У беларускіх турмах на 4 ложкі 5 зняволеных
10.05.2011 16:41
—
Новости Общества
|
У беларускіх турмах на 4 ложкі 5 зняволеных Напрыканцы сакавіка сябры Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі наведалі папраўчую калонію ў Оршы. Вывучалі, ці парушаюцца там правы зняволеных. Як высветлілася, парушаюцца – замест 2 тысяч там адбываюць пакаранне 2513 асуджаных.
Па словах старшыні назіральнай камісіі Таццяны Краўчанкі, па нормах, на кожнага зняволенага павінны прыпадаць 4 квадратныя метры, але яны не выконваюцца фактычна нідзе. Праўда, пры гэтым умовы ўтрымання ў калоніях яна лічыць “нядрэннымі” Таццяна Краўчанка: “Умовы ўтрымання нідзе не дрэнныя. Адзіная праблема – гэта перанаселенасць, пераліміт ідзе невялікі. Дзесьці на 500 чалавек, дзесьці – крыху менш. Асноўны негатыў у гэтым заключаецца”. Але ж лішнія 500 чалавек – гэта “пераліміт” на 25%! Праўда, усім астатнім, па словах старшыні камісіі, зняволеныя забяспечаныя не горш за тых, хто знаходзіцца на волі. Таццяна Краўчанка: “У прынцыпе, умовы паўсюль, па магчымасці, створаныя нармальныя. І працай забяспечаныя адсоткаў на 90, і медыцынская база ў іх у асноўным добрая, і шпіталі там ёсць, стацыянарныя месцы, дзе яны лечацца. І адпачынак у іх добра наладжаны: клуб, і царквушкі ў іх ёсць, і святары да іх прыходзяць, яны размаўляюць на тэрыторыі проста. Таму сказаць, што там нешта вельмі дрэнна, я не магу. Ва ўсіх установах, якія мы наведвалі, даволі нармальна”. Па яе словах, у калоніі яны ездзяць прыблізна раз на тры месяцы. Куды ехаць – выбіраюць самі. Праўда, прызналася, што бываюць выпадкі, калі ад зняволеных прыходзяць скаргі і сябры камісіі едуць іх правяраць. Да прыкладу, летась ездзілі ў калонію ў Івацэвічы, дзе асуджаны скардзіўся на тое, што яго беспадстаўна саджалі ў карцар. Таццяна Краўчанка: “Ездзілі па скарзе, што там дрэнна ставіліся да яго, у карцар саджалі, што так нельга, але гэта не пацвердзілася. Мы з гэтым таварышам, які гэты ліст напісаў, асабіста гаварылі. Калі яму сталі тлумачыць: “Дзе тут што парушылі, якія вашы правы – правы вашы не былі парушаныя”, ён потым сам з гэтым пагадзіўся”. Была яшчэ скрага на дрэннае медыцынскае абслугоўванне, але і яна не пацвердзілася. Прычым, кажа Краўчанка, зараз яны могуць не проста пагаварыць з супрацоўнікамі калоніі і зняволеным у іх прысутнасці – размовы ідуць сам на сам з асуджанымі. І, лічыць старшыня камісіі, гаварыць тыя не баяцца. І падвяла нечаканы вынік размовы. Таццяна Краўчанка: “Гэта ж не курорт, у рэшце рэшт! І не дом адпачынку. Таму, ствараць там парніковыя ўмовы, вядома, ім ніхто не збіраецца. Але, прынамсі, справы там абстаяць нармальна!” З такой высновай старшыні камісіі пры Мінюсце цалкам не згодны былы вязень Мазырскай калоніі Андрэй Клімаў. І пералічыў тое, што, на яго погляд, найбольш абцяжарвае жыццё асуджаных. Андрэй Клімаў: “Найперш – гэта харчаванне. Другое – цесната жахлівая, якую не перадаць словамі. Трэцяе – тых, хто паліць і тых, хто не паліць трымаюць у адным памяшканні. Далей – адсутнасць магчымасці дыхаць свежым паветрам. Што ў турмах, што на “зонах” – тэрыторыя вельмі абмежаваная. Працы там няма. У краіне крызіс, з працай цяжка. А калі нават і працуюць, то зарабляюць дрэнна, а ўмовы працы жахлівыя”. Адзінае, кажа, на медыцынскі дагляд яму наракаць не даводзіцца. Па словах сябры аргкамітэта па стварэнні Беларускага камітэта ў абароны правоў зняволеных “Над Бар’ерам” Цімоха Дранчука, правоў у зняволеных не так ужо шмат. Як ужо казалі, права на 4 квадратныя метры “жылля” ў калоніях не выконваецца. Абмежаванняў на права перапіскі няма і лісты родным ніхто дасылаць не забараняе. Ёсць яшчэ “права” на трохразовае харчаванне, і яно выконваецца паўсюдна. Прычым, на якасць яго скаргаў яны амаль не атрымліваюць. Выконваецца права на сустрэчы – чатыры на год кароткія, па 3 гадзіны, і тры доўгатэрміновыя – да 3 дзён для асуджаных у калоніі агульнага рэжыму. Плюс права на атрыманне 4 перадач цягам года. Складаней з правам на змаганне з правасуддзем. Цімох Дранчук: “Многія людзі цягам гадоў працягваюць судзіцца і спрабаваць змагацца са сваім незаконным асуджэннем ці асуджэннем з сур’ёзнымі парушэннямі, і яны не могуць дабіцца праўды па банальнай прычыне: не таму, што ім адмовіла, напрыклад, пракуратура, а таму, што іх скрагі не даходзілі да гэтых устаноў”. А ўсё, кажа таму, што адміністрацыя не ўсе лісты накіроўвае па адрасе. Вельмі складана, кажа Дранчук, ва ўсіх калоніях з кваліфікаванай медыцынскай дапамогай – чалавеку дапамагаюць калі ён ужо на нагах стаяць не можа. А права на працу выконваецца так, што ўвесь заробак асуджаных ідзе на іх ўтрыманне ў калоніі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы сакавіка сябры Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі наведалі папраўчую калонію ў Оршы. Вывучалі, ці парушаюцца там... |
|