Другі дом у Прынямонні
21.04.2011
—
Новости Общества
|
Па-людску "Ад пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС да дынамічнага развіцця пацярпелых раёнаў" — тэма адзінага дня інфармавання насельніцтва, прысвечанага 25-годдзю буйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя. У прыватнасці, член рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка сустрэўся з насельніцтвам Сінькоўскага сельсавета Смаргонскага раёна. Першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандр Федарцоў і суддзя Канстытуцыйнага Суда Леанід Рабцаў накіраваліся ў Бераставіцкі раён. Абласныя групы (увогуле іх 19) пад кіраўніцтвам намеснікаў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігара Жука, Юрыя Масквічова і Аляксандра Русанава — у Ваўкавыскі, Воранаўскі і Бераставіцкі раёны... З забруджаных раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей на пастаяннае месца жыхарства ў Прынёманскі край пераехала каля 4900 сем'яў, больш за 16 тысяч чалавек. Для перасяленцаў пабудавалі пасёлкі ў вёсцы Азёры Гродзенскага, Ёдках і Пескаўцах Лідскага, Асінаўшчына і Жодзішкі Смаргонскага, Сянькоўшчына і Навасёлкі Слонімскага, Мацвееўцы Ваўкавыскага і ў іншых раёнах. Згодна з дзяржаўнымі праграмамі па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, на Гродзеншчыне ў 1996—2000 гадах здадзена ў эксплуатацыю 4804 кватэры і жылыя дамы сядзібнага тыпу — 306 тысяч квадратных метраў добраўпарадкаванага жылля. Адпаведна ў населеных пунктах кампактнага пражывання перасяленцаў ствараліся рабочыя месцы, развівалася сацыяльная інфраструктура, уводзіліся аб'екты камунальнага прызначэння. Напрыклад, у вёсках Трабы Іўеўскага, Вялікая Рагозніца Мастоўскага, Азёры Гродзенскага, Алекшыцы Бераставіцкага, Мацвееўцы Ваўкавыскага раёнаў пабудавалі сельскія ўрачэбныя амбулаторыі. У Мастах і вёсцы Жодзішкі — дзіцячыя садкі. У Ліпнішках Іўеўскага, Пескаўцах Лідскага раёна, а таксама ў санаторыі "Радон" — школы. У вышэйзгаданых Азёрах і Асінаўшчыне — крамы. Газіфікаваны пасёлкі перасяленцаў у вёсках Пескаўцы і Ваверка. У вёсцы Жодзішкі на Смаргоншчыне для пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС створаны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Лясная паляна". За апошнія пяць гадоў там пабудаваны і рэканструяваны чатыры спальныя карпусы, што каштавала рэспубліканскаму бюджэту 12,5 мільярда рублёў. А летась пачалася і зараз працягваецца рэканструкцыя аздараўленчага блока з уладкаваннем артэзіянскай свідравіны пад мінеральную ваду. Цяпер "Лясная паляна" разлічана на адначасовае знаходжанне 330 дзяцей школьнага ўзросту на працягу 24 дзён. У цэлым за год санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне тут праходзяць 4620 чалавек з забруджаных раёнаў Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Не застаюцца ў баку ад аздараўлення пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы і лепшыя санаторыі Прынямоння — "Радон", "Парэчча", "Пралеска", "Энергетык". Наша даведка У зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем (ад 1 да 5 Кюры на квадратны кіламетр) у Гродзенскай вобласці на 1 лютага мінулага года аднесены 106 населеных пунктаў з насельніцтвам 18213 чалавек. У зоне радыеактыўнага забруджвання аказалася 5,16% лясных угоддзяў (46,4 тысячы гектараў) у Дзятлаўскім, Іўеўскім і Навагрудскім лясгасах. Забруджванне ад 1 да 5 Кюры на квадратны кіламетр маюць цяпер 27 тысяч га сельгасугоддзяў (Карэліцкі, Навагрудскі, Смаргонскі, Іўеўскі раёны) і больш за 5 Кюры — 0,3 тыс. га (Навагрудскі раён). На тэрыторыях, што выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчай вытворчасці, выконваюцца адпаведныя ахоўныя мерапрыемствы, на якія вобласці з рэспубліканскага бюджэту штогод выдзяляецца каля чатырох мільярдаў рублёў. Гэта дазваляе атрымліваць экалагічна чыстую прадукцыю, якасць якой пастаянна кантралюецца. У вобласці дзейнічаюць 102 падраздзяленні радыяцыйнага кантролю. Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Ад пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС да дынамічнага развіцця пацярпелых раёнаў" — тэма адзінага дня інфармавання насельніцтва,... |
|