Давай, Насця, запявай!
12.05.2011
—
Новости Общества
|
Сёння ўвечары беларуска Настасся Віннікава выступіць у другім паўфінале "Еўрабачання-2011"
Першыя паўфіналісты "адстраляліся". Польшчы зноў не пашчасціла, а вось іншыя нашы суседкі — Расія і Літва — у фінал прайшлі. Кампанію ў фінале ім складуць таксама Венгрыя, Сербія, Грэцыя, Азербайджан, Грузія, Швейцарыя, Ісландыя і Фінляндыя. Учора канкурсанты шляхам жараб'ёўкі вызначыліся і з парадкам выступлення ў фінале. Першым на сцэну выйдзе артыст з Фінляндыі, закрываць шоу будзе гурт з Грузіі. У Расіі — 10-ы парадкавы нумар, за ёй ідуць Францыя, Італія, Швейцарыя і Вялікабрытанія. Немка Лена выйдзе на сцэну 16-й. У Азербайджана — 19-ы радок... Незвычайна моцны сёлета склад "вялікай пяцёркі": немка Лена з песняй "Taken By A Stranger", англійскі гурт Blue з кампазіцыяй "І Can", італьянец Рафаэль Гуалазі з песняй "Madness Of Love", іспанка Лючыя Перэз з "They Can't Take The Fun Away From Me" і французскі тэнар Амары Васілі з песняй Sognu. Якраз на апошняга і ставяць букмекеры. Паводле іх прагнозаў, найбольшыя шансы на перамогу сёлета мае француз, а таксама артысты з Вялікабрытаніі, Эстоніі і Германіі. Некаторыя называлі пераможцам Нарвегію, але гэта краіна не выйшла ў фінал. Як і традыцыйна моцныя краіны, якія стабільна займалі на "Еўрабачанні" месцы ў дзясятцы лепшых — Турцыя і Арменія. Настасся Віннікава: "Для Лены я стала адкрыццём конкурсу" На конкурсе Насця пасябравала з дзяўчынай з Аўстрыі, а таксама прыняла ўдзел у фотасесіі англійскага гурта Blue, якія самі запрасілі Насцю на здымкі. Штодзень у беларускай канкурсанткі рэпетыцыі, заняткі з харэографам і бясконцыя інтэрв'ю. Журналісты цікавяцца вучобай Настассі, яе хобі і зацікаўленнямі. "Дарэчы, усе хваляць маю англійскую, пастаянна пытаюць, адкуль такое добрае валоданне мовай, — піша ў сваім інтэрнэт-дзённіку на партале navіny.by спявачка. — Ну, а я распавядаю пра сваю родную ВНУ". З усіх песень "Еўрабачання" беларусцы найбольш даспадобы песні і нумары Германіі, Англіі, Швецыі, Ірландыі і Латвіі, але, як прызнаецца спявачка, як канкурэнтаў гэтыя краіны яна не разглядае: "мы ўсе ў роўных умовах, у нас вельмі сяброўская атмасфера".Перад паўфіналам у Віннікавай "настрой добры, спакойны, а вось у хлопцаў і дзяўчат з беларускай групы адчуваецца хваляванне". Разам з Насцяй на сцэну выйдуць чатыры бэк-вакалісты (дзве дзяўчыны і два хлопцы) і яе педагог па вакале Людміла Куц, якая будзе іграць на цымбалах. А яшчэ Насці вельмі спадабалася немка Лена. Пасля адной з прэс-канферэнцый дзяўчаты чулліва пагутарылі. "Пасля прэс-канферэнцыі зноў было шмат інтэрв'ю, фотасесій... — піша ў дзённіку Настасся Віннікава. — А пасля да мяне падышла Лена з Германіі, і мы з ёй душэўна пагутарылі. Яна аказалася вельмі простай, мілай і адкрытай дзяўчынай, словам, пакінула прыемнае ўражанне. А яшчэ нагаварыла мне кучу кампліментаў. Высветлілася, што яна цудоўна ведае мяне, маю песню. Сказала, што ў мяне добры вакал і што хоць у жыцці я сціплая дзяўчынка з ціхім галаском, на сцэне я — моц. І ўвогуле, як яна прызналася, я стала для яе адкрыццём гэтага "Еўрабачання". Дарэчы, Лена, падыходзячы да мяне, напявала І love Belarus. Гэта ўсё ж проста фенаменальна, наколькі наша песня тут ва ўсіх на слыху!.." Ілья ЛАПАТО. З дзённіка Настассі Віннікавай: "Кур'ёз адбыўся з грэкам, які на адной з вечарынак спачатку падбег да мяне са словамі, як ён рады мяне бачыць (мы з ім пазнаёміліся падчас проматура ў Галандыі), як яму падабаецца мая песня, заспяваў І love Belarus, а пасля заявіў, думаючы, што гаворыць пра маю краіну: "Я часта бываў у Польшчы...". Мне давялося сказаць, што насамрэч я з Беларусі. Небарака пасля да канца вечара выбачаўся перада мной, што пераблытаў Польшчу з Беларуссю, прыйшлося нават яго супакойваць..." Галасуй і ты! Свой голас за любімага выканаўцу беларусы змогуць аддаць 12 мая падчас другога паўфіналу і 14 мая ў фінале. Галасаваць можна будзе з пачаткам выступлення першага ўдзельніка. Для гэтага трэба будзе пазваніць альбо адправіць SMS на нумар, які з'явіцца на экране. Пасля выступлення апошняга ўдзельніка ў гледачоў будзе яшчэ 15 дадатковых хвілін, каб зрабіць выбар. Беларусы змогуць прагаласаваць за ўсіх канкурсантаў, акрамя сваёй удзельніцы. Балы фінальнага галасавання ад Беларусі аб'явіць мадэль і тэлевядучая Лейла Ісмаілава.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ўвечары беларуска Настасся Віннікава выступіць у другім паўфінале "Еўрабачання-2011" Першыя паўфіналісты "адстраляліся". Польшчы зноў не...
|
|