Замок. 21.by

Замок

01.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Трымаць рот на замку", "за сямю замкамі" — у народнай культуры замок заўсёды быў сімвалам таямнічасці, замкнёнасці, закрытасці, і, можа, менавіта таму, аховы і абароны. Практычна ўсе замовы маюць заключны выраз: "Ключ, замок, амінь" ці "Словам маім ключ і замок". У той жа час, калі адчыніць замок з дапамогай ключа, гэта можа сімвалізаваць уваход у якія-небудзь новыя, невядомыя сферы пазнання.  Калі першы раз выганялі скаціну ў поле, часцей за ўсё на Юр'я, з замком абыходзілі ўвесь статак, затым замок замыкалі і казалі: "Я замочак замыкаю ад усіх пашчаў". Лічылася, што такімі сімвалічнымі дзеяннямі "закрывалі" пасткі ваўкам, і хатняй жывёле нічога не пагражала.  Набытая карова павінна пераступіць цераз адкрыты замок, затым яго замыкалі і ўносілі ў хату. Лічылі, што ў такім выпадку карову ніхто не скрадзе і яна не адаб'ецца ад статка.  Каб карова-першацёлка не з'ела сваё цяля, на рогі ёй вешалі замок.  6 студзеня гаспадыня абмотвала стол невялікім ланцугом і замыкала на ім замок, каб на ўвесь год "закрыць" языкі ўсім нядобразычліўцам сям'і.  Такія ж дзеянні выконваліся, калі камусьці з членаў сям'і неабходна было ісці ў суд.  Каб не пусціць эпідэмію ў вёску, падчас абворвання разам з іншымі рэчамі рытуала ў зямлю закопвалі замкнёны замок. У такім выпадку вёску не крануць аніякія хваробы.  Дзверы нашых продкаў ніколі не зачыняліся. Але ў час эпідэміі воспы ці іншага інфекцыйнага захворвання на дзверы спецыяльна вешалі зачыненыя замкі. Лічылася, што гэта спыніць распаўсюджванне эпідэміі.  Замком "закрывалі" зубы ваўку, калі неабходна было перанесці з вёскі ў вёску кросны — у дарогу абавязкова бралі зачынены замок.  Падчас вясельнай змовы сваха клала пад парог хаты нявесты адамкнёны замок. Калі жаніх са сватам і дружынай выходзілі з хаты, сваха хуценька замыкала замок, а ключ кідала ў раку, каб нішто не перашкодзіла будучаму вяселлю.  Перад тым, як жаніх павінен быў унесці нявесту ў хату, пад ручнік, якім быў засланы парог, клалі адамкнёны замок. Потым замок замыкалі, а ключ неслі ў хату нявесты, а замок захоўваўся ў хаце жаніха. Лічылася: як гэты замок ніхто ніколі не адкрые, так і пара заўжды будзе разам. І толькі ў тым выпадку, калі ў сям'і не нараджаліся дзеці, хтосьці з пары быў бяздзетным, "вясельны" замок неабходна было абавязкова адкрыць.  "Вясельным" замком зачынялі дзверы пакоя, куды сыходзілі маладыя на першую шлюбную ноч — каб ніхто не сурочыў.  Калі ў хату ўносілі куфэркі з пасагам маладой, пільна сачылі за тым, каб замкі на іх былі адамкнутымі, інакш нявестка не зможа нарадзіць.  Менавіта па той жа прычыне падчас родаў у хаце павінны быць адчынены ўсе замкі і запоры. Калі роды былі вельмі цяжкімі, сваякі парадзіхі ішлі ў храм і прасілі адчыніць царскую браму — каб "выпусціць" душу дзіцяці на свабоду з улоння маці.  Калі дзяўчына засядзелася "ў дзеўках", на Юр'я (6 мая) трэба было абавязкова адамкнуць у хаце ўсе замкі і запоры.  Замок выкарыстоўвалі і для нанясення шкоды гаспадарцы, для таго, каб пасварыць паміж сабой пару, "забраць" патэнцыю ці наслаць бясплоддзе і г.д. Таму да падкінутых ці знойдзеных замкоў заўсёды ставіліся з перасцярогай і ніколі не прыносілі іх у хату. Аксана Катовіч, Янка КРУК
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Трымаць рот на замку", "за сямю замкамі" — у народнай культуры замок заўсёды быў сімвалам таямнічасці, замкнёнасці, закрытасці, і, можа, менавіта таму,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика