Каханне і любоў. 21.by

Каханне і любоў

16.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я доўга стаю на прыпынку ў чаканні аўтобуса і ўвесь час назіраю за маладзенькімі парачкамі. Іх тут шмат, бо побач універсітэт. Напэўна, едуць пасля заняткаў.

Вось быццам бы звычайная пара — яны быццам прылепленыя адно да аднаго, увесь час абдымаюцца. Можа, грэюцца? А можа, проста не могуць не абдымацца? У яго сплюшчаная шапка і перакошаныя акуляры. А яна кахае яго.

Яшчэ адна пара. Яна прыгожая, але не чуе яго. Ён умела на пальцах тлумачыць усё, што не можа выказаць словамі. Можа, прызнаецца ў каханні. Ён кахае яе.

І яшчэ адны. Ён кідае дакураную цыгарэту на зямлю і затоптвае мужчынскім абцасам. Я не вітаю гэта. А яна кахае яго.

А вось у гэтых усё толькі пачынаецца. Ён шчоўкае шэрымі пальцамі пальчатак па мабільным і быццам не звяртае на яе ўвагі. Яна час ад часу высоўвае скарчанелыя пальцы з рукавоў, каб сагрэць дыханнем, і не адрывае ад яго вачэй. На яе змерзлых пальцах — свежазроблены манікюр і стракаты пярсцёнак, аздоблены стразамі. Яна не можа апрануць пальчаткі, бо тады ён не заўважыць яе прыгажосць і, можа, нават не пакахае. Яна стараецца заваяваць увагу. Бо кахае яго.

Усе гэтыя пары і іх пачуцці, такія розныя і такія падобныя, знаёмыя мне. Я рамантычная асоба, якая проста не можа жыць без кахання.

Сляпое каханне

Упершыню я закахалася, калі мне яшчэ не было пятнаццаці. Ён старэйшы на два гады, метр дзевяноста сем, з пульхнымі вуснамі і моцнымі рукамі. Папулярны сярод дзяўчат, ганарысты і самалюбівы, ён нічога не ўяўляў з сябе як асоба — пусты і павярхоўны. Але тады я не магла бачыць гэтага, патануўшы ў яго блакітных вачах. Новае нязведанае пачуццё ўварвалася ў маё жыццё. Я кахала так, як кахаюць толькі ўпершыню. Побач з ім у мяне вырасталі крылы, а без яго нават дыхалася цяжка. Шчасце быць разам замяняла ўсе жыццёвыя радасці. А сваркі і расстанні забівалі ў ва мне жаданне жыць. Калі нашы адносіны перажывалі цяжкія моманты, я не магла есці, не магла гаварыць. Я не здымала жалобны касцюм і знаходзіла ў сябе сівыя валасы. Я хварэла на яго. Хварэла доўга.

Шчасце ў болі

Ачуняла я ад няшчаснага кахання толькі ў васямнаццаць, калі ўжо год вучылася ва ўніверсітэце ў далёкім Мінску. Калі я нарэшце ўзняла вочы ад падлогі, то заўважыла захоплены сарамлівы позірк. Ён быў маім аднагрупнікам, поўная процілегласць Першага Кахання — сумленны, разумны, душэўны, цікаўны і рамантычны. Але я не спяшалася закахацца. Я баялася зноў захварэць. Павольна і асцярожна ўпускала яго ў сваё жыццё, пачуцці трымала пад кантролем. А ён прыгожа заваёўваў маё сэрца. І вось я зразумела, што страціла кантроль. Ад яго голасу нямела ў грудзях, ад дотыку — млелі ногі. Я правальвалася ў бездань новага кахання.

Вы любіце глядзець меладрамы? Я таксама. Гэта вобраз ідэальнага кахання для мяне. Адчайнага і трагічнага. Чым большая верагоднасць сумнага фіналу, тым больш нарастаюць пачуцці, тым больш яны зацягваюць герояў, тым большы накал, тым больш жарсцяў, тым мацней каханне. Але краху такім пачуццям не абмінуць. Гэта я зараз аналізую і раблю высновы. А тады было толькі бясконцае, здавалася, каханне і цяга да меладрам. Чым больш я пакутавала, тым больш я кахала.

Самае страшнае ў каханні — расчараванне. Ён быў для мяне ідэалам. Беззаганным, самым лепшым, героем і прынцам. І вось калі раптам ты прыўзнімаеш павекі і бачыш перад сабой слабасці гэтага чалавека, яго недасканаласць, тваё каханне церпіць крах.

Любоў да яго недахопаў

Нічога такога я не адчувала да будучага мужа. Ён паступова заваёўваў маю павагу, нарошчваў аўтарытэт. Спачатку нас звяла дапамога іншым людзям, а пасля аб'яднала бяда. Ён выхадзіў мяне хворую, як выходжвае маці сваё ненагляднае дзіця. Я паступова праніклася пачуццём удзячнасці, а потым зразумела, што люблю. Не кахаю. Люблю.

Мне хапіла кахання. Ты атрымліваеш асалоду ад таго, што адчуваеш. Ты кахаеш, па сутнасці, свае пачуцці, свае адчуванні, свае, сябе. Каханне разбурае. Ты не належыш сабе, ты не кантралюеш сябе, ты можаш жыць толькі побач з каханым, увесь астатні час ты проста існуеш.

У любові інакш. Ты любіш яго пачуцці, ты любіш яго ўчынкі, ты хочаш, каб яму было добра. Ты любіш не яго моцныя рукі ці ямачкі на шчоках, не яго начытанасць ці рамантычнасць. Ты любіш яго. Мы спакойна развітваемся, калі ідзём на працу. Мы лёгка пражываем дзень адно без аднаго. Але, калі сустракаемся ўвечары, неверагодная пяшчота ахінае нас, цеплыня разліваецца ўнутры і хочацца падзяліцца кожнай пражытай хвілінай. Маё цела не выкручвае ад жарсці, я не дрыжу, калі бачу яго, я не страчваю прытомнасць ад яго дотыку. Але яго пацалунак — самае дарагое для мяне. І я ведаю, што ён недасканалы. Але яго заганы — гэта яго асаблівасці, якімі я даражу.

Я люблю, як ён спявае, калі пыласосіць і думае, што яго ніхто не чуе. Я люблю, як ён спіць, звярнуўшыся абаранкам, і не хоча ўставаць раніцай. Я люблю, як ён ходзіць са мной па магазінах, злуецца, абяцае больш ніколі не хадзіць і ўсё роўна ідзе ў наступны раз. Я люблю, як ён робіць мне заўвагі, выпраўляе, а пасля сам памыляецца ў тым жа. Я люблю, як ён крыўдзіцца і адыходзіць праз пяць хвілін. Я люблю, як ён баіцца козыту і церпіць, калі я казычу. Я люблю, як ён робіць выгляд, што не засмуціўся, калі я псую яму прычоску машынкай для стрыжкі. Я люблю, калі ён робіць усё наадварот, а пасля скардзіцца, чаму мяне не паслухаўся. Я люблю яго.

Паслухайце, а можа, гэта і ёсць каханне?

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я доўга стаю на прыпынку ў чаканні аўтобуса і ўвесь час назіраю за маладзенькімі парачкамі. Іх тут шмат, бо побач універсітэт. Напэўна, едуць пасля заняткаў. Вось...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика