Салдацкія рытуалы і традыцыі. Фоталетапіс дзембеля. 21.by

Салдацкія рытуалы і традыцыі. Фоталетапіс дзембеля

16.02.2011 10:27 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Салдацкія рытуалы і традыцыі. Фоталетапіс дзембеля


Фатограф з Жодзіна Сяргей Гудзілін пайшоў служыць. Разам з усімі аднагодкамі. Але падчас службы ён не спыняў здымаць. З гэтага выйшаў цікавы альбом. На яго фотах - не толькі сцэны з афіцыйных мерапрыемстваў, але і прыватнае жыццё салдатаў, у тым ліку нефармальныя салдацкія рытуалы.

Што новага ў беларускім войску


"Наша Ніва": Як яно, на "гражданцы"?

Сяргей Гудзілін: Першае ўражанне — недавер да таго, што гэта скончылася... Здаецца, вось гэта проста такі кароткі адпачынак ці звальненне, хутка ўсё будзе так, як і было гэтыя паўтара года. А моцнае — ну, гэта такі эмацыйны ўздым ад твайго эга, што войска для цябе скончылася: пачуццё свабоды і волі ў дзеяннях. Адначасова адчуў і нейкае здзіўленне, што "гражданка" асабліва і не змянілася. Калі абагульняць, то было трохі перабольшанае эмацыйнае пачуццё, як бывае ў тых, хто даўно ня быў дома і вось цяпер крочыць да хаты...
 
НН: На тваіх здымках я бачыў сучасныя душавыя кабінкі ў казармах. Што яшчэ змянілася ў войску за час тваёй службы?

СГ: Паўтара года — не такі вялікі час, каб зрабіць вялікія змены ва Узброеных сілах. Калі я прыйшоў служыць, то ўжо было некалькі варыянтаў вайсковай формы, а харчаваліся мы ў сталоўцы, дзе працуе грамадзянскі персанал. У бліжэйшы час планавалі рамонт казармаў з усімі выгодамі. Апошняя значная рэформа за час маёй службы — гэта пераход з ботаў на берцы. Мабыць, мы і былі ўжо апошнім прызывам, што хадзіў яшчэ ў ботах.
Берцы цяпер ужо агульнапрызнаны элемент вайсковай формы. А боты з анучамі яшчэ не хутка знікнуць, бо ёсць у іх перавагі, якія яшчэ не пераўзышоў ніводзін від абутку. У іх зручней працаваць, да прыкладу.

НН: Кажуць, што апошнім часам у войска часцей трапляюць вясковыя хлопцы без вышэйшай адукацыі. А хто служыў з табой?

СГ: Цяпер шмат людзей з вышэйшай адукацыяй служыць, мо нават больш, чым раней. Ды і шмат што залежыць ад віду войскаў, але не так ужо шмат хлапцоў і на вёсцы засталося. Вяскоўцаў у маёй часці было каля 20%, з вышэйшай адукацыяй — 5-10%. Заўважыў сярод людзей з вышэйшай адукацыя адну асаблівасць — ім прасцей адслужыць год у войску, чым працаваць па размеркаванні на перыферыі. Служба ў войску залічваецца ім і адпрацоўку.

Ці беларускае наша войска?

НН: Як у войску з мовай?

СГ:
Думаю, сітуацыя прапарцыянальная таму, што адбываецца ў цывільным грамадстве — людзі тут тыя ж самыя. Адзінае, што заўважыў, што няма пэўнай варожасці да беларускай мовы — калі нехта недзе яе і чуе, то спакойна можа яе ўспрымаць: ад музыкі да гаворкі.

НН: У цэлым, ці змяняецца менталітэт вайскоўцаў? Ці жывыя у нашым войску яшчэ ідэі Суворава?

СГ:
Што да войска, як установы, то яно пакуль успрымае толькі каштоўнасць незалежнасці і ... яе абароны разам з Расіяй, якую наша войска таксама нейкім чынам абараняе — знаёмы ўсім набор замацаваных ідэалагемаў. Падручнікі па Дзяржаўна-прававой падрыхтоўцы змяняюцца яшчэ павольней, чым само войска. Таму для нашай арміі расійскія героі ўсё яшчэ ўдзельнічаюць у адукацыйных працэсах.

Дзедаўшчына адмірае

НН: Дзедаўшчына ў беларускім войску не знікла?

СГ:
Пэўныя элементы яшчэ захаваліся. Пераводы з аднаго перыяду ў другі, напрыклад. Але заўважыў, што ім надаецца ўсё менш увагі, ці ён проста сам па сабе фармальны, альбо проста адбываецца сам сабой па выслузе неабходнага часу. Фізічны гвалт практыкуецца ўсё менш. Зрэшты, залежыць ад часткі, напэўна.

Вайсковы фоталетапіс

НН: У сваім блогу цягам службы ты выкладаў фотаздымкі, своеасаблівы летапіс вайсковага жыцця. Як ты здолеў захоўваць фотаапарат і актыўна ім карыстацца?

СГ:
Камандаванне даведалася, што я фатограф і папрасіла рабіць для часці фотаздымкі з афіцыйных мерапрыемстваў і паўсядзённага побыту — вось быў у мяне такі афіцыйны занятак. А там дзе есць афіцыйнасць, проста павінен быў узнікнуць неафіцыйны занятак і прыватны погляд на ўсё, што бачыш, мімаходзь, а часам і прыхавана... Назавём гэта ўзаемавыгадным супрацоўніцтвам.

НН: Наколькі войска ўплывае на творчы працэс? Фантазія не прытупляецца? Ці наадварот?

СГ:
Напачатку заўсёды складана. За час службы зразумеў адну рэч, што творчасць можа прытупляцца ва ўмовах паўсядзённасці. У войску здарылася так, што самі гэтыя новыя ўмовы справакавалі мяне і маю фантазію. Іншыя жыццёвыя ўмовы, іншыя людзі і камунікацыя з імі — усё само сабой проста вымусіла глядзець на гэта па-іншаму.

НН: Як да фотасесій ставіліся саслужбоўцы?

СГ:
Гледзячы, які бок службы я здымаў. Лезці ў прыватнае чалавек і так рэдка дазваляе, а тут яшчэ і калектыў са сваім унутраным жыццём. Часам быў недавер, бо прыходзілася, здымаючы афіцыйна, мець стасункі з афіцэрамі, а гэта ў салдат выклікае падазрэнні — ці не для іх я здымаю?

НН: А як тады ўдавалася здымаць нейкія побытавыя сцэны, асабліва з элементамі дзедаўшчыны?

СГ:
Як і на любым сямейным ці карпаратыўным свяце. Павінен жа быў гэта нехта здымаць.

НН: Ці адчуваў ты цягам службы ўвагу да сябе з боку адпаведных службаў?

СГ:
Я ведаў, што за маімі дзеяннямі магчыма сочаць, чытаюць блог. Але не ў самой часці, а недзе ў іншым месцы. І таму трэба было быць асцярожным, каб не падставіць людзей і зрабіць усё, што запланаваў. Ды і каму патрэбныя праблемы тады, калі ты і так абмежаваны ў свабодзе дзеянняў.

НН: Ты даслаў серыю здымкаў пра рытуалы ў беларускім войску ў World Press Photo. Наколькі цікавая гэта тэма для замежнікаў? Не баішся, што героі твайго рэпартажу захочуць з табой сустрэцца?

СГ:
Насамрэч усё ня так жорстка, як уяўляецца, хаця і прыйшлося пазбягаць пэўнай персаналізацыі. Я разглядаў гэтую з’яву шырэй – не проста як дыскрымінацыю салдат па тэрміну службы і звязаныя з гэтым наступствы, а як унікальны субкультурны феномен ў межах сістэмы.Тэма, праўда, своеасаблівая — думаю, замежнікі, як паказвае іх рэакцыя на такія рэчы, нічога не зразумеюць. Варта ўлічваць і якасць гэтага матэрыялу…

НН: Навошта ж тады дасылаў у WPP здымкі?

СГ:
Творчы фотаграфічны эгаізм часам прагне задавальнення.

"Гэта было вольнае галасаванне"

НН: Ты заспеў Плошчу ў арміі. Як да падзей у Мінску паставіліся шараговыя салдаты, афіцэры?

СГ:
Не менш прадказальна, чым на "гражданцы". Увогуле, рэакцыя была ледзь заўважнай і амаль кожны зрабіў усё, каб гэта хутчэй забыць. Салдатам усё тлумачыў па тэлевізары прэзідэнт на прэс-канферэнцыі 20 снежня, што транслявалі па БТ — такі спецыяльны пункт у раскладзе дня быў. Афіцэры ці то пазбеглі ацэнак, ці проста не сфармулявалі сваё меркаванне.

НН: Наколькі слушнымі былі апеляцыі апазіцыйных кандыдатаў да афіцэраў?

СГ:
Гэтыя апеляцыі яшчэ мусяць быць пачутымі. Мо адзіны пункт пра жыллё меў пэўны эфект, але па астатніх наўрад ці кандыдаты маглі нешта прапанаваць. Фінансавае становішча ваенных, нават звычайных шараговых жанчын-кантрактніц, не горшы, чым у грамадзянскага люду. Я параўноўваю самы нізкі заробак шараговага салдата-кантрактніка, з заробкам сваёй маці, якая змену на фабрыцы стаіць... Пра афіцэраў тут увогуле няма чаго казаць — іх заробкі непараўнальныя з заробкамі простых працоўных.

НН: Як у войску галасуюць? Не агітавалі за Лукашэнку?

СГ:
Кажу пра тое, што перажыў сам. На здзіўленне надзвычай вольна прайшлі гэтыя выбары ў войску. Ніводзін з нампалітаў часткі ні на адным занятку не выказаў "свайго ўласнага меркавання пра кандыдата(ў)". У нас нават і галасаванне адбылася без прымусаў — салдатам сказалі – пачалося галасаванне, можаце галасаваць, калі пажадаеце. Але салдат, ён жа заўсёды шукае асабістай выгады, таму большасць хадзіла галасаваць датэрмінова. Сказаў начальніку — пайду прагаласую, ну і ў працоўны дзень ходзіць, паўдні галасуе, абы куды на працу не адправілі... А нядзеля — дзень выхадны, салдат лепей паспіць, чым пойдзе галасаваць. Хаця былі і тыя, хто прынцыпова пайшоў у дзень выбараў галасаваць. Адзінае, што кожны начальнік павінен быў ведаць, што чалавек прагаласаваў. Кантракнікі і афіцэры ў нядзелю тэлефанавалі сваім начальнік, дакладвалі — на выбары схадзіў!

НН: Саслужбоўцы не дзяліліся між сабой, за каго хто галасаваў?

СГ:
Салдаты ўвогуле мала распавядаюць пра прыватнае — толькі блізкім сябрам... 

"Я прапанаваў руку сваёй будучай жонцы ў ЖЖ"
 

НН: Ты ажаніўся ў войску. Як гэта адбылося?

СГ: У войска будучая жонка праводзіла мяне ў статусе нявесты. Восенню 2009 года я прапанаваў ёй руку… у ЖЖ. Ажаніліся напрыканцы снежня мінулага года. Але то была звыйчайная рэгістрацыя ў ЗАГСе — афармленне адносін для дзяржавы. Сапраўдны шлюб адбудзецца ўлетку пасля вянчання ў касцёле.
 


Сяргей Гудзілін нарадзіўся ў 1987 у Жодзіне. Быў сябром Маладога Фронту. Пасля Плошчы-2006 паступіў у ЕГУ на дыстанцыйнае навучанне на аддзяленне "Медыя і камунікацыі". Прафесійна займаецца фатаграфіяй. Супрацоўнічаў з газетай "Прессбол". 


Цяпер ты салдат.


Навабранец прышывае падкаўнерык.


Вечаровы прагляд праграмы "Панарама".


На размінірванні.


Абед.


Пажарная трывога.


Масавы старт.


Дзень нараджэння. Юбіляру падарылі масла, якое ён мусіць з'есці, бо рэшту давядзецца несці ў казарму на галаве ў пад шапкай.


Новы год. Конкурс: хто хутчэй з'есць торт.


ДМБ!


У часе службы Сяргей Гудзілін не перапыняў займацца фатаграфіяй.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фатограф з Жодзіна Сяргей Гудзілін пайшоў служыць. Разам з усімі аднагодкамі. Але падчас службы ён не спыняў здымаць.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика