"Званкі з кватэрнага тэлефона заяўніцы рабіў сын".... 21.by

"Званкі з кватэрнага тэлефона заяўніцы рабіў сын"...

18.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старонняя арганізацыя звярнулася ў суд, каб спагнаць з абанента запазычанасці за аказаныя паслугі

У нумары "Звязды" ад 5 красавіка пад рубрыкай "Пісьмо з каментарыем" быў змешчаны матэрыял "Ёсць абанент, на якога зарэгістраваны тэлефонны нумар. Ёсць доўг па размовах у 1,9 мільёна... Астатняе павінен вырашыць суд?" Загаловак доўгі, аднак жа і справа, пра якую ішла гаворка, была заблытанай. Нагадаем, што пажылы заслужаны чалавек — жыхарка адной з вёсак Мядзельскага раёна — трапіла ў непрыемную сітуацыю. У канцы мінулага года яна хварэла, дома адсутнічала. А калі вярнулася, атрымала рахунак па аплаце за тэлефонныя размовы за снежань у памеры 1,4 мільёна рублёў. Прычым гаворка ішла пра так званыя "сэкс-размовы". У лютым за студзень за тое ж дабавілася яшчэ 500 тысяч рублёў. Трэба заўважыць, што пакуль маці не было дома, за гаспадаркай прыглядаў малодшы сын. Ён жа нейкі час гасцяваў у доме маці ў студзені і пасля яе вяртання з лячэння. Дарэчы, мужчыне — больш за 50 гадоў, ён сам ужо дзядуля. Дзеля чаго давалася такая заўвага? Натуральна, было падазрэнне, што калі не сам сын нагаварыў на такую суму па тэлефоне, дык, магчыма, нехта з яго знаёмых. Аднак наша заяўніца, спасылаючыся на запэўніванні свайго сына, абвяргала такую магчымасць. З іншага боку, ужо начальнік Мядзельскага раённага вузла электрасувязі катэгарычна абверг магчымасць падключэння некага старонняга да нумара абанента, асабліва калі ўлічыць, што ў канкрэтныя дні на нумары службы знаёмстваў тэлефанавалі не па аднаму разу і размовы доўжыліся па 15-20 хвілін. Словам, вось такая заблытаная гісторыя, калі кожны з бакоў разыходзіўся ў трактоўцы падзей. Таму ніякіх высноў тады мы не рабілі, вырашыўшы дачакацца адказу з Мінскага філіяла РУП "Белтэлекам".

І такое змястоўнае рэагаванне — ажно на пяці старонках — адтуль нарэшце да нас паступіла. Не мае сэнсу друкаваць гэты адказ цалкам, спынімся толькі на галоўных момантах у справе. У прыватнасці, Мінскі філіял РУП "Белтэлекам" паведамляе, што "абаненцкая плата за бягучы месяц фізічнымі асобамі ўносіцца да 1 чысла наступнага месяца, плата за мясцовыя, міжгароднія і міжнародныя тэлефонныя злучэнні, а таксама за іншыя паслугі электрасувязі за мінулы месяц уносіцца не пазней за 25 чысло бягучага месяца. Пры няплаце ў вызначаныя тэрміны аператар электрасувязі мае права прыпыніць аказанне паслуг электрасувязі, паведаміўшы пра тое абаненту... Аказанне паслуг электрасувязі можа быць адноўлена пасля пагашэння запазычанасці... У выпадку няплаты абанентам толькі за паслугі старонніх арганізацый, аказаных з выкарыстаннем аканцавога абаненцкага прыстасавання, прыпыненне аказання паслуг электрасувязі не праводзіцца.

Правіламі аказання паслуг электрасувязі прадугледжаная магчымасць часовага адключэння кватэрнага тэлефона па пісьмовай заяве абанента на час адсутнасці тэрмінам не больш чым на 1 год. Акрамя таго, па пісьмовай заяве абанента аператарам сувязі можа праводзіцца змяненне катэгорыі абанента з устаноўкай забароны аўтаматычнага выхаду з кватэрнага тэлефона па міжгародняй, міжнароднай сувязі". Далей пішацца, што наша заяўніца такіх заяў на часовае адключэнне ці на забарону аўтаматычнага выхаду (як і пра сваю часовую адсутнасць) на вузел электрасувязі не падавала.

За паслугі старонніх арганізацый (платных даведачна-інфармацыйных службаў (ПДІС) — гэта і ёсць тыя самыя званкі ў службы знаёмстваў. — С.Р.), аказаных з выкарыстаннем зарэгістраванага на імя заяўніцы тэлефоннага нумару, склала за снежань мінулага года 1 381 770 рублёў. Зарэгістравана 33 наборы нумароў адной такой старонняй арганізацыі агульнай працягласцю 353 хвіліны і два наборы нумароў другой старонняй арганізацыі агульнай працягласцю 10 хвілін. Падобная ж інфармацыя прыводзіцца і па студзеню бягучага года.

"Па звестках Мядзельскага раённага вузла электрасувязі (РВЭС), збояў у рабоце стацыянарнага абсталявання са снежня 2010 года па красавік 2011 года не зафіксавана. Падменаў і скажэнняў нумару не выяўлена. Электрычныя параметры абаненцкай лініі адпавядаюць норме. У выніку праведзенага Мядзельскім РВЭС пасля вуснага звароту заяўніцы ў студзені 2011 года абследавання старонняга падключэння да лініі сувязі абанента кватэрнага тэлефона №... не было выяўлена".

У адказе з Мінскага філіяла РУП "Белтэлекам" далей гаворыцца, што праца па разглядзе прэтэнзій абанентаў, прадастаўленні адтэрміноўкі па аплаце і спагнанні запазычанасці за паслугі вышэйназваных старонніх арганізацый, аказаных з выкарыстаннем кватэрных тэлефонаў, у тым ліку і з тэлефона нашай заяўніцы, праводзіцца гэтымі самымі арганізацыямі — у адпаведнасці з умовамі дагаворамі паміж імі і РУП "Белтэлекам". І такая праца староннімі арганізацыямі праводзіцца, паведамляецца далей, у сувязі з чым Мядзельскім РВЭС не накіроўваліся паведамленні заяўніцы адносна падрыхтоўкі і перадачы матэрыялаў у суд па спагнанні запазычанасці за паслугі платных даведачна-інфармацыйных службаў. Адна з такіх старонніх арганізацый 30 сакавіка гэтага года накіравала заяву ў суд Мядзельскага раёна аб распачынанні згаданай вытворчасці па спагнанні з жанчыны запазычанасці за паслугі, прадастаўленыя гэтай старонняй арганізацыяй.

"Па звестках Мядзельскага РВЭС, у сувязі з узніклай запазычанасцю па аплаце за паслугі электрасувязі, аказаныя з кватэрнага тэлефона заяўніцы, па стане на 25.01.2011 года ў памеры 15 900 рублёў (абанентная плата за тэлефон — 2 900 рублёў, пагадзінная аплата — 7 467 рублёў, міжгароднія злучэнні — 4 504 рублі, злучэнні з абанентамі сотавых аператараў — 1 029 рублёў), пасля папярэджання шляхам абзвону па тэлефоне №... аўтаінфарматарам... 26.01.2011 года была адключаная зыходзячая сувязь з кватэрнага тэлефона №... Пасля ўнясення заяўніцай аплаты... у памеры 15 900 рублёў зыходзячая сувязь... была падключаная 27.01.2011 года.

...Аплата за паслугі электрасувязі абанентам... праводзіліся ў вызначаным парадку: 17.02.2011 года ў памеры 8 620 рублёў і 22.03.2011 года — у памеры 14 300 рублёў".

Нарэшце, застаецца сказаць пра галоўнае — пра тое, што стала першапрычынай усёй гэтай гісторыі. Дакладней, пра каго. Зноў звернемся да афіцыйнага адказу з Мінскага філіяла РУП "Белтэлекам" і працытуем апошні ўрывак тэксту адтуль.

"Па запыце Мядзельскага РВЭС, аддзелам унутраных спраў Мядзельскага райвыканкама былі прадастаўленыя звесткі пра тое, што падчас праведзеных па заяве абанента праверак АУС Мядзельскага райвыканкама было выяўлена, што званкі з кватэрнага тэлефона №... рабіў яе сын..., 1958 года нараджэння".

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старонняя арганізацыя звярнулася ў суд, каб спагнаць з абанента запазычанасці за аказаныя паслугі У нумары "Звязды" ад 5 красавіка пад рубрыкай "Пісьмо з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика