай работы. Значыць, бачаць у дзяржаўных ідэолагах вялікую сілу". Рэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кіраўнік абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Валерый Башметаў расказаў пра тое, што для папулярызацыі арганізацыі, каб яна атрымала яшчэ большы давер народа, трэба яшчэ папрацаваць. Больш за 9,8 тысячы чалавек у вобласці з'яўляюцца членамі арганізацыі. Эфектыўна дзейнічаюць грамадскія прыёмныя "Белай Русі". І многія праблемы, з якімі па дапамогу звяртаюцца грамадзяне, актывісты стараюцца вырашаць адразу. Шмат праводзіцца дабрачынных акцый. Вельмі актыўна дзейнічаюць арганізацыі "Белай Русі" ў Наваполацку, Ушацкім раёне. Але ж, у прыватнасці, у Талачынскім раёне ўсяго 11 чалавек у складзе арганізацыі. У рабоце калегіі браў удзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі. Расказваючы журналістам аб дзейнасці ідэолагаў, міністр адзначыў: "Ідэолагі — не нампаліты, не палітрукі. Сучасныя ідэолагі — гэта новая генерацыя людзей: разумных, з талентам і — самае галоўнае — адданых сваёй Радзіме і народу. Шурпатасці , якія ўсё-такі ёсць у ідэолагаў, будуць ухіляцца". Пацвярджэнне зладжанай работы ідэолагаў, як адзначыў міністр, — гэта вынікі мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Напрыканцы мерапрыемства міністр назваў калегію ідэолагаў Віцебшчыны адной з самых эфектыўных і плённых. Расказваючы пра работу СМІ Беларусі, міністр адзначыў, што наша краіна ўнікальная тым, што не панізіліся наклады друкаваных СМІ. І гэта нягледзячы на тое, што ўжо 20 адсоткаў насельніцтва глядзяць нумары газет на сайтах. Павялічваецца колькасць мясцовых газет, якія выйшлі на самаакупнасць. І кожная чацвёртая з іх — на Віцебшчыне. У якасці ўзорнага прыкладу, чаму можна навучыцца, міністр назваў створаны наваполацкі медыйны холдынг, дзе тэлебачанне і друк у адной "звязцы"... Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тыя ідэолагі, якія ў складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп сустракаюцца з суграмадзянамі ў працоўных калектывах, па месцы жыхарства, павінны не толькі...
|
|