Вобраз часу ад Рамана Ярохіна. 21.by

Вобраз часу ад Рамана Ярохіна

13.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сотні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны атрымалі ў падарунак кнігу нарысаў, гутарак і ўспамінаў “Інтанацыя ўздыху” — на добры і доўгі ўспамін пра аўтара
Журналіст Раман ЯрохінРамана Аляксеевіча не стала тыдзень назад, 5 мая. У майскім нумары часопіса “Нёман” выйдзе яго нарыс “Рукапісы, якія не гараць”. Яшчэ ў канцы красавіка мы гутарылі з калегам у бальніцы, і я падзівіўся, як добра памятае ён нават дэталі пасляваенных сустрэч з Героем Савецкага Саюза Марыяй Осіпавай, яе сябрамі па мінскім падполлі. Пра гэта, дарэчы, і будзе публікацыя. Сам жа Ярохін родам быў з Кемераўскай вобласці, на фронт пайшоў добраахвотнікам і сталеў, як піша ў адным з нарысаў, у акопах Курскай дугі. Потым, пасля цяжкага ранення, марскі пехацінец урэшце “кінуў якар” у Мінску: атрымаў тут універсітэцкую адукацыю, працаваў рэдактарам у выдавецтве “Белдзяржвыдат” і амаль паўвека ўзначальваў аддзел культуры ў газеце “Советская Белоруссия”.
Вельмі блізкай стала для Рамана Ярохіна не толькі беларуская культура — мова таксама. “Я пад час вучобы вельмі шмат чытаў па-беларуску і мову асвоіў выдатна”, — згадваў ветэран. У прадмове да кнігі “Інтанацыя ўздыху” народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін заўважаў: “Літаратар здзіўляючай працаздольнасці, Раман Ярохін для мяне быў і ўдумлівым рэдактарам маіх твораў, і перакладчыкам іх на рускую мову, і жаданым маім суразмоўцам, з якім хораша бывае і карысна пагаварыць “за жыццё” перад тым, як ты сядзеш за стол і прыступіш да новай аповесці ці рамана”. Каштоўнае і такое шамякінскае прызнанне: “Кніга, безумоўна, удалася. У ёй ёсць вобраз часу, ёсць тое, чым мы жылі і жывём. Тое, што дае нам надзею”. Суразмоўцамі ж Рамана Ярохіна былі многія знакамітыя людзі, сярод якіх пісьменнікі Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Іван Чыгрынаў, Іван Мележ, Андрэй Макаёнак, артысткі Стэфанія Станюта і Ада Рогаўцава, кампазітары Ігар Лучанок, Яўген Глебаў, Аляксандра Пахмутава, Райманд Паўлс…
Сама ж кніга стваралася, як прызнаўся Раман Аляксеевіч, “выпадкова”, калі ён ужо адышоў ад канвеера рэдакцыйнай працы. Сябры і вучні, слухаючы ягоныя аповеды пра былое, параілі паспрабаваць сілы ў негазетных жанрах творчасці.Раман Ярохін (злева) у маладосці
“Архівы ў мяне велізарныя, і ў памяці шмат чаго захавалася, — гаварыў ветэран. — Ну і захапіўся! Адчуваў сапраўдную свабоду творчасці, бо не было нада мной іншых рэдактараў ці цэнзараў, як толькі ўласнае сумленне”. Напружаная праца доўжылася каля двух гадоў. Вядома ж, аднаму “ўзяць вышыню” яму было б цяжкавата, прыйшла падмога. Тэксты, якія занялі ў томе звыш 900 старонак, на камп’ютары набрала ўнучка Вольга — яна таксама журналістка. Адрэдагаваў кнігу Сяргей Пяткоўскі, вучань Р. Ярохіна, а спансіраваў прыгожы том, што пабачыў свет у выдавецтве Беларускага фонду культуры, сын, Аляксандр Ярохін.
“Вялікую хвалю ўдзячнасці людской за гэтую працу я адчуваю і цяпер, цёплыя словы чуў дзясяткі разоў, асабліва пасля таго, як мы з сынам праз Рэспубліканскі савет ветэранаў падаравалі звыш двухсот кніг ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, — гаварыў мне Р. Ярохін у сваім апошнім інтэрв’ю. — Вельмі хваліў кнігу адразу пасля яе выхаду ў 2005-м і Янка Брыль, з якім мы былі добрымі сябрамі. Казаў, такой кнігі яшчэ не было. Мне вельмі памятныя яго словы, бо дзён праз дзесяць Івана Антонавіча не стала”.
А ў 2006-м выйшла і дакументальная аповесць Рамана Ярохіна “Дзяўчаты нашы за Вердэнам” — аповед пра мінскую падпольшчыцу Надзею Лісавец, якая ў вайну была вывезена фашыстамі на прымусовыя работы ў Францыю, а потым стала там удзельніцай Супраціўлення, камандзірам жаночага партызанскага атрада “Радзіма”, лейтэнантам Французскіх унутраных сіл. Аўтар прыадкрыў мне і такі сакрэт: спачатку ён пісаў кінасцэнарый, і рэжысёр Ігар Дабралюбаў збіраўся зрабіць на гэтым матэрыяле мастацкую кінастужку. Ды не склалася. Магчыма, фільм усё ж калі-небудзь будзе створаны: такія адметныя кнігі, як і таленавітыя рукапісы, не гараць…

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сотні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны атрымалі ў падарунак кнігу нарысаў, гутарак і ўспамінаў “Інтанацыя ўздыху” — на добры і доўгі ўспамін пра аўтара
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика