Адно цэлае - 90 гадоў таму Беларусь падзялілі. 21.by

Адно цэлае - 90 гадоў таму Беларусь падзялілі

18.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я "западэнка". Ён — "усходнік". Часам можа пакпіць, што я "не сапраўдная беларуска", бо мала таго, што там, адкуль я родам, размаўляюць па-паляшуцку, не так, як у іх, у "сапраўднай Беларусі", дык яшчэ і жылі мае родныя пад Польшчай амаль два стагоддзі... Я за словам у кішэню не лезу ў такіх выпадках: на мой погляд, гэта "ўсходнікі" надта хутка і лёгка падпарадкаваліся ў БССР прынцыпам камуністычнага ладу жыцця, ахвяраваўшы сваёй беларускай гаспадарлівасцю, што гэта і цяпер адчуваецца...

Мы сышліся ў новым стагоддзі і добра ладзім: вышэйазначанымі "кампліментамі" абменьваемся зрэдку і хутчэй з жартамі, таму што ў нас адны погляды на жыццё, на краіну, на яе гісторыю. Тое, што нас раз'яднала — адбылося ў мінулым стагоддзі і не з намі самімі. Ужо некалькі пакаленняў сышло, якія памятаюць, што за дзень быў 18 сакавіка 1921 года. Але, відаць, было гэта вельмі балюча, калі нават дагэтуль, скрозь пакаленні ўзнікаюць падставы для абмеркавання таго, у чым жа мы розныя, хоць у прынцыпе ўсё-такі належым да аднаго народа.

Мы абодва беларусы. І аднолькава разумеем сутнасць таго, што калісьці раз'яднала Беларусь на дзве часткі, распалавініўшы адзін народ. Усяго адно рашэнне амбітных палітыкаў, якія адмовіліся ад вайны і пайшлі на міравую. У гэты дзень была падпісана Рыжская мірная дамова паміж Польшчаю, Савецкай Расіяй і Украінай. Беларусі толькі не было — яе ўдзельнікаў — на гэтым падпісанні.

Польшчы адышла значная тэрыторыя ў 113 тысяч квадратных кіламетраў, дзе пражывала больш за 4 мільёны чалавек. БССР забрала шэсць паветаў Мінскай губерні. І пра ўсё нібыта дамовіліся... Калі пачытаць Рыжскую дамову, то ў ёй ёсць пункты, дзе канкрэтна прапісана мяжа, пазначаны прынцыпы вызначэння грамадзянства, ёсць абяцанне неўмяшання ў інтарэсы адно аднаго. Маюцца на ўвазе інтарэсы СССР і Польшчы. Інтарэсаў беларусаў толькі няма.

Хоць і яны нібыта ёсць... Вось было запісана ж у артыкуле VІІ дамовы, пункт першы:

"Польшча прадастаўляе асобам рускай, украінскай і беларускай нацыянальнасці, якія знаходзяцца ў Польшчы, на аснове раўнапраўя нацыянальнасцяў, усе правы, якія забяспечваюць развіццё культуры, мовы і выканання рэлігійных абрадаў. Узаемна Расія і Украіна забяспечваюць асобам польскай нацыянальнасці, якія знаходзяцца ў Расіі, Украіне і Беларусі, усе тыя ж правы.

Асобы рускай, украінскай і беларускай нацыянальнасці ў Польшчы маюць права, у межах унутранага заканадаўства, культываваць сваю родную мову, арганізоўваць і падтрымліваць свае школы, развіваць сваю культуру і ўтвараць з гэтай мэтай таварыствы і саюзы. Гэтымі ж правамі, у межах унутранага заканадаўства, будуць карыстацца асобы польскай нацыянальнасці, якія знаходзяцца ў Расіі, Украіне і Беларусі".

А Беларусь жа сама нібыта і была... Меліся на ўвазе самі беларусы, толькі ніяк не "ўпісваліся" ў карту асобным колерам... Таму колераў было два. Як былі два беларускія светы.

Я, "западэнка", упэўнена, што менавіта на маёй частцы беларусы даказвалі, што гэта гучыць годна. Мой "усходнік" кажа: яны вымушаны былі дзеля таго, каб выжыць, ахвяраваць сваімі прынцыпамі — адсюль славутая паслухмянасць. Так, бацькі маёй мамы вучыліся ў польскай школе, як і іх старэйшыя дзеці. Але дома заўсёды гаварылі толькі "па-свойму". Ну як жа ты пераробіш склад мыслення? А якія ж песні спяваць тады, каб працы дапамагалі ды вольны час напоўнілі? Чужых — не ведалі. І сваіх не забылі. І тут мне ёсць чым крыць: нашы ж "заходнікі" ўвесь час памяталі пра тое, што яны — найперш беларусы. Змагаліся, рызыкавалі жыццём. Ці ж гэта не нацыянальная свядомасць? І я паказала яму самы красамоўны доказ: ля рэшткаў колішняга канцлагера ў Бярозе душагубка стаіць — сімвал рашучасці барацьбы маіх "западэнцаў" супраць рэжыму Пілсудскага за сваю адметнасць.

Ён можа мне сказаць (бо няма ў нас такіх помнікаў), як "гаспадарлівыя заходнікі", дбаючы пра свой дабрабыт, нажываліся на бядзе і голадзе "ўсходнікаў" з Савецкай Беларусі, "заганяючы ім па спекулятыўных коштах" самае неабходнае, а часам нават спакушаючы буржуазнымі таварамі, якія траплялі шляхам кантрабанды. Хтосьці нажываўся ў той час, як хтосьці галадаў. Нішто сабе браты... Я магу сказаць: шмат хто з тых, хто нібыта шыкаваў да 39-га на "Захадзе", потым апынуліся ў лагерах як польска-буржуйскія "недабіткі", ці "кулакі", ці "нацыяналісты"...

Тут мы сыходзімся: у выніку ўсе ўраўняліся. І цяпер мы адно цэлае. Адна краіна. Але памяць пра дзве былыя часткі жывая — вынікі таго падзелу краіна адчувае дагэтуль. Мы аб'ядналіся ў адной Беларусі, для якой ёсць месца на карце. Але чаго гэта каштавала народу, усёй краіне, яшчэ доўга прыйдзецца ўсведамляць. Калі яна хоча быць краінай.

Вось як мы, два розныя чалавекі, з дзвюх розных частак Беларусі — сёння адно цэлае ў адной сям'і. У нашых родных розныя гісторыі і вопыт. Але ў нас адзін погляд на тое, што значыць для нас быць разам. Мы выдатна дапаўняем адно аднаго. Мне так падаецца...

А што наконт краіны?..

Валянцін Мазец, кандыдат гістарычных навук, старшы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Падзел Беларусі быў лагічным вынікам тых падзей, якія пачаліся з Першай сусветнай вайны, якая мела на мэце карэнны перагляд дзяржаўных меж у Еўропе. Пачыналася яна як змаганне за калоніі паміж двума блокамі — Антантай і Траістым саюзам. А вылілася ў шэраг рэвалюцыйных рухаў, у стварэнне самастойных незалежных дзяржаў. У тым ліку яна прывяла да аднаўлення польскай дзяржаўнасці ў лістападзе 1918-га года. Адноўленая Польшча намагалася ажыццявіць лозунгі і праграмы ранейшых паўстанняў (пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, паўстанняў 1830-31, 1863 гадоў), якія былі звязаны перш за ўсё з ідэяй аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Планы і намеры дзеячаў адноўленай польскай дзяржавы выліліся ў тое, што яны фактычна пачалі далучаць тыя землі, якія ўласна Польшчы ніколі не належалі. Адбылася элементарная падмена паняццяў, а менавіта: гэты рух ішоў пад логунгам аднаўлення Рэчы Паслалітай, якая з'яўлялася ў гістарычным мінулым федэрацыяй дзвюх дзяржаў — ВКЛ і Кароны Польскай. Фактычна колішняя назва "Рэч Паспалітая" механічна пераносілася на новую польскую дзяржаву. Зыходзячы з гэтай падмены паняццяў, адбываецца інкарпарацыя і далучэнне беларускіх земляў у склад гэтай дзяржавы. Тут адбылося супрацьстаянне геапалітычных інтарэсаў. Таму што зацікаўленая ў гэтых землях была і Савецкая Расія: каб не аддаць частку таго, што было страчана ў выніку Першай сусветнай вайны, калі Расійская імперыя распалася.

Канфлікт паміж гэтымі двума інтарэсамі выліўся ў вайну ў 1919-20-х гадоў. Яна прывяла да таго, што варагуючыя бакі ішлі па беларускіх землях, спусташаючы іх. Пры гэтым уласна беларускія інтарэсы ў разлік не браліся. Гэта выявілася не толькі падчас вайны, але пасля таго, як яна завяршылася і быў заключаны Рыжскі мір 18 сакавіка 1921-га года. Прадстаўнікі Беларусі на абмеркаванні заключэння Рыжскага міру не былі дапушчаны. Таму што гэтая мірная дамова была заключана дзеля вырашэння геапалітычных інтарэсаў іншых дзяржаў (Польшчы і Савецкай Расіі), але не беларускага народа. Водгукі Рыжскага міру мы адчуваем і сёння.

У чым гэта праяўляецца? Хоць бы ў тым, чаму так негатыўна многімі ўспрымаецца сама ідэя ўвядзення "карты паляка" для палякаў — жыхароў Беларусі. Магчыма, гэта якраз водгук таго, што калісьці было змаганне на гэтых землях. Што частка Беларусі была гвалтоўна ўключана паводле Рыжскага міру ў склад Польскай дзяржавы. Гэта жыве ў падсвядомасці і вядзе да пэўнага ўспрымання сённяшніх рэалій, хоць яны ўжо зусім іншыя. Аднак тое, што адбылося тады, рэхам адгукаецца і сёння.

Што ж адбылося тады? Рыжскім мірам Беларусь была падзелена, і тым самым запаволіліся працэсы, якія адбываліся на яе тэрыторыі напрыканцы ХІХ стагоддзя, потым паспяхова працягваліся ў "нашаніўскі" перыяд: кансалідацыя беларусаў як нацыі, дзяржаўнае будаўніцтва. Тут два працэсы, і абодва былі прыпынены на доўгі час. Прывяду адзін прыклад: дзеячаў беларускай рабоча-сялянскай грамады, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі, спачатку рэпрэсавалі палякі, а потым іх рэпрэсавалі ў Савецкім Саюзе. Таму што яны выступалі за аб'яднанне беларускіх земляў у рамках адзінай незалежнай дзяржавы. Яны не выкарыстоўвалі ў якасці лозунга далучэнне Заходняй Беларусі да СССР. Беларусы ўжо тады хацелі мець незалежную суверэнную дзяржаву, а не быць пад кім-небудзь, каб імі хтосьці кіраваў.

І ў рэшце рэшт адбылося ўз'яднанне. Акт верасня 39-га года ў геапалітычным плане можна разглядаць як змову двух дыктатараў аб падзеле сфер уплыву ў Еўропе. Але ж для беларусаў падзея 39-года мела станоўчае значэнне пры ўсіх знешніх геапалітычных недахопах. Уключэнне заходнебеларускіх земляў у склад таталітарнай савецкай сістэмы таксама мела негатыўныя наступствы для беларусаў, але ж фарміраванне і развіццё беларускага этнасу ў рамках адной суцэльнай тэрытарыяльнай дзяржавы, якой з'яўлялася БССР, — станоўчы зрух. І на сённяшні дзень краіна існуе з невялікімі зменамі ў тэрытарыяльным плане, якія адбыліся ў выніку перадачы Віленскага краю Літве, потым перадача Польшчы Беласточчыны ў пасляваенны перыяд — зноў без беларусаў іх лёс вырашалі. Гэта сведчыла пра тое, што беларусы ў прыняцці важных геапалітычных рашэнняў, якія датычыліся іх лёсу, фактычна не былі самастойнымі, яны ўвесь час станавіліся аб'ектам уплыву больш моцных за іх суседзяў. Таму з набыццём незалежнасці адна з галоўных задач для нашай краіны ( з улікам вопыту мінулых стагоддзяў) — мець магчымасць праводзіць самастойную, наколькі гэта магчыма, палітыку.

Ларыса ЦІМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я "западэнка". Ён — "усходнік". Часам можа пакпіць, што я "не сапраўдная беларуска", бо мала таго, што там, адкуль я родам, размаўляюць па-паляшуцку, не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика