"Сесці па чыну"
18.03.2011
—
Новости Общества
|
Прынцыпова важнае значэнне ў сямейна-родавых абрадах мела і форма стала. Фактычна яна ўвасабляла сабой самую галоўную ідэю агульнародавай урачыстасці. Вясельны стол нагадваў птушку з двума крыламі (якая павінна будзе прынесці першынца новастворанай сям'і), літару "Г", пры гэтым яго цэнтр знаходзіўся ў покуці. Якраз там, пад абразамі, пад двума "крыламі" бабулінага ручніка-набожніка сядуць маладыя пасля вянчання. Удакладнім: уздоўж аднаго "крыла" стала сядуць прадстаўінікі роду нявесты, уздоўж другога — жаніха. Памінальны стол увасабляў зусім іншую ідэю. Калі шлюб злучаў сямейную пару, то смерць разлучала яе, пакідала на зямлі толькі адно сямейнае крыло, таму форма жалобнага стала нагадвала літару "І", або той самы тунель, па якім душа нябожчыка пакіне гэты свет і адправіцца ў царства продкаў. У такім выпадку яшчэ і яшчэ раз трэба задумацца над тым, ці правільна мы робім, калі фактычна ўсе абрадавыя сталы (у тым ліку і вясельныя) ставім у выглядзе літары "П"? Два рады сталоў, за якімі спінамі адно да аднаго сядзяць прадстаўнікі двух родаў, ніяк не здольны генерыраваць ідэю паяднання. Наадварот, у энергетычным плане такія формы рытуальных сталоў надоўга закладваюць праблему міжродавага непаразумення (сварак, спрэчак, жадання падвярнуцца адно да аднаго спінай). Самае пачэснае месца — на покуці — заўсёды належала жаніху і нявесце. Побач з імі садзіліся самыя блізкія сябры: шафер і шаферка, баяркі, маршалак, хросныя бацькі. Кожнае "крыло" вясельнага стала запаўняла моладзь і блізкія сваякі ў адпаведнасці з іх узростам: чым маладзейшыя госці, тым яны былі бліжэй да маладых, а чым старэйшыя — тым далей ад покуці, або бліжэй да парога, да зоны будучай сустрэчы з продкамі. Этнаграфічныя звесткі канца ХІХ ст. сведчаць і пра наступную важную акалічнасць: "Пасля прыезду маладых з-пад вянца пачынаецца банкет. Усе жанатыя госці запрашаюцца бацькамі нявесты да абедзеннага стала, а маладыя і ўвесь вясельны поезд запрашаюцца дзяўчатамі — сяброўкамі маладой у асобную хату". Прыведзены прыклад выразна сведчыць пра тое, што ў некаторых мясцінах існавала строгае правіла: нежанатую моладзь за вясельны стол не запрашалі. У асобным месцы — улетку пад яблыняй у садзе, зімой — у суседняй хаце, для іх накрывалі свой стол. Лічылася, што за святочным сталом, прысвечаным шлюбнай урачыстасці, павінны былі знаходзіцца толькі сямейныя пары — жанатыя людзі, каб тым самым паспрыяць заручэнню жаніха і нявесты на доўгія гады. Людзі верылі ў тое, што прысутнасць за сталом удаўца або "дзецюха" — хлопца-пераростка — магло справакаваць непаразуменні паміж маладымі. Акрамя таго, за вясельным сталом, як правіла, гучалі недвухсэнсоўныя парады маладым, пеліся жартоўныя прыпеўкі, якія не павінны былі чуць падлеткі і моладзь перадшлюбнага ўзросту. У вясельным абрадзе беларусаў існаваў і такі звычай, калі ў хаце нявесты за стол запрашалі толькі гасцей з боку жаніха, а радзіна нявесты павінна была "прыслугоўваць", каб у сям'і мужа іх дачку не крыўдзілі і дагаджалі ёй так, як на вяселлі дагаджалі яны радзіне жаніха. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прынцыпова важнае значэнне ў сямейна-родавых абрадах мела і форма стала. Фактычна яна ўвасабляла сабой самую галоўную ідэю агульнародавай урачыстасці. Вясельны... |
|