5 гістарычных падзей, пра якія павінен ведаць кожны беларус
24.03.2011
—
Новости Общества
|
Гісторыя, напэўна, самая спрэчная і суб'ектыўная з усіх навук. Усе мы ведаем, што калі валодаць майстэрствам красамоўства і дарам інтэрпрэтацыі, то адну і тую ж гістарычную падзею можна трактаваць абсалютна па-рознаму. Каму як выгадней. Вядомы англійскі кінарэжысёр Пітэр Грынуэй у адным са сваіх фільмаў выказаўся на гэты конт: такой з'явы як гісторыя, не існуе — існуюць толькі гісторыкі. Цяжка не пагадзіцца. Тым не менш нейкія "базавыя" падзеі для сусветнай гісторыі альбо для гісторыі асобнай краіны ці нацыі ўсё-ткі ёсць. Праўда, кожны ўсё адно мае свой "хіт-парад" значных гістарычных падзей, які складаецца ў залежнасці ад роду дзейнасці, складу характару, асабістага лёсу і схільнасцяў школьных настаўнікаў гісторыі. Бясспрэчна адно: калі чалавек не ведае сваіх каранёў, свайго мінулага, то будучыня яго не мае сэнсу, не мае перспектыў. А значыць, будучыні яго не існуе. Якія ж гістарычныя падзеі павінен ведаць кожны беларус, каб мець права і гонар звацца беларусам, каб быць годным прадстаўніком нацыі? "Звязда" папрасіла прадстаўнікоў розных творчых прафесій (бо творчых людзей можна справядліва лічыць самымі чуйнымі да важных дат для гісторыі краіны) вызначыць сваю пяцёрку гістарычных падзей, якія асабіста яны лічаць важнымі. І якія, на іх думку, павінен абавязкова ведаць кожны беларус. Пісьменнік, спявачка, музыка, мастак і кінарэжысёр таксама перакананыя, што без ведання сваёй гісторыі немагчымае развіццё і існаванне нацыі. Але ў кожнага з іх свае творчыя арыенціры, а таму — адрозны падыход у вызначэнні ключавых гістарычных дат. Самай крэатыўнай аказалася пяцёрка ад мастака Руслана Вашкевіча. Ён падышоў да "задання" як сапраўдны прадстаўнік сучаснага актуальнага мастацтва: неардынарна і чуйна. Але выходзіць, што беларусы павінны быць дасведчанымі і ў гісторыі грамадства, і ў гісторыі культуры, і ў ваеннай гісторыі. Зрэшты, некаторыя падзеі ў апытаных супадаюць. Але гэта толькі пацвярджае іх важнасць. Анатоль БУТЭВІЧ, пісьменнік, грамадскі дзеяч: 1. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Трэба ведаць не толькі таму, што гэта была першая беларуская дзяржава. Зрэшты, сапраўдным яе ядром была Чорная Русь — гэта Верхняе і Сярэдняе Панямонне (або Сярэдняя гістарычная Літва, як яе называлі). Разам з утварэннем ВКЛ трэба ведаць дату аб'яўленне Навагародка сталіцай княства, дзе была першая рэзідэнцыя першага вялікага князя і адзінага караля ВКЛ Міндоўга. Гэта 1240-ыя гг. Гэта нам трэба ведаць дзеля таго, каб ніколі больш не саромецца сваёй уласнай гісторыі. Бо вядома, што ў савецкі час мы не толькі не ведалі Вялікага Княства Літоўскага, але і было небяспечна ведаць пра вялікіх князёў Літоўскіх. 2. Крэўская унія. 1385 год. У выніку гэтага пагаднення вялікі князь Літоўскі Ягайла стаў каралём польскім, пераехаў у Кракаў і адначасова заставаўся найвышэйшым князем літоўскім. У выніку Крэўскай уніі ВКЛ, на мой погляд, яшчэ больш выйшла на еўрапейскі прастор. Акрамя таго, у выніку гэтага ўтварылася знакамітая каралеўская дынастыя Ягелонавічаў у нас, або Ягелонаў у Польшчы. І вядома, што яна была заснавана Ягайлам з нашага Крэва і князёўнай Соф'яй Гальшанскай з нашых Гальшан. 3. 1410 год. Грунвальдская бітва народаў. Так я яе называю, менавіта народаў. Бо там сапраўды з абодвух бакоў удзельнічалі прадстаўнікі многіх еўрапейскіх народаў. Гэтую падзею трэба ведаць дзеля таго, каб вучыцца, як абараняць свой дом, сваю зямлю. 4. Распрацоўка і выданне Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. І першага — 1529 г., і наступных 1566 і 1588 года, якія некалькі стагоддзяў былі на ўсю Еўропу адзіным заканадаўчым дакументам і ВКЛ, і як узор для іншых краін. Гэта трэба ведаць для таго, каб разумець, як трэба ствараць прававую дзяржаву і законы, якія гэта забяспечваюць. 5. 1941—1945 гг. Вялікая Айчынная вайна. У вялікай расшыфроўцы гэта падзея не мае патрэбы. Яе трэба ведаць для таго, каб ушанаваць сапраўдную мужнасць народа і навучыцца, чаго і як не трэба рабіць. Паліна СМОЛАВА, спявачка: 1. Утварэнне новай федэратыўнай дзяржавы — Рэч Паспалітая. У 1569 годзе пачалася новая эпоха ў беларускай гісторыі. Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае падпісалі Люблінскую унію і аб'ядналіся ў адну дзяржаву. Гэтую дату я запомніла яшчэ са школы. Думаю, што кожны беларус павінен ведаць асноўныя гістарычныя падзеі сваёй роднай дзяржавы. 2. Вялікая Айчынная вайна. Думаю, усе ведаюць, колькі беларусаў склалі свае галовы на алтар Перамогі ў гэтай маштабнай і кровапралітнай вайне. І калі 22 чэрвеня 1941 года лічыцца трагічнай датай, то 9 мая 1945 года — радасны і вясёлы дзень. Акрамя таго, трэба ведаць і дату 3 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень быў вызвалены горад-герой Мінск. 3. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яшчэ адна трагічная дата ў гісторыі беларускага народа — 26 красавіка 1986 года. Наступствы аварыі адчувальныя і сёння. У выніку гэтай катастрофы пацярпела значная частка тэрыторыі Беларусі. Такое больш не павінна паўтарыцца. 4. Канец савецкай эпохі. У 1991 годзе Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыніў сваё існаванне. Я рада, што мне давялося пажыць і ў савецкі час са сваімі законамі і парадкамі. А вось сённяшняе маладое пакаленне толькі з кніг можа даведацца пра тое, што хавалася за абрэвіятурай СССР. Гэтую дату трэба ведаць, бо менавіта тады Беларусь стала незалежнай дзяржавай. 5. Выбары першага беларускага Прэзідэнта. У 1994 годзе адбыліся выбары першага ў гісторыі незалежнай дзяржавы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як вядома, ім стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які і сёння працуе дзеля дабрабыту беларускага народа. Руслан ВАШКЕВІЧ, мастак: 1. УНОВІС. 1919 г. Віцебск. Група мастакоў на чале з Казімірам Малевічам абвясціла сябе "Устроителями НОВого ИСкусства". Гэта стала кропкай адліку ў найноўшай гісторыі мастацтваў. 2. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС. 1986 г. Трагедыя планетарнага маштабу. Як злачынства і пакаранне, як ахвяра, як пакаянне. 3. "Лёгкі партызанскі рух". 1998 г. Мінск. Галерэя "Сёмы чарвяк". Мастацкі праект Ігара Цішына. Партызанская тэма арыгінальна і дакладна раскрытая аўтарам як нацыянальная рыса беларускага характару, як прыкмета філасофіі мас. 4. ВКЛ. Вялікае Княства Літоўскае. Абрэвіятура "ВКЛ" як гузік уключэння, указанне на рабочы рэжым. 5. Невядомая вайна 1654-1667. Вайна рускага цара Аляксея Міхайлавіча з Рэччу Паспалітай. Захоп беларускіх земляў з далейшай гвалтоўнай русіфікацыяй... Алена ТУРАВА, кінарэжысёр: 1. Нараджэнне Ісуса Хрыста. Трэба ведаць хоць бы таму, што большасць чалавецтва вядзе летазлічэнне ад гэтай даты. 2. Айчынная вайна 1812 года. 3. Вялікая Айчынная вайна 1941 — 1945 гг. Пераацаніць ролю беларускага народа ў гэтай вайне вельмі складана. 4. Чарнобыльская катастрофа. Навучанне для ўсіх, хто занадта ўпэўнены ў здольнасці чалавечых сіл кантраляваць сілы прыроды. 5.1991 год: развал СССР. За ўсю сваю гісторыю Беларусь упершыню стала суверэннай дзяржавай. Уладзімір ПУГАЧ, лідар гурта "J:mорс": Лічу, што немагчыма будаваць будучыню, не ведаючы свайго мінулага. 1. 1410 г. Грунвальдская бітва. 2. 1519 г. Пераклад Бібліі Францыскам Скарынам на беларускую мову. 3. 1944 г. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 4. 26.04.1986 г. Чарнобыльская трагедыя. 5. 25.08.1991 г. Дэкларацыя незалежнасці Беларусі. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гісторыя, напэўна, самая спрэчная і суб'ектыўная з усіх навук. Усе мы ведаем, што калі валодаць майстэрствам красамоўства і дарам інтэрпрэтацыі, то адну і тую ж... |
|