З-за чаго ў кватэры холадна, а ў жыроўцы дорага?
28.02.2011 10:28
—
Новости Общества
|
З-за чаго ў кватэры холадна, а ў жыроўцы дорага?
Настасся Занько, Звязда
Перад тым як паступіць у кватэры, цяпло мае асаблівасць губляцца па дарозе. Недзе адсутнічае цеплаізаляцыі труб, дзесьці не ўцеплены сцены дамоў — і вось яна дадатковая капеечка з кашалька спажыўца. "З вязда" правяла сваё даследаванне, каб зразумець, у якія "шчыліны" і "дзіркі" ўцякаюць нашы з вамі грошы. Cтраты на кацельнях — ад 8 да 12 адсоткаў Самае першае звяно ў сістэме "вытворца — спажывец цяпла" — гэта кацельні. Наколькі эфектыўна ідзе праца там? — Каэфіцыент карыснага дзеяння (ККДз) выпрацоўкі цяпла на нашых сетках складае 94 адсоткі, — расказвае Сяргей Люціч, начальнік вытворчага аддзела "Мінсккамунцепласеткі" . —Акрамя спажыўца, адзін-два адсоткі выпрацаванага цяпла ідзе на нашы ўласныя патрэбы: хімводападрыхтоўка, на патрэбы мазутнай гаспадаркі, на ацяпленне нашых уласных адміністрацыйных будынкаў. У выніку ў сетку да спажыўца трапляе каля 92 адсоткаў выпрацаванага цяпла — "карыснага водпуску ў сетку"... Цяпер нашы паказчыкі дасягнулі такіх велічынь, што рэзервы скарачэння цепластрат на крыніцы практычна ўжо вычарпаны. Рэзерв складае каля двух адсоткаў, калі мы дасягнём узроўню 96 адсоткаў у ККДз. Па звестках Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ККДз кацельняў Беларусі складае 88-92 адсоткі. — У прынцыпе, гэта нармальны паказчык, блізкі да сусветнага, — каментуе Анатоль Шагун, начальнік аддзела камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ Беларусі. — Аднак тут ёсць магчымасці росту. Па цепласетках "сплывае" 15-17 адсоткаў Наступны ўчастак, дзе могуць адбывацца цепластраты, — самі трубы. Як паведаміў спадар Люціч, пакуль цяпло ідзе ад іх кацельні да батарэі мінчан, у сярэднім губляецца 6-6,5 адсотка. — Але зноў-такі на ўчастках сетак, якія выпрацавалі свой рэсурс, страты могуць даходзіць і да 20 адсоткаў, — распавядае Сяргей Люціч. — Што ў такіх выпадках рабіць? Мы бачым па прыборах уліку, што ў нас сапраўды дзе-нідзе сустракаюцца такія страты. І стараемся замяніць трубы. Тыя тэхналогіі, якія мы сёння прымяняем, могуць дазволіць звесці страты цяпла на цепласетках да 3-5 адсоткаў. Прынамсі, так заяўляюць вытворцы. Увогуле без страт перадаць цяпло немагчыма. Аднак яны будуць мінімальнымі пры нармальнай укладцы, якасным мантажы, тэхабслугоўванні. У цэлым па Беларусі, па звестках Міністэрства ЖКГ, цепластраты ад крыніцы цяпла да спажыўца складаюць каля 15-17 адсоткаў. Гэта лічба большая яшчэ і з-за таго, што з 16 тыс. км цепласетак рэспублікі тэрміновага рамонту патрабуюць 2,5 тысячы (у год звычайна мяняецца 700-800 км труб). — Я магу адразу запэўніць, што гэтыя страты людзям у кошт не выстаўляюцца. Таму што ва ўсіх дамах, у якіх больш за 20 кватэр, працуюць падомныя прыборы ўліку цеплавой энергіі. Яны лічаць спажыванне цяпла кожным домам, — запэўніў Анатоль Шагун. — І калі ідуць скаргі на тое, што недзе холадна, а плата за цяпло высокая, то гэта праблема жыллёвага фонду. — Калі цеплакрыніца рэканструяваная і яе эксплуатацыя знаходзіцца на высокім узроўні, практычна бессэнсоўна чакаць далейшага павышэння эфектыўнасці сістэмы толькі ад кацельні. У такім выпадку неабходна ісці да спажыўца, — мяркуе спадар Люціч. Без капітальнага рамонту дом губляе ад траціны ўсяго цяпла Калі сістэма цепласетак, па словах спецыялістаў, знаходзіцца ў больш-менш задавальняючым стане, то атрымліваецца, што найбольшай "чорнай дзіркай" страт цяпла становяцца нашы з вамі дамы. — Дамы, што не прайшлі капітальны рамонт, губляюць фактычна ад 30 адсоткаў цяпла, а ў некаторых і больш, — распавядае галоўны спецыяліст аддзела навукова-тэхнічнага цэнтра інстытута "Белжылпраект" Васіль Макарэвіч . — У панэльным доме больш за ўсё цяпло губляецца праз сцены, стыкі сценавых панэляў. Цяпло губляецца таксама праз вокны, праз прытворы, там дзе акно прымыкае да сцяны. Такія страты характэрныя і для цагляных дамоў. Калі вы жывяце ў такім доме, то, паставіўшы руку пад акно, вы адразу адчуеце, як "цягне" з-пад падаконніка. Страты цяпла таксама залежаць ад таго, наколькі якасна праходзіць эксплуатацыя дома, ажыццяўляецца падрыхтоўка да зімы. Такія дробязі, як даводчыкі на дзвярах, і іх шчыльнае прыляганне, а таксама цэлае шкло ў пад'ездзе, могуць даць сваю долю ў скарачэнні цепластрат. Вельмі важна наяўнасць прыбораў уліку цяпла, гарачай і халоднай вады. Хоць сам прыбор не эканоміць, але гэта дысцыплінуе жыхароў. — Пасля капітальнага рамонту тэарэтычна магчыма знізіць цепластраты на 40-60 адсоткаў, — расказвае Васіль Макарэвіч. — Аднак па факце атрымліваецца 30 адсоткаў. Потым асноўнай крыніцай страт цяпла становіцца вентыляцыя. Таму зараз усё больш і больш прымяняюцца сістэмы рэкуперацыі, калі выпрацаванае цёплае паветра ачышчаецца, падаграваецца і падаецца назад у дом. Такім чынам эканомія можа быць вельмі і вельмі значнай. Але пры гэтым павінен быць зроблены капітальны рамонт... Большасці дамоў патрэбна цеплавая рэабілітацыя — Мы ведаем "тонкія" месцы страт цяпла ў спажыўца. Магу расказаць на прыкладзе нашага адміністрацыйнага будынка, — апавядае Сяргей Люціч. — Мы правялі цеплавую рэабілітацыю: замянілі вокны і ўцяплілі сцены. І эканомія склала каля 10-15 адсоткаў у параўнанні з яго спажываннем да рэканструкцыі. Пры такім зніжэнні цепласпажывання можна казаць, што праведзеныя мерапрыемствы даюць дадатны эфект. А поўная акупнасць праекта не перавысіць 8 гадоў. Большасці дамоў патрэбна такая, няхай нават мінімальная цеплавая рэабілітацыя. Натуральна, што гэтыя мерапрыемствы патрабуюць значных фінансаў, але эфект ад іх рэалізацыі будзе адчувальны. Такі прыклад паказвае, што сёння мы маем дастатковыя рэзервы эфектыўнасці выкарыстання цяпла ў спажыўца. І, як вынік, усёй вышэйназванай сістэмы. Праз 5-10 гадоў асноўная маса кватэр будзе патрабаваць неадкладнага капітальнага рамонту Гадавое заданне па капітальным рамонце на рэспубліку за апошнія некалькі гадоў звычайна перавышала 1 млн м 2 . Згодна з інфармацыяй нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2009 год жыллёвы фонд Беларусі складае 228,2 млн м 2 . Гарадскі жыллёвы фонд — 153,1 млн м 2 . Шаснаццаць гадоў таму ён складаў 123,6 млн м 2 . А з гэтага вынікае, што асноўная маса гарадскіх дамоў пабудавана да 1995 года. І праз максімум 5-10 гадоў будзе рэзка патрабаваць капітальнага рамонту (тэрмін эксплуатацыі жылых дамоў — 25 гадоў, пасля капітальнага рамонту — 40). Няхай з таго часу было ўжо адрамантавана 15-20 млн м 2 (дапусцім, што ў год, пачынаючы з 1995-га, рамантавалася каля 1 млн м 2 жылля), а за пяць-дзесяць гадоў пры запланаваных тэмпах капітальнага рамонту можна будзе адрамантаваць яшчэ каля 5-10 м 2 жылля. Пры няхітрай арыфметыцы атрымліваецца яшчэ 90 млн м 2 жылля, якое ў 2015—2020-х гадах будзе масава патрабаваць капітальнага рамонту. А значыць, у графе "ацяпленне" кошт будзе расці з павышэннем тарыфаў... Аўтарытэтна: У 2015 годзе мы плануем выйсці на такі паказчык па капітальным рамонце, як 3 млн кв.м у год, — заявіў днямі Анатоль Шагун. Па яго словах, гэта дазволіць зняць найбольшую колькасць зваротаў грамадзян па гэтым пытанні. Размеркаванне цепластрат для 5-павярховага будынка, паводле інфармацыі інстытута "Белжылпраект" Найменне элемента Страты цяпла (%) Да капітальнага рамонту Пасля капітальнага рамонту Сцены 42 14 Падвал 5 3 Вокны 16 28 Дах 7 4 Вентыляцыя 30 50 Як самастойна зменшыць цепласпажыванне? Парады інстытута "Белжылпраект" 1. Сачыць за вокнамі; калі недзе адыходзіць шкло, рама, то пры першых прыкметах варта адрамантаваць, калі гэта не шклопакеты, то абавязкова іх уцяпліць. 2. Варта агледзець уваходныя дзверы і пры неабходнасці таксама ўцяпліць іх. 3. Батарэя — асноўная крыніца цяпла, таму не варта каля яе ставіць мэблю і іншыя рэчы, якія могуць перашкаджаць доступу цяпла. З-за частай фарбоўкі на батарэі збіраецца тоўсты слой фарбы, які з'яўляецца своеасаблівым бар'ерам для цяпла. Можна адбіць гэты слой, што таксама палепшыць цеплаправоднасць батарэі. 4. Тэмпература на лесвічнай пляцоўцы не павінна быць меншай за 16 градусаў. Таму, калі вы заўважаеце адчыненыя ці разбітыя вокны, дзверы, балконныя дзверы, люкі ўваходу на дах, паспрабуйце іх зачыніць ці выклічце спецыялістаў. 5. Калі ваша кватэра — самая халодная ў доме, можаце паспрабаваць яе ўцяпліць, прычым гэта можна зрабіць афіцыйна. Для жыхароў сельскай мясцовасці прадугледжаны льготныя крэдыты па цеплавой мадэрнізацыі. 6. Калі ў вашай кватэры занадта холадна ці занадта горача не прамініце адразу патэлефанаваць у ЖЭС. Калі горача, сістэму адрэгулююць і вам не прыйдзецца плаціць за "ператоп". У выпадку, калі вы мерзнеце, то вас наведае спецыяльная камісія, і пасля будзе зроблены пераразлік. 7. Дадаткова можна патэлефанаваць у бюро энергааўдыту. Спецыяльная служба прыйдзе, вызначыць прычыны цепластрат і "прапіша" лячэнне
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перад тым як паступіць у кватэры, цяпло мае асаблівасць губляцца па дарозе. Недзе адсутнічае цеплаізаляцыі труб, дзесьці не ўцеплены сцены дамоў — і вось яна...
|
|