Пятніца, 13 — шчаслівае спалучэнне?. 21.by

Пятніца, 13 — шчаслівае спалучэнне?

13.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Страх перад пятніцай, 13 называецца параскаведэкатрыяфобіяй (ад грэчаскага "Параскеві" — што значыць пятніца, і "Дэкатрэйс" — трынаццаць). Часам ужываецца яшчэ больш мудрагелістая назва — фрыгатрыскаідэкафобія (паходзіць ад імені багіні германа-скандынаўскай міфалогіі Фрыг, законнай жонкі Одзіна, у гонар якой была названа пятніца — Frеіtаg).

Пасля выхаду ў свет бестселера Дэна Браўна "Код да Вінчы" (у якой агучваецца ідэя, перанятая аўтарам з кніг "Святая кроў і Святы Грааль" і "Адкрыццё тампліераў") паўсюдна сталі сцвярджаць, што першапрычынай страху перад "пятніцай, 13" стаў арышт большасці рыцараў ордэна тампліераў, які адбыўся менавіта ў гэты дзень. Сапраўды, іх нечаканы арышт быў арганізаваны французскім каралём Філіпам ІV Прыгожым у пятніцу, 13 кастрычніка 1307 года. Рашэнне было прынята папам рымскім, які заявіў, што ў сне яму явіўся Ісус і сказаў, што ўсіх тампліераў неабходна вынішчыць. Трэба дадаць, што кіраўніцтва каталіцкай царквы на той час знаходзілася пад поўным кантролем французскага караля, і нават сам папскі прастол быў перанесены ў Авіньён на поўдні Францыі (так званы "авіньёнскі палон пап"). Гісторыкі адзначаюць, што пасля першых крыжовых паходаў улада тампліераў стала вельмі хутка ўмацоўвацца і распаўсюджвацца, што было нявыгадна тагачаснай каталіцкай царкве. Незалежнасць тампліераў хвалявала і французскага караля, чыя роля на той момант перавышала ролю папы.

Судовы працэс над тампліерамі доўжыўся 7 гадоў, пасля чаго многія члены ордэна былі знішчаны. Іх абвінавацілі ў самых страшэнных грахах, у тайных сатанінскіх абрадах, хоць сапраўднымі прычынамі былі палітычныя і эканамічныя: жаданне Філіпа ліквідаваць моцную самастойную арганізацыю і заадно папоўніць сваю каралеўскую казну за кошт багаццяў ордэна. Французскі гісторык Рабер Амбелен ("Драмы і сакрэты гісторыі"), апісваючы арышт тампліераў, дадаў: "Дзень быў абраны невыпадкова... Кароль абраў пятніцу як дзень распяцця Хрыста. Ён выбраў 13-е чысло месяца — намёк на нешчаслівую лічбу". Пасля гэтага Амбелен зазначыў, што 13 лічылася дрэнным чыслом у Гамера і Цыцэрона, што ў старажытнаяўрэйскай Кабале было 13 Духаў Зла, а потым перайшоў на ўзгадванне Тайнай Вячэры. У ёй бралі ўдзел 13 чалавек, у тым ліку і Іуда Іскарыёт. 13 яшчэ называюць "чортавым тузінам", паколькі, апроч 12-і астатніх, на Тайнай Вячэры прысутнічаў здраднік Іуда. Пры пералічэнні 12 апосталаў у пачатку Новага Завета (Евангелле ад Матфея, глава 10) Іуда Іскарыёт названы апошнім, 13-м, паколькі першым быў сам Хрыстос. У Евангеллі ад Іаана пра здрадніцтва Іуды ўпершыню гаворыцца ў 13-й главе. Амбелен адзначыў і тое, што распяцце Хрыста прыйшлося на пятніцу "на 13 чысло па месяцавым календары". Акрамя таго, ён узгадаў, што з'яўленне звера (якога прынята лічыць Антыхрыстам) апісваецца ў 13-й главе Апакаліпсіса.

Цікава, што навука таксама не застаецца ў баку ад гэтай тэмы. Напрыклад, у мадэлі "Тэорыі Суднага дня" аўстрыйскага фізіка і матэматыка Хейнца фон Фёрэстара разлікі прадракаюць, што чалавечая папуляцыя дасягне бясконцасці ці матэматычнай сінгулярнасці менавіта ў пятніцу, 13 лістапада 2026 года. Прасцей кажучы, менавіта ў гэты дзень колькасць насельніцтва Зямлі стане бясконцай.

...Страх перад "пятніцай, 13" з'яўляецца прыватным выпадкам страху перад лічбай 13 — у навуцы для гэтага ёсць тэрмін "трыскаідэкафобія". Карані ў гэтага страху тыя ж, што і ў "пятніцы, 13". Паколькі ў еўрапейскай культуры 13 лічыцца нешчаслівай лічбай, у шэрагу краін Старога і Новага свету ў вышынных будынках адсутнічае 13-ы паверх (пасля 12-а адразу ідзе 14-ы). Акрамя таго, у будынку можа быць паверхі "12А" і "12Б", альбо "12" і "12+1". Часам гэта можа распаўсюджвацца на нумары дамоў і памяшканняў. У оперных тэатрах Італіі адсутнічаюць месцы з гэтым нумарам, а практычна на ўсіх караблях пасля 12-й каюты адразу ідзе 14-я. 13-ы рад адсутнічае ў самалётах. З-за прыхільнасці многіх пілотаў да забабонаў у ЗША ніколі не было знішчальніка F-13. За YF-12 (прататып SR-71) адразу ішоў F-14. Існаваў забабон (які, магчыма, грунтаваўся на гісторыі з Тайнай Вячэрай), што калі за адным сталом збяруцца 13 чалавек, то адзін з іх на працягу года памрэ. Каб папярэдзіць магчымую непрыемнасць і пазбегнуць нешчаслівага чысла, узнікла прафесія "14-га госця", якога запрашалі на сустрэчу.

У Англіі таксама лічаць, што 13 прыносіць няшчасце, але там гэтая лічба завецца не "чортавым тузінам", а "пякарскім тузінам". Гісторыя гэтай назвы пачалася з увядзеннем жорсткіх штрафаў за непаўнаважкасць фунтавых боханаў хлеба. Хлеб непазбежна дае ўсушку, таму, каб пазбегнуць штрафаў, усе разносчыкі і лавачнікі, якія бралі хлеб у пекараў, дадавалі да кожнага тузіна адзін лішні бохан. Ён называўся unbrеаd (нехлеб) і разразаўся на давескі да ўсіх боханаў, якія не дацягвалі да фунта ці да двух фунтаў.

Цікава, што ў старажытных індзейцаў мая лічба 13 з'яўлялася шчаслівай.

Падрыхтавала Іна АРЭХАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Страх перад пятніцай, 13 называецца параскаведэкатрыяфобіяй (ад грэчаскага "Параскеві" — што значыць пятніца, і "Дэкатрэйс" — трынаццаць). Часам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика