Георгій Паплаўскі: "Рэалізм — душа мастацтва". 21.by

Георгій Паплаўскі: "Рэалізм — душа мастацтва"

15.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага з 80-годдзем.

"Выбраўшы сваёй музай Беларусь, Вы ў вялікай колькасці выдатных твораў праславілі веліч і прыгажосць роднай зямлі, стваральную працу нашых людзей. Яркі талент, вернасць рэалістычным традыцыям, патрыятызм і непаўторнае майстэрства прынеслі Вам заслужаны поспех і сусветнае прызнанне", — гаворыцца ў віншаванні.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сёння спаўняецца 80 гадоў выдатнаму беларускаму мастаку Георгію Паплаўскаму, правадзейнаму члену дзвюх акадэмій — Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэату многіх міжнародных прэмій. У трыццаць дзевяць гадоў яму была прысвоена прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, у сорак тры — міжнародная прэмія імя Джавахарлала Неру, у сорак сем — званне "Заслужаны дзеяч мастацтва".

Лёс да Георгія Георгіевіча быў сапраўды прыхільным, але ніколі не пеставаў у агульнапрынятым разуменні. Цяжкасцяў і праблем хапала. І ўсяго ён дабіваўся ўласнай працай.

Яго малая радзіма — ціхая, зручная вёсачка Бортнікі, што пад Бабруйскам. Тут прайшло дзяцінства, малалецтва і першыя гады юнацтва. Нарадзіўся ж Георгій Георгіевіч ва Украіне, у горадзе Роўна. Там жыла ў той час уся маміна радня, і калі ёй прыйшоў час нараджаць, жанчына на гэты час з вёскі паехала да сваіх, у горад. А пасля вярнулася назад, у Бортнікі.

Бацькі Георгія Паплаўскага — рускія, са старавераў. Бацька доўгія гады працаваў слесарам на фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце ў Бабруйску. Па тых часах гэта была добрая, грашовая спецыяльнасць. На камбінаце яго цанілі і за ўмелыя рукі, і за стараннасць, добрасумленнасць.

Трэба сказаць, што ўся радня Георгія Паплаўскага была вялікімі працаўнікамі. Бацька ледзь свет ужо быў на нагах і абавязкова што-небудзь майстраваў, завіхаўся па гаспадарцы. Потым ехаў на працу, а вяртаючыся вечарам дадому, зноў з галавой паглыбляўся ў хатнія турботы. І так з дня ў дзень.

Сам Георгій Георгіевіч прызнаецца: "Калі мне штосьці і ўдалося зрабіць у гэтым жыцці, дык толькі дзякуючы таму, што бацькі здолелі выхаваць ува мне любоў да працы. Хоць, па праўдзе кажучы, мая працавітасць ужо на парадак ніжэйшая. Гарадскія ўмовы, напэўна, адбіліся. Я вось прачынаюся рана, але адразу ўставаць не люблю. Затое калі вазьмуся за працу, то раблю ўсё з захапленнем, з азартам. Часам ля мальберта магу прастаяць і сем гадзін, і восем, і больш".

Маляваць яму хацелася з дзяцінства. Праўда, умоў для гэтага не было. Вайна, пасляваенная разруха. Ні добрай паперы, ні фарбаў. Алоўкі каляровыя і тое дастаць было цяжка. Але ён усё ж маляваў! Вялікую ролю ў дзіцячым захапленні адыграў гурток выяўленчага мастацтва ў Бабруйскім Доме піянераў, якім кіраваў Барыс Фёдаравіч Бяляеў. Менавіта яму ўдалося прывіць дзецям любоў да прыроды і распаліць першае жаданне самому штосьці намаляваць. Выхаваныя ім у лепшых традыцыях рускай рэалістычнай школы, яны пазней паспяхова закончылі спецыяльныя ВНУ і сталі прафесійнымі мастакамі.

Так, напрыклад, за плячамі Георгія Георгіевіча — Мінскае мастацкае вучылішча і тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне жывапісу.

У свой час ён быў у сяброўстве з многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі — Іванам Мележам, Аркадзем Куляшовым, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылем, Алесем Адамовічам, Аляксеем Кулакоўскім, Міколам Лупсяковым...

Акрамя мінскіх выдавецтваў, яму нярэдка рабілі заказы і маскоўскія. Паплаўскі, напрыклад, афармляў юбілейны аднатомнік Васіля Быкава, "Палескую хроніку" Івана Мележа і іншыя кнігі.

Нягледзячы на тое, што Георгій Паплаўскі жывапісец па адукацыі, яму заўсёды падабаліся малюнак, гравюра, афорт. Больш за тое, яго так захапіла ілюстрацыя, што ён стаў ёй аддаваць амаль увесь свой працоўны час. Але графіка, безумоўна, займае ў творчасці Георгія Паплаўскага асноўнае месца: "Гэтая праца дастаўляла і дастаўляе мне сапраўдную радасць. Бо калі да яе ставіцца з усёй сур'ёзнасцю, з любоўю і натхненнем, для мастака ў ілюстрацыі адкрываецца прастора незвычайная. Па вялікім рахунку — гэта ўжо нават не ілюстраванне, а самастойнае мастацкае пераасэнсаванне літаратурнага тэксту".

Георгій Георгіевіч не прыхільнік дзяліць мастацтва на левае і правае, на чыстае і нячыстае. Ён цярпіма ставіцца да любых кірункаў і праяў у мастацтве: "Гэта — як кветкі на лузе: чым іх больш, тым лепш. Нельга ўсё шматквецце зводзіць да адной монакветкі. І разам з тым нельга кветку прыраўноўваць да пустазелля. У мастацтве, пры ўсёй разнастайнасці метадаў і кірункаў, павінна быць галоўнае, вызначальнае, прыярытэтнае".

Сам ён аддае перавагу рэалізму. І не таму што ён — мастак старэйшага пакалення, мастак рэалістычнага кірунку і абараняе сваю пазіцыю. Лепшыя творы, якія прайшлі выпрабаванні часам, ствараліся ў рэалістычнай манеры. Акрамя таго, немагчыма пазбегнуць сацыяльнага кірунку ў творчай рабоце. Сацыяльныя тэмы закраналіся ў любую эпоху, нават у сярэднявеччы. Па карцінах старых майстроў сёння шмат пра што можна меркаваць — пра той час, пра стан грамадства, пра чалавека, пра архітэктуру, пра пейзаж, гэта значыць — пра рэальны свет. Ён выхоўваўся на рэалістычным мастацтве, і гэты рэалізм у яго ў крыві.

Пра свой любімы кірунак Георгій Паплаўскі гаворыць так: "Мастацтву рэалізму заўсёды шлях паказвала толькі праўда. Сумленная, аб'ектыўная, глыбінная праўда жыцця. На жаль, гэту праўду нярэдка цяснілі лжывая лакіроўка, угодлівы сервілізм, нарэшце, проста бездухоўнасць. Гэта асабліва кідаецца ў вочы ў так званых "парадных" і культавых работах палітызаваных перыядаў у мастацтве". У асабістым жыцці ў Георгія Георгіевіча таксама ўсё склалася добра: "Мне пашанцавала, што побач заўсёды ёсць чалавек, які можа прафесійна ацаніць зробленае табой, сказаць сумленна і прама, калі штосьці не падабаецца. Жонка мая, Наталля Мікалаеўна, — не проста таленавіты мастак, яна вельмі шчыры, добры, клапатлівы сябар".

За час сумеснага жыцця яны вырасцілі цудоўную дачку Кацярыну. Яна ўжо таксама член Саюза мастакоў, удзельніца многіх рэспубліканскіх і міжнародных выставак. Яе карціны набывалі еўрапейскія музеі і прыватныя калекцыянеры.

Праца  Г. Паплаўскага і як мастака, і як грамадскага дзеяча мае дакладна выражаны грамадскі вектар. Гэта не значыць, што ён служыць камусьці або чамусьці з нейкіх прагматычных інтарэсаў, не, ён абсалютна бескарысліва служыць свайму народу.

Ян ЖУР.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння спаўняецца 80 гадоў выдатнаму беларускаму мастаку Георгію Паплаўскаму, правадзейнаму члену дзвюх акадэмій — Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика