Лаба дзена ў хату! У аграгарадку Рымдзюны Астравецкага раёна літоўскую мову можна пачуць і ад пенсіянераў, і ад дашкалят
26.04.2011
—
Новости Общества
|
На першы погляд Рымдзюны звычайная вёсачка, якіх шмат на Беларусі. З нізкімі драўлянымі хатамі, вузкай галоўнай вуліцай... Але год таму яна змяніла свой статус на аграгарадок. Жвіровыя дарогі заасфальтавалі, удыхнулі новае жыццё ў пошту і ФАП, пабудавалі ферму на сто галоў, аднавілі краму, у якой нават кандыцыянер працуе. І таму, як жартуе Міхаіл Шульгін, старшыня Гервяцкага сельсавета, куды ўваходзяць Рымдзюны, з новай крамы нават выходзіць не хочацца, асабліва летам. Аднак Рымдзюны цікавыя не толькі сваімі метамарфозамі. Вунь колькі такіх аграгарадкоў па Беларусі, ды яшчэ большых і прыгажэйшых. Затое нідзе не сустрэнеш сярод старой драўлянай забудовы такую велічную, архітэктурна незвычайную школу, як у Рымдзюнах. Ды яшчэ з літоўскай мовай навучання. Ёсць тут, дарэчы, і Літоўскі цэнтр адукацыі, культуры і інфармацыі, і дзіцячы садок для маленькіх гіргунаў, як называюць тут літоўцаў — ад багацця ў іх мове гукаў “г” і “р”. А ўсё таму, што ў аграгарадку пражывае каля 80 працэнтаў этнічных літоўцаў. Яно і нядзіўна: ад Рымдзюн да Літвы рукой падаць. Varna і suo ў беларускай вёсцы Шчыра кажучы, нават крыху збянтэжылася, калі, завітаўшы да другакласнікаў, пачула ад іх замест звыклага “добры дзень” “лаба дзена”. Хоць яшчэ да таго, як адкрыць дзверы ў клас, я, здаецца, паспела ўсвядоміць, што трапіла ў не зусім звычайную школу. Стэнды з інфармацый на літоўскай мове, малюнкі дзяцей з подпісамі “varna” (варона) і “suo” (сабака). І, канешне, шыльдачкі на дзвярах з літоўскімі назвамі аўдыторый. У Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання займаюцца больш за семдзесят дзяцей (для параўнання: у беларускамоўнай — толькі каля пяцідзесяці). Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з саміх Рымдзюн, але і навакольных вёсак. Ні размаўляць, ні вучыцца па-літоўску ім нескладана.— Дзеці ведаюць літоўскую мову яшчэ да таго, як прыйсці ў школу. Гэтаму спрыяе асяроддзе, — тлумачыць настаўніца другога класа Она Кімсеня. — Маёй дачцэ, да прыкладу, і трох гадоў не было, а яна ўжо добра ведала і рускую, і літоўскую мовы. А цяпер, гледзячы тэлебачанне, і англійскую асвойвае. Она Кімсеня пераехала з Вільні ў Рымдзюны ў 93-м годзе. Часта прыязджаючы сюды да родных, пазнаёмілася з мясцовым літоўцам Дзмітрыем. І так засталася назаўсёды ў Беларусі. З’язджаць адсюль Она нават не думае: — Тут і дом, і праца. У Рымдзюнах адчуваю сябе, як на Літве. Тая ж самая вера, тая ж мова. Дарэчы, карэнныя беларусы валодаюць літоўскай не горш за нас, асабліва пажылыя людзі. Ёсць мажлівасць хадзіць на службу ў касцёл на літоўскай мове — у суседнія Гервяты.Праўда, старэйшага сына, ужо выпускніка, Она разам з Дзмітрыем думаюць адправіць вучыцца ў Літву. — Там засталіся і бабуля, і дзядуля, — гаворыць Она. — Ім будзе весялей, а мне спакайней за сына.Дарэчы, большасць выпускнікоў Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання паступае менавіта ў Літву. Па-першае, Вільнюс ад Рымдзюн нашмат бліжэй, чым Гродна ці Мінск. А па-другое, беларускім дзецям не прыходзіцца здаваць уступныя экзамены, у літоўскія навучальныя ўстановы іх прымаюць па балу атэстата. Каровы ля замка Калега Оны настаўніца пачатковых класаў Вільма Лукшэня таксама пераехала з Літвы. “Гэта нешта іншае, як лёс”, — лічыць Вільма. Скончыўшы ў Літве вучылішча па новай і моднай у той час спецыяльнасці гувернант—хатні настаўнік, Вільма пачала шукаць працу. У тым ліку і за мяжой. Тэлефанавала і ў Калінінград, і ў Беларусь. Але ў адказ толькі чула: пакуль што спецыялісты не патрабуюцца, мы вам патэлефануем.— Я страціла ўсякую надзею. А гэта былі складаныя 90-я, працы нідзе не знайсці, — успамінае Вільма. — І вось праз тыдзень мне тэлефануюць: у беларускай вёсцы Рымдзюны адкрываецца вельмі прыгожая школа, падобная да замка. Паедзеце?І назаўтра Вільма была ў Рымдзюнах. — Што здзівіла? У вёсцы вось так проста па вуліцы ходзяць каровы. Едзе аўтобус, а каровы — перад ім. Божа мой, думаю, куды я трапіла? Такія маленькія драўляныя хаткі... І адкуль тут замак? Але гэта былі толькі першыя ўражанні. Калі Вільма праехала далей, яна сапраўды ўбачыла “замак”, як ёй і малявалі. — Было складана, — успамінае Вільма. — Рускую мову я ведала ве-е-ельмі дрэнна. Таму я вучыла дзяцей літоўскай, а яны мяне — рускай. Першы час прыходзілася жыць у інтэрнаце, разам з дзецьмі. Жалезны ложак, шум, гам... Але я не скарджуся. Я вельмі шчаслівая, што сустрэла тут добрых людзей, што муж — беларус з суседняй вёскі — мяне падтрымаў, дазволіў жыць для школы і нашай літоўскай суполкі, дзеля чаго я і прыехала ў гэты край. Дзеля сям’і ён вывучыў літоўскую мову. І цяпер мы размаўляем у хаце з нашымі дзецьмі толькі па-літоўску. Дзве маці-радзімы Вільма вельмі добрая гаспадыня. У школе часта бываюць прадстаўнікі з пасольстваў і міністэрстваў. І Вільма з радасцю частуе іх сваімі прысмакамі — макавымі пірагамі, цэпелінамі (падобныя да нашых калдуноў) ці галубцамі з бульбай — так прынята іх есці ў Літве.— З мужам трымаем гаспадарку, — расказвае Вільма. — Я радуюся, што мы маем у Беларусі такую магчымасць. Мы лічым: калі хочаш мець штосьці большае, трэба штосьці трымаць. Паколькі муж Вільмы праваслаўны, а яна каталічка, у сям’і адзначаюць усе хрысціянскія святы. І гэта ці не галоўныя сямейныя традыцыі.— А яшчэ баскетбол! — гаворыць Вільма. — У Літве ён амаль другая рэлігія. Наша сям’я не прапускае ні адной гульні літоўскай каманды. Дарэчы, не так даўно ў Рымдзюнах прайшоў міжнародны еўрапейскі турнір па баскетболе сярод прадстаўнікоў літоўскіх дыяспар. Напрыканцы размовы я задала Вільме тое ж пытанне, што і Оне: ці хацела б яна вярнуцца ў Літву.— Нашы дзеці кажуць: мы шчаслівыя, таму што маем дзве радзімы, — адказала Вільма. — Мы рады, што маем магчымасць тут жыць. І нічога мяняць не збіраемся. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На першы погляд Рымдзюны звычайная вёсачка, якіх шмат на Беларусі.
|
|