Высакародны метал у злітках — за долары
16.04.2011
—
Новости Общества
|
З учарашняга дня Нацыянальны банк прыпыніў у сваіх абменных пунктах продаж каштоўных металаў у мерных злітках за нацыянальную валюту: цяпер залатыя, плацінавыя і сярэбраныя зліткі прадаюцца галоўным банкам выключна за долары, а іх зваротны выкуп ажыццяўляецца ў беларускіх рублях. Як зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам нашай газеты намеснік начальніка Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч, гэты захад носіць часовы характар: абмежаванні будуць знятыя, калі сітуацыя на валютным рынку стабілізуецца. "Звязда" ўжо паведамляла пра тое, што з канца мінулага года і пачатку гэтага ў краіне попыт на высакародныя металы істотна павялічыўся. Напрыклад, у студзені ў банках было куплена 118 кілаграмаў золата ў злітках, што амаль утрая больш, чым было прададзена за першы месяц 2010 года. За студзень-люты аб'ём іх продажу склаў больш за 208 кілаграмаў — гэта амаль у 2,3 раза перавышае паказчык леташніх студзеня-лютага. А ў мінулым месяцы людзі купілі яшчэ больш — 471,5 кілаграма. Такім чынам, толькі ў першым квартале ў краіне аб'ём рэалізаванага золата ў мерных злітках дасягнуў 680 кілаграмаў 338 грамаў. Нагадаем, што летась за студзень—сакавік банкі прадалі золата ў мерных злітках 166 кілаграмаў 499 грамаў — гэта значыць, менш як у чатыры разы, чым сёлета за такі ж перыяд. Між іншым, у галоўным банку адзначаюць, што ў апошні час істотна павялічылася купля залатых зліткаў менавіта юрыдычнымі асобамі (адсюль і высокі попыт на 500-грамовыя і 1-кілаграмовыя зліткі), якія, як мяркуецца, вывозілі іх за мяжу з мэтай рэалізацыі за валюту. Дарэчы, за першы квартал у банках куплена 195 залатых мерных зліткаў па 500 грамаў і 57 — па 1 кг, прычым пераважная большасць была набыта ў сакавіку — адпаведна 189 і 43 штукі. Разам з тым, найбольшы рост продажу ў першым квартале зафіксаваны па сярэбраных мерных злітках, які звязваюць з рэзкім ростам цэн на гэты каштоўны метал. За першыя тры месяцы года аб'ём рэалізацыі серабра пераскочыў мяжу ў тону і дасягнуў 1 тоны 45 кілаграмаў 50 грамаў, што ў 5 разоў больш, чым было прададзена за аналагічны перыяд 2010 года (тады ў банках было куплена 209 кілаграмаў 250 грамаў). Вырасла сёлета і рэалізацыя мерных плацінавых зліткаў — у 1,4 раза да 9 кілаграмаў 649 грамаў (за студзень—сакавік 2010 прададзена 6 кілаграмаў 945 грамаў). Дададзім, што ўчора цана продажу фізічным асобам залатых мерных зліткаў, якую ўстанавіў Нацбанк, складала: 1-грамовага — 59 долараў, 5-грамовага — 275, 10-грамовага — 544, 20-грамовага — 1084, 50-грамовага — 2698, 100-грамовага — 5257, 250-грамовага — 13133, 500-грамовага — 26254 і 1000-грамовага — 52492 долары. Ігар ШЧУЧЭНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З учарашняга дня Нацыянальны банк прыпыніў у сваіх абменных пунктах продаж каштоўных металаў у мерных злітках за нацыянальную валюту: цяпер залатыя, плацінавыя і... |
|