Чаму трагічна загінулі чатыры беларускія пагранічнікі?
01.03.2011
—
Новости Общества
|
Чатыры вайскоўцы-кантрактнікі трагічна загінулі, перакуліўшыся на службовым "ГАЗе". Пагранічнікаў выкінула на асфальт разам з грузам — бардзюрнымі плітамі, якія, у парушэнне службовай інструкцыі, склалі ў адным кузаве з вайскоўцамі. Аказалася, што вадзіцель "ГАЗа" не меў права на перавозку такой колькасці людзей. Але камандзіры сістэматычна прызначалі яго перавозіць асабовы склад пагранкамендатуры. У выніку асудзілі толькі вадзіцеля. У той жа час некаторыя з яго камандзіраў атрымалі павышэнні па службе. Падрабязнасці жахлівага здарэння ў матэрыяле "Звязды". Аварыя пад Давыд-Гарадком здарылася 18 снежня 2008 года. Аднак акалічнасці сталі вядомы толькі нядаўна, калі ў Брэсцкім міжгарнізонным ваенным судзе разглядалася справа былога маёра, які на момант трагічнага здарэння часова выконваў абавязкі кіраўніка пагранкамендатуры і даваў каманду грузіць пагібельныя бетонныя пліты. Усе пагранічнікі служылі ў пагранкамендатуры "Рэчыца". — Яшчэ ў 2009 годзе асудзілі вадзіцеля Дзмітрыя Кананца, па віне якога здарылася дарожна-транспартнае здарэнне. А зараз разглядаецца справа па артыкуле 456 — халатнасць, — паведаміў "Звяздзе" старшыня Брэсцкага міжгарнізоннага суда Ігар БІЛІБУХА . У аўторак 15 лютага міжгарнізонны суд апраўдаў Мікалая Дубойскага "за адсутнасцю складу злачынства". Сваякі загінулых пагранічнікаў не пагадзіліся з гэтым рашэннем і падрыхтавалі касацыйныя скаргі. З-за чаго загінулі чатыры пагранічнікі? Журналісту "Звязды" сталі вядомы страшныя акалічнасці дарожна-транспартнага здарэння. Сведка аварыі: "У пагранічніка дзірка ў лобе, а на грудзях камянюка..." 18 снежня 2008 года байцы пагранічнай камендатуры "Рэчыца" (усяго 13 чалавек) ехалі на службовым аўтамабілі ГАЗ-33081 "Садко" ў бок часовага пагранічнага паста "Мутвіца", які знаходзіцца на беларуска-ўкраінскай мяжы. На аб'язной шашы ля Давыд-Гарадка машыну з ваеннаслужачымі раптоўна занесла і перакуліла на 360 градусаў. Журналісту "Звязды" ўдалося сустрэцца з непасрэдным сведкам трагедыі (размова запісана на дыктафон, звесткі пра чалавека не друкуем). — Час быў перад абедам, ехалі дадому па аб'язной дарозе з боку Лісовіч (вёска ля Давыд-Гарадка. — Я. В. ). Галалёд быў страшэнны, дарогу не паспелі пасыпаць пяском (гэты факт быў дакладна ўстаноўлены следствам. — Я. В. ). Ехалі, можа, з хуткасцю 20 км/г, слізгота такая была — жах. Тэнтаваны "Газон" з пагранцамі нас абышоў. Хоць таксама ехаў павольна, можа, 45 км/г. Дык вось метраў праз дзесяць пасля абгону завіляла нешта машына, слізгота ж такая. Пагранічнікаў занесла на іншы бок дарогі, — сведка паказвае рукой на супрацьлеглую ад нас узбочыну. — І вось, бачыш, стаяць бетонныя слупкі абапал дарогі. Адзін з гэтых слупкоў быў напалову абламаны, з зямлі тырчаў цюблік. Машына левым пярэднім колам стукнулася ў гэты цюблік, яе адфутболіла да нас, перавярнула ў палёце, машына сказліла на кабіну, потым на колы — і аказалася ў канаве побач з намі. Такога раней нават у баевіках не бачыў... Пагранічнікаў, якія сядзелі пад тэнтам, рассыпала ў розныя бакі. Адных, калі машына стукнулася аб цюблік, там жа і выкінула ў кювет. Яны ўсе выжылі. Чатырох выкінула на дарогу. Тыя, што сядзелі ў кабіне, ацалелі. Кінуўся на дарогу, адзін пагранічнік ляжыць прама ўздоўж раздзяляльнай паласы, у яго, не пры нас кажучы, дзірка ў лобе. А на грудзях — камянюка. Бардзюрная пліта. Як мы пазней пачулі, важыла яна больш за 40 кг. Яшчэ на хлопцаў высыпала маянез, батоны, спецыі, валялася зброя... Камяні з іх паздымалі. Кінуўся да аднаго — у яго кроў з рота ідзе, і ён нібыта захлынаецца гэтай крывёю. Я яго набок паклаў — пальцамі ў рот, каб дыхаў. Падклаў пад галаву армейскую шапку. Гляжу — у яго палова лоба ўціснута ўнутр... Астатнія таксама хрыпелі — відаць, падушыла іх гэтымі камянямі, пакуль машына круцілася. Што самае дзіўнае — потым, калі прыехалі ваенныя, а мы давалі паказанні, камянёў ужо не было. Як машына перакулілася — ляжалі, раскіданыя па дарозе, а тут зніклі. З машыны высыпала многа гэтых камянюк. Міліцыя прыехала адразу ж, "хуткая" таксама аператыўна, хвілін праз 15... У дарожна-транспартным здарэнні загінулі чатыры пагранічнікі. Гэта прапаршчык Уладзімір Слуцкі, радавыя Андрэй Цупа і Васіль Казакевіч, старшы сяржант Мікалай Трушко. Побач з тым самым цюблікам, аб які стукнуўся "ГАЗ", сёння ўсталяваны металічны крыж з шыльдачкай на беларускай мове: "Адна памылка зламае лёс, што не хапае дажа слёз". Перад аварыяй у прапаршчыка Слуцкага загінула дзіця З Таццянай, жонкай загінулага прапаршчыка Уладзіміра Слуцкага, мы сустрэліся ў Століне і прыехалі на старыя гарадскія могілкі. — Пазнаёміліся мы з Валодзем у пінскім медвучылішчы, дзе разам вучыліся. А ажаніліся ў 2002 годзе. Якраз ён адслужыў у арміі, і яму прапанавалі застацца ў войску па кантракце, — узгадвае Таццяна. — Спачатку муж працаваў вадзіцелем. Калі адсутнічаў урач, замяшчаў таго ў якасці фельчара. У 2006 годзе Валодзя перайшоў у пагранічныя войскі. Ён вельмі рэдка бываў дома. У той дзень ён не павінен быў ехаць на "Мутвіцу", але падмяніў чалавека. Валодзю паабяцалі, што калі ён паедзе, то зможа пабыць з сям'ёй на Новы год. Незадоўга да гэтага ў нас загінула маленькае дзіця... Ніколі не думала, што такое можа здарыцца. Нават уявіць не магла, — не стрымліваецца і плача Таццяна. — Калі мне сказалі, я не магла паверыць і не верыла, пакуль мы яго не пахавалі. Толькі праз два тыдні я пачала разумець, што ён больш дадому не прыйдзе, што яго больш не будзе і я яго не змагу пабачыць... Я прыйшла на працу, і сказалі, што ў Давыд-Гарадку здарылася аварыя з пагранічнікамі. Я адразу ж пачала тэлефанаваць, але муж не адказваў. Спачатку казалі: "Не перажывай, там усё добра, усе яны жывыя". У нас там працуе фельчарам на "хуткай" наш кум, добры сябар Вовы. Ён дзяжурыў у той дзень, таму я пачала яму телефанаваць — недаступны. Званю яго жонцы. Яна літаральна праз пяць хвілін ператэлефанавала і сказала, што майго мужа больш няма... Вова там на месцы прама загінуў. Кум Саша адразу ж пачаў правяраць самых цяжкіх і нават не пазнаў Вову. Толькі калі яму сказалі, што сярод загінулых ёсць Слуцкі, ён па некаторых рысах твару пазнаў мужа. Валодзя загінуў ад сціскання галаўнога мозгу. Калі адчынілі дзверы ў моргу, я, шчыра скажу, думала, што гэта не ён. Першыя хвіліны. А потым... Ну як не пазнаць сваё аблічча, роднае. Далей паўгода я чакала, верыла, што справядлівасць пераможа. Мне здавалася, што камандзіры Вовы таксама перажываюць і спачуваюць мне, што вінаватыя будуць пакараны. Але справядлівасць не перамагла. Следчы азнаёміў нас, пацярпелых, з крымінальнай справай. У канцы была папера аб тым, што вінаваты толькі вадзіцель, а астатнія службовыя асобы, мякка кажучы, не пры чым. Мы павінны былі гэту паперу падпісаць. Нам сказалі, што калі суд палічыць афіцэраў вінаватымі, то іх прыцягнуць да адказнасці. Але на судзе аказалася, што мелі права судзіць толькі абвінавачанага, радавога Кананца. Нас проста падманулі. "ГАЗ" занесла з-за няспраўных тармазоў, перагрузкі і памылкі вадзіцеля З-за чаго здарылася аварыя? Следства праводзіла Беларуская ваенная пракуратура. Былі выяўлены шматлікія парушэнні, якія і прывялі да трагедыі. Распавядзём толькі пра самае асноўнае. Па-першае, груз (бетонныя пліты і скрыні з харчаваннем) не павінны былі перавозіцца ў адным кузаве з пагранічнікамі. Гэта катэгарычна забаронена "Інструкцыяй па арганізацыі эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі", якая зацверджана загадам старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ў 2006 годзе. Службовы "ГАЗ" перагрузілі, і ў тым ліку з-за гэтага машына страціла ўстойлівасць. Па-другое, вадзіцель "ГАЗа", радавы Дзмітрый Кананец, не меў вадзіцельскага пасведчання з адзнакай "катэгорыя D", а значыць — не меў права перавозіць на аўтамабілі больш за восем чалавек. Тым не менш радавы сістэматычна прызначаўся камандзірамі для перавозкі асабовага складу пагранкамендатуры. Аказалася, што ў 2007 годзе радавога Кананца пазбавілі права кіравання аўтатранспартам катэгорыі В за кіраванне асабістым аўтамабілем у нецвярозым стане. Тым не менш, камандзіры не звярнулі на гэту акалічнасць належнай увагі. Як паказала аўтатэхнічная экспертыза, якую правялі спецыялісты дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра, пярэдні мост "ГАЗа" падчас ДТЗ быў выключаны (гэты фактар істотна паўплываў на ўстойлівасць аўтамабіля), тармазная сістэма была няспраўная — заднія колы не затарможваліся. Стан аўтатранспарту павінна была кантраляваць група тэхнічнага забеспячэння пагранкамендатуры, але абавязкі не былі выкананы належным чынам. Тым не менш, асудзілі толькі радавога Кананца — па частцы 3 артыкула 464 крымінальнага кодэкса ( "Парушэнне правілаў кіравання альбо эксплуатацыі машын, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх альбо больш асобаў" ). Сваякі загінулых былі абураныя: вінаваты не толькі Кананец, але і кампетэнтныя афіцэры. — Хто яго без правоў пасадзіў за руль? Камандзіры. Яны за гэта і павінны адказваць, але аказалася, што ніхто не вінаваты, — пратэстуе Мікалай Трушко, бацька аднаго з загінулых пагранічнікаў . — Хто даў права перавозіць небяспечны груз у машыне разам з людзьмі? Камандзіры дазвалялі гэта рабіць. Гэта грубае парушэнне. Сын мне незадоўга да смерці расказваў: "Тата, у машыну, пад тэн, разам з намі столькі хламу грузяць, што часам немагчыма сядзець, ляжаць даводзіцца. Столькі наваляць! Але даюць загад ехаць! І што ты тут зробіш? Мы людзі паднявольныя, павінны выконваць загады". Яны забралі ў мяне сына, і за гэта ніводзін з камандзіраў не адказаў... Скаргі далі плён пасля звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта і Генпракуратуру Сваякі загінулых пагранічнікаў пачалі пісаць скаргі з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці кампетэнтных афіцэраў, якія халатна ставіліся да выканання сваіх абавязкаў. — Спачатку мы пісалі і пісалі скаргі ў ваенную пракуратуру. Нам адказвалі, што вінаваты толькі Кананец, бо ён парушыў ПДР і мог адмовіцца везці груз. Але як такое можа быць? Ён радавы, ён атрымаў загад і мусіў яго выконваць, — лічыць Таццяна Слуцкая. — Мы звярталіся ў Адміністрацыю Прэзідэнта, у КДБ, і калі са справай азнаёміліся ў Генеральнай пракуратуры, скаргі далі плён. У сакавіку 2010 была заведзена крымінальная справа ў дачыненні Мікалая Дубойскага, які на момант трагедыі выконваў абавязкі каменданта пагранкамендатуры "Рэчыца". Расследаваннем займалася ўсё тая ж Беларуская ваенная пракуратура. Справу давялі да суда. У пастанове Беларускай ваеннай пракуратуры пазначана: "Дубойскі, загадзя ведаючы аб забароне на перавозку грузу з асабовым складам, 17 лютага 2008 года легкадумна аддаў загад аб загрузцы ў кузаў аўтамашыны ГАЗ-33081 "Садко" бардзюрных пліт, а таксама трох драўляных скрынь з харчаваннем, узбраеннем і боепрыпасамі. Пры гэтым па нядбайнасці Дубойскі ухіліўся ад кантролю за максімальнай масай транспартнага сродку, масай перавозімага грузу і размеркаваннем нагрузкі па восях транспартнага сродку. У выніку пасля размяшчэння ў аўтамашыне асабовага складу тэхнічна дапушчальная маса транспартнага сродку была перавышана на 213,98 кг, маса перавозімага грузу — на 463,98 кг, максімальна дапушчальная нагрузка на заднюю вось — на 360 кг. Следства прыйшло да высновы, што дапушчаныя Дубойскім парушэнні знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі з наступствамі, якія здарыліся, — здзяйсненнем ДТЗ і гібеллю людзей". Такім чынам, Мікалаю Дубойскаму прад'явілі абвінавачанне па частцы 1 артыкула 456 Крымінальнага кодэкса ("халатнае стаўленне да службы"). Але Брэсцкі міжгарнізонны ваенны суд, як ужо паведамлялася, прызнаў яго невінаватым... — Іншых службовых асобаў, якія, на маю думку, мелі дачыненне да гібелі майго мужа, увогуле не судзілі. Гэта начальнік аддзялення пагранкамендатуры А., які знаходзіўся ў машыне падчас аварыі і выжыў. Ён павінен быў непасрэдна спыніць загрузку "ГАЗа" і сачыць за дзеяннямі вадзіцеля. Як аказалася, ён даваў каманду на адыходжанне машыны, — пералічвае Таццяна Слуцкая. — Лічу, што пакараць павінны камандзіра матэрыяльна-тэхнічнага ўзвода, які адказваў за допуск вадзіцеля і дазволіў кіраваць "ГАЗам" чалавеку без правоў. Камандзір ваеннай часці не спыняў грубыя парушэнні дысцыпліны. Лічу, што такія людзі не маюць права называць сябе афіцэрамі. Сваякі загінулых пагранічнікаў распавялі журналісту "Звязды" пра тое, што яны будуць працягваць пісаць скаргі ў розныя інстанцыі. — Не веру, што мой муж загінуў бы, калі б у машыне не было бардзюрных пліт. Але змагацца за справядлівасць ужо няма моцы, нервы не вытрымліваюць, а рукі апускаюцца, — расказала журналісту "Звязды" Юлія, жонка яшчэ аднаго загінулага пагранічніка — Васіля Казакевіча . Замест адказнасці — зорачкі на пагонах? Пра гэты нюанс нельга не напісаць. Ён найбольш шакіраваў і параніў сваякоў загінулых пагранічнікаў. У хуткім часе пасля гібелі пагранічнікаў афіцэры з пагранкамендатуры "Рэчыца", якія мелі дачыненне да трагічнай аварыі, атрымалі павышэнні па службе. — 20 снежня пахавалі майго мужа, а 30-га — яму (афіцэру А., які на момант здарэння знаходзіўся ў машыне і выжыў — Я. В. ) даюць званне маёра. За што? У яго за плячыма загінулі чатыры чалавекі, — абураецца Таццяна Слуцкая. У аддзел журналісцкіх расследаванняў "Звязды" трапілі афіцыйныя паперы, якія пацвярджаюць, што 30 снежня 2008 года (праз 12 дзён пасля гібелі чатырох пагранічнікаў) капітан А. сапраўды атрымаў званне маёра. Маёр Дубойскі, які загадаў грузіць бетонныя пліты, быў павышаны ў званні 12 жніўня 2009 года (амаль праз восем месяцаў пасля здарэння зрабіўся падпалкоўнікам). Камандзір вайсковай часці Б. быў пераведзены кіраваць іншым падраздзяленнем. Бацька асуджанага вадзіцеля: "Сын, плач, з гэтым табе жыць да канца тваіх дзён" Падчас падрыхтоўкі матэрыялу мы звязаліся з Анатолем Кананцом . Ён распавёў пра сустрэчу з сынам Дзмітрыем у дзень трагедыі. — Вечарам я быў у бальніцы, куды прывезлі пацярпелых пагранічнікаў. Сын сказаў мне са слязьмі на вачах, што яго падрэзала "хонда". Я адказаў: "Сын, плач. Здарылася трагедыя, загінулі людзі. З гэтым табе жыць да канца тваіх дзён", — узгадвае Анатоль Кананец. — Мой сын вінаваты. Ён парушыў правілы дарожнага руху, не пабачыў знак "Асцярожна, галалёд". Хоць, па паказаннях некаторых сведак, гэты знак быў усталяваны ўжо пасля аварыі. У складаных умовах надвор'я ён не ўключыў пярэдні мост. Сын адбывае пакаранне, прызнаўшы сваю віну. Аднак людзі ў афіцэрскіх пагонах таксама парушылі закон. Гэта не радавы Кананец у парушэнне адпаведнага загада даў каманду загружаць машыну і ехаць. Не радавы Кананец кіраваў пагранічным атрадам, які накіроўваўся ахоўваць дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. У загадзе канкрэтна пазначана, хто з'яўляецца старшым машыны і якое пакаранне пагражае за невыкананне інструкцый. Загад загружаць машыну далі кампетэнтныя афіцэры. Чаму яны не панеслі пакаранне? Следства не ўстанавіла старшага машыны, хоць у ёй знаходзілася два афіцэры. А ў загадзе канкрэтна сказана, што перавозка любога грузу з асабовым складам катэгарычна забаронена. І старшы машыны павінен гэтае пытанне кантраляваць. Ніводзін з афіцэраў, хто аддаваў загады, не быў пакараны. Толькі мой сын... Пакаранне вінаватых не прынясе майму сыну палёгкі. Аднак калі грамадства прызнае парушэнні, якія дапусцілі афіцэры, гэта дазволіць у далейшым не дапусціць паўтору такой страшнай трагедыі. Яўген ВАЛОШЫН, загадчык аддзела журналісцкіх расследаванняў. Мінск—Давыд-гарадок—Столін—Рэчыца—Пінск. "Усё будзе раскладзена па паліцах, і вінаватыя будуць пакараны" Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, журналіст "Звязды" сустрэўся з кіраўніцтвам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Падкрэслю, што ў ведамстве да сітуацыі паставіліся з глыбокім разуменнем. Пагранічнікі далі зразумець, што вінаватыя яшчэ панясуць адказнасць. Вось які каментар быў атрыманы ад намесніка Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Васіля ГарбаТЭнкі: —Тое, што здарылася, не можа выветрыцца з памяці. Раней у гісторыі пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь такіх страт не было. І мы спадзяёмся, што такое гора больш не паўторыцца. Мы зрабілі высновы з таго, што здарылася. Мы раздзяляем тую крыўду, якая прыйшла ў сем'і загінулых вайскоўцаў. Мы вельмі спадзяваліся на тое, што ў судзе ўсё будзе раскладзена па паліцах і вінаватыя будуць належным чынам пакараныя. Бліжэйшым часам мы, на аснове апошніх судовых пасяджэнняў, збяром усе дакументы, падвядзём канчатковыя вынікі. На мой погляд, вінаватыя людзі яшчэ будуць прыцягнуты да адказнасці, хоць і не крымінальнай. За тое, што машына была перагружаная, за тое, што вадзіцель не меў пэўнай катэгорыі, якая дазваляла б перавозіць такую колькасць людзей... Мы разгледзім правіну кожнага. Магчыма, мы збяром гэтых людзей разам і запросім матуль і жонак загінулых... Сёння нас ніхто не можа папракнуць у плане матэрыяльнай дапамогі сем'ям, дзе здарылася бяда. Сабралі грошы і ўсё аддалі сем'ям. Але мы разумеем, што не можам вярнуць дзецям — бацьку, жонкам — мужоў, а бацькам — сыноў. Ёсць маральная адказнасць, і мы не пакінем сем'і загінулых і будзем падтрымліваць іх, аказваць дапамогу. Але кожны з людзей, у чые сем'і прыйшла бяда, напэўна, мае права выказваць у наш адрас свае крыўды, і ў адрас тых ваеннаслужачых, якія, на іх погляд, не панеслі дастатковай адказнасці.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чатыры вайскоўцы-кантрактнікі трагічна загінулі, перакуліўшыся на службовым "ГАЗе". Пагранічнікаў выкінула на асфальт разам з грузам — бардзюрнымі плітамі,... |
|