Сталічная арэнда ў доларавым эквіваленце пачынае таннець
13.05.2011
—
Новости Общества
|
Мінскі рынак арэнды жыллёвай нерухомасці пачало "трэсці" яшчэ больш за месяц таму, калі ў людзей пачалі ўзнікаць сур'ёзныя праблемы з набыццём замежнай наяўнай валюты. Зразумела, што плату за кватэры ўласнікі жылля заўсёды патрабавалі ад кватарантаў у доларах, або ў эквіваленце ў рублях, калі курс валюты быў стабільны і адзіны. Цяпер у нашай краіне існуе ажно тры курсы: афіцыйны Нацбанка, на тысячу даражэйшы ў абменніках камерцыйных банкаў і безнаяўны курс для юрасоб на міжбанкаўскай валютнай біржы. Па якім курсе гаспадары кватэр і іх кліенты будуць разглядаць цэннікі на арэнду — пытанне сёння часам даволі складанае. Сярэдні цэннік на аднапакаёўкі наблізіўся да 200 долараў Паводле інфармацыі агента па аперацыях з жыллёвай нерухомасцю агенцтва нерухомасці "Дзінас" Іны Кульша, цяпер арэндадаўцы і патэнцыйныя кватаранты разлічваюцца паміж сабой або ў доларах, або па курсе 4000 рублёў за адзін "зялёны". Калі цэннікі за арэнду пакінуць у доларах на старым узроўні, тады атрымаецца, што кватэры ў нацыянальнай валюце падаражэлі ажно на 30 працэнтаў. Плаціць такія грошы патэнцыйныя кватаранты ўжо не згодныя. Каб дасягнуць раўнавагі існуючых цэннікаў у рублях, тады арэнда аднапакаёвых кватэр павінна патаннець у валюце адразу на 50 долараў. Аднак на такое патанненне не згодны ўжо гаспадары жылля. Сёння сярэдні кошт ліквідных аднапакаёвых кватэр з параўнальна якаснай мэбляй складае 200—220 долараў. Цэннік на кватэры непасрэдна побач з метро застаецца яшчэ на ўзроўні 220—250 долараў, аднак Іна Кульша ўпэўнена, што даволі хутка здаць стандартную аднапакаёўку за 250 долараў будзе ўвогуле нерэальна. У сувязі з новым курсам замежных валют у абменніках, расцэнкі на аднапакаёўкі павінны масава знізіцца не менш чым на 20—25 долараў. Ужо цяпер у агенцтвах нерухомасці існуе пэўная колькасць не вельмі дрэнных кватэр у Заводскім раёне і Шабанах за 170—180 долараў. Кліентаў стане менш Цяпер кошт арэнды двухпакаёвых кватэр вагаецца ад 250 да 300 долараў. Кватэры за 300 долараў прапанаваліся побач з метро, аднак сёння і такія ліквідныя варыянты пачынаюць таннець да 270 долараў. Кватэры без мэблі або ў загазаваных раёнах магчыма адшукаць і за 230 долараў. Тут адразу адзначу, што сёння яшчэ далёка не ўсе хадавыя кватэры адразу пачалі таннець. Шмат хто пакідае яшчэ старыя цэннікі, аднак... Прапанова сёння толькі павялічваецца, а вось патэнцыйны кліент з рынку знікае. Іна Кульша адзначае цяпер такую тэндэнцыю, калі маладыя людзі, якія вырашылі жыць у грамадзянскім шлюбе асобна ад бацькоў, пачалі зноў вяртацца ў родныя хаты. Сёння гэта толькі пачынаецца. Вось калі кватаранты пачнуць масава адмаўляцца ад здымных кватэр, тады арэнда можа сур'ёзна патаннець. Разам з тым, Іна Кульша не зусім упэўнена, што кватэры на рынку арэнды патаннеюць вельмі моцна менавіта гэтым летам, бо існуе некалькі дадатковых фактараў. Справа ў тым, што ўжо другі год запар Мінск актыўна наведваюць летам на адпачынак жыхары буйных мегаполісаў Расіі. Масквічы здымаюць кватэры ў беларускай сталіцы, а потым адпачываюць на Мінскім моры, робяць "набегі" ў бок Нарачы, на Браслаўскія азёры, ці ў іншыя цудоўныя мясціны нашай краіны. Не апошнюю ролю тут мае і свабода па лініі гульнёвага бізнэсу ў шматлікіх казіно. Здымаюцца кватэры менавіта ў Мінску, бо масквічы ўжо не могуць жыць у нашых правінцыйных гарадках, а наша сталіца і з'яўляецца для іх тым ціхім і цывілізаваным месцам, дзе магчыма не вельмі дорага адпачыць. А сёння і расійскі рубель стаў каштаваць у нас больш. Традыцыйна масавая хваля актыўнасці студэнтаў на рынку арэнды жылля пачнецца прыкладна з сярэдзіны ліпеня. Новых студэнтаў звычайна цікавяць кватэры бліжэй да цэнтра ці жыллё ўздоўж лініі метро. Ужо традыцыйна летам там жыллё даражэе прыкладна на 30—50 долараў. Сёлета падобнага падаражання, хутчэй за ўсё, не будзе, але і меркаванае патанненне будзе не такім моцным, бо ўзнікне павялічаны попыт на арэнднае жыллё. Мацней за ўсё патаннеюць дарагія кватэры Яшчэ і цяпер вялікія па плошчы трох- і чатырохпакаёвыя ліквідныя кватэры эліт-класа ўздоўж метро прапануюцца кліентам часам за 450—500 долараў. Попыт на такое жыллё мінімальны. Каб адшукаць кліента на падобнае жыллё, цэннік неабходна знізіць прыкладна на 80—100 долараў. Больш дарагія кватэры, якія яшчэ 5—6 месяцаў каштавалі 900—1000 долараў, сёння патаннелі на 150—200 долараў. Існуюць у Мінску і сапраўды элітныя шматпакаёвыя кватэры за 2—2,5 тысячы долараў. У новых эканамічных умовах такія кватэры павінны патаннець сама меней на 250—350 долараў, лічыць Іна Кульша. Сяргей КУРКАЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскі рынак арэнды жыллёвай нерухомасці пачало "трэсці" яшчэ больш за месяц таму, калі ў людзей пачалі ўзнікаць сур'ёзныя праблемы з набыццём замежнай...
|
|