Родны кут старых вясковых звычак. Турысты з Польшчы і Галандыі едуць на Лепельшчыну, каб пагуляць у “Жаніцьбу Цярэшкі”
12.04.2011
—
Новости Общества
|
“Аграэкатурызм не дазволіць нашым вёскам сысці ў нябыт, дапаможа захаваць адметнасці сялянскага побыту, узнавіць забытыя народныя звычкі і абрады, ён станоўча ўплывае на імідж Беларусі”, — гаворыць пераможца конкурсу “Лепшая аграсядзіба 2010 года Віцебскай вобласці” Вольга Маханенка, гаспадыня “Прыазёрнай”, што на Лепельшчыне. Гульня для дарослых Інструктара-метадыста па турызму фізкультурна-аздараўленчага цэнтра аддзела спорту і турызму Лепельскага райвыканкама Вольгу Маханенка ведаюць перш за ўсё як сапраўдную захавальніцу народных абрадаў. Таму ў намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый” роўных ёй адшукаць было складана. У родным Старым Лепелі Вольга Мікалаеўна не з-за прафесійнай цікавасці, а па закліку душы любому замежнаму госцю прэзентуе аўтэнтычны абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Нездарма турысты з Поль-шчы і Галандыі едуць на Лепельшчыну, каб пагуляць у “Жаніцьбу Цярэшкі”. Некаторыя жартуюць: “Вольга можа цэлы дзень замежнікаў вакол аднаго каменя вадзіць, і яны будуць у поўным захапленні!” “Жаніцьба Цярэшкі” — гэта гульня хлопцаў і дзяўчат, якая ўяўляе сабой вяселле некалькіх пар. Пасля працяглых скокаў у карчме ці ў звычайным доме карчмар звычайна прапануе ажаніць Цярэшку. І гульня пачынаецца. Кожную пару маладых садзяць за стол, “бацька з маці” благаслаўляюць: “Дай Бог вам шчасця і няшчасця, харошую долю ўволю, уцечкі на печкі, дзеткі ў клеткі”... Гучаць народныя песні. На Лепельшчыне зарэгістравана 14 аграэкасядзіб. Знаходзяцца яны, як правіла, каля азёр. І сядзіба Вольгі Маханенка нездарма называецца “Прыазёрная”. Расіяне нярэдка просяць гаспадыню сядзібы размаўляць з імі па-беларуску. Калі чаго не разумеюць, дык пытаюцца перакладу.Вольга Мікалаеўна прапануе сваім гасцям пасядзець ля возера з вудаю, у цёплае надвор’е пакупацца-пазагараць, пакатацца ў чоўне ці на веласіпедзе, падсмажыць шашлык у двары, які летам патанае ў кветках, ці юшку зварыць. Ёсць лазня, альтанка, а ў хаце — печ з ляжанкай. Захочуць турысты экскурсію — калі ласка. Гаспадыня сама правядзе ці даручыць каму дасведчанаму з ініцыятыўнай групы, якая створана ў раёне якраз для садзейнічання аграэкатурызму. Галоўны прынцып: у госця, як і ў пакупніка, праўда заўсёды на яго баку. Добраму адпачынку спрыяе энергетыка самаробных рэчаў, створаных мясцовымі майстрыхамі: даматканыя посцілкі і палавічкі, кручком выштукаваныя круглыя дыванкі, на вокнах узорыстыя гафтаваныя фіранкі, на ложках вышываныя падзоры і накідкі на падушкі. Рэжысёр па адукацыі, Вольга Маханенка гатова арганізаваць любое свята згодна з земляробчым календаром — ці то Масленіцу, ці то Гуканне вясны. Галоўная падзяка Юлія Бука з вёскі Валадзькова Глыбоцкага раёна стала пераможцай абласнога конкурсу “Лепшая аграсядзіба 2010 года Віцебскай вобласці” ў намінацыі “Зялёная сядзіба”.Пустыя хаты, насельнікі якіх памерлі ці з’ехалі, клапатлівая Юля імкнецца выкупіць, каб стварыць утульны прыстанак для адпачываючых. — Ёсць госці, якім патрэбна толькі цішыня, яе ў нас хапае, — гаворыць гаспадыня. — Мы нічога не робім штучнага, у нас усё натуральнае: як стаялі гэтыя дамы, сядзібы, як раслі там дрэвы, так усё і застаецца. Канешне, трошачкі падмываем, падчышчаем, штосьці фарбуецца, падклейваецца, рамантуецца. Абавязкова лазня, руская печ. Звычайнае вясковае жыццё. Ёсць свой конь — можна ездзіць у вазку, на калёсах, верхам; ёсць карова — гатуем малочныя стравы. Калі да нас прыязджаюць людзі і кажуць, што яны былі ў Егіпце і ім было там не так цікава, як у Валадзькове, — ці ж гэта не ўзнагарода за працу?! Самая высокая ацэнка нашай працы — гэта тое, што да нас прыязджаюць адны і тыя ж людзі некалькі разоў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Аграэкатурызм не дазволіць нашым вёскам сысці ў нябыт, дапаможа захаваць адметнасці сялянскага побыту, узнавіць забытыя народныя звычкі і абрады, ён станоўча...
|
|